Нясьвіскі кадэцкі корпус

Нясьвіскі кадэцкі корпус — вайсковая навучальная ўстанова ў Нясьвіжы ў XVIII стагодзьдзі для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі.

Гісторыя

рэдагаваць

Заснаваны вялікім гетманам ВКЛ Мікалаем Крыштафам Радзівілам «Рыбанькам». Паводле ягонае «Пастановы, служачай да адукацыі кадэцкага корпусу» ад 25 траўня 1747 году, на навучаньне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся француская, нямецкая, расейская, лацінская мовы, а таксама геамэтрыя, матэматыка, цывільная й вайсковая архітэктура, маляваньне, айчыннае права, айчынная й агульная гісторыя. Кадэтаў абучалі верхавой язьдзе, фэхтаваньню, танцам. Вучні павінны былі размаўляць паміж сабою на замежных мовах. Яны адбывалі вартавую службу. У лістападзе 1761 году было 13 вучняў. Верагодна, корпус заняпаў у 1750-я гады.

Быў адроджаны Каралем Станіславам Радзівілам «Пане Каханку» ў 1767 годзе. Паводле яго інструкцыі ў корпус прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з радзівілаўскіх гарадоў і шляхецкую моладзь (у іншыя кадэцкія карпусы краіны прымалі толькі шляхту). Меркавалася набраць 48 чалавек, але фактычна было значна менш (напрыклад, у кастрычніку 1770 году — 17 кадэтаў).

Выкладчыкамі пераважны былі немцы, а таксама кадэту папярэдніх гадоў набору. Выкладаліся француская, нямецкая мовы, матэматыка, геамэтрыя, лёгіка, маляваньне, артылерыя, архітэктура.

Корпус месьціўся ў Нясьвіскім замку. Кадэтам штомесяц выплачвалася па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х гадоў корпус заняпаў.

Літаратура

рэдагаваць
  • S., Kilka szczegółów o korpusie kadetów w Nieświetu
  • Анішчанка, Я. Нясьвіскі кадэцкі корпус / Яўген Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 373.