Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь

Дзяржа́ўны камітэ́т па маёмасьці Рэспу́блікі Белару́сь (Дзяржкаммаёмасьць) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае парадкаваць землеўладаньне ды маёмасныя дачыненьні. Старшыня камітэту прызначаецца й здымаецца з пасады прэзыдэнтам. З 4 чэрвеня 2020 году пасаду старшыні камітэту займае Зьміцер Матусевіч.

Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура ДКМ РБ
Дата ўтварэньня 25 жніўня 1991 (33 гады таму)
Штаб-кватэра Менск, зав. Чырвоназорны, д. 12
Старшыня Зьміцер Матусевіч
Першы намесьнік Пётар Броўкін
Намесьнікі Мікалай Бобер, Кацярына Лук’янава[1]
Зьвязаныя кампаніі «Белгеадэзія», «Белкартаграфія»
Бюджэт 66 936 млн. рублёў [2] (2010 год; 22 359 тыс. $[3])
Сайт gki.gov.by
Колішняя назва Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаваньні (да 1995 г.), Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі (1997—2006)
  • Апарат — Фонд дзяржаўнай маёмасьці, 7 управаў, 2 аддзелы;
  • Прадпрыемствы — «Белаэракосмагеадэзія», «Белгеадэзія», «Белдзіпразем», «Белкартаграфія», «БелНДЦзем», «БелПСГАГІ», «Землямер», «Інстытут нерухомасці і ацэнкі», «Інфармацыйны цэнтар зямельна-кадастравых дадзеных і маніторынгу земляў», «Нацыянальнае кадастравае агенцтва».
  • Цэнтар картографа-геадэзічных матэрыялаў і дадзеных, вучэльня кадраў землеўпарадкавальнай ды картографа-геадэзічнай службы.

Паўнамоцтвы

рэдагаваць

Паводле Ўставы мае паўнамоцтвы на:

  • распрацоўку прапановаў аб зьмене парадкаваньня зямельных дачыненьняў, аховы й выкарыстаньня земляў, геадэзіі, картаграфіі ды гравімэтрыі;
  • распрацоўку прапановаў аб парадкаваньні кіраваньня, прыватызаваньня, ацэньваньня ды ўліку дзяржаўнай уласнасьці, уліку нерухомасьці, правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
  • выкарыстаньне дзяржаўных земляў ды маёмасьці;
  • прапанову ўраду захадаў па выкарыстаньні, ахове ды вопісу земляў, землеўпарадкаваньні, геадэзіі ды картаграфіі;
  • забесьпячэньне ўстановаў ды фізычных асобаў дадзенымі зямельнага вопісу, геадэзічнымі й картаграфічнымі зьвесткамі;
  • улік адзінак зямельнага кіраваньня ды складаньне агульнадзяржаўнага сьпісу найменьняў мясьцінаў;
  • вопіс ды абсьледаваньне глебаў і расьліннасьці ды агляд стану й выкарыстаньня земляў зь іх падзелам паводле выўленых прыкметаў ды разьмяшчэньня;
  • вядзеньне агульнадзяржаўнага зямельнага вопісу ды ўхваленьне штогадовых справаздачаў аб наяўнасьці ды разьмеркаваньні земляў па стане на 1 студзеня;
  • ацэньваньне, ўзгадненьне ды ўхваленьне разьлікаў правядзеньня землеўпарадкаваньня, геадэзічных ды картаграфічных працаў;
  • ацэньваньне земляў ды вывучэньне зямельнага рынку;
  • нагляд за спагнаньнем шкоды сельскай ды лясной гаспадаркам і правядзеньнем за кошт гэтых спагнаных сродкаў асваеньня новых земляў, павышэньня ўрадлівасьці глебаў ды землеўпарадкаваньня;
  • ухваленьне заканадаўства аб землеўпарадкаваньні, геадэзічных ды картаграфінчых працах;
  • картографа-геадэзічнае забесьпячэньне захадаў іншых ведамстваў;
  • правядзеньне астранома-геадэзічных працаў, стварэньне ды апрацоўка здымкаў з космаса, выданьне мапаў, стварэньне лічбавых мапаў для суднаходзтва ды назіраньне за штучнымі спадарожнікамі Зямлі;
  • нагляд за картографа-геадэзічнай дзейнасьцю ды ахова дзяржаўных таямніцаў;
  • стварэньне нівэлірных сетак ды забесьпячэньне адзінага абазначэньня, разьліку й лічбавага прадстаўленьня землеапісаньня;
  • праверка праходжаньня лініі, накрэсьленьне ды нагляд за выяўленьнем на мапах межаў дзяржавы ды адзінак зямельнага кіраваньня, збор зьвестак аб межах іншых дзяржаваў;
  • стварэньне дзяржаўнага картографа-геадэзічнага фонду;
  • стварэньне, абнова ды выданьне мапаў ды атлясаў краёў ды паселішчаў у рысункавым, лічбавым ды здымкавым выглядах;
  • вызначэньне парадку выкарыстаньня, распаўсюду ды захоўваньня землеапісальных зьвестак;
  • адсочваньне зьмяненьняў зямной кары;
  • замова землеўпарадкаваньня, вопісу земляў ды картографа-геадэзічных працаў;
  • стварэньне геадэзічных палігонаў для мэтралягічных іспытаў ды паверкі геадэзічных прыладаў;
  • улік нерухомасьці, правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
  • стварэньне ўліковых акругаў;
  • вызначэньне падставаў для прызначэньня й парадку вопісу ды якаснай праверкі нерухомасьці й спраўджаньня пададзеных пры ўліку дакумэнтаў;
  • вызначэньне парадку іспытаў для ўлічвальнікаў;
  • ухваленьне выгляду пасьведчаньня аб дзяржаўным уліку, выпіскі з уліковай кнігі, запыта аб іх абароне ад падробкі ды неабходных для ўліку дакумэнтаў;
  • ухваленьне выгляду, правілаў запаўненьня й парадку выдачы ды ўліку даведак з адзінага дзяржаўнага вопісу нерухомасьці;
  • ухваленьне расцэнак на паслугі ўліку ды ацэньваньня нерухомасьці, як і правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
  • ухваленьне сумесна з Статыстычным камітэтам зводнага паказьніка дзяржаўнага ўліку нерухомасьці, правоў на яе ды дамоваў аб ёй;
  • вядзеньне вопісу дзяржаўнае маёмасьці ды канцэсійных дамоваў;
  • узгадненьне стварэньня, ператварэньня ды касаваньня дзяржаўных юрыдычных асобаў, як і дамоваў з кіраўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў аб іх паўнамоцтвах;
  • ухваленьне парадку акрэсьленьня памеру статутнага фонду адкрытага акцыянэрнага таварыства (ААТ) пры ператварэньні з урадавага ўнітарнага прадпрыемства (УП) ды ацэнкавага кошту ўрадавага прадпрыемства пры прыватызаваньні;
  • падача ва ўрад прапановаў аб прыватызаваньні;
  • заключэньне дамоваў аб даверчым кіраваньні дзяржаўных ААТ;
  • спраўджаньне ацэнкі дзяржаўнае ўласнасьці, укладанага ва ўстаноўчы фонд гандлёвай установы;
  • вядзеньне сьпісу ды іспытаў ацэньвальнікаў кошту прадметаў грамадзянскіх правоў;
  • прадстаўленьне ўраду ў міжнародных арганізацыях пры ацэньваньні кошту прадметаў грамадзянскіх правоў;
  • нагляд за выкананьнем ацэньвальнікамі заканадаўства аб вызначэньні кошту ўласнасьці;
  • улік, ацэньваньне ды збыт адабраных на карысьць дзяржавы доляў статутных фондаў гаспадарчых таварыстваў;
  • узгадненьне бязвыплатнай дапамогі гаспадарчым таварыствам, у статутных фондах якіх урад мае звыш паловы доляў;
  • прызначэньне ды падрыхтоўка прадстаўнікоў у кіраўніцтва гаспадарчых таварыстваў, долі ў якіх належаць ураду;
  • вызначэньне парадку ператварэньня ўрадавага УП ў ААТ або яго далучэньня да ААТ;
  • вызначэньне парадку ацэньваньня кошту маёмасьці ўрадавых УП пры далучэньні ААТ;
  • спрыяньне ўрадавым установам у прыцягненьні да гаспадарчага абароту невыкарыстоўванай нерухомасьці;
  • нагляд за ажыцьцяўленьнем пастановаў аб кіраваньні й выкарыстаньні ўрадавай уласнасьці ды аб прыватызаваньні;
  • перадачу ўрадавым установам уласнасьці, прызнанай за ўрадам паводле пастановы суда;
  • кіраваньне, стварэньне, ператварэньне, касаваньне ды ўхваленьне статутаў падпарадкаваных установаў, як і нагляд за іх дзейнасьцю ды захаваньнем іх уласнасьці;
  • вызначэньне парадку кіраваньня маёмасьцю ды правілаў аховы працы для падпарадкаваных установаў;
  • распрацоўка ажыцьцяўленьня замежных капіталаўкладаньняў;
  • заключэньне міжведамасных міжнародных дамоваў;
  • падрыхтоўку прапановаў аб перайманьні права Расеі, Эўразійскай эканамічнай супольнасьці ды Садружнасьці незалежных дзяржаваў;
  • разгляд прапановаў, заяваў ды скаргаў грамадзянаў ды юрыдычных асобаў;
  • закуп тавараў;
  • ухваленьне выгляду дамоваў арэнды ды продажу ўрадавых будынкаў ды памяшканьняў;
  • вызначэньне парадку прысваеньня адрасоў нерухомасьці[4].
  1. ^ Кіраўніцтва Аб камітэце. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь. Праверана 20 лістапада 2020 г.
  2. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 5 ліпеня 2011 г.
  3. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 5 ліпеня 2011 г.
  4. ^ Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2006 г. № 958 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (4 красавіка 2011). Праверана 5 ліпеня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць