Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь

звод заканадаўства Беларусі аб выкананьні і адбываньні асуджанымі пакараньняў

Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь — звод заканадаўства Беларусі аб выкананьні і адбываньні асуджанымі пакараньняў, які набыў моц у студзені 2001 году.

кодэкс
«Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь»
Нумар: 365-З
Прыняцьце: Палатай прадстаўнікоў
14 сьнежня 1999 (24 гады таму)
Ухваленьне: Саветам Рэспублікі
22 сьнежня 1999 (24 гады таму)
Падпісаньне: прэзыдэнтам Беларусі
11 студзеня 2000 (24 гады таму)[1]
Уступ у сілу: 1 студзеня 2001 (23 гады таму)[2]
Першая публікацыя: 2000 г.
Газэта «Зьвязда»

Паводле 2-га артыкула, «мае сваімі задачамі рэгуляваньне выкананьня і адбываньня асуджанымі пакараньня і іншых захадаў крымінальнай адказнасьці, вызначэньне сродкаў дасягненьня мэтаў крымінальнай адказнасьці і сацыяльнай адаптацыі асуджаных у працэсе яе рэалізацыі, абарону правоў і законных інтарэсаў асуджаных». На 2022 год налічваў 205 артыкулаў і падзяляўся на Агульную частку з 1-го разьдзелу і Асаблівую частку зь 10 разьдзелаў[1]. Замяніў сабой Папраўча-працоўны кодэкс Беларускай ССР ад 16 ліпеня 1971 году[2]. На 2022 год Крымінальна-выканаўчы кодэкс Беларусі дзейнічаў з 31-м амаль штогадовым зьмяненьнем і дапаўненьнем, за выняткам 2001—2002 і 2004, 2012 і 2014 гадоў[1]. 10 жніўня 2021 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 18 студзеня 2019 г. № 171-З[3]. 27 сьнежня 2022 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, якая дзейнічала пры Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі Беларусі, ухваліла Пратаколам № 4 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 30 чэрвеня 2022 г. № 183-З[4]. У выніку гэты кодэкс стаў 16-м у перакладзе Экспэртнай рады, якая складалася з прадстаўнікоў унівэрсытэтаў краіны і такіх дзяржаўных органаў Беларусі, як Адміністрацыя прэзыдэнта і Нацыянальная акадэмія навук, Палата прадстаўнікоў і Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў[5].

Агульная частка рэдагаваць

Агульная частка Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі налічвала 22 артыкулы ў складзе 3-х главаў: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Прававое становішча асуджаных», 3) «Органы і ўстановы, якія выконваюць пакараньне і іншыя захады крымінальнай адказнасьці. Кантроль за іх дзейнасьцю». Найбольшай была 3-я глава зь 9 артыкулаў (14—22) пра: паведамленьне аб месцы адбываньня пакараньня, прымяненьне да асуджаных прымусовых захадаў бясьпекі і лячэньня, нагляд дзяржаўных органаў і судовы нагляд, ведамасны нагляд вышэйстаячых органаў і пракурорскі нагляд за выкананьнем заканадаўства; нагляд і ўдзел грамадзкіх аб'яднаньняў у працы установаў выкананьня захадаў крымінальнай адказнасьці, наведваньне ўстановаў выкананьня пакараньняў. Паводле 14-га артыкула, пакараньне ў выглядзе:

  • грамадзкіх працаў і абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу мела выконваць крымінальна-выканаўчая інспэкцыя паводле месца жыхарства асуджанага;
  • штрафу і адмысловую канфіскацыю маёмасьцісудовыя выканаўцы;
  • пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасьцю — крымінальна-выканаўчая інспэкцыя паводле месца жыхарства або працы асуджанага, папраўчая ўстанова адкрытага тыпу або папраўчая ўстанова;
  • папраўчых працаў — крымінальна-выканаўчая інспэкцыя паводле месца працы асуджанага;
  • арышту, абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленьня волі, пажыцьцёвага зьняволеньня і пакараньня сьмерцю — установа крымінальна-выканаўчай сыстэмы;
  • пазбаўленьня вайсковай і адмысловай годнасьці — орган і службовая асоба, якія прысвоілі гэтую годнасьць;
  • абмежаваньня вайскоўца па вайсковай службе — камандаваньне вайсковай часьцей, установы, органа і вайсковага фармаваньня паводле месца праходжаньня службы;
  • арышт вайскоўцаў — камандаваньне гарнізона на гаўпвахце вайсковай камэндатуры[1].

Нагляд за паводзінамі асуджанага з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня, умоўным непрымяненьнем пакараньня і без прызначэньня пакараньня мела ажыцьцяўляць крымінальна-выканаўчыя інспэкцыя паводле месца жыхарства; а асуджанага вайскоўца ў такіх выпадках — камандаваньне вайсковай часьці. Папераджальнае назіраньне і папяреджальны нагляд меў ажыцьцяўляць тэрытарыяльны орган унутраных справаў. Нагляд і папераджальнае назіраньне за выкананьнем захаду крымінальнай адказнасьці без пакараньня да асуджанага падлетка ўскладаўся на інспэкцыю ў справах непаўналетніх паводле месца жыхарства. Згодна зь 15-м артыкулам кіраўніцтва ўстановы выкананьня пакараньня мела абавязак накіраваць паведамленьне аднаму са сваякоў асуджанага на падставе ягонай пісьмовай заявы не пазьней за 3 содні з дня яго прыбыцьця. У 16-м артыкуле прадугледжвалася, што установа выкананьня пакараньня мела прымяніць прызначаны судом захад бясьпекі і лячэньня ў дачыненьні асуджанага на арышт, пазбаўленьне волі і пажыцьцёвае зьняволеньне, а таксама хворага на хранічны алькагалізм і нарказалежнасьць, таксыкаманію і душэўны разлад, а таксама асуджанага з паменшанай сьвядомасьцю. У дачыненьні асуджанага на іншае пакараньне і захад крымінальнай адказнасьці прымяняюць прызначанае судом прымусовае амбуляторнае назіраньне і лячэньне. Таксама ўстанова выкананьня захадаў крымінальна-прававога ўзьдзеяньня мела накіраваць у суд прадстаўленьне аб прызначэньні асуджанаму прымусовых захадаў бясьпекі і лячэньня, калі выявіць у яго адпаведную хваробу падчас адбываньня пакараньня. Урэшце, установа выкананьня пакараньня прымяняла абавязковае лячэньне вязьня, хворага на актыўную форму сухотаў, заражанага вірусам імунадэфіцыту чалавека, хворага на сындром набытага імунадэфіцыту і не прайшоўшага поўны курс лячэньня плоцевай хваробы[1].

Паводле 18-га артыкула, установа выкананьня пакараньня мела паведаміць суду, які паставіў вырак, пра пачатак і месца адбываньня пакараньня асуджаным. Таксама суд разглядаў скаргі на дзеяньні кіраўніцтва ўстановы выкананьня пакараньня. Урэшце, суд наглядаў за выкананьнем пакараньня пры рашэньні пытаньняў:

  1. умоўна-датэрміновага вызваленьня ад пакараньня або замены неадбытай часткі пакараньня больш мяккім пакараньнем;
  2. зьмяненьне віду папраўчай установы асуджанаму, які адбывае пазбаўленьне волі;
  3. пераводу на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджанага да абмежаваньня волі ў такой установе;
  4. замены асуджанаму падлетку прымусовага захаду выхаваньня на больш строгі;
  5. усталяваньня дадатковай забароны асуджанаму падлетку, якому прызначылі прымусовы захад выхаваньня ў выглядзе абмежаваньня свабоды вольнага часу;
  6. датэрміновага спыненьня знаходжаньня непаўналетняга ў адмысловай навучальна-выхаваўчай або лекава-выхаваўчай установе;
  7. усталяваньня, падаўжэньня і спыненьня папераджальнага нагляду, а таксама зьмяненьня патрабаваньняў такога нагляду;
  8. адмены адтэрміноўкі выкананьня пакараньня або ўмоўнага непрымяненьня пакараньня;
  9. прымяненьня тэрмінаў даўнасьці выкананьня абвінаваўчага выраку[1].

Згодна з 21-м артыкулам наглядальныя камісіі пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах мелі права браць удзел у выпраўленьні асуджаных і ў грамадзкім наглядзе за дзейнасьцю ўстановаў выкананьня пакараньняў. Камісіі ў справах непаўналетніх мелі такія паўнамоцтвы ў дачыненьні асуджаных падлеткаў. У 22-м артыкуле згадвалася, што кіраўніцтва ўстановы выкананьня пакараньня і вышэйстаячы орган маглі дазволіць зь пісьмовай згоды асуджанага кіна-, фота- і відэа]здымкі, а таксама інтэвію зь ім. Без адмысловага дазволу наведваць установы выкананьня пакараньняў мелі права пры выкананьні службовых абавязкаў:

Асаблівая частка рэдагаваць

Асаблівая частка Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі ўлучала 183 артыкулы ў складзе 10 разьдзелаў: 1) «Выкананьне пакараньняў, не зьвязаных зь ізаляцыяй асуджанага ад грамадзтва»; 2) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе арышту»; 3) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі»; 4) «Выкананьне ў дачыненьні асуджаных вайскоўцаў пакараньня ў выглядзе абмежаваньня па вайсковай службе і арышту»; 5) «Выкананьне дадатковых пакараньняў»; 6) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе пажыцьцёвага зьняволеньня»; 7) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе пакараньня сьмерцю»; 8) «Выкананьне захадаў крымінальнай адказнасьці, не зьвязаных з прымяненьнем пакараньня»; 9) «Вызваленьне ад адбываньня пакараньня. Дапамога асобам, вызваленым ад адбываньня пакараньня, і кантроль за імі»; 10) «Заключныя палажэньні». Найбольшым быў трэці разьдзел зь 73-х артыкулаў (63—135)[1].

Пакараньне безь ізаляцыі рэдагаваць

Другі разьдзел Крымінальна-выканаўчага кодэксу зьмяшчаў 35 артыкулаў (23—57) у складзе 5 главаў: 1) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе грамадзкіх працаў», 2) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе штрафу», 3) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю», 4) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе папраўчых працаў», 5) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі». Найбольшай была пятая глава з 14 артыкулаў (44—57), якія акрэсьлівалі: месцы абмежаваньня волі, накіраваньне да гэтага месца і прыцягненьне да адбываньня пакараньня, падлік тэрміну абмежаваньня волі; парадак абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, матэрыяльна-побытавае забесьпячэньне асуджаных у такой установе, парадак абмежаваньня волі без накіраваньня ў такую ўстанову, лекарска-санітарнае забесьпячэньне і ўмовы працы пры абмежаваньні волі; абавязкі ўстановаў абмежаваньня волі, абавязкі кіраўніцтва ўстановы і індывідуальнага прадпрымальніка, у якіх працуюць асуджаныя да абмежаваньня волі; выхаваўчую працу з асуджанымі да абмежаваньня волі і захады іх заахвочваньня, адказнасьць асуджаных за парушэньне парадку і ўмоваў абмежаваньня волі і за ўхіленьне ад адбываньня гэтага пакараньня; прымяненьне захадаў заахвочваньня і спагнаньня да такіх асуджаных, нагляд за такімі асуджанымі і захады папярэджаньня парушэньняў парадку адбываньня гэтага пакараньня. Паводле 44-га артыкула, «асуджаныя да абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу адбываюць пакараньне паводле месца пастаяннага жыхарства». Пры гэтым, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абавязаныя садзейнічаць такім установам у працоўным і побытавым уладкаваньні адпаведных асуджаных. Сярод іншага, «перавод асуджанага для далейшага адбываньня пакараньня з адной папраўчай установы адкрытага тыпу ў іншую такога ж віду дапускаецца: 1) пры рэарганізацыі або ліквідацыі папраўчай установы адкрытага тыпу, 2) для атрыманьня асуджаным сярэдняй спэцыяльнай або вышэйшай адукацыі пры ўмове пасьпяховай здачы ўступных экзамэнаў, 3) у сувязі зь сямейнымі абставінамі паводле заявы асуджанага, 4) пры пагрозе асабістай бясьпецы асуджанага»[1].

Згодна з 45-м артыкулам адпаведныя асужаныя «прыбываюць да месца адбываньня пакараньня самастойна за кошт дзяржавы». Пры гэтым, «крымінальна-выканаўчая інспэкцыя на падставе выраку суда ўручае прадпісаньне аб выезьдзе да месца адбываньня пакараньня асуджаным». Кіраўніцтва папраўчай установы на падставе выраку суда ўручае такое прадпісаньне асуджаным, якім неадбытую частку пакараньня замянілі на больш мяккае пакараньне. Адпаведна «асуджаны абавязаны выехаць да месца адбываньня пакараньня згодна з вызначаным прадпісаньнем маршрутам у дзень атрыманьня прадпісаньня папраўчай установы і не пазьней за 3 содні з дня атрыманьня прадпісаньня крымінальна-выканаўчай інспэкцыі». Асуджаны абавязаны прыбыць да месца цягам тэрміну, пазначанага ў прадпісаньні. Тэрытарыяльны орган унутраных справаў затрымлівае асуджанага з санкцыі пракурора на тэрмін да 15 содняў пры ўхіленьні ад атрыманьня прадпісаньня або пры нявыездзе ў вызначаны тэрмін для выяўленьня прычыны няяўкі ў крымінальна-выканаўчую інспэкцыю або нявыезду. Зьніклага зь месца жыхарства асуджанага абвяшчаюць у вышук і могуць затрымаць з санкцыі пракурора на тэрмін да 30 содняў. Затрыманага асуджанага зьмяшчаюць у ізалятар часовага ўтрыманьня тэрытарыяльнага органа ўнутраных справаў. «Спагнаньне з асуджанага грашовай сумы, выдаткаванай у сувязі зь яго вышукам, праводзіцца шляхам зьдзяйсьненьня выканаўчага надпісу». У выпадку адсутнасьці ўважлівай прычыны для нявыезду і ўхіленьня ад атрыманьня прадпісаньня кіраўніцтва папраўчай установы накіроўвае ў суд матэрыялы для адмены: 1) замены неадбытай часткі пазбаўленьня волі на яе абмежаваньне, 2) пераводу на абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову[1].

У 46-м артыкуле згадвалася, што тэрмін абмежаваньня волі лічыцца з дня пастаноўкі асуджанага на ўлік у: 1) папраўчай установе адкрытага тыпу, 2) крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, калі ў такую ўстанову не накіроўвалі. З разьліку 1 дзень знаходжаньня пад вартай за 2 дні абмежаваньня волі ў тэрмін пакараньня залічвалі час: 1) утрыманьня асуджанага пад вартай у якасьці захаду стрыманьня, 2) знаходжаньня ў папраўчай установе з дня вынясеньня судовай пастановы аб замене пазбаўленьня волі на яе абмежаваньне, 3) руху пад канвоем з папраўчай установы ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пры гэтым, у тэрмін пакараньня не залічвалі час: 1) самавольнай адсутнасьці асуджанага на працы або паводле месцы адбываньня пакараньня больш за содні, 2) звыш дазволенага тэрміну выезду, за выняткам пэрыяду захворваньня. Таксама з разьліку 1 дзень за дзень у тэрмін пакараньня залічвалі час руху асуджанага: 1) з папраўчай установы да месца абмежаваньня волі самастойна паводле прадпісаньня, 2) з адной папраўчай установы адкрытага тыпу ў іншую, 3) пад канвоем у выпадку яго затрыманьня за самавольнае пакіданьне або непрыбыцьцё да месца адбываньня пакараньня. Паводле 47-га артыкула, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы на прадстаўленьне органа кіраваньня ўстановамі выкананьня пакараньня вызначаюць межы земляў папраўчай установы адкрытага тыпу. Міністар унутраных справаў Беларусі зацьвярджаў Правілы ўнутранага распарадку папраўчых установаў адкрытага тыпу пасьля ўзгадненьня з генэральным пракурорам Беларусі. Такія ўстановы падзяляліся на ўстановы для асобаў, якія раней: 1) не адбывалі пазбаўленьне волі і 2) адбывалі. Пры гэтым, у адной такой установе «ня могуць адбываць пакараньне асуджаныя, якія зьдзейсьнілі злачынства ў саўдзеле». Асуджаных і памяшканьні іх пражываньня могуць падвяргаць вобшуку, а рэчы асуджаных — агляду. Пры гэтым, асабісты вобшук праводзяць асобы адной плоці з асуджанымі. Паднаглядныя асуджаныя абавязваліся:

  • выконваць Правілы ўнутранага распарадку папраўчых установаў адкрытага тыпу;
  • працаваць паводле накіраваньні кіраўніцтва такой установы;
  • пастаянна знаходзіцца ў межах тэрыторыі такой установы і не пакідаць яе без дазволу кіраўніцтва;
  • пражываць у жылых памяшканьнях такой установы і не пакідаць яе без дазволу кіраўніцтва гэтай установы;
  • удзельнічаць без аплаты працы ў добраўпарадкаваньні будынкаў і тэрыторыі такой установы ў непрацоўны час працягласьцю да 4-х гадзінаў у тыдзень;
  • пастаянна мець пры сабе пасьведчаньне асуджанага, узор і парадак выдачы якога зацьвярджае Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі;
  • праходзіць на патрабаваньне супрацоўнікаў такой установы мэдычны агляд на прадмет алькагольнага ап'яненьня або спажываньня дурманаў і псыхатропных рэчываў, іх адпаведнікаў і таксічных рэчываў;
  • пастаянна насіць электронныя сродкі кантролю свайго месцазнаходжаньня паводле пастановы начальніка такой установы і выконваць правілы іх выкарыстаньня;
  • не дапускаць страты, наўмыснага пашкоджаньня і зьнішчэньня электронных сродкаў кантролю свайго месцазнаходжаньня;
  • безадкладна апавяшчаць кіраўніцтва такой установы пра страту, пашкоджаньне, зьнішчэньне і тэхнічную няспраўнасьць электронных сродкаў кантролю свайго месцазнаходжаньня;
  • пакрываць шкоду ў выпадку страты, наўмыснага пашкоджаньня і зьнішчэньня электронных сродкаў кантролю свайго месцазнаходжаньня[1].

Праз 4 месяцы з дня пастаноўкі асуджанага на ўлік у папраўчай установе адкрытага тыпу асуджаным, якія не дапускалі парушэньня Правілаў унутранага распарадку, маглі дазволіць пражываньне зь сям'ёй у жылым памяшканьні, якое належыць ім на праве ўласнасьці або займаецца імі згодна з дамовай найму. Гэтыя асуджаныя мелі прыходзіць на ўлік у адпаведную папраўчую ўстанову з пэрыядычнасьцю паводле пастановы яе начальніка. Такія асуджаныя мелі пастаянна знаходзіцца ў сваім жытле або на прыдамавой дзялянцы ў вольны ад працы і навучаньня час, а зь 19-й гадзіны вечару да 6-й гадзіны ранку — толькі ў сваім жытле. Выхад асуджанага для наведваньня ўстановаў аховы здароўя і сувязі, гандлю і побытавага абслугоўваньня дапускаецца толькі ў межах населенага пункту да 2-х гадзінаў на дзень у час, вызначаны кіраўніцтвам папраўчай установы адкрытага тыпу. Такім асуджаным забараняецца наведваньне месцаў правядзеньня фізкультурна-аздараўленчых, спартова-масавых і культурных мерапрыемстваў, ігральных устаноў і гандлёвых месцаў, дзе расьпіваюць алкагольныя напоі, у тым ліку піва, а таксама жытла іншых асобаў. Пастанова начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу аб дазволе пражываньня зь сям'ёй скасоўваецца ў выпадку парушэньня асуджаным парадку і ўмоў адбываньня пакараньня, прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за зьдзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэньня, асуджэньня за зьдзяйсненьне злачынства. «Паўторнае даваньне асуджаным, якія зрабілі пазначаныя дзеяньні, права пражываньня па-за папраўчай установай адкрытага тыпу не дапускаецца». Супрацоўнікі папраўчай установы адкрытага тыпу пры ажыцьцяўленьні кантролю за захаваньнем асуджанымі парадку і ўмоваў адбываньня пакараньня мелі права:

  1. патрабаваць ад адміністрацыі арганізацыі, у якой працуе асуджаны, зьвесткі аб працоўнай дзейнасьці асуджанага і захаваньні ім працоўнай дысцыпліны, а ад арганізацыі, дзе навучаецца асуджаны, — зьвесткі аб наведваньні заняткаў і паводзінах асуджанага;
  2. наведваць асуджанага на месцы яго працы і навучаньня;
  3. дастаўляць асуджанага ў арганізацыі аховы здароўя для правядзеньня мэдычнага агляду на прадмет алькагольнага ап'яненьня і спажываньня дурманаў і псыхатропаў, іх адпаведнікаў і атрутных рэчываў;
  4. выкарыстоўваць электронныя сродкі кантролю за месцам знаходжаньня асуджанага[1].

Згодна з 48-м артыкулам асуджаным давалі ў адкрытай папраўчай станове індывідуальнае спальнае месца і пасьцельныя рэчы. Норма жылой плошчы на аднаго асуджанага не магла быць меншай за 3 кв.м. Штомесяц асуджаныя мелі пакрываць кошт камунальных паслугаў зыходзячы з фактычнага спажываньня ў натуральным выяўленьні на падставе дадзеных індывідуальных або групавых прыбораў уліку, а пры іх адсутнасьці — на падставе нормаў спажываньня, якія вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама расцэнак на камунальныя паслугі для насельніцтва. Асуджаныя мелі набываць адзеньне, бялізну і абутак самастойна за кошт уласных сродкаў. Харчаваньне асуджаных арганізоўвалася кіраўніцтвам адкрытай папраўчай установы і мела аплачвацца асуджанымі за кошт уласных сродкаў. Пры адсутнасьці ў асуджаных уласных сродкаў іх харчаваньне забяспечвалася за кошт дзяржавы з наступным пакрыцьцём яго кошту асуджанымі. Асуджаныя мелі права мець пры сабе грошы і выкарыстоўваць іх, а таксама набываць, захоўваць і выкарыстоўваць прадметы, вырабы і рэчывы. У артыкуле 48-1 прадугледжвалася, што супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспэкцыі і ўпаўнаважаныя супрацоўнікі іншых службаў тэрытарыяльных органаў унутраных справаў пры ажыцьцяўленьні кантролю за захаваньнем парадку і ўмоваў адбываньня пакараньня асуджанымі да абмежаваньня волі без накіраваньня ў адкрытую папраўчую ўстанову маюць права:

  1. патрабаваць ад адміністрацыі арганізацыі, у якой працуе асуджаны, зьвесткі аб працоўнай дзейнасьці асуджанага і захаваньні ім працоўнай дысцыпліны, а ад арганізацыі, дзе навучаецца асуджаны, — зьвесткі аб наведваньні заняткаў і паводзінах асуджанага;
  2. выклікаць асуджанага для правядзеньня размовы, наведваньня выхаваўчага мерапрыемства і патрабаваць ад яго пісьмовае тлумачэньне аб адбываньні пакараньня;
  3. уваходзіць у любы час содняў у жытло асуджанага;
  4. наведваць асуджанага на месцы яго працы і навучаньня;
  5. дастаўляць асуджанага ў арганізацыі аховы здароўя для правядзеньня мэдычнага агляду на прадмет ап'яненьня;
  6. затрымліваць асуджанага ў выпадку парушэньня ім парадку і ўмоваў адбываньня пакараньня;
  7. выдаваць асуджанаму, які мяняе месца жыхарства, прадпісаньне з ускладаньнем абавязку стаць на ўлік у тэрытарыяльным органе ўнутраных справаў на новым месцы жыхарства;
  8. выкарыстоўваць электронныя сродкі кантролю за месцам знаходжаньня асуджанага[1].

Арышт рэдагаваць

Другі разьдзел Кодэксу налічваў 5 артыкулаў (58—62), якія вызначалі: парадак і ўмовы арышту, прыцягненьне да працы асуджаных да арышту, захады заахвочваньня і спагнаньня з арыштаваных, службоўцы, якія прымяняюць такія захады, матэрыяльна-побытавае забесьпячэньне і лекарска-санітарнае абслугоўваньне арыштаваных. Паводле 58-га артыкула, асуджаныя да арышту адбываюць пакараньне паводле месца асуджэньня ў арыштных дамах, разьмешчаных у раёне, найбольш прыбліжаным да іх пастаяннага месца жыхарства. Арыштныя дамы могуць разьмяшчацца на ахоўных тэрыторыях крымінальна-выканаўчых установаў. «Перавод асуджанага з аднаго арыштнага дома ў іншы дапускаецца ў выпадку яго захворваньня або для забесьпячэньня яго асабістай бясьпекі». Паводле пастановы начальніка тэрытарыяльнага органа ўнутраных справаў асуджанага да арышту маглі ўтрымліваць у сьледчым ізалятары да 5 дзён перад накіраваньнем да месца адбываньня пакараньня. Тэрмін утрыманьня ў сьледчым ізалятары залічвалі ў тэрмін пакараньня, як дзень за дзень. Згодна зь 59-м артыкулам «асуджаныя да арышту ўтрымліваюцца ва ўмовах строгай ізаляцыі». Ізалявана ад іншых катэгорыяў асобаў, якія адбываюць арышт, і асобна разьмяшчаюцца мужчыны, жанчыны і падлеткі, а таксама асуджаныя, якія раней адбывалі пакараньне ў папраўчых установах і маюць судзімасьць. Пры гэтым, не ажыцьцяўляецца адукацыі арыштантаў. «Перамяшчэньне іх без канвою не дазваляецца». Непаўналетнім арыштантам штомесяц давалі сустрэчу працягласьцю да 4-х гадзінаў з блізкімі сваякамі. Таксама яны карысталіся правам штодзённай прагулкі працягласьцю да 2-х гадзінаў. Начальнік арыштнага дома мог дазволіць тэлефонную размову да 15 хвілінаў з блізкім сваяка з аплатай з асабістых сродкаў асуджанага ў выпадку ў выпадку цяжкай хваробы такога сваяка, якая пагражае яго жыцьцю, або стыхійнага бедзтва, якое прынесла значную матэрыяльную шкоду сям'і асуджанага. У сувязі з вышэйзгаданымі абставінамі асуджанаму да арышту маглі дазволіць выезд за межы арыштнага дома да 7 содняў без уліку часу на праезд туды і назад[1].

У 60-м артыкуле згадвалася, што кіраўніцтва арыштнага дома мела праца прыцягваць арыштантаў да гаспадарчага абслугоўваньня арыштнага дома працягласьцю да 10 гадзінаў на тыдзень, у тым ліку да 2-х гадзінаў на дзень без аплаты. Пры гэтым, пэнсіянэра маглі прыцягнуць да такой працы паводле ягонага жаданьня[1].

Паводле 61-га артыкула, за добрыя паводзіны да асуджаных могуць прымяняцца 3 віды заахвочваньня: 1) абвяшчэньне падзякі; 2) датэрміновае зьняцьце раней накладзенага спагнаньня; 3) дазвол на тэлефонную размову працягласьцю да 15 хвілінаў з аплатай з асабістых сродкаў асуджанага. За парушэньне вызначанага парадку адбываньня пакараньня да асуджаных могуць прымяняцца 2 віды спагнаньня: 1) вымова; 2) зьмяшчэньне ў штрафны ізалятар на тэрмін да 10 содняў. Заахвочваньне і спагнаньне абвяшчалася пастановай упаўнаважанай службовай асобы. Заахвочваньне прымянялі пры адсутнасьці спагнаньня, за выняткам яго датэрміновага зьняцьця. Пры гэтым, спагнаньні здымалі па чарзе ад 1-га непагашанага ўпаўнаважаныя службоўцы, якія іх наклалі, а таксама вышэйстаячыя службоўцы. Датэрміновае зьняцьце накладзенага спагнаньня дапускаецца праз: 1) 15 содняў з дня вымовы, 2) месяц зь дня адбыцьця зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар. Спагнаньне накладаецца не пазней за 10 содняў з дня выяўленьня парушэньня, а калі ў сувязі з парушэньнем праводзілася праверка, — з дня яе заканчэньня, але не пазьней за 30 содняў з дня зьдзяйсьненьня парушэньня. Спагнаньне выконваецца безадкладна, а ў выпадку немагчымасьці — не пазьней за 15 содняў з дня яго накладаньня. Асуджаны можа быць падвергнуты спагнаньню, толькі атрымаўшы магчымасьць выказацца і даць пісьмовае тлумачэньне ў сваё апраўданьне. Зьмяшчаць у штрафны ізалятар маюць «толькі пасьля агляду асуджанага мэдычным працаўніком, які мае пісьмова пацьвердзіць, што асуджаны здольны перанесьці такое спагнаньне». Пры гэтым, мэдпрацаўнік штодзённа наведвае асуджаных, якія адбываюць пазначанае спагнаньне. Ён абавязаны безадкладна паведамляць пісьмова начальніку арыштнага дома або крымінальна-выканаўчай ўстановы, дзе разьмешчаны арыштны дом, аб патрэбе прыпыненьня выкананьня гэтага спагнаньня з прычыны цялеснага або душэўнага стану асуджанага. Асуджаны мае права абскардзіць рашэньне службоўца аб накладаньні спагнаньня вышэйстаячаму службоўцу, пракурору або ў суд «не пазьней за 1 год з моманту накладаньня». Асуджаны лічыцца не маючым спагнаньняў, калі цягам 2-х месяцаў з дня накладаньня апошняга спагнаньня ён ня быў падвергнуты новаму спагнаньню[1].

Пазбаўленьне волі рэдагаваць

Чацьверты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 73 артыкулы (63—135) ў складзе 7 главаў: 1) «Агульныя палажэньні выкананьня пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі», 2) «Рэжым у папраўчых установах і сродкі яго забесьпячэньня», 3) «Умовы адбываньня пакараньня ў папраўчых установах», 4) «Праца, прафэсійна-тэхнічная адукацыя і прафэсійная падрыхтоўка асуджаных да пазбаўленьня волі», 5) «Выхаваўчае ўзьдзеяньне на асуджаных да пазбаўленьня волі», 6) «Асаблівасьці выкананьня пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі ў папраўчых установах розных відаў і ва ўмовах розных рэжымаў», 7) «Асаблівасьці адбываньня пакараньня ў выхаваўчых установах». Найбольшай была трэцяя глава зь 17 артыкулаў (81—97), якія акрэсьлівалі: набыцьцё асуджанымі ежы і прадметаў першай патрэбы, даваньне сустрэчы асуджанаму, атрыманьне і адпраўленьне асуджаным пасылкі, бандэролі і дробнага пакету, а таксама атрыманьне перадачы; перапіску асуджанага, адпраўленьне і атрыманьне ім грашовага пераводу, тэлефонную размову асуджанага, шпацыр, прагляд кінафільма і тэлеперадачы, праслухоўваньне радыёперадачы; набыцьцё і захоўваньне асуджаным літаратуры і пісьмовай прылады, перамяшчэньне без канвою і суправаджэньня, пражываньне асуджаных жанчынаў па-за папраўчай калёніяй; выезд асуджанага за межы папраўчай установы, абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаваньне і пэнсійнае забесьпячэньне, матэрыяльна-тэхнічнае і лекава-санітарнае забесьпячэньне, матэрыяльную адказнасьць асуджаных. Паводле 81-га артыкула, асуджаных да пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўтрымлівалі ў звычайных жылых памяшканьнях. Яны маглі перамяшчацца ў межах калёніі. Асуджанага, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму, маглі таксама ўтрымліваць у камэры за цяжкае злачынства, а таксама за наўмыснае злачынства падчас пазбаўленьня волі. Пасьля адбыцьця прынамсі 1/3 вызначанага судом пакараньня такога асуджанага з камэры пераводзілі ў звычайнае жытло пры адсутнасьці спагнаньня за парушэньне парадку адбываньня пакараньня і добрасумленным стаўленьні да працы. У выпадку злоснага парушэньня парадку такога асуджанага маглі вярнуць у камэру прынамсі на год[1].

У турмах усталёўваюць агульны і строгі рэжымы ўтрыманьня асуджаных. Перавод асуджаных з агульнага рэжыму на строгі і наадварот праводзяць адпаведна пастанове начальніка папраўчай установы, узгодненай з наглядальнай камісіяй. Начальнік папраўчай установы меў права перавесьці асуджанага на ізаляванае ўтрыманьне да 6 месяцаў паводле ягонай пісьмовай просьбы дзеля забесьпячэньня яго асабістай бясьпекі. Тое самае тычылася хворых на актыўныя сухоты, калі лекарскае абсьледаваньне паказала, што такія асуджаныя могуць утрымлівацца ізалявана. Згодна з 82-м артыкулам асуджаныя маглі штомесяц набываць ежу і прадметы 1-й патрэбы паводле безнаяўнага разьліку за кошт грошай на асабовых рахунках. Нявыдаткаваную рэшту грошай было магчыма скарыстаць у наступныя месяцы. Кіраўніцтва вязьніцы мела права павялічыць памер сродкаў для выдаткоўваньня «ў межах вызначанага памеру базавай велічыні», калі асуджаны перавыканаў норму выпрацоўку або ўзорна выканаў прызначанае заданьне на цяжкай, небясьпечнай або шкоднай працы. Злосныя парушальнікі вызначанага парадку адбываньня пакараньня, асуджаныя, якія не пакрылі прычыненую злачынствам шкоду, і асуджаныя, абавязаныя сплочваць алімэнты на пакрыцьцё дзяржаўнага забесьпячэньня іх дзяцей, маглі штомесяц выдаткоўваць да 2-х базавых велічыняў. Іншым асуджаным вязьням выхаваўчай і папраўчай калёніі, а таксама пакінутым у сьледчым ізалятары і турме для гаспадарчага абслугоўваньня дазвалялася набываць цягам месяца ежу і першасный прадметы на суму да 5 базавыях велічыняў замест атрыманьня належнай пасылкі або перадачы. У 83-м артыкуле прадугледжвалася, што асуджаным даюць кароткатэрміновыя сустрэчы цягам 4-х гадзінаў і працяглыя — да 3-х содняў у адмысловым памяшканьні на тэрыторыі папраўчай установы. У папраўчай калёніі-пасяленьні асуджанаму могуць даць працяглую сустрэчу з пражываньнем па-за тэрыторыяй папраўчай установы з вызначэньнем парадку і месца яе правядзеньня начальнікам такой установы. Кароткатэрміновую сустрэчу даюць у прысутнасьці працаўніка кіраўніцтва папраўчай установы. Пры гэтым, такую сустрэчу зь несваяком давалі толькі рашэньнем кіраўніцтва. Працяглую сустрэчу давалі з правам сумеснага пражываньня з блізкім сваяком. Паводле заявы асуджанага даецца сустрэча з адвакатам для атрыманьня прававой дапамогі[1].

Паводле 84-га артыкула, пасылку і перадачу, бандэроль і дробны пакет не ад блізкага сваяка ўручалі асуджанаму з дазволу начальніка папраўчай установы. Хворым асуджаным і асуджаным інвалідам І і ІІ групаў дазвалялі атрымаць дадатковую бандэроль або дробны пакет зь лекамі паводле заключэньня лекара, якія захоўвала і выдавала мэдычная часьць папраўчай установы, а таксама дадатковую пасылку або перадачу цягам 3-х месяцаў зь ежай, рэкамэндаванай лекарам. Згодна з 85-м артыкулам асуджаным дазвалялі атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежаваньня іх колькасьці за ўласны кошт. Аднак карэспандэнцыя асуджаных падлягала цэнзуры. Пры гэтым, забаранялася перапіска між асуджанымі блізкімі сваякамі ў папраўчых установах. Асуджаныя мелі права атрымліваць і адпраўляць грашовыя пераводы блізкім сваякам, а іншым асобам з дазволу кіраўніцтва папраўчай установы. Пры паступленьні грошы залічвалі на асабовы рахунак асуджанага, а ў папраўчай калёніі-пасяленьні ўручалі. У 86-м артыкуле згадвалася, што асуджаным давалася права на тэлефонныя размовы з блізкімі сваякамі працягласьцю кожнай размовы да 15 хвілінаў за кошт сродкаў на асабовых рахунках. Кіраўніцтва папраўчай установа наглядала за такімі размовамі. Сярод іншага, забараняліся тэлефонныя размовы між асуджанымі ў папраўчых установах. Паводле 87-га артыкула, асуджаныя з камэры асаблівага рэжыму і палаты папраўчай лякарні мелі права на шпацыр. Згодна з 88-м артыкулам прынамсі аднойчы на 2 тыдні асуджаным мелі паказваць кіно або відэафільмы. Таксама прагляд телеперадачаў дазваляўся ў вольны ад працы і абавязковых паводле распарадку дня мерапрыемстваў час, акрамя адведзенага для начнога адпачынку. Сярод іншага, дазвалялася набываць тэле- і радыёпрымачы за кошт уласных сродкаў праз гандлёвую сетку або іх атрыманьне ад сваякоў і іншых асобаў[1].

У 89-м артыкуле згадвалася, што «асуджаным да пазбаўленьня волі дазваляецца атрымліваць у пасылках, перадачах, бандэролях і дробных пакетах пісьмовыя прылады, набываць праз гандлёвую сетку літаратуру, а таксама без абмежаваньня падпісвацца на газэты і часопісы за кошт уласных сродкаў звыш сумаў, вызначаных для выдаткоўваньня на прадукты харчаваньня і прадметы першай неабходнасьці». Пры гэтым, «забараняюцца атрыманьне, набыцьцё, захоўваньне і распаўсюджваньне выданьняў, якія прапагандуюць вайну, распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці, гвалт або жорсткасьць, выданьняў парнаграфічнага характару, а таксама падпіска на іх». Урэшце, «дазваляецца мець пры сабе ня больш за 5 кніг і часопісаў, ня лічачы падручнікаў, неабходных для атрыманьня агульнай сярэдняй, прафэсійна-тэхнічнай адукацыі і праходжаньня прафэсійнай падрыхтоўкі». Літаратура ў колькасьці, якая перавышае 5 асобнікаў «здаецца асуджаным на захоўваньне на склад або перадаецца сваякам ці зь яго згоды ў бібліятэку папраўчай установы». Паводле 90-га артыкула, пасьля адбыцьця прынамсі 1/4 тэрміну пакараньня маглі дазволіць перамяшчэньне без канвою і суправаджэньня за межамі папраўчай установы, калі гэта патрабавалася для выкананьня працы, «асуджаным за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі, менш цяжкія злачынствы, упершыню асуджаным за цяжкія злачынствы, якія адбываюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ў папраўчых калёніях, якія сталі на шлях выпраўленьня». Пасьля адбыцьця прынамсі 6 месяцаў тэрміну такое перамяшчэньне маглі дазволіць асуджанаму ў выхаваўчай калёніі. Пры гэтым, начальнік папраўчай установы дазваляў такое перамяшчэньне пастановай, якую зацьвярджаў вышэйстаячы начальнік. Адпаведных асуджаных разьмяшчалі ў асобных жылых памяшканьнях. Урэшце, права на такое перамяшчэньне пашырылася толькі на час выкананьня працы ў межах пэўнай тэрыторыі або паводле пэўнага маршруту[1].

Згодна зь 92-м артыкулам асуджанаму, якога ўтрымліваюць у папраўчай калёніі-пасяленьні, у парадку заахвочваньня могуць дазволіць кароткатэрміновы выезд да блізкіх сваякоў да 2-х разоў на год працягласьцю да 5 содняў без уліку часу на праезд туды і назад. Пры наяўнасьці пацьвярджальнага дакумэнта можа быць дазволены кароткатэрміновы выезд для праходжаньня экзамэнацыйнай сэсіі і здачы экзамэнаў, калі асуджаны атрымлівае асноўную адукацыю завочна ў Беларусі. Аднак выезд забараняўся «пры асабліва небясьпечным рэцыдыве злачынстваў; асуджаным за цяжкія злачынствы на тэрмін, большы за 5 гадоў, і асабліва цяжкія злачынствы, за выняткамм асуджаных, якія адбываюць пакараньне ў папраўчых калёніях-пасяленьнях; асуджаным да пажыцьцёвага зьняволеньня», а таксама хворым на актыўныя сухоты і асуджаным, якія не прайшлі поўны курс лячэньня алькагалізму, таксікаманіі і нарказалежнасьці, асобам, якія пакутуюць на душэўныя разлады і маюць нязьнятае або непагашанае спагнаньне. Інвалідам І і ІІ групаў пры патрэбе ў доглядзе, а таксама асуджаным падлеткам дазвалялі выезд у суправаджэньні сваяка або іншага асобы. Начальнік папраўчай установы дазваляў кароткатэрміновы выезд пасьля ўзгадненьня з пракурорам з улікам характару і цяжару ўчыненага злачынства, асабістых якасьцяў і паводзінаў асуджанага. Час знаходжаньня асуджаных за межамі папраўчай установы залічвалі ў тэрмін адбываньня пакараньня. Выдаткі асуджаных у сувязі з выездам за межы папраўчай установы аплачваліся імі з уласных сродкаў або іншымі асобамі. Начальнік тэрытарыяльнага органа ўнутраных справаў паводле месца знаходжаньня асуджанага мог падоўжыць тэрмін вяртаньня ў папраўчую ўстанову да 5 содняў у выпадку непрадбачаных абставінаў, якія ўскладняюць зваротны выезд у вызначаны тэрмін, з абавязковым тэрміновым паведамленьнем кіраўніцтву такой установы. Асуджаны, ягоныя блізкія сваякі або іншыя асобы мелі безадкладна апавясьціь кіраўніцтва папраўчай установы і мясцовы РАУС пра захворваньне асуджанага з патрэбай шпіталізаваньня. Асуджаны меў накіравацца да месца адбываньня пакараньня пасьля заканчэньня лячэньня і выпіскі[1].

Абмежаваньне і арышт вайскоўца, дадатковыя пакараньні рэдагаваць

Пяты разьдзел Кодэксу налічваў 12 артыкулаў (136—147) у складзе 2-х главаў па 6 артыкулаў: 1) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе абмежаваньня па вайсковай службе», 2) «Выкананьне пакараньня ў выглядзе арышту ў дачыненьні асуджаных вайскоўцаў». Першая з главаў тычылася: абавязкаў камандзіра вайсковай часьці па выкананьні пакараньня ў выглядзе абмежаваньня па вайсковай службе, вылічэньняў з грашовага забесьпячэньня і перамяшчэньня па службе асуджанага вайскоўца; выхаваўчай працы з асуджаным вайскоўцам, спыненьня, замены і вызваленьня ад абмежаваньня па вайсковай службе. Паводле 136-га артыкула, камандзір вайсковай часьці ў адпаведнасьці з выракам суда не пазьней за 3 дні пасьля атрыманьня з суду копіі або выпіскі з выраку і распараджэньня аб яго выкананьні аддае пісьмовы загад, у якім пазначае, на якой падставе і на працягу якога тэрміну асуджаны вайсковец не падаецца да павышэньня ў пасадзе і прысваеньня чарговай вайсковай годнасьці, які тэрмін яму не залічваецца ў выслугу гадоў для прысваеньня чарговай вайсковай годнасьці. Таксама пазначаецца, у якім памеры мае праводзіцца згодна з выракам вылічэньне ў даход дзяржавы з грашовага забеспячэньня асуджанага ў пэрыяд адбываньня ім пакараньня. Загад даводзіцца да ведама асуджанага вайскоўца. Урэшце, камандзір паведамляе адпаведнаму суду пра выкананьне выраку цягам 3-х дзён. Згодна з 137-м артыкулам вылічэньне з грашовага забесьпячэньня ажыцьцяўляецца з акладаў паводле пасады і вайсковай годнасьці. У 138-м артыкуле прадугледжвалася, што камандзір меў перавесьці асуджанага вайскоўца на іншую пасаду ў межах сваёй вайсковай часьці або ў іншую часьць ці мясцовасьць, калі асуджанага нельга было пакінуць кіраваць падначаленымі з улікам характару ўчыненага злачынства. Паводле 140-га артыкула, камандзір меў аддаць загад пра спыненьне абмежаваньня па вайсковай службе не пазьней чым праз 3 дні да сканчэньня ўсталяванага выракам тэрміну. Згодна са 141-м артыкулам суд на прадстаўленьне органа выкананьня выраку вызваляў асуджанага ад далейшага адбыцьця пакараньня або замяняў яго неадбытую частку на больш мяккае ў выпадку ўзьнікненьня падставы для звальненьня з вайсковай службы[1].

Шосты артыкул Кодэксу зьмяшчаў 165-ы артыкул пра парадак выкананьня выраку аб пазбаўленьні асуджанага вайсковай і адмысловай годнасьці. Гэтак суд меў накіраваць копію або выпіску з адпаведнага выраку пасьля набыцьця ім законнай моцы органу або службоўцу, якія прысвоілі асуджанаму такую годнасьць. Гэтыя орган або службовец мелі ўнесьці запіс пра такое пазбаўленьне ў адпаведныя дакумэнты пасьля атрыманьня адпаведнай копіі або выпіскі. Яны ж пазбаўлялі асуджанага правоў і ільготаў паводле адпаведнай годнасьці. Пры гэтым, копію або выпіску накіроўвалі ў вайсковы камісарыят паводле месца вайсковага ўліку. Урэшце, тыя орган або службовец мелі паведаміць суду пра выкананьне выраку цягам месяца з дня атрыманьня адпаведнай копіі або выпіскі[1].

Пажыцьцёвае зьняволеньне і пакараньне сьмерцю рэдагаваць

Сёмы разьдзел Кодэксу ўлучаў 2 артыкулы, якія тычыліся месцаў адбываньня пажыцьцёвага зьняволеньня і ўмоваў выкананьня адпаведнага пакараньня. Паводле 172-га артыкула, такія вязьні адбывалі пакараньне ў папраўчай калёніі асаблівага рэжыму або ў турме, дзе іх мелі утрымліваць асобна ад іншых асуджаных. Згодна са 173-м артыкулам такіх вязьняў утрымлівалі ў камэрах або звычайным жытле адпаведнай папраўчай калёніі, у камэрах турмы. Таксама яны мелі насіць адзеньне адмысловага ўзору. Іх мелі ўтрымліваць да 2-х чалавек на камэру. Начальнік папраўчай калёніі або турмы мог пастанавіць утрымліваць адпаведнага вязьня ў адзіночнай камэры на ягоную просьбу або ў неабходным выпадку пры ўзьнікненьні пагрозы асабістай бясьпецы. Пасьля прынамсі 10 гадоў зьняволеньня такіх вязьняў пераводзілі ў звычайныя жылыя памяшканьні папраўчай калёніі асаблівага рэжыму пры адсутнасьці спагнаньня за парушэньне вызначанага парадку адбываньня пакараньня і пры добрасумленным стаўленьні да працы. Пры злосным парушэньні вызначанага парадку іх вярталі ў камэру прынамсі на год. Адпаведныя пераводы вязьняў ажыцьцяўлялі паводле прадстаўленьня кіраўніцтва папраўчай установы, узгодненага з наглядальнай камісіяй пры мясцовым выканаўчым і распарадчым органе. Асуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня мелі права:

  1. штомесяц выдаткоўваць на набыцьцё ежы і прадметаў першай патрэбы грошы на асабовых рахунках у памеры 3-х базавых велічыняў;
  2. мець 2 кароткатэрміновыя сустрэчы цягам году;
  3. атрымліваць адну пасылку або перадачу і 2 бандэролі або 2 дробныя пакеты цягам году;
  4. рабіць штодзённую прагулку працягласьцю 30 хвілінаў[1].

Восьмы разьдзел Кодэксу налічваў 3 артыкулы, якія апісвалі прававое становішча асуджаных да пакараньня сьмерцю, парадак і прыпыненьне яго выкананьня. Паводле 174-га артыкула, такіх асуджаных утрымлівалі пад узмоцненай аховай у асобных камэрах. Ім не давалі шпацыру. Пасьля ўступленьня выраку ў законную сілу такія асуджаныя мелі права:

  • зьвярнуцца з хадайніцтвам аб памілаваньні;
  • мець сустрэчы з адвакатамі без абмежаваньня іх працягласьці і колькасьці;
  • атрымліваць і адпраўляць лісты без абмежаваньняў;
  • мець адну кароткатэрміновую сустрэчу з блізкімі сваякамі на месяц;
  • атрымліваць адну пасылку або перадачу за 3 месяцы і набываць цягам месяца паводле безнаяўнага разьліку ежу і прадметы першай патрэбы за грошы на асабовых рахунках, у тым ліку атрыманыя паводле паштовых пераводаў;
  • афармляць неабходныя грамадзянска-прававыя і шлюбна-сямейныя адносіны;
  • мець сустрэчы са сьвятаром;
  • атрымліваць неабходную мэдычную дапамогу[1].

Паводле 176-га артыкула, кіраўніцтва ўстановы ладзіць лекарскі агляд асуджанага камісіяй у складзе 3-х лекараў са складаньнем пратаколу пры выяўленьні прыкметаў душэўнага разладу. Калі выяўлены разлад «пазбаўляе асуджанага магчымасьці разумець сутнасьць сваіх дзеяньняў, вырак да пакараньня сьмерцю ў выкананьне не прыводзіцца і пратакол мэдычнага агляду накіроўваецца ў суд, які пастанавіў вырак». У такім выпадку суд прыпыняе выкананьне выраку і прызначае асуджанаму прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня. Суд мог замяніць сьмяротную кару на іншую ў выпадку папраўкі асуджанага. Згодна са 176-м артыкулам «вырак да пакараньня сьмерцю, які ўступіў у законную сілу, выконваецца пасьля атрыманьня афіцыйнага паведамленьня аб адхіленьні скаргаў, накіраваных у парадку нагляду, і хадайніцтва аб памілаваньні». Пры гэтым, «пакараньне сьмерцю выконваецца непублічна шляхам расстрэлу. Выкананьне пакараньня сьмерцю ў дачыненьні некалькіх асуджаных праводзіцца асобна адносна кожнага і пры адсутнасьці іншых асуджаных да пакараньня сьмерцю». Разам з тым, «пры выкананьні пакараньня сьмерцю прысутнічаюць пракурор, прадстаўнік установы, у якой выконваецца пакараньне сьмерцю, і лекар-спэцыяліст. Паводле дазволу пракурора ў вынятковых выпадках пры выкананьні пакараньні сьмерцю дапускаецца прысутнасьць і іншых асобаў. Урэшце, «сьмерць асуджанага канстатуе лекар-спэцыяліст. Аб выкананьні выраку складаецца акт». Кіраўніцтва ўстановы выкананьня пакараньня сьмерцю «абавязана паведаміць аб выкананьні выраку суду, які пастанавіў яго, а суд паведамляе аднаму з блізкіх сваякоў. Суд, які пастанавіў вырак, накіроўвае ў орган, што рэгіструе акты грамадзянскага стану, паводле месца знаходжаньня гэтага суду паведамленьне аб сьмерці асобы, асуджанай да пакараньня сьмерцю. Цела для пахаваньня не выдаецца, аб месцы пахаваньня не паведамляецца[1].

Адказнасьць без пакараньня рэдагаваць

Дзявяты разьдзел Кодэксу зьмяшчаў 9 артыкулаў (177—185) у складзе 3-х главаў: 1) «Парадак прымяненьня захадаў выпрабавальнага і прафіляктычнага ўзьдзеяньня пры адтэрміноўцы выкананьня пакараньня, умоўным непрымяненьні пакараньня, а таксама пры асуджэньні без прызначэньня пакараньня»; 2) «Парадак выкананьня спэцыяльнай канфіскацыі», 3) «Прымяненьне прымусовых захадаў выхаваўчага характару і прафіляктычнага назіраньня ў дачыненьні непаўналетніх асуджаных». Найбольшай была першая глава зь 5 артыкулаў (177—181), якія вызначалі: органы выпрабавальнага і папераджальнага нагляду, а таксама папераджальнае назіраньне за паводзінамі асуджаных, абавязкі асуджаных пры ажыцьцяўленьні некаральных захадаў крымінальнай адказнасьці; парадак нагляду і папераджальнага назіраньня за асуджанымі, падлік тэрміну судзімасьці, выпрабавальнага тэрміну і адтэрміноўкі, прававыя наступствы невыкананьня асуджаным ускладзеных на яго абавязкаў і невыкананьня ўмоваў выпрабаваньня. Паводле 177-га артыкула, нагляд за паводзінамі асуджаных з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня, умоўным непрымяненьнем пакараньня і без прызначэньня пакараньня, а таксама ладжаньне выкананьня выраку суда і нагляд за выкананьнем абавязкаў, вызначаных выракам суду, ажыцьцяўляюць крымінальна-выканаўчыя інспэкцыі, а папераджальнае назіраньне адпаведна цягам тэрміну адтэрміноўкі, выпрабавальнага тэрміну і тэрміну судзімасьці ажыцьцяўляюць тэрытарыяльныя органы ўнутраных справаў паводле месца жыхарства асуджаных. Інспэкцыі ў справах непаўналетніх і камандаваньне вайсковых часьцей мела адпаведна наглядаць за асуджанымі падлеткамі і вайскоўцамі[1].

