Газпрам

расейская энэргетычная кампанія
(Перанакіравана з «Газпром»)

«Газпрам» (рас. Газпром) — газаздабыўная дзяржаўная транснацыянальная карпарацыя Расеі, заснаваная ў жніўні 1989 году ў Маскве замест Міністэрства газавай прамысловасьці СССР.

«Газпрам»
рас. «Газпром»
Выява лягатыпу
Тып публічнае акцыянэрнае таварыства
Лістынг на біржы МСХ: GAZP
Дэвіз Нацыянальны набытак
Заснаваная 8 жніўня 1989 (35 гадоў таму)
Заснавальнікі Савет міністраў СССР
Уласьнікі Federal Agency for State Property Management[d][1] і Rosneftegaz[d][2]
Краіна
Разьмяшчэньне Расея, Масква, Паўднёва-заходняя адм.акруга, раён Чаромушкі, вул. Намёткіна, д. 16
Ключавыя фігуры Аляксей Мілер, Віктар Зубкоў
Галіна здабыўная прамысловасьць
Прадукцыя прыродны газ
Абарачэньне 8,54 трлн рас.руб (2023 год; 95,687 млрд $)
Апэрацыйны прыбытак -364 млрд рас.руб (2023 год; -4,078 млрд $)
Чысты прыбытак -629 млрд рас.руб (2023 год; -7,047 млрд $)[3]
Лік супрацоўнікаў 462,4 тыс. (2016 г.)[4]
Матчына кампанія Фэдэральнае агенцтва кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю Расеі(ru) (Масква, Цэнтральная адм.акруга, Цьвярскі раён)
Даччыныя кампаніі «Газпрам нафта»(ru) (Санкт-Пецярбург), «Газпрам энэргахолдынг»(ru) (Санкт-Пецярбург), «Газпрам нафтахім Салават» (Башкартастан)
Аўдытар ТАА «Фінансавыя і бухгальтарскія кансультанты»(ru) (Масква, Цэнтральная адм.акруга, Басманны раён)

Паводле 3-га артыкула Фэдэральнага закона Расейскай Фэдэрацыі ад 18 ліпеня 2006 г. «Аб экспарце газа», валодае выключным правам на экспарт з Расеі прыроднага газа па трубаправодах, бо: «1. Выключнае права на экспарт прыроднага газа ў газападобным стане надаецца арганізацыі-ўласьніцы адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня» Расеі[5]. На 31 сьнежня 2015 г. «Газпрам» наймаў 462,4 тыс. супрацоўнікаў, зь іх 26,8 тыс. (5,8%) за межамі Расеі; у тым ліку 6,5 тыс. (24,3% замежнага найму) у «Газпрам трансгаз Беларусь» (да 18 красавіка 2013 г. «Белтрансгаз») у Беларусі. З агульнага ліку супрацоўнікаў 55% складалі работнікі, 31% адмыслоўцы і службоўцы, 14% кіраўнікі. Паводле найму: 51% супрацоўнікаў працаваў на даччыныя прадпрыемствы «Газпрама» ў галіне здабычы, транспартаваньня, перапрацоўкі і паземнага захоўваньня газа; 14% — на ПАТ «Газпрам нафта»(ru) (Санкт-Пецярбург, Адміралцейскі раён, вул. Паштамцкая, д. 3); 10% — на ТАА «Газпрам энэргахолдынг»(ru) (Санкт-Пецярбург, Петраградзкі раён, прасп. Дабралюбава, д. 16, корп. 2а); 5% — уласна на ПАТ «Газпрам»; 3% — на ТАА «Газпрам нафтахім Салават»(ru) (Салават, Башкартастан); 17% — на іншыя дачынныя прадпрыемствы[4].

У 2015 г. на «Газпрам» прыпала 66% газаздабычы ў Расеі і 11% у сьвеце. На 2016 г. прадпрыемству належалі 72% запасаў газа ў Расеі і 17% у сьвеце, што рабіла яго найбольшым уласьнікам запасаў прыроднага газу ў сьвеце. Найбольшая газаздабыча ажыцьцяўлялася: у асноўным на паўвостраве Ямал (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга), адкуль газ паступаў у тым ліку ў Беларусь; на арктычным шэльфе (пераважна Карскае і Баранцава мора); ва Ўсходняй Сыбіры (Іркуцкая вобласьць); на Далёкім Усходзе (востраў Сахалін). «Газпрам» валодаў 171,2 тыс. км газаправодаў, што рабіла яго найбольшым уласьнікам газаправодаў у сьвеце; у тым ліку міжнароднага газаправода «Ямал — Эўропа», які праклалі празь Беларусь. У 2015 г. на прадпрыемства прыпала больш за палову продажу газу ўнутры Расеі. За мяжу газ пастаўляўся ў 30 краінаў, у тым ліку ўвесь спажываны ў Беларусі прыродны газ. На 2016 г. «Газпрам» меў адзіны ў Расеі завод звадкаванага прыроднага газа, які знаходзіўся ў Карсакаўскім раёне на Сахаліне. У 2015 г. даччынае ПАТ «Газпрам нафта» займала 4-е месца ў Расеі паводле вырабу нафты. На даччынае ТАА «Газпрам энэргахолдынг» прыпала 17% агульнай усталяванай магутнасьці расейскай энэргасыстэмы і найбольшы ў сьвеце выраб цеплавой энэргіі.

Уласьнікі

рэдагаваць

Паводле 15-га артыкула Фэдэральнага закона Расейскай Фэдэрацыі ад 31 сакавіка 1999 г. «Аб газазабесьпячэньні Расейскай Фэдэрацыі», «Газпрам» зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам Расеі, бо: «Сумарная доля звычайных акцыяў арганізацыі-ўласьніцы Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня, якія знаходзяцца ва ўласнасьці Расейскай Фэдэрацыі і ва ўласнасьці акцыянэрных таварыстваў, больш за 50% акцыяў якіх знаходзіцца ва ўласнасьці Расейскай Фэдэрацыі, ня можа складаць менш за 50% плюс 1 акцыя агульнай колькасьці звычайных акцыяў арганізацыі-ўласьніцы Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня» Расеі[6].

У выніку на 11 траўня 2016 г. урад Расеі валодаў 50,232% акцыяў «Газпрама» праз:

Астатнія акцыі належалі:

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Агульны сход акцыянэраў. Склікаецца штогод. Правамоцны пры ўдзеле ўласьнікаў больш за палову паёў прадпрыемства. Ухваляе пастановы большасьцю галасавальных акцыяў, уласьнікі якіх удзельнічаюць у сходзе. Абірае склад Рады дырэктароў, сябраў Рэвізійнай камісіі і аўдытара. Можа зацьвярджаць выкуп выпушчаных акцыяў.
  • Рада дырэктароў. Паўнамоцная пры ўдзеле больш за палову сябраў. Ухваляе пастановы большасьцю галасоў удзельнікаў паседжаньня. Абірае ўласнага старшыню і яго намесьніка са свайго складу. Зацьвярджае гадавы каштарыс і ўкладаньні прадпрыемства, разьмяшчэньне аблігацыяў. На 5 гадоў прызначае склад Кіраўніцтва, у тым ліку яго старшыню. Ухваляе стварэньне падразьдзяленьняў і прадстаўніцтваў прадпрыемства.
  • Кіраўніцтва. Правамоцнае пры ўдзеле ў паседжаньні прынамсі паловы сябраў. Зацьвярджае ўнутраныя разьліковыя цэны на газ і ўнутраныя разьліковыя расцэнкі на паслугі яго транспартаваньня. Пастановы падпісвае старшыня, які зацьвярджае штаты (расклад працы і колькасьць) работнікаў і выдае ім загады.
  • Рэвізійная камісія. Штогод правярае грашовыя пастановы Кіраўніцтва і Рады дырэктароў на адпаведнасьць Статуту і пастановам Агульнага сходу акцыянэраў. Правярае законнасьць грашовых разьлікаў паводле заключаных прадпрыемствам дамоваў[8].

Вытворчасьць

рэдагаваць

За 2015 г. «Газпрам» здабыў 418 млрд м³ прыроднага газу, што склала 66% ад яго здабычы ў Расеі і 11% у сьвеце. Даччынае ПАТ «Газпрам нафта» здабыла 36 млн тонаў нафты і 15,3 млн тонаў газавага кандэнсату. Спажыўцам у Расеі паставілі 221,2 млрд м³ (49,6%) газу, за мяжу — 224,7 млрд м³ газу. Завод звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) ў Карсакаўскім раёне на Сахаліне з 4,75 млрд м³ вырабіў 3,56 млн тонаў ЗПГ, які пастаўляўся за мяжу. Даччынае ТАА «Газпрам энэргахолдынг» вырабіла 14% электраэнэргіі ў Расеі на 79 электрастанцыях агульнай усталяванай магутнасьцю больш за 38 гігават. У выніку пабудовы за 2005—2015 гады 27,8 тыс. км газаправодаў газіфікацыя жытла ў Расеі вырасла да 66,2% (+12,9%).

Дачынныя прадпрыемствы

рэдагаваць

На 2016 г. даччынымі прадпрыемствамі «Газпрама» па-за газавай прамысловасьцю зьяўляліся:

  • «Газпрам авія»
  • «Газпрам касьмічныя сыстэмы» (Каралёў, Маскоўская вобласьць)
  • «Газпрам нафта» (Санкт-Пецярбург)
  • «Газпрам нафтахім Салават» (Башкартастан)
  • «Газпрам энэргахолдынг» (Санкт-Пецярбург)
  • «Газпрамбанк» (35,54%)
  • футбольны клюб «Зэніт» (Санкт-Пецярбург)

За мяжой:

Мінуўшчына

рэдагаваць

8 жніўня 1989 г. Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову № 619 «Аб утварэньні Дзяржаўнага газавага канцэрна „Газпрам“» замест Міністэрства газавай прамысловасьці СССР. Пастанову зацьвердзілі на прапанову Віктара Чарнамырдзіна, які займаў пасаду міністра газавай прамысловасьці з 1985 году і пажадаў атрымаць паўнамоцтвы прызначаць падначаленых кіраўнікоў без узгадненьня з урадам. Чарнамырдзін і ўзначаліў створаны канцэрн, які месьціўся ў Маскве па адрасе: вул. Будаўнікоў, д. 8, корп 1. Паводле 2-га пункта Пастановы загадвалася: «2. Улучыць у склад „Газпрама“ прадпрыемствы, якія непасрэдна забясьпечваюць працу Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня СССР, у тым ліку вытворчыя аб’ядненьні здабычы, перапрацоўкі, транспарту газа, вытворчыя аб’яднаньні транспартаваньня і пастаўкі газа, а таксама кіраўніцтвы газавага нагляду, працоўнага забесьпячэньня і сельскай гаспадаркі, дыспэтчарскія і іншыя прадпрыемствы». 4-ы пункт Пастановы прадугледжваў, што: «Кіраўніцтва працай канцэрна „Газпрам“ ажыцьцяўляе Бюро Савета міністраў СССР па паліўна-энэргетычным комплексе»[9]. Пасьля скасаваньня СССР у выніку Белавескага пагадненьня ад 8 сьнежня 1991 году «Пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў» «Газпраму» дасталіся 2/3 газаправодаў і 3/4 магутнасьці кампрэсарных станцыяў Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня, створанай у СССР.

5 лістапада 1992 г. расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын падпісаў Указ № 1333 «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага газавага канцэрна „Газпрам“ у Расейскае акцыянэрнае таварыства „Газпрам“». 2-ім пунктам Указа загадвалася: «2. Ускласьці на РАТ „Газпрам“ адказнасьць за забесьпячэньне: … кантролю за функцыянаваньнем Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня краіны». Тамсама згадвалася, што: «„Газпрам“ стварае адзіны фонд стабілізацыі і разьвіцьця для падтрыманьня і разьвіцьця магутнасьцяў здабычы газу і кандэнсату (нафты), фінансаваньня агульнагаліновых і іншых выдаткаў за кошт адлічэньняў ад сабекошту прадукцыі», што выключала падаткаабкладаньне адлічаных у фонд грошай. Паводле 4-га пункта прадугледжвалася, што: «Цягам 3 гадоў з моманту заснаваньня РАТ „Газпрам“ доля Расейскай Фэдэрацыі мае складаць прынамсі 40% яго акцыяў. Цягам 1992—1993 гадоў: да 15% акцыяў РАТ „Газпрам“ прадаецца ў парадку закрытай падпіскі сябрам працоўных калектываў і адміністрацыі прадпрыемстваў (Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня ў складзе „Газпрама“) … на льготных умовах, усталяваных заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі аб прыватызацыі; прынамсі 20% акцыяў РАТ „Газпрам“ рэалізуецца грамадзянам Расейскай Фэдэрацыі за прыватызацыйныя чэкі». У 6-м пункце адзначалася, што: «Прадпрыемствы „Якутгазпрам“ і „Нарыльскгазпрам“, якія ўваходзяць у канцэрн „Газпрам“, прыватызуюцца». Паводле 10-га пункта прадугледжвалася: «З улікам манапольнага становішча РАТ „Газпрам“ на расейскім рынку газа, прызнаць патрэбным заключэньне ім да 1 студзеня 1993 г. вытворчага кантракта з органамі дзяржаўнага кіраваньня», які ўлучае «мэханізм рэгуляваньня цэнаў на газ»[10].

14 сьнежня 1992 г. Ельцын прызначыў Указам № 1567 былога кіраўніка «Газпрама» Чарнамырдзіна на пасаду старшыні ўраду Расеі, што павялічыла гаспадарчы ўплыў «Газпрама». 17 лютага 1993 г. Урад Расейскай Фэдэрацыі за подпісам Чарнамырдзіна зацьвердзіў Пастанову № 138 «Аб заснаваньні Расейскага акцыянэрнага таварыства „Газпрам“», паводле якога ўхваліў Статут РАТ «Газпрам». Паводле 7-га пункта Пастановы прадпісвалася: «перадаць у статутны капітал акцыянэрнага таварыства «Расгазіфікацыя»(ru) 1,1% акцыяў РАТ „Газпрам“»[11]. Паводле 6-га пункту 5-га артыкула Статуту РАТ «Газпрам», «У Таварыства на момант яго заснаваньня ўваходзяць наступныя прадпрыемствы [агулам 37], 100% капіталу (маёмасьці) якіх належыць Таварыству: вытворчае аб’яднаньне „Урангойгазпрам“; вытворчае аб’яднаньне „Надымгазпрам“; прадпрыемства „Ямбурггазздабыча“; прадпрыемства „Арэнбурггазпрам“; прадпрыемства „Астраханьгазпрам“, прадпрыемства „Поўначгазпрам“; прадпрыемства „Кубаньгазпрам“; прадпрыемства „Сургутгазпрам“; прадпрыемства „Цюменьтрансгаз“; прадпрыемства „Лентрансгаз“; прадпрыемства „Мастрансгаз“; прадпрыемства „Томсктрансгаз“; прадпрыемства „Пермтрансгаз“, прадпрыемства „Уралтрансгаз“; прадпрыемства „Баштрансгаз“; прадпрыемства „Каўказтрансгаз“; прадпрыемства „Волгатрансгаз“; прадпрыемства „Поўдзеньтрансгаз“; прадпрыемства „Таттрансгаз“; прадпрыемства „Самаратрансгаз“; прадпрыемства „Валгаградтрансгаз“; прадпрыемства „Дагестангазпрам“; прадпрыемства „Цюменьбургаз“; прадпрыемства „Прыпалярбургаз“; зьнешнегаспадарчае прадпрыемства „Газэкспарт“; інстытут „ЦюменьНДІдзіпрагаз“; інстытут „ВНДІгаз“; вытворча-камэрцыйнае прадпрыемства „Цюменьгаззабеспкамплект“; прадпрыемства „ГазкамплектІмпэкс“; фірма „Газабясьпека“; фірма „Інфармгаз“; Новаўрангойская дырэкцыя нафтагазахімічнага комлекса, які будуецца; Цэнтральная станцыя тэхналягічнай сувязі; кіраўніцтва сувязі „Цюменьгазсувязь“; Цэнтральнае вытворча-дыспэтчарскае кіраўніцтва; Кіраўніцтва газавага нагляду ў Расейскай Фэдэрацыі; вытворча-камэрцыйнае аб’яднаньне „Газкампрамсельбуд“»[12].

20 траўня 1993 г. Міністэрства фінансаў Расейскай Фэдэрацыі ўлічыла за № МФ73-1п-0204 выпуск 236 735 129 акцыяў РАТ «Газпрам», намінальны кошт кожнай зь якіх склаў 1000 расейскіх рублёў[7]. Такім чынам, кошт акцыянэрнага капіталу склаў 236 735,129 млн рас.руб ($251,846 млн)[13]. 17 лютага 1994 г. старшыня Кіраўніцтва РАТ «Газпрам» Рэм Вяхіраў і 1-ы намесьнік старшыні Ўраду Расеі Алег Саскавец, на загад Чарнамырдзіна, падпісалі Дамову «Аб заснаваньні давернай уласнасьці». Паводле 4 і 5 пунктаў Дамовы, «Газпрам» на 2 гады атрымаў у кіраваньне 35% з 40% сваіх акцыяў ва ўласнасьці ўраду Расеі. Паводле 8-га пункта, «РАТ „Газпрам“ перадаецца 45% дывідэндаў па акцыях», атрыманых у кіраваньне (35%)[14]. У красавіку 1994 г. пачалося набыцьцё акцыяў «Газпрама» за прыватызацыйныя чэкі. За студзень-жнівень 1995 г. «Газпрам» заашчаджаў $3,4 млрд у сваім фондзе стабілізацыі і разьвіцьця шляхам адлічэньня часткі выручкі без сплаты падаткаў. 1 верасьня 1995 г. Ельцын Указам № 894 пазбавіў «Газпрам» права накіроўваць у фонд грошы «ў частцы адлічэньняў ад сабекошту», што прывяло да іх падаткаабкладаньня. У кастрычніку 1996 г. «Газпрам» прадаў 1,15% сваіх акцыяў у выглядзе амэрыканскіх дэпазытарных расьпісак на Нью-Ёрскай фондавай біржы (ЗША). Тым часам, замежныя грамадзяне маглі валодаць да 9% акцыяў прадпрыемства. У сьнежні 1997 г. «Газпрам» прадаў аблігацыі на $2,5 млрд.

23 сакавіка 1998 г. Ельцын зьняў Чарнамырдзіна з пасады старшыні ўраду Расеі. Наступны ўрад Сяргея Кірыенкі адразу падаў позву супраць «Газпрама» за падатковую запазычанасьць у некалькі мільярдаў даляраў. Пры канцы 1998 г. «Газпрам» пакрыў пратэрмінаваную выплату падаткаў пасьля пачатку канфіскацыі маёмасьці падатковай паліцыяй. У выніку ў 1998 г. «Газпрам» упершыню стаўся стратным прадпрыемствам. Тым часам, 26 чэрвеня 1998 г. сход акцыянэраў РАТ «Газпрам» зацьвердзіў рашэньне пра ператварэньне прадпрыемства ў адкрытае акцыянэрнае таварыства (ААТ). 30 чэрвеня 1998 г. Чарнамырдзін заняў пасаду старшыні Рады кіраўнікоў ААТ «Газпрам». 30 сьнежня 1999 г. запусьцілі ўвесь беларускі ўчастак міжнароднага магістральнага газаправода «Ямал — Эўропа». У 2000 г. Рада кіраўнікоў «Газпрама» абавязала старшыню Кіраўніцтва «Газпрама» Рэма Вяхірава ўзгадняць усе маёмасныя ўгоды. На пачатку 2001 г. скасавалі ўмову, паводле якой Вяхірава можна было звольніць толькі зь ягонай уласнай згоды. 26 студзеня 2001 г. даччынае прадпрыемства «Газпрам Мэдыя» набыло 46% паёў найбольшага расейскага прыватнага тэлеканала «НТБ» (рас. НТВ). 31 кастрычніка 2001 г. пачалі здабычу газа ў Запалярным радовішчы (Тазаўскі раён, Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга). 20 лютага 2003 г. распачалі камэрцыйную пастаўку газа праз газаправод «Блакітны паток» у Турэччыну (дыямэтар трубы на дне мора 610 мілімэтраў). На 1 студзеня 2004 г. урад Расеі валодаў 38,7% акцыяў «Газпрама» і меў большасьць месцаў у Радзе кіраўнікоў прадпрыемства. Да сьнежня 2004 г. урад Расеі дакупіў акцыі прадпрыемства да больш як 50%-й дзелі.

21 кастрычніка 2005 г. «Газпрам» набыў за $13,01 млрд у Рамана Абрамовіча 75,679% акцыяў нафтаздабыўнога прадпрыемства «Сыбнафта», якое з чэрвеня 2006 г. стала называцца ААТ «Газпрам нафта» (Санкт-Пецярбург). Куплю ажыцьцявілі пры дапамозе $12 млрд пазыкі. У выніку «Газпрам» стаўся найбольшым прадпрыемствам Расеі. 23 сьнежня 2005 г. расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў папраўкі ў 15-ы артыкул закона ад 31 сакавіка 1999 г. «Аб газазабесьпячэньні Расейскай Фэдэрацыі», паводле якіх доля ўраду Расеі «ня можа складаць менш за 50% плюс 1 акцыя агульнай колькасьці звычайных акцыяў арганізацыі-ўласьніцы Адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня», то бок «Газпрама». Замежныя грамадзяне і прадпрыемствы маглі валодаць да 20% акцыяў прадпрыемства. 18 ліпеня 2006 г. Пуцін падпісаў Фэдэральны закон Расейскай Фэдэрацыі «Аб экспарце газа», паводле 3-га артыкула якога «Газпрам» надзяляўся манаполіяй на вываз прыроднага газу за мяжу, як «арганізацыя-ўласьніца адзінай сыстэмы газазабесьпячэньня» Расеі[5]. У выніку «Газпрам» істотна павысіў цану газу пры пастаўцы за мяжу і запатрабаваў аддаць яму газаправоды ў сумежных дзяржавах у якасьці аплаты за даражэйшы газ. Пры канцы сьнежня 2006 г. такая перамена выклікала беларуска-расейскі энэргетычны канфлікт, бо «Газпрам» павысіў цану м³ газу больш як у 2,14 раза да $100 з $46,68 у 2004—2006 гадах. У выніку «Газпрам» дамогся згоды на паступовае несяброўскае паглынаньне «Белтрансгаза». 18 траўня 2007 г. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь падпісаў дамову аб паступовым продажы (да сакавіка 2010 г.) «Газпраму» за $2,5 млрд 50% акцыяў ААТ «Белтрансгаз», што належалі Рэспубліцы Беларусь.

25 красавіка 2007 г. Рада кіраўнікоў «Газпрама» зацьвердзіла Стратэгію ў электраэнэргетыцы, якая прадугледжвала стварэньне ТАА «Газаэнэргетычнай кампаніі» (з траўня 2009 г. «Газпрам энэргахолдынг») ў якасьці найбольшага вытворцы электраэнэргіі ў Расеі. У траўні 2008 г. рынкавая капіталізацыя «Газпрама» дасягнула найбольшага памеру ў $365,1 млрд. У верасьні 2008 г., праз 4 месяцы, яна абвалілася на 79% (у больш як 4,7 раза) да $77,1 млрд у сувязі з крахам найбольшых інвэстыцыйных банкаў. У чэрвені 2010 г. адбыўся паўторны газавы канфлікт Беларусі і Расеі ў сувязі з адцягненьнем зацьвярджэньня ўступленьня ў Мытны зьвяз Беларусі, Казахстана і Расеі. 8 верасьня 2011 г. запусьцілі ўнутрырасейскі газаправод «Сахалін — Хабараўск — Уладзівасток». 8 лістапада 2011 г. пачалася камэрцыйная пастаўка газу празь міжнародны газаправод «Паўночны паток» у Нямеччыну (дыямэтар трубы 122 см). 1 сьнежня 2011 г. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь прадаў «Газпраму» другую палову акцыяў «Белтрансгаза» за $2,5 млрд паводле дамовы ад 25 лістапада 2011 г., каб атрымаць пазыку ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС падчас фінансавага крызісу ў Беларусі 2011 году. У 2011 г. «Газпрам» атрымаў $44,56 млрд чыстага прыбытку, што было найбольшым паказьнікам сярод прадпрыемстваў сьвету.

16 студзеня 2014 г. «Газпрам» набыў астатнія 20% паёў ЗАТ «АрмРасгазпрам» (Ерэван, Армэнія), які перайменаваў у «Газпрам Армэнія». 10 красавіка 2014 г. набыў ТАА «КыргызгазПрам» (Кыргыстан), які перайменаваў у «Газпрам Кыргыстан». У 2014 г. прыбытак прадпрыемства паводле Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці ўпаў у 7,1 раза да 159 млрд расейскіх рублёў у сувязі з дэвальвацыяй расейскай валюты. Акцыі «Газпрама» склалі 17% сярэднедзённага аб’ёму гандлю паямі на Маскоўскай біржы, дзе прадпрыемства заставалася найбольшым паводле рынкавай вартасьці. 21 ліпеня 2015 г. ААТ «Газпрам» сталася публічным акцыйным таварыствам. Цягам 2006—2016 гадоў, за 10 гадоў кіраўніцтва Аляксея Мілера, «Газпрам» страціў больш за 80% сваёй рынкавай вартасьці (5-кратнае падзеньне) і апусьціўся з 10-кі найбольшых прадпрыемстваў сьвету на 198-е месца ў сьвеце паводле рынкавай капіталізацыі[15]. У 2015 годзе выручка прадпрыемства ўпала да 6073,318 млрд расейскіх рублёў (99,631 млрд даляраў), але апэрацыйны і чысты прыбытак вырасьлі да 925,241 (15,178 млрд $) і 805,199 млрд рублёў[16] (13,209 млрд $)[17].

За 2023 год выручка «Газпраму» ўпала на 27 % да 8,54 трлн расейскіх рублёў (95,6 млрд даляраў). Таму прыбытак да адсоткаў, падаткаў і зносу(cs) (ПАПЗ) прасеў удвая да 1,77 трлн рублёў (19,8 млрд $). Апэрацыйныя страты склалі 364 млрд рублёў (4 млрд $), а чыстыя страты — 629 млрд рублёў (7 млрд $), што сталі беспапярэднімі за ўсе 34 гады існаваньня прадпрыемства. Здабыча прыроднага газу скарацілася да 404 млрд кубамэтраў, што таксама было найменшым паказчыкам за ўвесь час існаваньня прадпрыемства. Пры гэтым пастаўкі за мяжу ўпалі на траціну да ўзроўню 1985 году ў 69 млрд м³, або ўтрая параўнальна з 2021 годам да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У Эўропу пастаўкі зьменшыліся да ўзроўню 2-й паловы 1970-х гадоў у 28 млрд м³, або ў 2,8 разу за 2 гады. У выніку ад ліпеня 2024 году цану на газ у Расеі вырашылі павысіць на 11,2 %[3]. 7 чэрвеня 2024 году Трацейская ўстанова Стакгольмскай гандлёвай палаты (Швэцыя) пастанавіла спагнаць з «Газпраму» звыш 13 млрд эўра за непастаўлены нямецкаму «Юніпэру» (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) прыродны газ зь лета 2022 году[18].

Кіраўнікі

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ https://web.archive.org/web/20180915225605/http://www.gazprom.com/investors/stock/structure/
  2. ^ http://www.gazprom.com/investors/stock/structure/
  3. ^ а б «Газпрам» даў справаздачу аб рэкордных стратах // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 2 траўня 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
  4. ^ а б Будова пэрсанала (рас.) // ПАТ «Газпрам», 31 сьнежня 2015 г. Праверана 21 сьнежня 2016 г.
  5. ^ а б Уладзімер Пуцін. Фэдэральны закон Расейскай Фэдэрацыі ад 18 ліпеня 2006 г. «Аб экспарце газа» (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 30 лістапада 2013 г. Праверана 22 сьнежня 2016 г.
  6. ^ Барыс Ельцын. Фэдэральны закон Расейскай Фэдэрацыі ад 31 сакавіка 1999 г. «Аб газазабесьпячэньні Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 3 ліпеня 2016 г. Праверана 22 сьнежня 2016 г.
  7. ^ а б в Акцыі (рас.) // ПАТ «Газпрам», 11 траўня 2016 г. Праверана 22 сьнежня 2016 г.
  8. ^ Статут Публічнага акцыянэрнага таварыства «Газпрам» ад 26 чэрвеня 2015 г. (рас.) // ПАТ «Газпрам», 30 чэрвеня 2016 г. Праверана 22 сьнежня 2016 г.
  9. ^ Пастанова Савета міністраў СССР ад 8 жніўня 1989 г. «Аб утварэньні Дзяржаўнага газавага канцэрна “Газпрам”» // Звод законаў СССР = Свод законов СССР. — Масква: 1990 Т. 6. — С. 600-24.
  10. ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 5 лістапада 1992 г. «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага газавага канцэрна “Газпрам” у Расейскае акцыянэрнае таварыства “Газпрам”» (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 2005 г. Праверана 22 сьнежня 2016 г.
  11. ^ Віктар Чарнамырдзін. Пастанова Ўраду Расейскай Фэдэрацыі ад 17 лютага 1993 г. № 138 «Аб заснаванні Расейскага акцыянэрнага таварыства “Газпрам”» (рас.) // ПАТ «Газпрам», 2015 г. Праверана 23 сьнежня 2016 г.
  12. ^ Статут Расейскага акцыянэрнага таварыства «Газпрам» ад 17 лютага 1993 г. (рас.) // Прававая і нарматыўна-тэхнічная дакумэнтацыя даведніка «Тэхэкспэрт», 2016 г. Праверана 22 сьнежня 2016 г.
  13. ^ Курса даляра ЗША з на 21 траўня 1993 г. (940 рас.руб.) (рас.) // Банк Расеі, 2000 г. Праверана 23 сьнежня 2016 г.
  14. ^ Барыс Нямцоў. Гісторыя пра тое, як ледзь ня скралі «Газпрам» (рас.) // Радыё «Рэха Масквы», 18 верасьня 2012 г. Архіўная копія ад 18 верасьня 2012 г. Праверана 23 сьнежня 2016 г.
  15. ^ Джон Міклетўэйт. Уладзімер Пуцін проста жадае быць сябрамі (анг.) // Часопіс «Працоўны тыдзень»(en) (Нью-Ёрк, ЗША), 8 верасьня 2016 г. Праверана 19 сьнежня 2016 г.
  16. ^ С.М. Шапігузаў. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць, падрыхтаваная паводле Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці за 2015 год (рас.) // ПАТ «Газпрам», 25 красавіка 2016 г. Праверана 21 сьнежня 2016 г.
  17. ^ Сярэднеўзважаны курс валют: даляр ЗША (60,9579 рас.руб. за 2015 г.) (рас.) // Аўдытарская фірма «Аўдзееў і Ка», 2016 г. Праверана 21 сьнежня 2016 г.
  18. ^ Эўрапейскі суд абавязаў «Газпрам» заплаціць $14 мільярдаў // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 12 чэрвеня 2024 г. Праверана 28 студзеня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Газпрамсховішча мультымэдыйных матэрыялаў