Ян Казімер Сапега
Ян Казімер Сапега (? — 22 лютага 1730) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага і Расейскай імпэрыі. Гетман вялікі літоўскі (1708—1709); генэрал-фэльдмаршал расейскай службы (з 1726), генэрал-губэрнатар Пецярбургу (з 1727). Быў старостам бабруйскім (з 1682).
Ян Казімер Сапега. К. З. Кноэфэль, 1762 | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | невядома |
Памёр | 22 лютага 1730 |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Францішак Стэфан Сапега Ганна Крыстына зь Любамірскіх |
Жонка | Людвіка з Апалінскіх |
Дзеці | Пётар Павал, Андрэй Францішак, Казімер Антоні, Павал, Міхал Антоні, Францішак Антоні, Кацярына Людвіка |
Дзейнасьць | дыплямат |
Біяграфія
рэдагавацьЗ чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Францішка Стэфана, канюшага вялікага літоўскага, і Ганны Крыстыны зь Любамірскіх. Меў братоў Юзэфа Францішка і Юрыя Фэліцыяна.
Навучаўся ў езуіцкіх калегіюмах Варшавы (1685) і Бранева (да 1692), падарожнічаў па Галяндыі, Ангельшчыне, Францыі. Вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае ў 1697 і ў тым жа року абіраўся паслом на сойм ад Берасьцейскага ваяводзтва.
Удзельнічаў у Вялікай Паўночнай вайне (1700—1721). У 1702 далучыўся да войска караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага, але неўзабаве перайшоў на бок швэдаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфэдэрацыі (1704), створанай дзеля зьмяшчэньня са стальца Аўгуста Моцнага і абраньня каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў некалькі перамог над войскамі Аўгуста Моцнага пад Пултускам (1704), Алітай (1706), Ляхавічаў (12 красавіка 1709) і расейскімі войскамі пад Тыкоцінам (1706). 13 траўня 1709 атрымаў паразу ад расейскіх войскаў каля Лядухава (Украіна). У 1708—1709 гетман вялікі літоўскі (прызначаны швэдзкім каралём Карлам XII). Пасьля паразы швэдаў у Палтаўскай Бітве (1709) перайшоў на бок расейцаў і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. 11 лістапада 1709 ягонае 15-тысячнае войска склала зброю. Аднак, страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай яе вяртаньня зноў павёў барацьбу (у 1711—1713) супраць Аўгуста. У 1713 зноў перайшоў на ягоны бок і атрымаў амністыю. Выношваў плян захопу Карла XII у час ягонага праезду праз Польшчу з Бэндэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфэдэрацыі гетману вялікаму кароннаму А. Сяняўскаму. Але пасьля няўдачы гэтай апэрацыі яго самога арыштавалі прыхільнікі Аўгуста Моцнага і аддалі пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Даўлет-Гірэя.
У 1714 прапаноўваў Аўгусту Моцнаму пачаць вайну супраць Расеі ў зьвязе са Швэцыей і Турэччынай, каб вярнуць Інфлянты. Спрабаваў выкарыстаць у сваіх мэтах барацьбу Віленскай канфэдэрацыі (1716) з Саксонскай дынастыяй. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам Моцным.
У 1720 годзе зьвярнуўся да А. Д. Меншыкаву (і атрымаў яго згода) з прапановай заключыць шлюб паміж сваім сынам Пятром (25 студзеня 1701 — 24 студзеня 1771) і старэйшай дачкой Меншыкава Марыяй Аляксандраўнай. Сватаўство было сустрэта Меншыкавым добразычліва, бо Сапега абяцаў, у сваю чаргу, падтрымліваць дамаганьне Меншыкава на герцагскую карону Курляндыі (якая знаходзілася тады ў леннай залежнасьці ад Польшчы). Плянаваў ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой расейскага князя Д. Меншыкава, які хацеў з дапамогай Сапегаў атрымаць Курляндзкае і Зэмгальскае герцагства (заручыны адбыліся ўвесну 1726 у Пецярбургу, падарожжа Я. К. Сапегі ў расейскую сталіцу апісваецца ў ягоным дзёньніку). Аднак пляны Д. Меншыкава не зьдзейсьніліся, і па скасаваньні заручынаў іхныя адносіны пагоршыліся.
Яго сын, у 1721 г., Пётр Сапега прыбыў у Санкт-Пецярбург, неўзабаве заняў месца пры двары і пазыскаў зычлівасьць імпэратрыцы Кацярыны I. Да дня заручын Сапега прыбыў у Санкт-Пецярбург, быў узьведзены 10 сакавіка 1726 году імпэратрыцай Кацярынай I у званьне генэрал-фэльдмаршала за асабістыя заслугі перад імпэратрыцай. Паводле дасьледніка М. Валодзіна, ён прывёз брата і сястру Кацярыны I ў Санкт-Пецярбург, за што і атрымаў фэльдмаршалскую булаву. 22 сакавіка стаў кавалерам адразу двух расейскіх ордэнаў: Сьвятога Апостала Андрэя Першазванага і Сьвятога Аляксандра Неўскага, а сын яго быў падараваны ў камэргера і неўзабаве таксама стаў кавалерам ордэна Сьвятога Аляксандра Неўскага [3].
Застаўся пры двары Кацярыны I, быў яе фаварытам. Заручыўся з крэўнай імпэратрыцы Соф’яй Скаўронскай. Зьявіліся чуткі, што ў выпадку сьмерці Аўгуста Моцнага Кацярына I жадае зрабіць Я. К. Сапегу каралём[1].
Захаваў свае пазыцыі пры Пятру II (1727—1730), удзельнічаў у працы найвышэйшых дзяржаўных установаў Расеі. 23 сакавіка 1726 атрымаў чын расейскага генэрал-фэльдмарашала. Па высылцы Д. Меншыкава (1727) прызначаны генэрал-губэрнатарам Пецярбургу, нягледзячы на немагчымасьць заняцьця гэтай пасады чужаземцамі.
Выступаў за падтрымку Станіслава Ляшчынскага з боку Расеі ў зьвязе з Францыяй. Увесну 1728 выехаў у Вялікае Княства Літоўскае, каб умацаваць пазыцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспасьпяхова[2]. Спачыў ў Радліне[3].
Галерэя
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Мацук А. Сапега Ян Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 544.
- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
- ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 82.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЯн Казімер Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў