Валочная памера
«Вало́чная паме́ра» — назва аграрнай рэформы ў ВКЛ, якая праводзілася на працягу 2-й паловы XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Рэформа распачалася ў 1557 годзе з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці караля Жыгімонта Аўгуста, з мэтаю павелічэньня дзяржаўных даходаў. У поўным аб’ёме рэформа праводзілася на тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, спачатку на дзяржаўных, а пасьля — прыватных і царкоўных землях.
ХVІ стагодзьдзе адзначанае ў гісторыі Беларусі значным эканамічным росквітам. Павялічваліся плошчы ворных земляў, расла вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі на продаж. Сталы попыт на збожжа ў краінах Заходняй Эўропы, адным з асноўных экспарцёраў якога было Вялікае Княства Літоўскае, вымушаў землеўласьнікаў, і, ў першую чаргу дзяржаву, стымуляваць сельскагаспадарчую вытворчасьць.
Дзеля гэтага яшчэ з канца ХV стагодзьдзя была распачатая рэарганізацыя панскай гаспадаркі. Прадугледжвалася як пашырэньне фэадальных гаспадарак («двароў»), гэтак і стварэньне «фальваркаў» — новых гаспадарак з таварным характарам вытворчасьці, заснаваных на працы прыгонных сялян. Разам з тым, адсутнасьць адзінай сістэмы вымярэньня зямлі, а таксама абкладаньня павіннасьцямі і падаткамі паставіла дзяржаву перад неабходнасьцю больш шырокіх пераўтварэньняў.
Дакладны ўлік, размеркаваньне зямлі ў дзяржаве, уніфікацыя павіннасьцяў і былі мэтамі аграрнай рэформы, распачатай у сярэдзіне ХVІ стагодзьдзя, якую ўзначаліў земскі падскарбі Астафей Валовіч. Яна атрымала найменьне валочнай памеры — ад найбольш вядомага дакумента рэформы «Устава на валокі», выдадзенага 1 красавіка 1557 году вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Гэты закон вызначыў шэраг захадаў: тэхнічных (перамер зямлі), сацыяльных (зьмены ў становішчы фэадальна-залежнага насельніцтва), эканамічных (стварэньне фальваркаў, зьмены ў сістэме павіннасьцяў).
У якасьці меры плошчы і адначасова адзінкі павіннаснага абкладаньня ўводзілася валока (30 маргоў, або 21,36 гектару). Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел велічынёю з валоку ці яе частку, зь якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасьці (улічвалася таксама якасьць глебы: грунт добры, сярэдні, дрэнны і вельмі дрэнны).
У залежнасьці ад характару павіннасьцяў валокі падзяляліся на цяглыя — за карыстаньне імі сяляне адраблялі паншчыну, асадныя — плацілі чынш, службовыя — выконвалі дваровую, рамесную або іншую службу. На апрацоўку аднае фальваркавай (панскай) валокі адводзілася сем сялянскіх валок.
Валочная памера дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі нашай краіны. Увядзеньне аднастайнай адзінкі пазямельнай меры і абкладаньня павіннасьцямі спрыяў пераходу эканомікі на новы ровень і, адпаведна, гаспадарчай стабільнасьці дзяржавы. Аграрная рэформа забясьпечыла своечасовае і, у пэўным сэнсе, справядлівае спагнаньне падаткаў з насельнікаў Вялікага Княства, зліквідавала непажаданую здрабнеласьць дзялянак ды цераспалосіцу, упарадкавала размеркаваньне зямлі паміж сялян.
Пасьля ўліку і перадзелу зямельнага фонду, а таксама засяленьня занядбаных земляў сялянская сіла размяркоўвалася на абшарах Княства больш-менш раўнамерна, дзякуючы чаму павялічылася эфектыўнасць землекарыстаньня. Нарэшце, дакладнае вымярэньне ўсіх зямельных надзелаў і юрыдычна аформленае замацаваньне іх за канкрэтнымі гаспадарамі спрыялі спыненьню ўзаемных прэтэнзій уласьнікаў ды незаконных захопаў чужых земляў, ад чаго, як вядома, даўней пралілося нямала крыві.
Вельмі важнымі сталіся вайскова-палітычныя вынікі рэформы. Павелічэньне даходаў у дзяржаўны скарб падвышала вайсковую ды палітычную моц Княства. Акрамя таго, валочная памера стварыла эканамічны падмурак для разьвіцьця культуры Беларусі ва ўсіх яе праявах у другой палове ХVІ стагодзьдзя.
Літаратура
рэдагаваць- Кізіма С. А., Лянцэвіч В. М., Самахвалаў Дз. С. Гісторыя Беларусі: Курс лекцый. — Мн.: Выд-ва МІК, 2003. — 91 с.
- Іван Саверчанка, Зьміцер Санько 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, 1999.