Нясьвіскае паўстаньне
Нясьві́скае паўста́ньне — узброенае паўстаньне мірнага, ў большасьці каталіцкага насельніцтва Нясьвіжу супраць бальшавікоў 14-19 сакавіка 1919 году. З-за пераацэнкі паўстанцамі хуткасьці наступу Польскага войска, паўстаньне было задушанае, а арганізатары расстраляны. У памяць пра паўстаньне былі пастаўлены два помнікі, адзін зь іх захаваўся да сёньняшняга часу.
Нясьвіскае паўстаньне | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Помнік на магіле паўстанцаў | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
насельніцтва Нясьвіжу | Савецкая Расея | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Мечыслаў Валністы, Палікарп Календа, Юзаф Янушкевіч, Канстанцін Шыдлоўскі, Станіслаў Іваноўскі | камісар Крывашэін | ||||||||||
Страты | |||||||||||
Забіта найменьш 5 паўстанцаў | Забіта найменьш 4 бальшавіцкіх дзеяча | ||||||||||
Падставы
рэдагавацьУ лістападзе 1917 году ў Нясьвіскім замку адбыўся зьезд бальшавікоў 2-й арміі Заходняга фронту, які абраў ваенна-рэвалюцыйны камітэт, што меў на мэце гвалтам падпарадкаваць сваёй волі беларусаў. Аднак хутка не дамовіўшыся ў Берасьці, бальшавікі вымушаны былі сьпешна адысьці пад наступам немцаў.
На пачатку 1919 году немцы пачалі самохаць пакідаць акупаваную імі Беларусь. Адразу пасьля адыходу немцаў ў Нясьвіжы абралі Камітэт на чале з папулярным доктарам Бароўскім, які разагналі мясцовыя бальшавікі, якімі кіраваў Андрэй Пракапчук. Да гэтага чырвоныя захапілі маёнтак Малева і прысабечылі там коней, стварыўшы такім чынам чырвонаармейскі конны атрад. Гэты эскадрон на чале з Андрэем Пракапчуком рушыў на мястэчка Лань, дзе арыштаваў абранага насельніцтвам старшыню валасной управы эсэра Кадэбскага і ўтварыў са свайго складу рэўкам, а потым, пасьля таго, як немцы пакінулі Нясьвіж, накіраваўся туды.
Ход паўстаньня
рэдагавацьНа пачатку 1919 году Нясьвіж быў заняты бяз бою бальшавікамі. У лютым пачалася польска-бальшавіцкая вайна, і Польскае войска пачала выцясьняць Чырвоную армію на ўсход. У гэтай сытуацыі частка жыхароў Нясьвіжу, перш за ўсё каталікі, пастанавілі снаваць змову з мэтай арганізацыі паўстаньня і вызваленьня гораду з рук бальшавікоў да прыходу польскіх войскаў. Арганізацыйны камітэт паўстаньня ўзначаліў дырэктар мясцовай школы, Мечыслаў Валністы[1].
Уночы з 14 на 15 сакавіка 1919 году чатыры ўзводы паўстанцаў занялі самыя важныя будынкі гораду і ліквідавалі мясцовы савет[1]. Застаўшыся бяз войска, мясцовыя бальшавікі спрабавалі зладзіць супраціў, аднак ў часе бітвы загінулі старшыня выканкаму Файнбэрг, камісары Розэнблюм і Грынблат ды старшыня ЧК Татур.
Аднойчы ноччу я разам з чырвонаармейскім атрадам рушыў на выкананьне баявога загаду — узяць удзел у барацьбе з атрадамі пілсудчыкаў, якія наступалі ў раёне вёскі Сіняўка. Пакуль мяне не было ў Нясьвіжы, там пачалося контрарэвалюцыйнае паўстаньне: раніцай ворагі напалі на савет, забілі старшыню ЧК Татура і Грынблята. Мой атрад толькі што вярнуўся ў горад. Але ініцыятыва была ў руках паўстанцаў, і нам давялося адступаць. | ||
—Андрэй Пракапчук, Успаміны |
Бальшавікі пакінулі горад, накіраваўшыся да чыгункі, якая вяла да Менску, і запрасілі адтуль дапамогі. 19 сакавіка Чырвоная Армія ізноў заняла горад. Паўстанцы, узброеныя старымі вінтоўкамі розных сыстэмаў, некалькі гадзінаў супрацьстаялі блізу сотні чырвонаармейцаў, якія, апрача вінтовак і гранатаў, мелі два кулямёты. Толькі пад аховай цемры яны пакінулі Нясьвіж, адышоўшы да бліжэйшага мястэчка Альбы, аднак бальшыня зь іх падалася да Баранавічаў, дзе далучылася да батальёну маёра Дамброўскага[2].
Камісар Крывашэін у сваёй справаздачы 19-га сакавіка на паседжаньні Менскага губрэўкаму заўважыў: «Досыць было мець 30 добра ўзброеных камуністаў, каб прагнаць банды з Нясьвіжу»[2].
Пасьля заняцьця гораду ЧК арыштавала кіраўнікоў паўстаньня — Мечыслава Валністага, Палікарпа Календу, Юзафа Янушкевіча, Канстанціна Шыдлоўскага і Станіслава Іваноўскага. Яны былі перавезеныя ў даўні кляштар бэнэдыктынцаў, які бальшавікі выкарыстоўвалі як вязьніцу, а 24 сакавіка 1919 году іх расстралялі ў Крыжацкім Лесе[1].
Маці выратавала ад варожае кулі начальніка паліцыі пры паўстанцах Міхася Красьніцкага, перахоўваючы яго да прыйсьця легіянэраў, у падзямельлі паміж замкам і Міхайлаўскай гарой, аднак, захварэўшы там на сухоты, ён пражыў пасьля гэтага нядоўга — за ягонай труной ішоў увесь Нясьвіж[2].
Ушанаваньне
рэдагавацьПасьля заканчэньня польска-бальшавіцкай вайны, калі Нясьвіж увайшоў у склад Польскай Рэспублікі, у горадзе ўсталявалі два помнікі ў памяць пра польскіх ахвяр паўстаньня. Адзін зь іх знаходзіўся ў цэнтры гораду і быў разбураны ў час ІІ сусьветнай вайны. Другі — гэта надмагільле на каталіцкіх могілках у Нясьвіжы, усталяванае 24 сакавіка 1926 году на магіле арганізатараў паўстаньня. Яго фундатарамі былі вучні і настаўнікі мясцовай гімназіі. Пасьля 1990 году ён быў адрамантаваны і існуе да сёньняшняга часу. Мае форму вялікага, чатырохбаковага крыжа з чырвонага граніту, на якім напісаны прозьвішчы расстраляных, дата сьмерці і цытата з польскага паэта Яна Каханоўскага: A jeśli komu droga otwarta do nieba, Tym, co służą ojczyźnie (бел. А калі каму і адчынена дарога на неба, то гэта тым, хто служыць Айчыне). Пасьля 1944 з магілы быў зьбіты надпіс pomordowani przez bolszewików (бел. забітыя бальшавікамі)[1].
Галерэя
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі / Пад рэд. Анны Камінскі. — Лейпцыг: Фонд даследавання камуністычных дыктатур, 2011. — 278 с.
- Віцьбіч Ю. Нясьвіжскае паўстаньне // Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. — Вільня: Gudas, 2007. — 308 с.