Джон Маккейн
Джон Сыдні Маккейн III (па-ангельску: John Sidney McCain III; 29 жніўня 1936 — 25 жніўня 2018) — сэнатар ЗША ад штату Арызона з 1987 году. Сябра Рэспубліканскай партыі з 1982 году. Асноўны кандыдат ад «рэспубліканцаў» на выбарах прэзыдэнта ЗША 2008 году.
Джон Маккейн | |
па-ангельску: John McCain | |
Афіцыйны здымак для перадвыбарчай кампаніі | |
Сэнатар ад штату Арызона | |
---|---|
3 студзеня 1987 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Джордж Ўокер Буш |
Папярэднік: | Бары Голдўотэр |
Чалец Палаты прадстаўнікоў ЗША ад штату Арызона | |
3 студзеня 1983 — 3 студзеня 1987 | |
Прэзыдэнт: | Рональд Рэйган |
Папярэднік: | Джон Роўдс малодшы |
Наступнік: | Джон Роўдс ІІІ |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
29 жніўня 1936 (88 гадоў) авіябаза Кока-Сола |
Памёр: |
25 жніўня 2018 |
Партыя: | Рэспубліканская партыя ЗША |
Сужэнец: |
Карол Макейн (1965—1980) Сындзі Макейн (1980 — цяпер) |
Дзеці: | Дуглас (нар. 1959), Эндру (нар. 1962), Сыдні (нар. 1966), Мэган (нар. 1984), Джон Сыдні IV «Джэк» (нар. 1986), Джэймс (нар. 1988), Брыджыт (нар. 1991) |
Бацька: | Джон Сыдні «Джэк» Макейн-малодшы |
Маці: | Рабэрта Макейн (Райт) |
Адукацыя: | Ваенна-марская Акадэмія ЗША |
Узнагароды: | |
Дзед і бацька Маккейна былі адміраламі Ваенна-марскога флёту ЗША. Джон Макейн пайшоў па іх ступнях і ў 1958 годзе скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША, стаўшы лётчыкам палубнай авіяцыі. Вэтэран Віетнамскай вайны. Зьбіты над Ханоем у 1967 годзе, прабыў ва віетнамскім палоне 5 з паловай гадоў і быў выпушчаны ў 1973 годзе па ўмовах Парыскай дамовы.
У 1981 годзе Маккейн сышоў у адстаўку з ваеннай службы, а ў 1982 годзе быў абраны ў Палату прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ад Рэспубліканскай партыі. У 1986 годзе абраны сэнатарам ад Арызоны, пераабіраўся тройчы — у 1992, 1998 і ў 2004 гадах. У 2000 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзыдэнта ЗША, але прайграў Джорджу Бушу-малодшаму на папярэдніх выбарах. 3 верасьня 2008 году быў аб’яўлены афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі. На выбарах прайграў Бараку Абаму.
Раньнія гады і ваенная кар’ера
рэдагавацьСям’я
рэдагавацьДжон Сыдні Маккейн-трэці нарадзіўся 29 жніўня 1936 году на авіябазе ВПС ЗША «Кока Сола» недалёка ад гораду Калон у Панаме. Бацька Маккейна, Джон Сыдні «Джэк» Маккейн-малодшы (1911—1981), быў ваенна-марскім афіцэрам ЗША, удзельнікам Другой сусьветнай вайны (у якасьці афіцэра-падводніка), які завяршыў службу ў чыне чатырохзорнага адмірала. Узнагароджаны Срэбнай і Бронзавай зоркамі. Маці — Рабэрта Маккейн, народжаная Райт (нарадзілася ў 1912 годзе). Дзед Джона Маккейна, Джон С. Маккейн, таксама меў чын чатырохзорнага адмірала, зьяўляўся адным з заснавальнікаў авіяноснай стратэгіі Ваенна-марскога флёту ЗША, удзельнічаў у бітвах на Ціхаакіянскім тэатры вайсковых дзеяньняў Другой сусьветнай вайны.
У дзяцінстве Джон шмат падарожнічаў разам з бацькамі ў сувязі з частымі пераводамі яго бацькі па справах службы (Нью-Лёндан, штат Канэктыкут; Пэрл-Харбар, штат Гаваі, іншыя вайсковыя базы на Ціхім акіяне). Па сканчэньні Другой сусьветнай вайны сям’я Макейна перабралася ў Вірджынію, дзе Джон паступіў у школу Сьвятога Стэфана ў горадзе Александрыя, правучыўшыся тамака да 1949. У 1951—1954 Макейн наведваў прыватную япіскапальную школу, дзе дасягнуў адмысловых посьпехаў у спартовай барацьбе. З-за частых пераездаў бацькі ў агульнай складанасьці Макейн вучыўся прыкладна ў 20 розных школах. У дзіцячыя гады адрозьніваўся энэргічным характарам, запальчывасьцю і агрэсіўнасьцю, імкненьнем перамагаць у канкурэнцыі з аднагодкамі.
Зь дзяцінства Макейн прыналежаў да япіскапальнай царквы, але ў 2007 перайшоў да баптыстаў (Баптысцкая царква Фінікса ў Арызоне, уваходзіць у склад Паўднёвай Баптысцкай канвэнцыі — якая прытрымліваецца кансэрватыўных поглядаў найбуйнейшай пратэстанцкай дэнамінацыі ў ЗША), да якіх прыналежыць яго другая жонка.
Адукацыя, пачатак ваеннай службы і першы шлюб
рэдагавацьНакіроўваючыся па ступнях бацькі, пасьля сканчэньня школы Макейн паступіў у Ваенна-марскую вучэльню ў Анапалісе, якую скончыў у 1958. Штогод Джон атрымліваў ня меней 100 вымоваў і часта падвяргаўся спагнаньням за парушэньні дысцыпліны і непрытрымліваньне вайсковага ўстава, ад нячышчаных ботаў да недарэчных выказваньняў у адрас начальства. У той жа час пры росьце 1 мэтар 70 см і вазе ў 58 кг ён адрозьніваўся як здольны баксэр у лёгкай вазе. Макейн атрымліваў добрыя адзнакі толькі па тых прадметах, якія яго цікавілі: гісторыя, ангельская літаратура і дзяржаўнае кіраваньне. Тым ня менш з 899 выпускнікоў 1958 году Джон Маккейн паказаў 894 вынік.
У 1958—1960 гадах на працягу 1,5 гадоў праходзіў падрыхтоўку на штурмавіку Дугляс A-1 «Скайрайдэр» на базах марской авіяцыі Пэнсакола ў Флорыдзе і «Корпус Крысьці» ў Тэхасе. За гэты час ён зарабіў рэпутацыю «тусовачнага чалавека», вадзіў Шэўрале, сустракаўся са стрыптызёршай па мянушцы «Марыя — полымя Флорыды» і, як пазьней заўважыў сам Макейн, «дарма марнаваў маладосьць і здароўе». Джон быў паветраным ліхачом і рэдка заседжваўся за кіраўніцтвам па лётнай эксплюатацыі. Падчас трэніровак у Тэхасе рухавік на самалёце Макейна выйшаў з строю, і самалёт паваліўся на зямлю пры пасадцы. Пілёт адкараскаўся лёгкімі ўдарамі. У 1960 годзе Макейн скончыў лётную школу і стаў пілётам штурмавіка ў марской авіяцыі.
З 1960 году служыў на авіяносцах «Інтрэпід» і «Энтэрпрайз» у Карыбскім моры. Праходзіў службу на «Энтэрпрайз» падчас Карыбскага крызісу і ваенна-марской блякады Кубы ў кастрычніку 1962 году. Падчас службы ў Гішпаніі Макейн па неасьцярожнасьці зачапіў у палёце лініі электраперадач, і гэты інцыдэнт стаў чыньнікам яго пераводу на базу ВМС Мэрыдыян у Місысыпі, дзе ён стаў інструктарам.
У 1964 годзе пазнаёміўся з мадэльлю зь Філадэлфіі Кэрал Шэп, на якой ажаніўся 3 ліпеня 1965. Маккейн усынавіў двух яе сыноў ад першага шлюбу (з аднаклясьнікам Джона) — Дуга (3 гады) і Эндзі (5 гадоў). У верасьні 1966 году ў іх нарадзілася дачка Сыдні.
У сьнежні 1965 з Маккейнам ізноў адбыўся няшчасны выпадак. Падчас палёту адбылося ўзгараньне рухавіка, Джон пасьпяхова катапультаваўся, але самалёт разьбіўся. Маккейн прасіў начальства перавесьці яго з інструктарскай пасады на баявую службу. У канцы 1966 яго перавялі на авіяносец «Фарэстал». Макейн працягнуў ваенную службу на штурмавіку Дугляс A-4 «Скайхоўк». Да сакавіку 1967 яго бацька ўжо стаў галоўнакамандуючым Ваенна-марскімі сіламі ЗША ў Эўропе і праходзіў службу ў Лёндане.
Удзел у вайне ў Віетнаме
рэдагавацьУвесну 1967 «Фарэстал» быў пераведзены ў Ціхі акіян для ўдзелу ў апэрацыі «Rolling Thunder» — масіраванага бамбаваньня інфраструктурных аб’ектаў Паўночнага Віетнама: складоў зброі, прадпрыемстваў, мастоў і гэтак далей. Макейн, як і яго калегі, выяўляў незадаволенасьць тым, што сьпіс мэтаў быў абмежаваны, так што іх прыходзілася паражаць шмат разоў, пры гэтым без гарантыі таго, што менавіта гэтыя мэты зьяўляліся значнымі для перамогі ў вайне. Пры гэтым амэрыканскім лётчыкам прыходзілася пераадольваць сыстэму СПА, створаную пры ўдзеле Савецкага Саюзу.
29 ліпеня 1967 году падчас пажару на «Фарэстале» Макейн ледзь не загінуў. Выпадкова выпушчаная некіруемая ракета патрапіла ў яго самалёт, які рыхтаваўся да ўзьлёту з палубы. Яму атрымалася выратавацца, саскочыўшы на палубу. У наступным за выбухам пажары загінулі 134 і параненыя 62 марака ВМС ЗША. Былі беззваротна згубленыя больш 20 самалётаў. Макейн быў паранены шрапнэльлю ў ногі і грудзі. Пасьля таго, як «Фарэстал» быў адпраўлены ў рамонт, 30 верасьня 1967 Маккейн быў пераведзены на авіяносец «Арыскані» ў 163-ю штурмавую эскадрыльлю. Усяго да канца кастрычніка 1967 ён зьдзейсьніў 22 баявых вылетаў, у тым ліку на цэлі ў раёне Хайфона і Ханоя.
Палон
рэдагаваць26 кастрычніка Маккейн у складзе эскадрыльлі з 20 самалётаў выляцеў на бамбаваньне электрастанцыі ў цэнтры Ханою і быў зьбіты савецкай зэнітнай ракетай (па іншай вэрсіі — агнём зэнітнай артылерыі). Лётчык катапультаваўся і прызямліўся ў возера, ледзь не патануўшы; ён зламаў абедзьве рукі і нагу і быў жорстка зьбіты віетнамскімі салдатамі: яму раздрабнілі плячо, ён быў двойчы паранены. У такім стане Макейн быў зьмешчаны ў галоўную турму Ханою — яго адмовіліся адправіць у шпіталь, лічачы, што ён усё роўна памрэ.
На допыце ён, у адпаведнасьці з амэрыканскім вайсковым статутам, назваў толькі кароткія зьвесткі пра сябе — па прозьвішчы віетнамцы ўсталявалі, што яны ўзялі ў палон сына высокапастаўленага амэрыканскага афіцэра. Толькі пасьля гэтага яму была аказаная мэдыцынская дапамога, і аб яго паланеньні было афіцыйна абвешчана. Ён шэсьць тыдняў правёў у лякарні, у гэты пэрыяд да яго дапусьцілі францускага тэлежурналіста, яго наведвалі важныя віетнамскія дзеячы, якія лічылі Маккейна прадстаўніком амэрыканскай ваенна-палітычнай эліты. У сьнежні 1967 году Маккейна, які страціў 26 кг і пасівеў (пазьней ён атрымаў мянушку «Белы тарнада»), перавялі ў лягер ваеннапалонных у Ханоі, дзе аб ім клапаціліся таварышы па палоне. У сакавіку 1968 году ён быў зьмешчаны ў адзінкавую камэру.
У ліпені 1968 году яго бацька стаў галоўнакамандуючым Ціхаакіянскім флётам ЗША і, адпаведна, камандаў амэрыканскімі ваенна-марскімі сіламі на Віетнамскім тэатры вайсковых дзеяньняў. Тады паўночнавіетнамскія ўлады ў прапагандысцкіх мэтах прапанавалі вызваліць Маккейна раней яго таварышаў, аднак ён заявіў, што прыняў бы прапанову толькі ў тым выпадку, калі бы таксама былі вызваленыя амэрыканскія вайскоўцы, якія патрапілі ў палон раней за яго. Аб адмове Макейна ад вызваленьня віетнамскія службоўцы паведамілі амэрыканскаму прадстаўніку на Парыскіх мірных перамовах Авэрэлу Гарыману.
У жніўні 1968 году Маккейна падвергнулі сталым зьбіваньням (кожныя дзьве гадзіны), імкнучыся зламаць яго волю. У гэты жа час ён хварэў дызэнтэрыяй, а ахоўнікі перашкодзілі яму пакончыць з сабой. Пасьля чатырох дзён падобных «допытаў» ён напісаў кароткае «прызнаньне» ў сваёй злачыннай дзейнасьці супраць віетнамскага народу — пры гэтым ён выкарыстаў неўласьцівы яму камуністычны жаргон, каб паказаць, што гэты дакумэнт атрыманы з дапамогай катаваньняў. Новыя пераломы, атрыманыя ў гэтыя дні, прывялі да таго, што Макейн страціў магчымасьць паднімаць рукі вышэй галовы. Пазьней ён узгадваў: «Я пазнаў тое, што ўсе мы пазналі тамака: кожны чалавек мае сваю мяжу. Я дасягнуў сваёй». Аднак на гэтым дрэннае абыходжаньне зь ім не спынілася — яго працягвалі біць (два-тры разы ў тыдзень) за адмову падпісаць новае «прызнаньне». Ён успамінаў, што штораніцы да яго ўваходзіў наглядчык і патрабаваў, каб зьняволены кланяўся яму, і ў адказ на адмову, наносіў яму ўдар у скронь. Акрамя таго, Макейна спрабавалі сілай прымусіць выдаць ваенную інфармацыю — пасьля чарговых зьбіваньняў ён заявіў, што згодзен назваць прозьвішчы сваіх таварышаў па эскадрыльлі, пасьля гэтага пералічыўшы віетнамцам сьпіс футбалістаў каманды «Грын Бэй Пэкерз». У гэты жа пэрыяд ён прынцыпова адмаўляўся сустракацца з амэрыканскімі антываеннымі актывістамі, каб ня даць магчымасьці выкарыстаць яго ў мэтах прапаганды супраць сваёй краіны.
Улетку 1969 году адзін з вызваленых з палону амэрыканцаў паведаміў аб катаваньнях, якім ён падвяргаўся. Пасьля гэтага абыходжаньне з ваеннапалоннымі палепшылася. У кастрычніку 1969 году Макейн быў пераведзены ў турму «Хоа Ло», вядомую сярод амэрыканскіх пілётаў пад іранічным назовам «Ханой Хілтан». Тамака ён працягваў адмаўляцца сустракацца з амэрыканскімі антываеннымі актывістамі і журналістамі, якія спачувалі Паўночнаму Віетнаму. Усяго Маккейн правёў у палоне 1967 дзён (5 з паловай гадоў) і вызвалены 15 сакавіка 1973 году пасьля падпісаньня Парыскіх мірных дамоваў паміж ЗША і Дэмакратычнай Рэспублікай Віетнам.
Завяршэньне ваеннай службы, развод і другі шлюб
рэдагавацьПасьля вяртаньня з палону Макейн застаўся на ваеннай службе. Фатаграфія яго сустрэчы з прэзыдэнтам Рычардам Ніксанам на прыёме ў Белым доме набыла шырокую вядомасьць (Макейн у той час яшчэ перасоўваўся на мыліцах). У 1973—1974 гадах ён вучыўся ў Нацыянальным вайсковым каледжы (Вашынгтон, акруга Калюмбія) і праходзіў курс вельмі зьнясільваючай і балеснай фізычнай тэрапіі, пасьля якога зноў змог абыходзіцца без мыліц і аднавіць сваю кваліфікацыю пілёта. У канцы 1974 ён быў прызначаны на службу ў вучэбную эскадрыльлю, разьмешчаную на ваенна-марскім аэрадроме Сэсіл Філд блізу Джэксанвіла, штат Флорыда, а затым стаў яе камандзірам. Зь яго арганізатарскімі здольнасьцямі зьвязвалі паляпшэньне боегатоўнасьці гэтага падразьдзяленьня. У 1977 Маккейн стаў марскім афіцэрам сувязі пры амэрыканскім сэнаце — пазьней ён назваў гэты досьвед «рэальным уваходам у сьвет палітыкі». У 1981, разумеючы, што наступствы раненьняў і траўмаў не дазволяць яму дасягнуць адміральскага чыну (падобна дзеду і бацьку), ён пакінуў сапраўдную службу ў чыне капітана 1-га рангу. За час ваеннай службы ён быў узнагароджаны мэдалямі Срэбная зорка, Бронзавая зорка, Легіён гонару, Пурпурнае сэрца і Крыжом за выбітныя лётныя дасягненьні.
Неўзабаве пасьля вяртаньня Маккейна з палёну ён разыйшоўся з жонкай, якая яшчэ ў 1969 патрапіла ў цяжкую аўтакатастрофу, пасьля чаго ў значнай ступені згубіла прывабнасьць. Макейн узяў адказнасьць за крушэньне свайго першага шлюбу на сябе; пазьней ён пісаў аб сваім уласным эгаізьме і нясьпеласьці таго часу і аб тым, што ён ня можа пазьбегнуць прызнаньня сваёй віны, спасылаючыся на свой віетнамскі палон. 2 красавіка 1980 сужэнцы афіцыйна разьвяліся; пры гэтым Маккейн пакінуў сваёй былой жонцы хаты ў Вірджыніі і Флорыдзе, а таксама працягваў фінансаваць яе лячэньне.
Ужо 17 траўня 1980 ён уступіў у новы шлюб зь Сіндзі Лу Хэнсьлі, выкладчыкам зь Фінікса, штат Арызона і дачкой мясцовага буйнага бізнэсмэна Джэймза Ўіліса Хэнсьлі. У 1984 у іх нарадзілася дачка Мэган, у 1986 — сын Джон Сыдні IV («Джэк»), як і бацька, атрымаў адукацыю ў Ваенна-марской вучэльні ў Анапалісе, у 1988 — сын Джэймз, які ў 2006 паступіў у марскую пяхоту і ў канцы 2007 накіраваны для праходжаньня службы ў Ірак. У 1991 сужэнцы ўзялі ў сям’ю трохмесяцовую дзяўчынку з Банглядэшу, якая знаходзілася ў прытулку маці Тэрэзы і якая мела патрэбу ў лячэньні ў ЗША — яе назвалі Брыджыт. Пасьля праходжаньня ўсіх фармальнасьцяў яна была ўдачароная ў 1993.
Памёр Джон Маккейн 25 жніўня 2018 году ад наступстваў цяжкай хваробы (раку галаўнога мозгу)[5].
Палітычная кар’ера
рэдагавацьКангрэсмэн
рэдагавацьПры актыўнай падтрымцы цесьця Макейн уключыўся ў палітычнае жыцьцё ЗША і ўжо ў лістападзе 1982 быў абраны чальцом Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ад першай выбарчай акругі штата Арызона як рэспубліканец. Праз два гады ён лёгка пераабраўся на новы двухгадовы тэрмін. Макейн, у цэлым, падтрымліваў палітычны і эканамічны курс прэзыдэнта Рональда Рэйгана. Аднак ён прагаласаваў супраць знаходжаньня ў Лібане амэрыканскіх марскіх пяхотнікаў, якія ўваходзілі ў склад шматнацыянальных сілаў, бо ня бачыў пэрспэктываў для вайсковай прысутнасьці ЗША ў гэтай краіне. З гэтым галасаваньнем, якія ішлі насуперак з інтарэсамі рэспубліканскай адміністрацыі, зьвязваюць пачатак складаньня рэпутацыі Макейна як палітыка-індывідуаліста. Празь месяц пасьля гэтага галасаваньня амэрыканская марская пяхота панесла значныя страты ў выніку выбуху бэйруцкіх жаўнерань, што пацьвердзіла правасьць Макейна.
Падчас свайго знаходжаньня ў Палаце прадстаўнікоў Макейн спэцыялізаваўся на праблемах індзейцаў і ўдзельнічаў у правядзеньні закона аб эканамічным разьвіцьці індзейскіх тэрыторыяў, падпісанага ў 1985. У тым жа годзе ён упершыню пасьля палону наведаў Віетнам разам зь легендарным журналістам Ўолтарам Кронкайтам.
Сэнатар
рэдагавацьУ лістападзе 1986 Макейн быў абраны сэнатарам ЗША ад штата Арызона, зьмяніўшы ў гэтай якасьці былога рэспубліканскага кандыдата на пост прэзыдэнта ў 1964 Бары Голдўотэра. На гэтых выбарах ён атрымаў 60 % галасоў выбарнікаў. Афіцыйна тэрмін яго паўнамоцтваў пачаўся ў студзені 1987. Ён пераабіраўся ў сэнат у лістападзе 1992 (56 %), лістападзе 1998 (69 %) і лістападзе 2004 (77 %, прычым за Макейна гэтым разам галасавалі нават большасьць выбарнікаў-дэмакратаў Арызоны).
З 1987 Макейн працаваў у камітэтах Сэната па справах узброеных сілаў, па гандлю і па справах індзейцаў. У 1995—1997 і 2005—2007 ён быў старшынём камітэта па справах індзейцаў, у 1997—2001 і 2003—2005 — старшынём камітэта па гандлю. З студзеня 2007 — старэйшы прадстаўнік меншасьці ў камітэце па ўзброеных сілах.
З 1993 Макейн зьяўляецца старшынём рады дырэктараў Міжнароднага рэспубліканскага інстытута.
Макейн і праблема фінансаваньня выбарчых кампаніяў
рэдагавацьУ пачатку свайго знаходжаньня ў Сэнаце Макейн апынуўся ўцягнутым у гучны палітычны скандал, зьвязаны зь дзейнасьцю банкіра Чарльза Кітынга, які зьяўляўся ў 1982—1987 адным зь яго палітычных фундатараў (усяго Кітынг фінансава падтрымліваў выбарчыя кампаніі пецярых сэнатараў ЗША). Акрамя таго, Макейн і яго сям’я зьдзейсьнілі, як мінімум, дзевяць паездак за рахунак Кітынга — пазьней ён вярнуў іх кошт, які складаў больш $13 тыс. Калі ў Кітынга пачаліся фінансавыя праблемы, Макейн неаднаразова сустракаўся зь фінансавымі рэгулятарамі (якія курыруюць ашчадныя банкі ЗША) з тым, каб аказаць дапамогу Кітынгу. Падтрымка з боку Макейна, як і іншых сэнатараў, не прывяла ні да якіх вынікаў, акрамя маральнай шкоды для іх (пазьней фінансавая кампанія Кітынга збанкрутавалася, ён сам правёў у турме пяць гадоў, хоць і змог расплаціцца з большасьцю пацярпелых). Хоць Макейн і ня быў абвінавачаны ў супрацьзаконных дзеяньнях, але камітэт Сэната па этыцы зрабіў яму заўвагу ў сувязі з дадзенай гісторыяй; сам ён прызнаў хібнасьць сваіх паводзінаў у гэтай справе.
Пасьля «справы Кітынга» Макейн стаў актыўна крытыкаваць уплыў вялікіх грошай на амэрыканскую палітыку. Да 1994 ён разам з сэнатарам Росам Фэйнгольдам (дэмакратам ад штата Вісконсін) распрацаваў законапраект аб абмежаваньні палітычных ахвяраваньняў у выбарчыя кампаніі для карпарацыяў і іншых арганізацыяў — у тым ліку для таго, каб пазьбегнуць паўтору сытуацыяў, падобных «справе Кітынга». Законапраект Макейна-Фэйнгольда сустрэў рашучае процідзеяньне з боку бачных дзеячаў абедзьвюх кіроўных партыяў ЗША, але сустрэў падтрымку ў СМІ і грамадзтве. У 1995 першая вэрсія гэтага закона была занесеная ў Сэнат, але праваленая ў наступным годзе, гэта жа паўтарылася ў 1998 і 1999. Закон Макейна-Фэйнгольда быў прыняты толькі ў 2002 (ён атрымаў вядомасьць як Двухпартыйны закон аб рэформе выбарчых кампаніяў) пасьля скандальнай справы Enron, якая павысіла ўвагу грамадзтва да праблемаў карупцыі. Гэты закон лічыцца асноўным дасягненьнем Макейна падчас яго сэнатарскай кар’еры; ён таксама падвысіў яго вядомасьць як «палітычнага індывідуаліста».
Іншыя аспэкты дзейнасьці ў Сэнаце
рэдагавацьУ пачатку 1990-х гадоў Макейн, сумесна зь іншым вэтэранам віетнамскай вайны, сэнатарам Джонам Кэры, займаўся праблемай амэрыканскіх вайскоўцаў, зьніклых безь весткі ў Віетнаме, у сувязі з чым ізноў неаднаразова наведваў гэтую краіну. Дзейнасьць Макейна спрыяла нармалізацыі амэрыкана-віетнамскіх адносін. У гэты жа пэрыяд наладзіліся яго адносіны з Кэры — раней Макейн успрымаў яго рэзка нэгатыўна з-за ўдзелу Кэры ў антываенным руху пасьля вяртаньня зь Віетнама.
У якасьці старшыні камітэта па гандлю Макейн выступаў за павелічэньне падаткаў на цыгарэты з тым, каб гэтыя сродкі пайшлі на фінансаваньне антытытунёвых кампаніяў, на скарачэньне ліку курцоў-падлеткаў, на павелічэньне дасьледаваньняў у вобласьці аховы здароўя і на кампэнсаваньне выдаткаў сыстэмы аховы здароўя, зьвязаных з наступствамі паленьня. Пры гэтым ён атрымаў падтрымку дэмакратычнай адміністрацыі Біла Клінтана, але разышоўся з большасьцю сэнатараў ад уласнай партыі — у выніку яго ініцыятыва не была рэалізаваная.
У жніўні 1999 году выйшлі мэмуары Джона Макейна ў суаўтарстве з Маркам Сольтэрам пад назвай «Faith of My Fathers» (па-беларуску: Вера Маіх Айцоў). Кніга адразу стала бэстсэлерам, а пазьней (у 2005) па ёй быў зьняты фільм.
У пэрыяд прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага Макейн галасаваў супраць законаў аб паніжэньні падаткаў у 2001 і 2003. У 2001 ён быў адным з двух сэнатараў-рэспубліканцаў, якія не падтрымалі гэты закон у сувязі тым, што паніжэньне падаткаў не суправаджалася скарачэньнем бюджэтных выдаткаў. У 2003, па яго меркаваньні, паніжэньне падаткаў было неразумна з-за вайны ў Іраку. Зрэшты, ён падтрымаў паніжэньне падаткаў у 2006, каб не дапусьціць іх росту ў гэты пэрыяд.
