Фільм
Фільм (па-ангельску: Film — плёнка) — тэрмін, які аб’ядноўвае сукупнасьць фатаграфічных малюнкаў (кадраў), зьвязаных адзіным сюжэтам, вобласьць ужываньня фільма як аднаго з кірункаў мастацтва — кінамастацтва, а таксама кінаіндустрыю. Існуе шмат іншых тэрмінаў, якія ўжываюцца ў гэтым сэнсе: «кінакарціна» або проста «карціна», «фотап’еса», «кінапаказ», «кіназдымка» і часьцей за ўсё — «фільм», «кінафільм». У вузкім сэнсе кінастужкай называюць твор кінэматаграфіі, тады як фільмам — твор кінамастацтва. У шырокім сэнсе для абазначэньня кінафільма выкарыстоўваюць слова «кіно».
Кінафільм прызначаны для дэманстрацыі ў кінатэатрах, у адрозьненьне ад тэлефільма, прызначанага для дэманстрацыі па тэлебачаньні. Фільмы вырабляюцца шляхам запісу рэальных людзей і аб’ектаў з дапамогай кінакамэры. Таксама могуць выкарыстоўвацца анімацыйныя тэхналёгіі або спэцыяльныя эфэкты. Фільм ўключае сэрыю асобных кадраў, але калі гэтыя кадры паказваюцца пасьлядоўна і хутка, то для гледача ствараецца ілюзія руху. Мігценьне пры зьмене кадраў незаўважна з-за эфэкту інэртнасьці глядзельнага ўспрыманьня, калі вока захоўвае візуальны вобраз на долі сэкунды пасьля таго, як лад зьнікае. Таксама праз рэлевантасьць, якая выклікае ў назіральніка ўражаньне руху — псыхалягічны эфэкт, які вызначаецца як бэта-рух.
Кінафільм лічыцца важнай формай мастацтва. Фільмы маюць забаўляльны, навучальны, натхняльны характар, а таксама могуць быць адукацыйнымі. Візуальныя элемэнты кіно не патрабуюць перакладу, што робіць фільмы глябальным спосабам камунікацыі. Любы фільм можа прыцягнуць сусьветную ўвагу, асабліва з дадаткам у выглядзе дубляжу або субтытраў, якія пераводзяць дыялёгі. Фільмы — таксама артэфакты асобных культураў, якія адлюстроўваюць гэтыя культуры і, у сваю чаргу, уплываюць на іх.
Мінуўшчына
рэдагавацьКінамастацтва мае свае карані ў некалькіх ранейшых традыцыях, да якіх можна аднесьці вуснае апавяданьне, літаратура, тэатар і выяўленчае мастацтва.
Страбаскапічны эфэкт быў вынайдзены ў 1833 годзе, дзякуючы чаму былі створаныя фэнакістыскоп, заатроп, кінэограф і праксынаскоп, якія былі здольныя зрушыць статычную выяву. Экспэрымэнты з памянёнымі прыладамі ладзіліся ўсё XIX стагодзьдзе. Фатаграфія была вынайдзеная ў 1839 годзе, аднак фатаэмульсіі ў першых апаратах патрабавалася так шмат часу для экспазыцыі, што запісваць рух было немагчыма. У 1877 годзе Ганібал Гудўін распрацаваў цэлюлёідную стужку, якая значна паскорыла распрацоўку тэхнікі фільму[1]. Таксама была зробленая кінакамэра, якія былі здольныя фатаграфаваць у хуткай паслядоўнасьці з выкарыстаньнем толькі аднага аб’ектыву. Першыя прымітыўныя фільмы былі створаныя прыблізна ў 1887 і 1888 гадах, а іхным аўтарам быў францускі вынаходнік Люі Лё Прэнс. Першапачаткова паказы фільмаў ладзіліся толькі для адзіночнага гледача, бо такія прылады, як то электратахіскоп, кінэтаскоп і мутаскоп, мелі адзіны акуляр. Аднак, у хуткім часе былі распрацаваныя праектары, што дало магчымасьць ладзіць паказы фільмаў большай аўдыторыі.
Самыя раньнія фільмы ня мелі сюжэты, а наўпрост фіксавалі якую-небудзь падзею альбо дзеяньне без мантажу ці іншых кінэматаграфічных мэтадаў. Тыповыя фільмы зьмяшчалі тое, як працоўныя пакідалі брамы заводу, ці як людзі ідуць па вуліцы. Паводле легенды, калі фільм паказаў як цягнік зь вялікай хуткасьцю набліжаўся да гледачоў, яны ў паніцы выбягалі з тэатру. На мяжы XX стагодзьдзя фільмы пачалі аб’ядноўваць некалькі сцэнаў разам, каб распавесьці гісторыю. Пакуль існавала толькі нямое кіно практычна да канца 1920-х гадоў, кінафільмы былі чыста візуальным мастацтвам. Замест таго, каб гледачы не сядзелі пад шум праектара ў якасьці акампанэмэнту, уладальнікі тэатраў наймалі піяніста ці арганіста. Часам у вялікіх гарадзкіх тэатрах, замаўлялі выступ аркестру, які граў суправаджальную музыку, адпаведную настрою фільму. Да пачатку 1920-х гадоў большасьць фільмаў выходзіла з падрыхтаваным сьпісам нотаў.
Уздым эўрапейскага кіно быў перапынены пачаткам Першай сусьветнай вайны, у той час як кінаіндустрыя ў ЗША заквітнела з уздымам Галівуда, дзякуючы інавацыйным творам Дэйвіда Ўорка Грыфіта «Нараджэньне нацыі» 1915 году і «Нецярпімасьць» 1916 году. Аднак, у 1920-я гады эўрапейскія рэжысэры, як то Сяргей Эйзэнштэйн, Фрыдрых Мурнаў і Фрыц Лянг, шмат у чым натхнёныя прагрэсам у кінэматографе, поруч з унёскам Чарлі Чапліна і Бастэра Кітана ды іншых, хутка дасягнулі амэрыканскі кінэматограф і працягвалі далейшае разьвіцьцё.
Эвалюцыя гуку ў кіно пачалася з ідэі спалучэньня выяваў, якія здольныя рухацца, з існымі тэхналёгіямі фанаграфіі. Раньнія гукавыя фільмы, якія рабіліся пры дапамозе кінэтаскопу Томаса Эдысана і вайтафону кампаніі Warner Bros., заклалі грунт да сынхранізаванага гуку ў фільме. Сыстэма вайтафон, была вырабленая разам з кампаніяй Bell Telephone Company і Western Electric, першапачаткова сутыкнулася з супрацівам празь вялікія выдаткі на абсталяваньне, але першыя гукавыя фільмы, як то «Дон Жуан» (1926) і «Сьпявак джазу» (1927), далі станоўчыя вынікі[2]. З новамі тэхналёгіямі быў зроблены больш складаны эпічны фільм «Кінг-Конг» 1933 году[3]. Паколькі ў 1940-я і 1950-я гады назіраўся ўздым тэлебачаньня, кінаіндустрыя мусіла ствараць інавацыі дзеля прыцягненьня гледачоў. З пункту гледжаньня гукавых тэхналёгіяў, гэта азначала разьвіцьцё аб’ёмнага гуку і стварэньня больш дасканалых аўдыёсыстэмаў. Пасьля дзесяцігодзьдзяў па заняпадзе студыяў у 1960-я гады адбыліся зьмены ў вытворчасьці і стылістыцы фільмаў. Зьявіліся новыя рэжысэры, якія скарысталі новыя вытворчыя мадэлі, якія раней не практыкаваліяс ў клясычным Галівудзе. Джон Касавэтыс зьняў «Цені» ў 1959 году, Стэнлі Кубрык вырабіў «Доктар Стрэйнджлаў, або як я перастаў баяцца і палюбіў бомбу» ў 1964 годзе і «2001: Касьмічная адысэя», а Альфрэд Гічкок быў творцам кінастужак «Псыха» 1960 году і «Птушкі» 1963 году. Уплыў францускага экзыстэнцыялізму ў паваеннай Заходняй Эўропе выклікаў рост левых настрояў. Асноўным вызначальнікам зьмяненьняў у заходнеэўрапейскім кінэматографе стала француская Новая хваля, дзе падкрэсьлівалі творчыя экспэрымэнты і парушэньне традыцыяў. Асноўнымі стваральнікамі гэтага напрамку былі Клёд Шаброль, Франсуа Труфо і Жан-Люк Гадар.
Лічбавыя тэхналёгіі зьмянілі кіно ў 1990-я і 2000-я гады. За 2011 год у сьвеце зьнялі звыш 4000 паўнамэтражных мастацкіх кінафільмаў[4].
Вытворчасьць
рэдагавацьПа сутнасьці, вытворчасьць фільму залежаць ад зьместу, які рэжысэр хоча ўкласьці ў твор, і апаратныя сродкі дзеля ягонага стварэньня. Такім чынам, вытворчасьць фільмаў можа мець форму працы толькі аднаго чалавека з камэрай альбо нават унікаючы яе, як быў выраблены фільм «Матыль» Стэна Брэкіджа 1963 году, альбо цэлай вытворчай студыі з прыцягненьнем тысячы актораў ды іншых адмыслоўцаў дзеля стварэньня эпічнага экшн-фільму. Неабходныя крокі практычна для любога фільму можа зводзіцца да распрацоўкі канцэпцыі, плянаваньня, здымак, перагляду і мантажу, а таксама распаўсюду. У тыповым вытворчым цыкле фільму ў галівудзкім стылі асноўнымі этапамі стварэньня кінастужкі ёсьць распрацоўка сцэнару, папярэдняя вытворчасьць, вытворчасьць, поствытворчасьць і распаўсюд. Гэты вытворчы цыкль звычайна займае тры гады. На першы год прыпадае распрацоўка, а ў другі год звычайна робіцца папярэдняя і асноўная вытворчасьць. У трэці год займаюцца поствытворчасьцю, куды ўваходзіць мантаж, і распаўсюдам.
Здымачная група
рэдагавацьУ здымачную групу ўваходзяць людзі, якія наймаюцца кінакампаніяй, дзе стварэньня на этапе вытворчасьці кінастужкі. У гэтую групу не ўваходзяць акторы, якія ў сваю чаргу працуюць перад камэрай альбо агучваюць пэрсанажаў фільму. У здымачную групу таксама не ўваходзіць вытворчы пэрсанал, як то прадусары, кіраўнікі, прадстаўнікі кінакампаніі, іхныя памочнікі і тыя, чыя асноўная адказнасьць прыпадае на фазы папярэдняй вытворчасьці альбо поствытворчасьці, як то сцэнарысты і мантажэры. Камунікацыя паміж вытворчымі пэрсаналам і здымачнай групай звычайна ладзіцца праз рэжысэра і ягоных памочнікаў. Калі здымачная група досыць вялікая, яна, як правіла, падзяляецца на аддзелы з дакладна вызначанай герархіяй і стандартамі супрацы паміж аддзеламі. Акрамя здымак гэтая група адмыслоўцаў звычайна адказвае за рэквізыты, касьцюмы, гук, сьвятло, дэкарацыі і вытворчыя спэцэфэкты. Кампаніі, якія прапануюць паслугі кейтэрынгу, як правіла, ня лічацца часткай здымачнай групы.
Тэхналёгіі
рэдагавацьКінастужка звычайна вырабляецца з празрыстага цэлюлёіда, ацэтату альбо поліэстэрнай асновы, пакрытай эмульсіяй, якая зьмяшчае сьвятлоадчувальныя хімічныя рэчывы. Першапачаткова дзеля запісу першых відэа выкарыстоўваліся матэрыялы зь нітрацэлюлёзы, аднак празь яе гаручасьць, у выніку, сталі ўжываць больш бясьпечныя матэрыялы. Шырыня стужкі і ейны фармат таксама маюць багатую гісторыю, але большасьць буйных камэрцыйных фільмаў па сёньня здымаюцца на 35 мм стужку. Першапачаткова выкарыстоўваліся розныя хуткасьці захопу кадру і паказу фільму з выкарыстаньнем ручных камэраў і праектараў. Не зважаючы на тое, што стандартам нямога кіно лічылася хуткасьць у 1000 кадраў у хвіліну, што эквівалентна 16⅔ кадраў у сэкунду, дасьледаваньні выявілі, што большасьць фільмаў былі зьнятыя ў хуткасьць паміж 16 кадрамі/с і 23 кадрамі/с, у той час як праектары звычайна прайгравалі фільм з хуткасьцю 18 кадраў/с. Пры гэтым поруч з кінастужкай звычайна перадаваліся інструкцыі аб тым, у якім тэмпе мусіць быць паказаная кожная сцэна[5]. Калі ў канцы 1920-х зьявілася сынхранізаваны гукавы фільм, зьявілася патрэба ва ўсталяваньні сталай хуткасьці. Была абраная хуткасьць у 24 кадраў/с, бо гэта была самая павольная і, такім чынам, танная хуткасьць, якая дазволіла забясьпечыць дастатковую якасьць гуку[6]. Стандарт быў усталяваны фільмам «Сьпявак джазу» кампаніі Warner Bros. поруч з сыстэмай вайтафон у 1927 годзе[7][8].
Доўгі час дасюль фільмы здымаюцца з выкарыстаньнем аналягавых відэа-тэхналёгіяў, асабліва ў тэлевізійнай вытворчасьці. Аднак набываюць папулярнасьць сучасныя лічбавыя відэакамэры і лічбавыя праектары. Новыя тэхналёгіі даюць пэўную перавагу некаторым стваральнікам кіно, бо кадры, зьнятыя на лічбавую камэру, можна ацаніць і адрэдагаваць з дапамогай нелінейных сыстэмаў рэдагаваньня, не чакаючы апрацоўкі кінастужкі.
Мантаж
рэдагавацьТэхніка мантажу ўяўляе сабой рэдагаваньне фільмаў, шлях вылучэньня, рэдагаваньня і кампанаваньня асобных кавалкаў дзеі дзеля стварэньня новых частак і пасьлядоўнасьцяў у фільме. Гэтая мэтодыка можа быць выкарыстаная дзеля зьмены хады аповяду альбо стварэньня эмацыйнага ці інтэлектуальнага эфэкту шляхам супастаўленьня розных кадраў, часта з мэтай размыцьця часу, прасторы ці інфармацыі. Мантаж можа ўключаць далучэньня рэтраспэктыўных дзеяў ці паралельных дзеяў, а таксама дапасаваньня розных візуальных элемэнтаў дзеля ўзбагачэньня аповяду альбо стварэньня сымбалічнага сэнсу[9]. Трэба адзначыць, што мантаж робіцца ў час поствытворчасьці.
Канцэпцыя мантажу зьявілася ў 1920-я гады, а піянэрамі гэтае справы былі савецкія рэжысэры Сяргей Эйзэнштэйн і Леў Куляшоў. Гэтак Эйзенштэйнаў твор «Браняносец Пацёмкін» 1925 году ёсьць выдатным прыкладам інавацыйнага выкарыстаньня мантажу, дзякуючы чаму аўтар скарыстаў складаныя супастаўленьні выяваў дзеля ўтварэньня глыбынёвага ўплыву на аўдыторыю[10]. З разьвіцьцём мастацтва мантажу рэжысэры пачалі далучаць музычны і візуальны контрапункт, каб зрабіць кіно больш вірлівым і прывабным для гледача. Дзякуючы выкарыстаньню мізансцэнаў і адмысловых эфэктаў, зьявіліся больш складаныя мэтады мантажу, якія можна параўнаць з тымі, якія выкарыстоўваюцца ў опэры і балеце[11].
Француская новая хваля канца 1950-х і 1960-х гадоў таксама пераняла тэхніку мантажу. Такія кінарэжысэры, як то Жан-Люк Гадар і Франсуа Труфо выкарыстоўвалі мантаж дзеля стварэньня адметных і інавацыйных фільмаў. Мантаж па-ранейшаму робіцца ў сучасным кіно, а рэжысэры праз мантаж ствараюць незабыўную пасьлядоўнасьць хады падзеяў у сваіх фільмах[12]. Ён працягвае гуляць істотную ролю ў фармаваньні аповяду і прабуджэньні эмацыйнага ўзрушэньня.
Незалежнае кіно
рэдагавацьНезалежная кінавытворчасьць часта ладзіцца па-за межамі буйных студыяў. Незалежны фільм звычайна ствараецца безь фінансаваньня буйных кінастудыяў, а распаўсюд такіх твораў таксама ладзіцца без дапамогі буйных гульцоў на гэтым рынку. Розныя творчыя, бізнэсовыя і тэхналягічныя варункі дапамаглі незалежнаму кіно набыць пашырэньне ў канцы XX і пачатку XXI стагодзьдзяў. Не зважаючы на гэта, апошнім часам буйныя студыі часта працуюць у каапэрацыі зь іншымі менш вядомымі і незалежнымі студыямі[13].
Сярод чыньнікаў набыцьця папулярнасьці незалежнага кіно вылучаецца тое, што ў буйных высокабюджэтных студыйных фільмах звычайна практыкуецца кансэрватыўны выбар у акторскім складзе і здымачных групах. Рэжысэры практычна аніколі ня маюць магчымасьці далучыцца да стварэньня фільму з буйной бюджэтнай студыі, калі ў яго бракуе значнага досьведу працы ў галіне ці тэлебачаньні. Акрамя таго, студыі зрэдку ствараюць фільмы зь невядомымі акторамі, асабліва ў галоўных ролях.
Да зьяўленьня лічбавых тэхналёгіяў у кінавытворчасьці выдаткі на прафэсійную кінатэхніку і кінастужку былі перашкодай для таго, каб мець магчымасьць шырока займацца кінавытворчасьцю. Таму звычайна толькі прафэсійныя кінакампаніі мелі магчымасьць ствараць добрае кіно. Але зьяўленьне ў шырокім ужытку камкордэраў у 1985 годзе, і, што яшчэ важней, пашырэньне лічбавага відэа з высокай якасьцю ў пачатку 1990-х гадоў значна зьнізіла тэхналягічны бар’ер дзеля вытворчасьці фільмаў. Кошты на вытворчасьць і поствытворчасьць значна скараціліся. З моманту пашырэньня тэхналёгіі лічбавага відэа DV, сродкі вытворчасьці сталі больш дасяжнымі шырокім масам. Кінарэжысэры сёньня могуць здымаць фільм таннай лічбавай відэакамэрай і рэдагаваць фільм, ствараць і дадаваць гук і музыку, а таксама рабіць мантаж на пэрсанальным кампутары. Аднак у той час як сродкі вытворчасьці значна патаньнелі, займацца распаўсюдам і маркетынгам усё яшчэ складана, ня маючы фінансаваньня ці падтрымкі вялікіх студыяў. Таму большасьць незалежных рэжысэраў разьлічваюць на кінафэстывалі, каб прасунуць свае кінатворы. Часам незалежнае кіно можа распаўсюджвацца праз відэа-парталы ў Севіце, як то празь YouTube і Veoh.
Індустрыя
рэдагавацьСтварэньне і паказ кінафільмаў атрымала прыбытковасьць амаль адразу, як кіно было вынайдзенае. Пабачыўшы, наколькі пасьпяховымі былі іхныя творы ў роднай Францыі, Браты Люм’ер хутка пачалі гастраляваць па кантынэнце, ладзячы прыватныя паказы ў заможных кліентаў, а таксама ставячы свае кінатворы шырокаму колу гледачоў. У кожнай краіне яны, як правіла, назапашвалі дадатковы матэрыял, папаўняючы ўласны кінакаталёг. Досыць хутка знайшліся мясцовых прадпрымальнікі ў розных краінах Эўропы, якія набывалі неабходнае абсталяваньне рабілі ўласныя здымкі. Першым камэрцыйным кінафільмам у сьвеце лічыцца «Абэрамэргаўская містэрыя», якая была створаная ў 1898 годзе[14]. Неўзабаве пачалі зьяўляцца і іншыя кінастужкі, і, такім чынам, кінэматограф стаў асобнай галіной, якая пацясьніла папулярны тады вадэвіль. Пачалі стварацца асобныя тэатры, прыдатныя толькі для паказу фільмаў, а таксама зьявіліся кампаніі, адмыслова скіраваныя на стварэньне і распаўсюд кінавытворчасьці, у той час як акторы кінафільмаў набылі папулярнасьць і пачалі зарабляць вялікія грошы. Гэтак да 1917 году ў Чарлі Чаплін меў кантракт, згодна зь якім ягоны штогадовы заробак сягаў мільёна даляраў.
У ЗША большая частка кінаіндустрыі засяроджаная вакол Галівуду, што месьціцца ў штаце Каліфорнія. Аднак, існуюць і іншыя буйныя цэнтры кінавытворчасьці ў многіх частках сьвету, як то Балівуд у Індыі, дзе вырабляецца найбольшая колькасьць фільмаў у сьвеце[15], а таксама Налівуд у Нігерыі. Не зважаючы на тое, што вялікія выдаткі прывялі да таго, што вытворчы працэс часта робіцца пад эгідай кінастудыяў, тэхнічны прагрэс зрабіў абсталяваньне і працэсы большы дасяжнымі да шырока кола грамадзтва, што дазволіла пашырыць вытворчасьць незалежныя кінапрадукцыі. Прыбытак — ключавы паказьнік у галіне, але шмат фільмаў мелі вялікія перавышэньні выдаткаў пры сваім стварэньні, як то фільм «Водны сьвет» Кевіна Костнэра 1995 году. Прыбытак можа быць вельмі розны, гэтак фільм можа зьбіраць больш за мільярд даляраў ЗША, калі гэта сусьветны блакбастэр, які мае пракат ува ўсім сьвеце, а маленькі незалежны фільм можа нават амаль ня мець прыбытку. У дадатак, многія рэжысэры імкнуцца ствараць творы сацыяльнага значэньня, прыбытак пры гэтым набывае другасны характар. Таксама, маецца вялікая колькасьць адукацыйных і навучальных фільмаў, якія таксама ставяць за мэту іншае, але не прыбытак. Пашырэньне альтэрнатыўных завабаў і стрымінгавых сэрвісаў ставіць пытаньне пра будучыню кінаіндустрыі таго ладу, які склаўся дасюль[16].
Кінакрытыка
рэдагавацьАдной з вытворных дзейнасьцяў кіно ёсьць кінакрытыка, якая паводле сутнасьці ёсьць аналізам і ацэньваньнем фільмаў. Увогуле, кінакрытыку можна падзяліць на дзьве катэгорыі: акадэмічная кінакрытыка і журналісцкая кінакрытыка, апошняя зь якіх рэгулярна зьяўляецца ў газэтах ды іншых сродках масавай інфармацыі. Кінакрытыкі, якія працуюць у газэтах, часопісах ці ў іншых СМІ, пераважна аглядаюць толькі новыя выпускі. Звычайна яны глядзяць любы фільм толькі адзін раз і цягам толькі дня ці двух фармулююць сваё меркаваньне аб ім. Не зважаючы на гэта, крытыкі могуць рабіць важкі ўплыў на рэакцыю аўдыторыі і наведвальнасьць фільмаў у кінатэатры, асабліва ў некаторых жанрах. Аднак, баявікі, фільмы жахаў і камэдыі, як правіла, ня моцна залежаць ад кінакрытыкі. Да больш прэстыжных фільмаў, як то драмы і мастацкія фільмы, уплыў водгукаў важны. Дрэнныя водгукі вядучых крытыкаў у буйных СМІ і часопісах часта зьніжаюць цікавасьць аўдыторыі да кінатвору. Аднак, уплыў рэцэнзэнтаў на касавыя паказьнікі фільму ёсьць даволі дыскусійным пытаньнем. Некаторыя аглядальнікі сьцьвярджаюць, што праз пашырэньне маркетынгу фільмаў пачынаючы з 2000-х гадоў нават адмоўныя водгукі кінакрытыкаў ня могуць прадухіліць дрэнныя блакбастэры ад дасягненьня посьпеху на рынку. Тым ня менш, станоўчыя водгукі на ўхвалены незалежны фільм, могуць прасунуць яго ў пракаце. Такім чынам, назіральнікі адзначаюць, што станоўчыя агляды кінакрытыкаў могуць выклікаць цікавасьць да малавядомых фільмаў.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Joanna Wojnicka, Olga Katafiasz (2005). «Słownik wiedzy o filmie». Bielsko-Biała: Park. — С. 17. — ISBN 83-7266-325-4.
- ^ «A brief history of sound in film». National Science and Media Museum blog.
- ^ Sonnenschein, David (2001). «Sound Design: The Expressive Power of Music, Voice and Sound Effects in Cinema».
- ^ Вольга Чайкоўская. Другі раз у «першую клясу» // Жырандоля. — 19 траўня 2012. — № 16 (145). — С. 5.
- ^ «Silent Film Speed». Cinemaweb.
- ^ «The Fi Hall of Fame: Hacking Film — Why 24 Frames Per Second?». Film Independent.
- ^ «Why 24 frames per second is still the gold standard for film». RedShark.
- ^ «Why Is 24 FPS the Standard for Movies? Film Frame Rates, Explained». WhatNerd.
- ^ Martino, Stierli (2015). «Montage and the Metropolis: Architecture, Modernity, and the Representation of Space». Journal of the Society of Architectural Historians. 74 (1): 6—31.
- ^ Ball, E (2018). «Sergei Eisenstein’s Montage: Film Editing and the Theory of Attractions». JSTOR Daily.
- ^ «Film editing». Britannica.
- ^ «New Wave». Britannica.
- ^ Amdur, Meredith (16.11.2003). «Sharing Pix is Risky Business». Variety.
- ^ Couvares, Francis G. (2006). «Movie Censorship and American Culture». Univ of Massachusetts Press. — ISBN 978-1-55849-575-3.
- ^ «Bollywood Hots Up». CNN.
- ^ Christopherson, Susan (01.03.2013). «Hollywood in decline? US film and television producers beyond the era of fiscal crisis». Cambridge Journal of Regions, Economy and Society. 6 (1): 141—157. — doi:10.1093/cjres/rss024.