Нясьвіж — даўняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Радзівілаў, магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны. Да нашага часу тут захаваліся выдатныя помнікі дойлідзтва, у тым ліку палацава-замкавы комплекс Радзівілаў, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, і Фарны касьцёл — першы ў колішняй Рэчы Паспалітай і другі ў Эўропе твор архітэктуры стылю барока. Сярод тутэйшых славутасьцяў вылучаліся палац Альба, рэнэсансавы калегіюм езуітаў і барокавы касьцёл Сьвятога Крыжа пры кляштары бэнэдыктынаў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама барокавыя касьцёл Сьвятога Яна пры кляштары дамініканаў, касьцёл Сьвятой Кацярыны пры кляштары бэрнардынаў і капліца Сьвятога Ізыдора, зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Большую частку нясьвіскіх збораў Радзівілаў (ювэлірныя вырабы, скульптура, творы малярства, кнігі і інш.) у канцы XVIII — XIX стагодзьдзі разрабавалі і вывезьлі ў Расею, у 1950 годзе савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі[1].

Краявіды места, 1883 год
Гравюра Т. Макоўскага, 1604 год
Акварэль Ю. Пешкі, пачатак XIX стагодзьдзя
Панарама з боку замка, 1882 год
Агульны выгляд паводле Н. Орды

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

 
Касьцёл і кляштар бэрнардынаў

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[2][3] першы пісьмовы ўпамін пра Нясьвіж датуецца 1446 годам, калі вялікі князь Казімер перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу. Тым часам традыцыйна адлік гісторыі места вядзецца ад 1223 году[4][5] — паведамленьня пра князя Юрыя Нясьвіскага, які браў удзел у бітве на Калцы. Магчыма, ягонымі нашчадкамі былі князі нясьвіскія Рыгор і Іван, згаданыя ў 1388 годзе. Аднак факт існаваньня самога паселішча ў гэты час не пацьвярджаецца археалягічнымі зьвесткамі[6].

 
Калегіюм езуітаў

З 1492 году Нясьвіжам валодаў род Кішкаў. У 1513 годзе дачка гетмана вялікага Станіслава Кішкі — Ганна — пабралася шлюбам зь Янам Радзівілам «Барадатым». У 1533 годзе места канчаткова перайшло ў валоданьне Радзівілаў, якія збудавалі тут драўляны замак.

 
Альтанка ў Альбе

У XVI стагодзьдзі Нясьвіж быў адным з галоўных цэнтраў Рэфармацыі (кальвінізму) у Вялікім Княстве Літоўскім. Імёны дзеячоў таго часу, што жылі тут, набылі шырокую вядомасьць — Сымон Будны, Лаўрэн Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Салямон Рысінскі, Даніла Набароўскі і інш. пісьменьнікі, паэты, філёзафы. У 1547 годзе Мікалай Радзівіл «Чорны» атрымаў тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі, у выніку чаго места стала цэнтрам княства. У 1562 годзе ён заснаваў тут друкарню, у якой выйшлі першыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі кнігі на старабеларускай мове.

 
Летні палацык Кансаляцыя

7 траўня 1583 году ў Нясьвіжы пачалося будаваньне замка, у 1584 годзе тут заснавалі езуіцкі калегіюм, у 1591 годзе — кляштар бэнэдыктынак. У 1593 годзе завяршылася будоўля касьцёла Божага Цела пры кляштары езуітаў. У 1598 годзе пачаў дзейнічаць кляштар бэрнардынаў.

 
Панарама места, 1604 год

23 красавіка[2] 1586 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Нясьвіжу Магдэбурскае права і герб «у правай частцы герба, залатога колеру, палова чорнага арла; у левай — дзесяць касых вырубаў — залатога, блакітнага й чырвонага колераў»[7], а па вяртаньні з вандроўкі ў Сырыю, Палестыну і Эгіпет Мікалай Радзівіл «Сіротка» заснаваў Нясьвіскую ардынацыю.

 
Кляштар на Анёльскай гары

Да канца XVI стагодзьдзя Радзівілы ператварылі Нясьвіж ў фартэцыю. Места рэарганізавалі паводле заходнеэўрапейскіх прынцыпаў: прастакутны плян з 2 мураванымі брамамі на восі галоўнай вуліцы (пазьней зьявілася яшчэ некалькі брамаў), у цэнтры — прастакутны Рынак з ратушай; места атачалі ўмацаваны вал і роў. За Слуцкай брамай, на супрацьлеглым беразе Вушы ўтварылася прадмесьце Новае Места (у 1626 годзе тут збудавалі езуіцкую капліцу Сьвятога Ізыдора), а ў 1625 годзе на паўночна-заходнім баку ад Старога Места — прадмесьце Казімер.

 
Камяніца

У 1625 годзе Нясьвіж зьведаў вялізны мор, што паспрыяла адкрыцьцю тут у 1627 годзе аптэкі, у 1651 годзе мор паўтарыўся. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) двойчы ў 1654 і 1659 гадах места руйнавалі казакі і маскоўскія войскі, аднак замак здолеў вытрымаць аблогі. У 1672 годзе ў Нясьвіжы заснавалі дамініканскі кляштар. На 1673 год у месьце было 366 дымоў[2]. У 1681 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі сваім прывілеем заснаваў Нясьвіскі кірмаш. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1706 годзе места разрабавалі швэдзкія войскі.

 
Слуцкая брама, 1863 год

Адбудова Нясьвіжу вялася ў 1720-я, калі вакол муроў узьвялі новыя валы. У 1724 годзе Радзівілы ўтварылі ў замку капэлу, а ў 1740 годзе з ініцыятывы Ф. У. Радзівіл, пачаў дзейнічаць прыдворны тэатар. У 1740-я М. К. Радзівіл «Рыбанька» заклаў мануфактуру шаўковых паясоў (пазьней пераведзеная ў Слуцак), у 1747 годзе — кадэцкі корпус, а ў 1752 годзе — дывановую і суконную мануфактуры. У прадмесьці Альба, дзе з канца XVI стагодзьдзя знаходзілася замеская рэзыдэнцыя, Радзівілы ўзьвялі мураваны палац «Эрмітаж», іншыя пабудовы, уладкавалі набярэжныя каналаў.

 
Ратуша, 1820-я

У XVIІІ стагодзьдзі Нясьвіж быў значным культурным цэнтрам, тут дзейнічалі кадэцкі корпус для прыватнага войска Радзівілаў і школа флёцкіх афіцэраў (у Альбе), балетная і музычная школы, капэла і тэатар Радзівілаў. У 1750—1791 гадах у месьце працавала друкарня, дзе выдаваліся падручнікі і мастацкія творы на польскай і лацінскай мовах. У 1755 годзе ў парку «Альба» збудавалі летні палац пад назвай «Кансаляцыя».

 
Фарны касьцёл, 1882 год

Двойчы ў 1764 і 1768 гадах расейскія войскі акупавалі Нясьвіж у выніку палітычнага супрацьстаяньня Кацярыны II ды Караля Станіслава Радзівіла. А ў 1772 годзе расейскія акупанты канфіскавалі гістарычныя і мастацкія каштоўнасьці замка, бібліятэку (10 тыс. кніжак) вывезьлі ў Пецярбург і разьмеркавалі ў Акадэмію навук[8]. У 1773 годзе з утварэньнем Адукацыйнай камісіі ў Нясьвіжы адкрылася павятовая падакруговая школа. У 1792 годзе расейскія войскі зноў акупавалі места.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

 
Касьцёл Сьвятога Крыжа

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Нясьвіж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1795 годзе стаў цэнтрам павету Менскай губэрні (з 1796 году пазаштатнае места Слуцкага павету).

 
Касьцёл і кляштар дамініканаў

У вайну 1812 году места як уладаньне Дамініка Радзівіла, які з аддзелам дзейнічаў у складзе войскаў Напалеона, занялі царскія войскі. Улады Расейскай імпэрыі канфіскавалі каштоўнасьці замка: калекцыі мэдалёў і манэтаў адправілі ў Харкаўскі ўнівэрсытэт, сакральныя прадметы — у Маскву, іншыя старажытнасьці — у розныя расейскія музэі і зборы[3]. У 1813 годзе зь сьмерцю Д. Радзівіла спынілася ў мужчынскім пакаленьні тутэйшая галіна роду.

 
Старая сынагога

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1835 годзе расейскія ўлады закрылі дамініканскую школу. У 1875 годзе ў яе будынках адкрылася Нясьвіская настаўніцкая сэмінарыя. Паводле вынікаў перапісу (1897), у Нясьвіжы дзейнічалі 2 каталіцкія касьцёлы, праваслаўная царква, сынагога, 7 юдэйскіх малітоўных дамоў. 21 сьнежня 1906 году адбылася афіцыйнае рэгістрацыя польскага таварыства «Асьвета» ў Нясьвіжы, якое займалася падтрымкай адукацыі на польскай мове; расейскія ўлады зьліквідавалі яго ў 1909 або ў 1910 годзе[9]. У 1909 годзе ў часе выбараў мясцовага самакіраваньня ў мескую раду трапілі 11 рыма-каталікоў (лічыліся палякамі), 3 праваслаўныя (расейцы) і 1 юдэй[10]. У 1917 годзе па скасаваньні забароны польскамоўнай асьветы, у Нясьвіжы зьявілася польская сярэдняя школа[11]. У Першую сусьветную вайну ў лютым — сьнежні 1918 году места займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час рэдагаваць

 
Замкавая вежа, 1882 год

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нясьвіж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[12].

 
Тыповы мяшчанскі дом, 1907 год

14 сакавіка 1919 году выбухнула паўстаньне: жыхары вызвалілі места з-пад савецкай улады; аднак праз 5 дзён бальшавікі здушылі выступленьне, а ягоных арганізатараў расстралялі[13]. 6 жніўня 1919 году Нясьвіж занялі польскія войскі, у ліпені 1920 году — бальшавікі[3]. З кастрычніка 1920 году места знаходзілася пад польскай уладай. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Нясьвіж апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час адкрыліся беларуская гімназія, мескі музэй у будынку ратушы, дзе зьберагаліся старажытныя пэргамэнтныя дакумэнты, залатыя ключы ад мескіх брамаў і інш. У кастрычніку 1926 году тут адбылася сустрэча маршала Юзэфа Пілсудзкага з буйнымі зямянамі.

У 1939 годзе Нясьвіж увайшоў у БССР, ад гэтага часу радзівілаўская ардынацыя спыніла сваё існаваньне. У 1940 годзе места стала цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 2—4 ліпеня 1944 году Нясьвіж знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1944 годзе савецкая ўлада пераўтварыла колішні замак Радзівілаў у санаторыю.

У 1993 годзе ўтварыўся гістарычна-культурны музэй-запаведнік «Нясьвіж», у 1995 годзе адкрыўся Нясьвіскі гістарычна-краязнаўчы музэй. У 1996 годзе адбыўся першы фэст камэрнай музыкі «Музы Нясьвіжу». У 1997 годзе ў Нясьвіжы прайшло сьвята — Дзень беларускай пісьменнасьці. У 2006—2011 гадах вялася рэканструкцыя замка Радзівілаў, якую беларускія архітэктары крытыкуюць за недастатковую навуковасьць і прафэсіяналізм, вынікам чаго стаўся разбуральны характар «рэстаўрацыйных» працаў[14].

Галерэя рэдагаваць

Малюнкі Напалеона Орды рэдагаваць

Замак Радзівілаў рэдагаваць

Пляны і рысункі рэдагаваць

Фарны касьцёл рэдагаваць

Ратуша рэдагаваць

Рынак рэдагаваць

Вуліца Віленская рэдагаваць

Вуліца Студэнцкая рэдагаваць

Вуліца Слуцкая рэдагаваць

Вуліца Бэнэдыктынская або Паненская рэдагаваць

Вуліца Бэрнардынская або Злотніцкая рэдагаваць

Вуліца Дамініканская рэдагаваць

Школьны Двор рэдагаваць

Новае Места рэдагаваць

Паркі рэдагаваць

Іншае рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Кірпа С. Скарбы Нясвіжа: гісторыя стварэння і рабавання // «Туризм и отдых» № 39 (724), 8 кастрычніка 2009.
  2. ^ а б в Пазднякоў В. Нясвіж // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 368.
  3. ^ а б в Пазднякоў В. Нясвіж // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 342.
  4. ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London, 1998. P. 166.
  5. ^ Страчаная спадчына. — Менск, 2003.
  6. ^ Лахманенка Л. Варыяцыі на тэму нясвіжскай цытадэлі(недаступная спасылка) // «Звязда» № 119 (26983), 28 чэрвеня 2011.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 208.
  8. ^ Пазднякоў В. Нясвіж // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 369.
  9. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 37—38.
  10. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 169.
  11. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 46.
  12. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  13. ^ Камінскі А. Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі. — Lipsk: Fundacja Badań nad Dyktaturą SED, 2011 pdf. С. 211—213.
  14. ^ Бабіна Н. Гутарка з Уладзімерам Папругам: Што зь Нясьвіжам вырабілі // «Наша Ніва», 15 траўня 2008.

Літаратура рэдагаваць