Бабруйскае староства

(Перанакіравана з «Бабруйская воласьць»)

Бабруйскае староства, Бабруйская воласьць — дзяржаўнае ўладаньне ў ВКЛ, якое займала большыя часткі сучасных Бабруйскага й Качэрыцкага раёнаў Магілёўскае вобласьці, а таксама прылеглыя да іх часткі Жлобінскага й Шацілавіцкага раёнаў Гомельскае вобласьці, Глускага раёну Магілёўскае й Любанскага Менскае абласьцёў.

Бабруйскае староства
Агульныя зьвесткі
Краіна ВКЛ
Статус староства
Уваходзіць у Рэчыцкі павет, Менскае ваяводзтва
Адміністрацыйны цэнтар Бабруйск
Найбуйнейшыя гарады Казімер
Дата ўтварэньня 1566
Дата скасаваньня 1795
Дзяржаўца, пасьля староста гл. Бабруйскія старосты
Час існаваньня 1387—1793
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Гісторыя

рэдагаваць

Напачатку воласьць была, відаць, у Сьвіслацкім княстве, якое пасьля ўваходжаньня ў ВКЛ у сярэдзіне XIV стагодзьдзя было падзеленае на дзьве часткі паміж братамі віленскім князем Альгердам і троцкім князем Кейстутам Гедзімінавічамі. Гэты падзел захаваўся й пры ўтварэньні ў 1413 Віленскага й Троцкага ваяводзтваў: прыбыткі са староства дзяліліся пароўну. Воласьцю кіраваў намесьнік, якога прызначаў вялікі князь звычайна зь ліку буйное шляхты (Глябовічаў, Давойнаў, Пацаў, Радзівілаў, Тышкевічаў).

Падчас грамадзянскае вайны ў ВКЛ 1432—1436 Бабруйская воласьць была пад уладай князя Сьвідрыгайлы, які ў 15 кастрычніка 1432 захапіў Бабруйскі замак. Падтрымаў яго таксама ўладар маёнтку Добасна Дзьмітры Сякіра Друцкі. У 1504 адбылося нашэсьце на воласьць акерманскіх татараў, якія былі разьбітыя князем Сямёнам Міхайлавічам Слуцкім каля вёскі Ясень. У 1508 Бабруйск і воласьць былі захопленыя Міхалам Глінскім. У 1534—1535 воласьць была разрабаваная расейскім ваяводам Фёдарам Целяпнёвым-Аўчынам-Абаленскім.

У 1560 годзе ў Бабруйскім старостве, як і ў іншых дзяржаўных валасьцёх, праведзеная адміністрацыйная рэформа — замест старажытных адзінак падаткаабкладаньня (дымоў) былі ўведзеныя службы. На працягу XV—XVI стагодзьдзяў некалькі сёлаў староства (Дурынічы, Кісялевічы, Рыньня, Сьцяпы, Татаркавічы, Хімы) былі падараваныя вялікім князем розным фэадалам.