Прыхільнік вайны ў Іраку, Макейн, аднак, выступіў у 2005 годзе з заканадаўчай ініцыятывай, якая забараняла негуманнае абыходжаньне зь зьняволенымі, уключаючы зьмешчаных у турме Гуантанама. Сваю ролю ў такой пазыцыі Макейна згуляў яго ўласны досьвед ваеннапалоннага. «Папраўка Макейна» была прынятая сэнатам, а прэзыдэнт Буш, які першапачаткова не выключаў магчымасьці ўжываньня вета, у сьнежні 2005 году ўсё ж падпісаў адпаведны закон.
Кандыдат у прэзыдэнты-2000
рэдагавацьУ 2000 годзе Макейн удзельнічаў у прэзыдэнцкіх «праймэрыз» ад Рэспубліканскай партыі, стаўшы найболей сур’ёзным канкурэнтам Джорджа Буша-малодшага. Яму атрымалася атрымаць перамогу ў Нью-Гэмпшыры, Арызоне, Мічыгане і штатах Новай Ангельшчыны — Масачусэтсе, Род-Айлэндзе, Канэктыкуце, Вэрмонце. На яго боку выступіла лібэральная частка рэспубліканцаў, а супраць яго актыўна дзейнічалі кансэрватыўныя пратэстанцкія дзеячы, якіх Макейн раскрытыкаваў як «самазваных лідэраў». Падчас выбарчай кампаніі супраць Макейна былі ўжытыя «брудныя тэхналёгіі», разьлічаныя на кансэрватыўную частку рэспубліканскіх выбарнікаў — так, перад псыхалягічна важнымі «праймэрыз» у Паўднёвай Караліне быў распаўсюджаныя чуткі аб тым, што ў Макейна ёсьць незаконная дачка ад сувязі з афра-амэрыканкай. Гэтыя чуткі былі зьвязаныя з фактам удачарэньня ім дзяўчынкі з Банглядэш, але за пакінуты да «праймэрыз» час Макейн не пасьпяваў паведаміць выбарнікам праўду. У выніку ён прайграў, атрымаўшы 42 % галасоў супраць 53 %, аддадзеных за Буша. 9 сакавіка 2000 году Макейн, пацярпеўшы паразу на праймэрыз у ключавых штатах, адмовіўся ад наступнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Падчас выбарчай кампаніі 2004 году Макейн разглядаўся камандай дэмакратычнага прэтэндэнта Джона Кэры як магчымы кандыдат у віцэ-прэзыдэнты, здольны прыцягнуць галасы лібэральных рэспубліканцаў. Аднак Макейн адмовіўся ад гэтай прапановы, захаваўшы адданасьць Рэспубліканскай партыі і падтрымаўшы кандыдатуру Джорджа Буша на другі прэзыдэнцкі тэрмін.
Выбарчая кампанія-2008
рэдагаваць28 лютага 2007 Макейн абвясьціў аб пачатку сваёй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2008 году, стаўшы адным з найболей вядомых амэрыканскім выбарнікам кандыдатаў (у прыватнасьці, за кошт досьведу кампаніі 2000). Перад гэтым ён імкнуўся нармалізаваць свае адносіны з кансэрватыўнымі хрысьціянскімі прапаведнікамі. Аднак пазыцыя Макейна па пытаньнях іміграцыі выклікала паніжэньне яго папулярнасьці сярод рэспубліканскіх выбарнікаў і, як сьледзтва, памяншэньне паступленьняў у выбарчы фонд да сярэдзіны 2007. Неафіцыйным і бясплатным дараднікам Джона Макейна ў яго перадвыбарнай кампаніі зьяўляецца Робэрт Каган.
Але на старце выбарчай кампаніі 2008 году Макейн атрымаў перамогу на «праймэрыз» у Нью-Гэмпшыры, Паўднёвай Караліне і Флорыдзе, што зрабіла яго лідэрам сярод кандыдатаў-рэспубліканцаў. Ён умацаваў свае пазыцыі падчас «супэраўторка» 5 лютага 2008 году, перамогшы ў найболей электаральна значных штатах — Нью-Ёрк і Каліфорнія — а таксама ў Канэктыкуце, Ілінойсе, Нью-Джэрзі, Дэлавэры, Аклагоме, Місуры, Арызоне [6]. На працягу лютага замацаваў сваё лідэрства, перамогшы ў штатах Вашынгтон, Вірджынія, Мэрылэнд, Вісконсін, акрузе Калюмбія. 4 сакавіка ён атрымаў перамогу ў штатах Вэрмант, Род-Айлэнд, Агаё і Тэхас, забясьпечыўшы вылучэньне сваёй кандыдатуры ад Рэспубліканскай партыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2008.
5 сакавіка кандыдатуру Макейна падчас асабістай сустрэчы падтрымаў прэзыдэнт Джордж Буш, які заявіў[7]:
Гэты хлопец выявіў неверагодную адвагу, сілу характару і настойлівасьць для таго, каб дайсьці да гэтага моманту. Гэта менавіта той чалавек, які нам неабходны як прэзыдэнт, той, хто можа прымаць цьвёрдыя рашэньні, хто не будзе пасаваць перад тварам небясьпекі.
Аб Макейне вельмі цьвёрда адклікаўся Фідэль Кастра ў шэрагу адмыслова прысьвечаных яму артыкулаў пад агульным загалоўкам «Кандыдат-рэспубліканец», дзе, у прыватнасьці, аспрэчыў сьцьвярджэньні Макейна аб тым, што кубінцы катавалі амэрыканскіх ваеннапалённых у Віетнаме. [8] [9] [10] [11] [12]
На выбарах 44-га прэзыдэнта ЗША 5 лістапада 2008 году Маккейн прайграў свайму канкурэнту ад Дэмакратычнай партыі ЗША Бараку Абаме.
Палітычныя погляды
рэдагавацьМакейн выступае за ўмацаваньне вайсковага патэнцыялу ЗША, павелічэньне колькасьці амэрыканскіх узброеных сілаў і за разгортваньне сыстэмы супрацьракетнай абароны (СРА). Паводле яго меркаваньня, «эфектыўная СРА мае крытычна важнае значэньне ў якасьці страхоўкі ад патэнцыйных пагроз, якія адыходзяць ад магчымых стратэгічных супернікаў, такіх як Расея і Кітай».
Ён зьяўляецца прыхільнікам лібэралізацыі іміграцыйнага заканадаўства (зь некаторымі абмежаваньнямі) і дзеяньняў па прадухіленьні глябальнага пацяпленьня — у гэтых пытаньнях яго пазыцыя разыходзіцца з пунктам гледжаньня кансэрватыўнай большасьці рэспубліканскага электарата. У адрозьненьне ад большасьці калегаў па партыі, ён прагаласаваў у Сэнаце супраць папраўкі ў Канстытуцыю, якая забараняе аднаполыя шлюбы, і за фэдэральнае фінансаваньне праграмы дасьледаваньня ствалавых клетак. У той жа час яго пазыцыя па шэрагу іншых знакавых пытаньняў — такіх як аборты, сьмяротнае пакараньне, праблемы сацыяльнага забесьпячэньня — носіць выразна кансэрватыўны характар.
Макейн і Беларусь
рэдагавацьДжон Макейн быў адным з суарганізатараў канфэрэнцыі «Вось зла: прапушчанае зьвяно – Беларусь», якая прайшла ў лістападзе 2002 году, дзе між іншым ён заявіў[13]:
Кіраваньне Лукашэнкі зьяўляецца абразай каштоўнасьцяў, якія атрымалі перамогу амаль па ўсім эўрапейскім кантыненьце пасьля краху Савецкага Саюзу. Яго рэжым будзе пагрозай для Амэрыкі і Эўропы столькі, колькі спатрэбіцца часу цывілізаванаму сьвету на вырашэньне дадзенай праблемы
Джон Макейн быў адным з аўтараў і ініцыятараў прыняцьця Кангрэсам ЗША ў 2004 годзе "Акта аб дэмакратыі ў Беларусі"[14]. У лютым 2004 году Джон Макейн прыняў удзел у рыскай канфэрэнцыі "Будучыня дэмакратыі па-за межамі Балтыі", падчас якой даў інтэрвію карэспандэнту беларускай службы Радыё Свабода, у якім ізноў падвяргнуў жорсткай крытыцы беларускія ўлады[15]. У жніўні 2004 году адбыўся скандал — пасьля сустрэч з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ў Вашынгтоне і Рызе Джон Макейн у складзе дэлегацыі Сэната ЗША зьбіраўся наведаць Беларусь, але беларуская амбасада адмовіла ў выдачы віз, матывуючы гэта "непадыходнымі тэрмінамі візыту", факт чаго выклікаў абурэньні амэрыканскага МЗС[16] і ў сувязі з чым Макейн зрабіў адмысловую заяву [17].
14 сакавіка 2005 году Джон Макейн зьвярнуўся з адкрытым лістом да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць вядомага беларускага палітыка і палітвязьня, былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча[18]. У сакавіку 2005 году ў Джона Макейна адбылася сустрэча з дэлегацыяй беларускай апазыцыі, у тым ліку з сынамі Міхаіла Марыніча, на якой ён пацьвердзіў поўную падтрымку беларускага палітвязьня [19]. 29 сакавіка 2008 году на сустрэчы з выбарнікамі штату Нэвада Джон Макейн заявіў: "Лукашэнка — брутальны дыктатар. Я лічу, што Амэрыка павінна супрацьстаяць дыктатарам". Як паведаміла амэрыканская прэса, гэтая заява была зробленая ў адказ на рэпліку жыхаркі гораду Спаркс. Тая выказала занепакоенасьць далейшым лёсам сваёй кампаніі, якая з-за гандлёвых санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі ня можа працягваць дачыненьні з важным для яе партнэрам у Беларусі і таму рызыкуе збанкрутаваць. Нэвадзкая бізнэсоўка спыталася ў Макейна, як той зьбіраецца весьці замежную палітыку, каб ня шкодзіць амэрыканскім інтарэсам. Адказваючы на пытаньне, кандыдат на прэзыдэнта ЗША паспачуваў выбарніцы, аднак зазначыў, што падтрымлівае санкцыі супраць “дэспатычнай улады прэзыдэнта Лукашэнкі”[20].
Макейн і краіны СНД
рэдагавацьДжон Макейн вядомы сваім нэгатыўным стаўленьнем да палітыкі былога расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна. У 2003 ён заявіў, што «амэрыканская вонкавая палітыка павінна адлюстроўваць ацьвераджальную выснову аб тым, што расейскі ўрад, які не падзяляе нашыя самыя базавыя каштоўнасьці, ня можа быць сябрам або партнэрам і рызыкуе сваімі ўласнымі паводзінамі паставіць сябе ў разрад ворагаў». Па яго меркаваньні, «паўзучы путч супраць сіл дэмакратыі і рынкавага капіталізму ў Расеі пагражае асновам амэрыкана-расейскіх узаемаадносін і спараджае здань новай эры „халоднага міру“ паміж Вашынгтонам і Масквой». Абыгрываючы вядомую зацемку Джорджа Буша аб «душы Пуціна», пасьля сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам у Славеніі Макейн заявіў: «Калі я зазірнуў у вочы Пуціну, то ўбачыў тры літары: КДБ»[21].
У 2005 Макейн і сэнатар Джозэф Лібэрман занесьлі ў сэнат праект рэзалюцыі з патрабаваньнем прыпыніць чалецтва Расеі ў «вялікай васьмёрцы». У тым жа годзе стаў адным з ініцыятараў прыняцьця сэнатам рэзалюцыі з абвінавачваньнем расейскіх уладаў у тым, што судовы працэс над Міхаілам Хадаркоўскім і Платонам Лебедзевым быў «палітычна матываваным». Патрабаваньне выключыць Расею з G8 Макейн выказваў і ў наступным[22]:
Сёньня мы бачым Расею, узначаленую зграяй былых выведнікаў. Яны спрабуюць запалохаць сваіх дэмакратычных суседзяў, такіх як Грузія, спрабуюць гуляць на залежнасьці Эўропы ад расейскіх нафты і газу. Трэба перагледзець заходні погляд на рэваншысцкую Расею. Для пачатку трэба пашырыць G8 і ўлучыць у яе рынкавыя дэмакратыі, якія зараз лідыруюць у сьвеце — Бразылію і Індыю, а таксама выключыць Расею.
Пункт гледжаньня Макейна на працэсы, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы, таксама прама процілеглая пазыцыі Крамля. У 2005 Макейн разам з сэнатарам Гілары Клінтан высунуў кандыдатуры Міхаіла Саакашвілі і Віктара Юшчанка на Нобэлеўскую прэмію міру. У заяўцы было сказанае: «Прысуджэньне гэтым двум людзям Нобэлеўскай прэміі міру адзначыць ня толькі іх гістарычную ролю ў Грузіі і Украіне, але спародзіць таксама надзею і натхненьне для ўсіх тых, хто імкнецца да волі ў іншых краінах, дзе яе няма».
У 2007 годзе Макейн быў прыхільнікам законапраекту аб падтрымцы намаганьняў па ўступе ў НАТО Грузіі і Ўкраіны.
Макейн і Ўкраіна
рэдагавацьДжон Макейн адкрыта крытыкаваў Барака Абаму за недастатковую ўвагу да падзеяў ва Ўкраіне. Падчас масавых пратэстаў пасьля сілавога разгону «Эўрамайдану» ў Кіеве сэнатар прыехаў у Кіеў і 14 сьнежня 2013 году сустрэўся зь міністарам замежных справаў Украіны Леанідам Кожарам і наведаў намётавы гарадок. Макейн адзначыў, што калі сілавыя разгоны пратэстаў працягнуцца, ЗША павінныя будуць прымяніць супраць завадатараў разгонаў эканамічныя санкцыі[23]. На наступны дзень Джон Макейн разам з сэнатарам-дэмакратам Крысам Мэрфі прыйшоў на «Эўрамайдан», дзе яны выступілі на сцэне перад мітынгоўцамі. Сэнатары заявілі пра сваю падтрымку мірных пратэстаў.
Узнагароды і званьні
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ https://www.workwithdata.com/person/john-mccain-1936
- ^ MCCAIN, John Sidney, III: 1936 – 2018 (анг.) — GPO, 1903.
- ^ а б в Biographical Directory of the United States Congress (анг.) — GPO, 1903.
- ^ а б After John McCain's death, motorcade underway — 2018.
- ^ Памёр амэрыканскі палітык Джон Маккейн
- ^ «Супераўторак» на выбарах у ЗША(недаступная спасылка)
- ^ Джордж Буш падтрымаў Джона Макейна
- ^ Фидель Кастро: Кандидат-республиканец (Первая часть) (рас.)
- ^ Фидель Кастро: Кандидат-республиканец (Вторая часть) (рас.)
- ^ Фидель Кастро: Кандидат-республиканец (Третья часть) (рас.)
- ^ Фидель Кастро: Кандидат-республиканец (Четвертая часть) (рас.)
- ^ Фидель Кастро: Кандидат-республиканец (Пятая часть) (рас.)
- ^ Выступление сенатора Джона МакКейна на конференции «Ось зла: Беларусь – недостающее звено» 14 ноября 2002 года
- ^ Сьпіс суаўтараў «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі»
- ^ Сэнатар Маккейн аб падтрымцы беларусаў
- ^ Чаму сэнатара Маккэйна не пусьцілі ў Беларусь?
- ^ Сэнатар Джон МакКэйн выступіў з заявай з нагоды забароны прэзыдэнтам Лукашэнкам уезду амэрыканскіх сэнатараў у Беларусь
- ^ Амэрыканскі сэнатар МакКейн: спадар Лукашэнка, неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліце Міхаіла Марыніча
- ^ Сыновья Михаила Маринича встретились с сенатором Джоном Маккейном (рас.)
- ^ Маккейн: “Лукашэнка — брутальны дыктатар”
- ^ Джон Макейн: «Я паглядзеў у вочы Пуціну і ўбачыў там тры літары – К, Д і Б»
- ^ Джон Маккейн исключает Россию (рас.)
- ^ Джон МакКейн приїхав до Києва (відео) // 5 канал, 14.12.2013
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Хто такі Джон Макейн
- Сайт перадвыбарчай кампаніі (анг.)
- Форум падтрымкі (анг.)
- Старонка на сайце Сэната ЗША (анг.)
- Макейнпэдыя (анг.)
- Джон Макейн на IMDb (анг.)
- Джон Макейн на MySpace (анг.)
- Джон Макейн на YouTube (анг.)