Эўразійскі эканамічны зьвяз
Каардынаты: 55°43′41″ пн. ш. 37°38′40″ у. д. / 55.72806° пн. ш. 37.64444° у. д.
Эўразі́йскі эканамі́чны зьвя́з — міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасьцю і заснаваная дамовай аб Эўразійскім эканамічным зьвязе[4]. У зьвязе забясьпечваецца свабода руху тавараў, а таксама паслуг, капіталу і працоўнай сілы, а таксама правядзеньне скаардынаванай, узгодненай або адзінай палітыкі ў галінах эканомікі[4].
Эўразійскі эканамічны зьвяз | |
Эмблема | |
Дзяржавы-ўдзельніцы (зялёным) | |
Абрэвіятура | ЭАЭЗ |
---|---|
Папярэднік | Эўразійская эканамічная супольнасьць |
Дата ўтварэньня | 1 студзеня 2015 (9 гадоў таму) |
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | эканамічная інтэграцыя |
Штаб-кватэра | Масква, Летнікоўская вул., д. 2, корп. 2[1] |
Месцазнаходжаньне | Расея |
Сяброўства | Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан і Расея[2] |
Афіцыйныя мовы | расейская, армняская, беларуская, казаская |
Старшыня Найвышэйшай рады | Касым-Жамарт Такаеў |
Старшыня Міжурадавай рады | Аскар Мамін |
Старшыня Рады Камісіі | Аліхан Смаілаў |
Старшыня Калегіі Камісіі | Міхаіл Мясьніковіч |
Асноўныя асобы | Аляксандар Федарцоў (старшыня Суду)[3] |
Кіроўны орган | Найвышэйшая рада |
Сайт | eaeunion.org |
Дзяржавамі-сяброўкамі Эўразійскага эканамічнага зьвязу ёсьць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Расея і Кыргыстан, апошні зь якіх далучыўся да арганізацыі 29 траўня 2015 году[4]. Дамова аб стварэньні ЭАЭЗ была падпісаная 29 траўня 2014 году ў Астане прэзыдэнтамі Беларусі, Казахстану і Расеі. 10 кастрычніка ў Менску дамова аб далучэньні да ЭАЭЗ падпісала Армэнія, а 23 сьнежня ў Маскве — Кыргыстан. ЭАЭЗ створаны ў мэтах усебаковай мадэрнізацыі, каапэрацыі і падвышэньня канкурэнтаздольнасьці нацыянальных эканомік і стварэньня ўмоваў для стабільнага разьвіцьця ў інтарэсах павышэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва дзяржаваў-чальцоў зьвязу[4].
Кіраваньне
рэдагаваць- Найвышэйшая рада. Старшынства на ратацыйнай аснове ў парадку расейскай азбукі адной дзяржавы-ўдзельніцы цягам каляндарнага году. Складаецца з кіраўнікоў дзяржаваў-удзельніц. Засядае прынамсі аднойчы на год. Рашэньні і распараджэньні прымаюцца кансэнсусам. Дае даручэньні Міжурадавай радзе і Камісіі. Зацьвярджае вынікі вонкавага аўдыту ў органах ЭАЭЗ і Палажэньне аб ім. Ухваляе парадак аплаты працы сябраў Камісіі і Суду, службовых асобаў і супрацоўнікаў органаў Зьвязу. Зацьвярджае агульны штатны лік органаў Зьвязу, меркі прадстаўленасьці службовых асобаў зь ліку грамадзянаў дзяржаваў-удзельніц у органах ЭАЭЗ. Прымае рашэньні аб заключэньні міжнародных дамоваў ЭАЭЗ з трэцім бокам. Надае дзяржавам статус кандыдаткі на ўступленьне ў ЭАЭЗ і назіральніцы. Зацьвярджае парадак праверкі зьвестак пра даходы і маёмасьць судзьдзяў, службовых асобаў і супрацоўнікаў Суду, а таксама сябраў іх сем’яў. Вызначае памер долевых унёскаў дзяржаваў у бюджэту Зьвязу. Прызначае судзьдзяў на прадстаўленьне дзяржаваў. Зацьвярджае склад Калегіі Камісіі, яе старшыню і абавязкі яе сябраў.
- Міжурадавая рада. Старшынства на ратацыйнай аснове адной дзяржавы-ўдзельніцы цягам каляндарнага году. Складаецца з кіраўнікоў урадаў дзяржаваў. Засядае прынамсі двойчы на год. Прымае рашэньні і распараджэньні кансэнсусам. Зацьвярджае парадак праверкі зьвестак пра даходы і маёмасьць сябраў, службовых асобаў і супрацоўнікаў Калегіі Камісіі, а таксама сябраў іх сем’яў. Прымае рашэньне аб гаспадарчай праверцы органаў Зьвязу і зацьвярджае Палажэньне аб ёй. Ухваляе справаздачы аб выкананьні бюджэту, яго праект і праект Палажэньня аб ім. Прадстаўляе вылучэнцаў у сябры Рады і Калегіі Камісіі на разгляд Найвышэйшай рады. Дае даручэньні Камісіі. Зацьвярджае кірункі прамысловай супрацы.
- Камісія. Забясьпечвае правядзеньне паседжаньняў Найвышэйшай і Міжурадавай радаў. Складаецца з Рады і Калегіі. Месьціцца ў Маскве (Расея). Зацьвярджае Таварную намэнклятуру вонкаваэканамічнай дзейнасьці (ТНВД) і Адзіны мытны тарыф ЭАЭЗ. Устанаўлівае мытныя квоты, разьмяркоўвае іх абсяг між дзяржавамі і вызначае спосаб і парадак разьмеркаваньня яе абсягу між вонкавагаспадарчымі дзеячамі. Вызначае пералік разьвіцьцёвых і найменш разьвітых краінаў, а таксама тавараў зь іх для наданьня мытных перавагаў у выглядзе 75 % і 0 % ад стаўкі мытаў. Акрэсьлівае парадак прымяненьня мытных ільготаў і ўстанаўлівае ўмовы і выпадкі іх наданьня. Устанаўлівае стаўкі ўвазных мытаў, у тым ліку сэзонных. Вызначае парадак распрацоўкі і прыняцьця тэхнічных рэглямэнтаў Зьвязу, якія маюць прамое дзеяньне. Узгадняе правядзеньне дзяржавамі ўзгодненай макраэканамічнай палітыкі, якая прадугледжвала дэфіцыт кансалідаванага бюджэту дзяржавы ў памеры да 3 % СУП, дзяржаўны доў да 50 % СУП і інфляцыю да +5 % звыш яе паказьніку ў дзяржаве-ўдзельніцы з найменшым яе памерам.
- Рада. Старшынства на ратацыйнай аснове адной дзяржавы-ўдзельніцы адной дзяржавы-ўдзельніцы цягам каляндарнага году. Прымае рашэньні, распараджэньні і рэкамэндацыі кансэнсусам. Адбірае вылучэнцаў на пасады ў дэпартамэнт Камісіі, службовыя асобы якога ня могуць быць грамадзянамі адной дзяржавы.
- Калегія. Прымае рашэньні, распараджэньні і рэкамэндацыі кваліфікаванай большасьцю ў 2/3 ад агульнага ліку сябраў. Адбірае вылучэнцаў на неслужбовыя пасады ў дэпартамэнтах Камісіі з улікам долевага ўдзелу бакоў у фінансаваньні[5]. На 2021 год налічвала 9 міністэрстваў: 1) гандлю, 2) інтэграцыі і макраэканомікі, 3) канкурэнцыі і антыманапольнага рэгуляваньня, 4) мытнай супрацы, 5) прамысловасьці і аграпрамысловага комплексу, 6) тэхнічнага рэгуляваньня, 7) унутраных рынкаў, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў, 8) эканомікі і фінансавай палітыкі, 9) энэргетыкі і інфраструктуры[6].
- Суд. Мусіў месьціцца ў Менску. Разглядае запыты Найвышэйшай рады[5].
Мінуўшчына
рэдагаваць29 траўня 2014 году ў Астане (Казахстан) прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Ўладзімер Пуцін падпісалі Дамову «Аб Эўразійскім эканамічны зьвязе» «ў адным экзэмпляры на беларускай, казаскай і расейскай мовах, прычым усе тэксты маюць аднолькавую сілу». Дамова зьмяшчалася на 873 старонках, у тым ліку 118 артыкулаў самой Дамовы на 159 старонках, і ўлучала 33 Дадаткі. Паводле 110-га артыкула Дамовы, «міжнародныя дамовы і рашэньні Камісіі, якія маюць абавязковы характар для дзяржаваў-удзельніц, прымаюцца на расейскай мове з наступным перакладам на дзяржаўныя мовы дзяржаваў-удзельніц, калі гэта прадугледжана іх заканадаўствам»[5]. У 2016 годзе набыла моц Дамова між ЭАЭЗ і Віетнамам «Аб прасторы вольнага гандлю». У 2017 годзе дзяржавы-ўдзельніцы ЭАЭЗ заключылі і ратыфікавалі Дамову «Аб Мытным кодэксе ЭАЭЗ», якая набыла моц у 2018 годзе. У 2018 годзе адбылося падпісаньне Дамовы між ЭАЭЗ і Кітаем «Аб гандлёва-эканамічнай супрацы», якое набыло моц у 2019 годзе. Таксама ў 2018 годзе заключылі Часовае пагадненьне між ЭАЭЗ і Іранам «Аб стварэньні прасторы вольнага гандлю», якое набыло моц у 2019 годзе[7].
14 верасьня 2018 году Рада Эўразійскай эканамічнай камісіі (Расея) зацьвердзіла Рашэньне № 75 аб зьмяненьнях у Тэхнічным рэглямэнце Мытнага зьвязу на маркіроўку харчовай прадукцыі (ТР МЗ 022/2011), якая прадугледжвала найменшы дапушчальны памер шрыфту. 28 красавіка 2019 году Рашэньне набыло моц, пасьля чаго вытворцам адвялі 2 гады да 28 красавіка 2021 году на пераход да новай нормы. Шрыфтам прынамсі 2 мілімэтры мела пазначацца найменьне харчовага тавару, яго колькасьць, дата вырабу і тэрмін прыдатнасьці. Шрыфтам прынамсі 0,8 мм мелі пазначаць склад і ўмовы захоўваньня тавару, найменьне і месцазнаходжаньне яго вытворцы і імпартэра, парады па выкарыстаньні, паказьнікі харчовай каштоўнасьці, словы для пазначэньня даты вытворчасьці, тэрміну прыдатнасьці і зьвесткі пра месца іх нанясеньня[8]. 10 сьнежня 2021 году на анлайн-паседжаньні Найвышэйшай рады прэзыдэнты 5 краінаў-удзельніцаў ЭАЭЗ падпісалі 2-і Вялікі пратакол са 139-ю папраўкамі ў Дамову «Аб ЭАЭЗ». Пратакол распрацоўвалі зь 2017 году. Паводле 2-га Вялікага пратаколу, выкладнікаў і праўнікаў вызвалялі ад пацьверджаньня пасьведчаньняў аб адукацыі пры працаўладкаваньні ў іншай дзяржаве ЭАЭЗ. Таксама замацавалі спагнаньне падатку на дададзеную вартасьць пры аказаньні паслугаў між галаўным прадпрыемствам і яго падразьдзяленьнем у іншай краіне ЭАЭЗ[9]. Таксама прэзыдэнты зацьвердзілі Пагадненьне «Аб прымяненьні навігацыйных плёмбаў для сачэньня за перавозкамі»[10].
14 сакавіка 2022 году кіраўнік Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Беларусі (НЦПІ) Андрэй Мацельскі і кіраўнік Дэпартамэнту пратаколу і арганізацыйнага забесьпячэньня Эўразійскай эканамічнай камісіі Даніяр Турусбекаў падпісалі Дамову на аказаньне паслугаў пісьмовага перакладу нарматыўных прававых актаў (НПА) ЭАЭЗ на беларускую мову. Паводле Дамовы, цягам 2022 году НЦПІ меў перакласьці міжнародныя дамовы і акты органаў ЭАЭЗ для разьмяшчэньня на прававым партале ЭАЭЗ. Пры гэтым, НПА ЭАЭЗ перакладалі на армянскую, казаскую і кыргыскую мовы зь 2015 году[11].
25 сьнежня 2023 году ў Санкт-Пецярбургу (Расея) падпісалі Пагадненьне аб вольным гандлі зь Іранам[12].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // Эўразійская эканамічная камісія, 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
- ^ Дзяржавы // Эўразійскі эканамічны зьвяз, 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
- ^ Органы кіраваньня // Эўразійскі эканамічны зьвяз, 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
- ^ а б в г Афіцыйны сайт ЭАЭЗ
- ^ а б в Дамова «Аб Эўразійскім эканамічны зьвязе» // Прававы партал ЭАЭЗ, 2021 г. Праверана 29 красавіка 2021 г.
- ^ Структура (Калегія) // Эўразійская эканамічная камісія, 2021 г. Праверана 29 красавіка 2021 г.
- ^ Храналёгія разьвіцьця // Эўразійскі эканамічны зьвяз, 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
- ^ Патрабаваньні да мінімальнага памеру шрыфту ў маркіроўцы прадуктаў харчаваньня становяцца абавязковымі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 28 красавіка 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
- ^ Эдуард Півавар. Прэзыдэнты падпісалі пакет паправак у Дамову аб ЭАЭЗ // БелТА, 10 сьнежня 2021 г. Праверана 16 сьнежня 2021 г.
- ^ Лідэры ЭАЭЗ зацьвердзілі пагадненьне аб навігацыйных плёмбах для сачэньня за перавозкамі // БелТА, 10 сьнежня 2021 г. Праверана 16 сьнежня 2021 г.
- ^ Прававыя акты ЭАЭЗ перакладуць на беларускую мову // БелТА, 14 сакавіка 2022 г. Праверана 18 сакавіка 2022 г.
- ^ Пагадненьне ЭАЭС з Іранам аб свабодным гандлі падпісана ў Санкт-Пецярбургу // БелТА, 25 сьнежня 2023 г. Праверана 26 сьнежня 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сэрвісы // Эўразійскі эканамічны зьвяз, 2021 г. Праверана 28 красавіка 2021 г.
- Прававы партал ЭАЭЗ
- Інфармацыйны партал ЭАЭЗ