Сьмяротная кара
Сьмяро́тная ка́ра (сьмяротнае пакараньне) — дазволенае законам пазбаўленьне чалавека жыцьця ў якасьці пакараньня за злачынства, звычайна за асабліва цяжкае (забойства).
На 2018 год заканадаўства 92 краінаў сьвету, у якіх пражывала большасьць насельніцтва Зямлі, у тым ліку 4-х найбольшых па насельніцтве краінаў (Кітай, Індыя, ЗША і Інданэзія), прадугледжвала вынясеньне сьмяротнага выраку судом за цяжкія злачынствы. Пагатоў 103 дзяржавы пазбавілі свае суды такіх паўнамоцтваў, у тым ліку ўсе дзяржавы Эўропы за выключэньнем Беларусі. Найбольшую колькасьць сьмяротных выракаў за год выконвалі ў Кітаі, у тым ліку за карупцыю. Найчасьцей яго выконвалі ў выглядзе расстрэлу. Меншае распаўсюджваньне мелі сьмяротная ін’екцыя, электрычнае крэсла, павешаньне, адсячэньне галавы й пабіваньне камянямі.
У савецкай юрыдычнай практыцы для абазначэньня сьмяротнага пакараньня ў розны час выкарыстоўваліся эўфэмізмы «вышэйшая мера сацыяльнай абароны», «вышэйшая мера пакараньня» і «выключная мера пакараньня», бо афіцыйна лічылася, што сьмяротнае пакараньне ў СССР ужывалася ў выглядзе выключэньня як пакараньне за асабліва цяжкія агульнакрымінальныя й дзяржаўныя злачынствы.
Беларусь
рэдагавацьКрымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь 1999 году зьмяшчае артыкул 59 «Сьмяротная кара», паводле якога «дапускаецца прымяненьне сьмяротнай кары — расстрэлу за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжарвальных акалічнасьцях». Пагатоў згодна з 2-м пунктам 59-га артыкула «Сьмяротная кара ня можа прызначацца: 1) асобам, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросьце да 18 гадоў; 2) жанчынам; 3) мужчынам, якія дасягнулі да дня пастановы прысуду 65 гадоў». Паводле 3-га пункту 59-га артыкула, «Сьмяротная кара ў парадку памілаваньня можа замяняцца на пажыцьцёвае зьняволеньне»[1]. У 1990-я гады суды Беларусі штогод выносілі сьмяротны вырак больш як 20 асобам. У 2007 годзе ў Беларусі выканалі 4 сьмяротныя пакараньні. У 2008—2010 гадах выконвалі па 2 сьмяротныя пакараньні штогод. У 2011 годзе выканалі 3 сьмяротныя прысуды, у тым ліку 2-м асобам за тэрарыстычны акт у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сьмяротная кара // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 65. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
- ^ Надзея Дрыла. «Сёлета ня вынесена ніводнага сьмяротнага прысуду» // Зьвязда : газэта. — 26 чэрвеня 2012. — № 121 (27236). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- А.Лукашэнка. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 г. № 275-З (Артыкул 59. Сьмяротная кара) // Прававы партал Рэспублікі Беларусь «Эталон-Анлайн», 5 жніўня 2017 г. Праверана 3 красавіка 2018 г.
- 1000+ Death Penalty links all in one place (анг.)
- Updates on the death penalty generally and capital punishment law specifically (анг.)
Гэта — накід артыкула пра права. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |