Содні

пэрыяд часу, роўны 24 гадзінам

Со́дні ці су́ткі, доба — адна з адзінак вымярэньня часу. За прамежак часу роўны адныя содні лічыцца пэрыяд ад аднаго ўсходу сонца да наступнага. Адна з галоўных адзінак часу, бо амаль усё жывое на Зямлі падпарадкоўваецца содневаму цыклю.

Вада, трус і алень: тры з 20 знакаў содняў у ацтэцкім календары, якія запісаны на каменьні.

Згодна зь міжнароднай сыстэмай адзінак СІ содні падзяляюцца на 24 гадзіны, што ёсьць роўным 1440 хвілінам ці 86 400 сэкундам. Содні групуюцца: па 7, ствараючы тыдзень; прыкладна па 30 (ці 4 тыдні), ствараючы месяц; па 365 (ці 366), ствараючы год. Содні могуць доўжыцца і менш ці больш 24 гадзінаў у рэгіёне, калі гэты рэгіён робіць пераход зь летняга часу на зімні і наадварот, такім чынам содні скарачаюцца ці павялічваюцца на гадзіну. У побытавым ужываньні часьцяком замест содняў выкарыстоўваецца панятак дню, як часткі содняў, якая не ўключае ў сябе ноч. Жыцьцёвыя мадэлі чалавека і многіх іншых відаў арганізмаў зьвязаныя з сонечным днём Зямлі і цыклямі дня і ночы.

Пачатак і канец содняў можа быць розным у залежнасьці ад сфэры ўжываньня. Астранамічныя ці каляндарныя содні пачынаюцца ў 00:00 аднаго дня і цягнуцца да 00:00 наступнага. Гатэльныя содні (адзінка вымярэньня працягласьці пражываньня ў гатэлі, для падліку памеру аплаты паслуг) пачынаюцца і сканчваюцца адпаведна ў 12:00. З астранамічнага пункту гледжаньня зямныя содні ёсьць адным поўным абарачэньнем Зямлі вакол сваёй восі. Розныя плянэты робяць абарочваньне вакол сваёй восі за розны прамежак часу, таму содні на гэтых касьмічных целах будуць адрозьнівацца па даўжыні (напрыклад, на Вэнэры, дзе абарачэньне вакол восі настолькі доўгае, што атрыманыя содні даўжэйшыя за год на плянэце).

Вызначэньні рэдагаваць

Уяўны сонечны дзень рэдагаваць

 
Дагр, скандынаўскі бог дню, які сядзіць на кані ў карціне нарвэскага мастака Пэтэра Мікалая Арбо.

Чалавечая ўнівэрсальная канцэпцыя дню мае некалькі азначэньняў і выкарыстоўваюцца ў залежнасьці ад кантэксту, патрэбы і зручнасьці. Акрамя дня, які доўжыцца 24 гадзіны, слова дзень ужываецца для некалькіх розных прамежкаў часу, заснаваных на абарачэньні Зямлі вакол сваёй восі. Важным паняткам зьяўляецца сонечны дзень, які вызначаецца як час, які патрабуецца для таго, каб Сонца вярнуцца да сваёй кульмінацыйнай кропкі, то бок сваёй самай высокай кропкі на небе. Паколькі нябесныя арбіты не ўтвараюць ідэальнае кола, і, такім чынам, аб’екты рухаюцца з рознай хуткасьцю ў розных пазыцыях па арбіце, сонечны дзень ня будзе аднолькавым адрэзкам часу на працягу ўсяго арбітальнага году. Паколькі Зямля круціцца вакол Сонца эліптычна і паколькі Зямля абарачаецца па нахіленай восі, гэты пэрыяд можа складаць на 7,9 сэкундаў больш (ці менш) за 24 гадзіны. У апошнія дзесяцігодзьдзі сярэдняя працягласьць сонечнага дню на Зямлі складала каля 86400,002 сэкундаў[1], і, такім чынам, на сёньня прыблізна 365,242199 сонечных дзён месьціцца ў сярэднім трапічным годзе.

У старажытнасьці новы дзень пачынаўся альбо па Сонцы, якое ўзыходзіць, альбо па Сонцы, якое заходзіць на мясцовым гарызонце. То бок, паводле італьянскага раскладу дзень складаў 24 гадзіны, пачынаючы ад заходу Сонца[2]. Дакладны момант, і у рэшце прамежак часу, калі сонца ўзыходзіць або заходзіць залежыць ад геаграфічнага становішча назіральніка, то бок аб ягонай даўгаты, а таксама шыраты, і часу году, як паказваюць старажытныя паўсфэрычныя сонечныя гадзіньнікі.

Больш дакладна дзень можна вызначыць паводле праходжаньня Сонца празь мясцовы мэрыдыян, што адбываецца ў поўдзень, то бок за верхняй кульмінацыяй Сонца, або апоўнач, то бок у час ніжняй кульмінацыі. Дакладны момант залежыць ад геаграфічнай даўгаты і ў меншай ступені ад часу года. Працягласьць такога дню амаль сталая і складае 24 гадзіны ± 30 сэкунд. Менавіта такім чынам сучасныя сонечныя гадзіньнікі паказваюць час.

Зорны дзень рэдагаваць

Пад зорным днём разумеецца дзень як прамежак часу, неабходны Зямлі, каб зрабіць адное цэлае абарачэньне[3] адносна нябеснага фону або далёкай зоркі, якая, як мяркуецца, ёсьць зафіксаванай. Гэты пэрыяд абарачэньня прыблізна на 4 хвіліны меншы за 24 гадзіны, і складае 23 гадзіны 56 хвілін і 4,1 сэкунды, і прыблізна, такім чынам, 366,2422 зорных дзён месьціцца ў адным сярэднім трапічным годзе. Іншыя плянэты і іхныя спадарожнікі маюць зорныя і сонечныя дні рознай даўжыні ў параўнаньні з такімі днямі на Зямлі.

Дзённы час рэдагаваць

Дзень, у сэнсе дзённага часу, які адрозьніваецца ад ночнага часу, і зьяўляецца ягонай супрацьлегласьцю, звычайна вызначаецца як пэрыяд, на працягу якога сонечнае сьвятло непасрэдна дасягае Зямлі, мяркуючы, што няма перашкодаў для гэтага для назіральніка зь зямное паверхні. Працягласьць дзённага часу ў сярэднім крыху больш за палову 24-гадзіннага дню. Два чыньніка робяць дзённы час у сярэднім даўжэйшым за ночны час. Сонца не зьяўляецца пунктам і мае відавочны памер дугі, які складае каля 32 кутовыя акрахвіліны. Акрамя таго, атмасфэра Зямля пераломвае сонечнае сьвятло такім чынам, што частка яго дасягае Зямлі нават тады, калі Сонца знаходзіцца ніжэй гарызонту прыблізна каля 34 кутавых аркахвілінаў. Такім чынам, першае сьвятло дасягае Зямлі, калі цэнтар Сонца ўсё яшчэ знаходзіцца пад гарызонтам прыблізна ў 50 кутавых аркахвілінаў. Такім чынам, дзённы час у сярэднім каля 7 хвілінаў даўжэйшы за 12 гадзінаў.

Цікавыя факты рэдагаваць

Колькасьць мілісэкундаў у соднях = 0⁰ × 1¹ × 2² × 3³ × 4⁴ × 5⁵ (пяты гіпэрфактарыял).

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ «Earth Orientation Parameters». International Earth Rotation and Reference Systems Service.
  2. ^ L. Holford-Strevens (2005). «The History of Time: A Very Short Introduction». Oxford University Press. — С. 6. — ISBN 019-2804995
  3. ^ «Rotation Period and Day Length». Professor Courtney Seligman.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць