Крыштап Хадкевіч
Крыштап Хадкевіч (? — 3 кастрычніка 1652) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (1611—1623) і канюшы вялікі літоўскі (1623—1633), кашталян троцкі (1633—1636) і віленскі (1636—1642), ваявода віленскі (з 1642).
Крыштап Хадкевіч, XVII ст. | |
Герб «Хадкевіч» («Грыф зь мечам») | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | XVI стагодзьдзе |
Памёр | 3 кастрычніка 1652[1][2] |
Род | Хадкевічы |
Бацькі | Геранім Хадкевіч Ганны з Тарлаў |
Жонка | Альжбета з Кішкаў Соф’я з Друцкіх-Горскіх |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Аляксандар Крыштап, Ян Казімер, Геранім Караль |
Дзейнасьць | вайсковец |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Хадкевіч.
Быў старостам гарадзенскім, бабруйскім і крэўскім, дзяржаўцам беліцкім і вішнеўскім[3].
Біяграфія
рэдагавацьПаходжаньне і радавод
рэдагавацьПрадстаўнік магнацкага роду Хадкевічаў гербу ўласнага, сын Гераніма, кашталяна віленскага, і Ганны з Тарлаў.
Браў шлюб двойчы: у першы раз з Альжбетай Кішчанкай (дзеці — Аляксандар Крыштап, Ян Казімер, Геранім Караль), у другі — з Соф’яй з князёў Друцкіх-Горскіх Стравінскай (дзяцей не было).
Вайсковая кар’ера
рэдагавацьУдзельнічаў у войнах з Турэччынай, Швэцыяй, Масковіяй. У вайну са Швэцыяй браў удзел у аблозе Парнава, якая пачалася 28 лютага 1601 году, пад камандай ягонага кузэна Яна Караля Хадкевіча. У вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1605—1618) камандаваў палком лісоўчыкаў (да 28 сакавіка 1617 году). У 1616 годзе ягоны полк авалодаў Курскам і іншымі местамі. Таксама браў удзел пераможнай Бітве пад Болхавам (1616).
У 1648 годзе ў часе казацкіх хваляваньняў за ўласныя грошы ў 20 400 злотых выставіў пяхоту (грошы пасьля вярнуў сойм).
Палітычная дзейнасьць
рэдагавацьУ 1632 годзе браў удзел у элекцыйным сойме. Падтрымаў абраньне Яна Казімера (1648).
Займаў некалькі высокіх дзяржаўных пасадаў. Пяціразовы маршалак Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага: у 1635, 1639, 1643, 1647 і 1651 гадох.
Іншае
рэдагавацьАд 1627 году ўдзельнічаў у спрэчцы за маёмасьць Супрасьлеўскага Дабравешчанскага манастыра, за што ў 1650 годзе атрымаў вымову ад караля.
3 жніўня 1636 году фундаваў у Наваградку кляштар дамініканаў на купленым за ўласныя грошы пляцы. Пазьней, па атрыманьні пасады кашталяна віленскага дадаў 10 тыс. злотых і забясьпечыў правізію ад той сумы.
У кляштары зьмяшчаўся партрэт фундатара, які напэўна, захаваўся да нашага часу. К. Хадкевіч адлюстроўваецца на ім пакаленна, павернуты ў тры чвэрці, у характэрным адзеньні XVII ст., з шабляй у ножнах. На полі выява ягонага гербу і зьвітку з надпісам на лаціне[4]:
Высакародны Пан Крыштап Хадкевіч перш кашталян затым ваявода віленскі староста мазырскі і крэўскі заснаваў Наваградзкі канвэнт ордэна прапаведнікаў Рускай правінцыі Сьвятога Гіацынта року 1637… | ||
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 74.
- ^ Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVIII стст. (белар.) / пад рэд. В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда — 2016. — С. 143. — 400 с. — ISBN 978-985-90380-3-7
- ^ Грыцкевіч А. Хадкевічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 710.
- ^ Ярашэвіч А. «…Табе пад апеку я ахвяраваны…» // «Наша Вера» № 3 (6), 1998.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0