У 1565 годзе тэрыторыя Бабруйскага староства ўключаная ў Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва, аднак традыцыйны падзел на віленскую й троцкую палавіцы згадваецца яшчэ ў дакумэнтах валочнае памеры, якая праводзілася туту 1598—1639. Паводле гэтых дакумэнтаў, віленская й троцкая «палавіцы» налічвалі да рэформы больш за 100 службаў кожная. У склад віленскае «палавіцы» ўваходзілі ўласна Бабруйск і сёлы Брожа, Валосавічы, Ворсічы, Гарбацэвічы, Дзямідкавічы, Дуброва, Ілейчыцы, Кузьмічы, Ляхавічы, Макаравічы, Пабокавічы, Панюшкавічы, Полькавічы, Пятровічы, Тажылавічы, найбуйнейшымі ж сярод іх былі Зелянковічы, Кабылічы, Коўчыцы, Коўцічы, Старыя й Новыя Казловічы. У склад троцкае паловы ўваходзілі: Глыбокавічы, Дваранінавічы, Добасна, Жарабцы, Здудзічы, Міхалёва, Кавалёва, Качэрычы, Кнышэвічы, Лошавічы, Мікулічы, Пагонцы, Пакалічы, Панкратавічы, Парычы, Паўлавічы, Стаўпішчы, Хамічы, Цейкавічы, Чэрнін, Чыркавічы, Шацілавічы, найбуйнейшымі былі — Аўсімавічы, Варатынь, Вітлін, Плёсы, Сякерычы. Асобнае дзяржаўнае ўладаньне ўтвараў маёнтак Любонічы зь сёламі Белевічы, Казулічы, Кострычы, Морхавічы, Падрэчча, Сяргеевічы, Уласавічы. Для правядзеньня валочнае памеры вялікім князем прызначаліся адмысловыя рэвізоры (П. Кавецкі, М. Палубінскі, Я. Корсак, ад 1626 — пісар Рэчыцкага староства каралеўскі рэвізор Яўстах Кердзей).

У выніку валочнае памеры замест службаў было намерана 475 валокаў (у тым ліку 80 у маёнтку Любонічы), на якіх месьцілася каля 1 тысячы сялянскіх двароў. Апроч таго, у самім Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесьцях 286 гаспадарак агароднікаў. Усе сяляне жылі ў 50 вёсках і сёлах Бабруйскага староства. Прыгонныя сяляне выплочвалі натуральныя і грашовыя падаткі. Згодна зь інвэнтаром ХVII стагодзьдзя, гэты падатак складаў: 2 капы грошай, 1 бочку аўсу, 1 бочку жыта, 2 курыцы, 1 гусак, 12 яек, 1 воз сена, 10 вазоў дроваў. Кожны ўтрымальнік валокі быў абавязаны два разы на тыдзень працаваць на гаспадарчым двары, 12 дзён на год выконваць работы на распараджэньне валасное адміністрацыі і 4 дні на год рамантаваць ваенныя ўмацаваньні ў Бабруйскім замку.

Правядзеньне валочнае памеры выклікала супраціў сялянаў, якія адмаўляліся выконваць павіннасьці, а ў 1611—1613 зьнішчылі ўсе межавыя знакі. У справу быў змушаны ўмяшацца нават вялікі князь Жыгімонт Ваза.

У XVII—XVIII стагодзьдзях дзяржаўцы (намесьнікі) зваліся старостамі, а сама воласьць — староствам. У 1630 у Бабруйску зьявілася езуіцкая рэзыдэнцыя. У розны час ім былі нададзеныя вёскі Гарбацэвічы, Дваранінавічы, Кісялевічы, Рыньня, Устайла, Шацілавічы. У 1640 жонка князя Канстанціна Палубінскага незаконна далучыла да Глускае воласьці некаторыя вёскі староства. У 1643 новазаснаванаму гораду Казімеж было нададзенае магдэбурскае права.

Бабруйскае староства моцна пацярпела ў часе войнаў з казакамі й Расеяй у 1648—1667. Бабруйск і воласьць шмат разоў пераходзілі з рук у рукі. У 1655 казакамі Івана Залатарэнкі быў цалкам зьнішчаны горад Казімеж. Быў нанесены значны ўдар каталіцтву і ўніяцтву ў воласьці, якія здолелі адрадзіцца адно напачатку XVIII стагодзьдзя.

Пасьля далучэньня да Расейскае імпэрыі ў 1793 са складу староства ў якасьці павятовага цэнтру вылучылі Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў. Былыя землі староства ў 1795[1] увайшлі ў склад Бабруйскага павету Менскае губэрні.

Намесьнікі й старосты

рэдагаваць
  1. ^ 1 Именной указ, данный Сенату. — О составлении Минского наместничества из тринадцати округов. //Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792—1796)/ Издание Виленской комиссии для разбора древних актов. — Вильна:типография «Русский Почин», 1903. — с.42

Літаратура

рэдагаваць