Згодна са 178-м артыкулам пры адтэрміноўцы выкананьня пакараньня і ўмоўным непрымяненьні пакараньня асуджаныя былі абавязаныя рабіць справаздачу аб сваіх паводзінах перад крымінальна-выканаўчай інспэкцыяй, камандаваньнем вайсковай часьці, зьяўляцца на іх выклік без абмежаваньняў пэрыядычнасьці яўкі і даваць тлумачэньні адносна невыкананьня вызначаных для іх абавязкаў. Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя і камандаваньне вайсковай часьці мелі ўлічваць выкананьне такімі асуджанымі абавязкаў пры рашэньні аб накіраваньні ў суд прадстаўленьня пра адмену адтэрміноўкі або ўмоўнага непрымяненьня пакараньня, а таксама пры рашэньні аб вызваленьні ад пакараньня пасьля сканчэньня адтэрміноўкі. Таксама гэтыя ўстановы ладзілі выкананьне асуджаным карыснай грамадзкай працы. Інспэкцыя ў справах непаўналетніх мела адпаведныя паўнамоцтвы датычна падлеткаў. У 179-м артыкуле прадугледжвалася, што крымінальна-выканаўчая інспэкцыя вяла асабісты ўлік асуджаных і наглядала з удзелам іншых службаў тэрытарыяльных органаў унутраных справаў за захаваньнем асуджанымі ўмоваў выпрабаваньня і выкананьнем ускладзеных на іх абавязкаў, папераджальна назірала за асуджанымі без прызначэньня пакараньня і аказвала асуджаным дапамогу ў працаўладкаваньні і атрыманьні адукацыі ў Беларусі, абароне іх правоў і законных інтарэсаў, праводзіла выхаваўчую працу зь імі. Сярод іншага, крымінальна-выканаўчая інспэкцыя і камандаваньне вайсковай часьці адпаведна цягам 10 дзён пасьля атрыманьня копіі або выпіскі з выраку выклікаюць асуджанага для размовы, паведамляюць яму аб узяцьці на асабісты ўлік, тлумачаць яму яго правы і абавязкі з улікам вызначанага судом захаду крымінальнай адказнасьці і прававыя наступствы невыкананьня асуджаным ускладзеных на яго абавязкаў. Урэшце, крымінальна-выканаўчая інспэкцыя і камандаваньне вайсковай часьці адпаведна праводзяць першапачатковае выяўленьне месцазнаходжаньня і прычыну ўхіленьня асуджанага ад нагляду[1].

Паводле 180-га артыкула, тэрмін судзімасьці, выпрабавальны тэрмін і адтэрміноўка адпаведна пры асуджэньні без прызначэньня пакараньня, з умоўным непрымяненьнем пакараньня або адтэрміноўкай выкананьня пакараньня лічацца з дня ўступленьня ў законную сілу выраку суда. Пасьля сканчэньня тэрміну судзімасьці або выпрабавальнага тэрміну адпаведна спыняюць папераджальнае назіраньне і нагляд за паводзінамі асуджанага без прызначэньня пакараньня або з умоўным непрымяненьнем пакараньня. Асуджанаму пісьмова паведамляюць пра зьняцьцё з уліку ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі або вайсковай часьці адпаведна. За 2 тыдні да сканчэньня адтэрміноўкі крымінальна-выканаўчая інспэкцыя або камандаваньне вайсковай часьці адпаведна падаюць у суд матэрыялы датычна ацэнкі паводзінаў асуджанага і ступені яго выпраўленьня, а таксама афіцыйнае заключэньне адносна магчымасьці вызваленьня асуджанага ад прызначанага пакараньня. Згодна са 181-м артыкулам крымінальна-выканаўчая інспэкцыя або камандаваньне вайсковай часьці адпаведна выносяць асуджанаму афіцыйнае папярэджаньне ў выпадку ўхіленьня ад выкананьня ўскладзеных на яго абавязкаў, нявыплаты або няпоўнай выплаты крымінальна-прававой кампэнсацыі ў вызначаны выракам тэрмін без уважлівай прычыны або парушэньня грамадзкага парадку, за якое да яго прымянілі адміністрацыйнае спагнаньне. Таксама гэтыя ўстановы маглі накіраваць у суд прадстаўленьне пра скасаваньне адтэрміноўкі або ўмоўнага непрымяненьня пакараньня, калі асуджаны пасьля вынесенага яму афіцыйнага папярэджаньня двойчы парушыў грамадзкі парадак, за што да яго двойчы прымянілі адміністрацыйнае спагнаньне, а таксама ў выпадку, калі асуджаны схаваўся без выяўленьня праз вышук цягам 30 дзён[1].

Вызваленьне і дапамога вызваленым рэдагаваць

Дзясяты разьдзел Кодэксу налічваў 19 артыкулаў (186—204) у складзе 3-х главаў: 1) «Вызваленьне ад адбываньня пакараньня»; 2) «Дапамога вызваленым ад адбываньня пакараньня», 3) «Назіраньне і нагляд за асобамі, вызваленымі ад адбываньня пакараньня». Найбольшай была трэцяя глава зь 10 артыкулаў (195—204), якія апісвалі: прававое становішча адбылых пакараньне асобаў, папераджальнае назіраньне за імі і ўмоўна-датэрмінова вызваленымі ад пакараньня, нагляд за ўмоўна-датэрмінова вызваленымі цягам неадбытай часткі пакараньня, парадак ўсталяваньня і ажыцьцяўленьня папераджальнага нагляду; абавязкі асобы, за якой усталяваны папераджальны нагляд, парадак яго спыненьня і адказнасьць за невыкананьне яго патрабаваньняў, а таксама скаргі і заявы датычна яго ажыцьцяўленьня. Паводле 192-га артыкула, кіраўніцтва крымінальна-выканаўчай установы прадпрымае захады побытавага і працоўнага уладкаваньня асуджанага прынамсі за 3 месяцы да сканчэньня тэрміну абмежаваньня або пазбаўленьня волі праз тэрытарыяльныя органы ўнутраных справаў і камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Служба сацыяльнай адаптацыі крымінальна-выканаўчай установы тлумачыць асуджанаму абавязкі і правы пасьля вызваленьня «з дня фактычнага адбываньня пакараньня». Камітэт працы занятасьці і сацыяльнай абароны абласнога або Менскага гарадзкога выканкаму адпаведна накіроўвае інвалідаў І і ІІ групаў, а таксама пэнсіянэраў у дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых пры патрэбе і зь іх згоды. Органам апекі і папячыцельства паводле месца жыхарства перадаюць падлеткаў без бацькоў для іх уладкаваньня і наданьня статусу дзяцей-сіротаў і дзяцей без апекі бацькоў[1].

Згодна са 193-м артыкулам «вызваленыя ад адбываньня пакараньня ў выглядзе арышту або пазбаўленьня волі забясьпечваюцца бясплатным праездам да месца жыхарства або працы, а таксама прадуктамі харчаваньня або грашыма на дарогу». Вызваленых ад пакараньня мелі бясплатна забясьпечыць абуткам і адзеньнем адпаведна пары году пры іх адсутнасьці, як і сродкаў на іх набыцьцё. Орган выкананьня пакараньня меў загадзя апавясьціць сваякоў пры вызваленьні інвалідаў і падлеткаў, жанчынаў, якія мелі малалетніх дзяцей, і цяжарных жанчынаў. Падлеткаў да 16 гадоў і хворых, якія патрабавалі пастаяннага нагляду, накіроўвалі па вызваленьні на месца жыхарства ў суправаджэньні працаўніка папраўчай установы або сваяка[1].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав А. Лукашэнка. Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2000 г. № 365-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 23 верасьня 2022 г.
  2. ^ а б Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2000 г. № 429-З «Аб увядзеньні ў дзеяньне Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Валеры Леванеўскі, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 23 верасьня 2022 г.
  3. ^ Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 23 верасьня 2022 г.
  4. ^ А. Лукашэнка. Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 студзеня 2000 г. № 365-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 10 студзеня 2023 г. Праверана 12 студзеня 2023 г.
  5. ^ БелТА. Крымінальна-выканаўчы кодэкс перакладзены на беларускую мову // Газэта «Зьвязда», 11 студзеня 2023 г. Праверана 12 студзеня 2023 г.