Безьдзеж
Бе́зьдзеж[1] — вёска ў Беларусі, каля Спораўскага возера. Цэнтар сельсавету Дарагічынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1058 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на паўночны ўсход ад Дарагічына, за 130 км ад Берасьця, за 27 км ад чыгуначнай станцыі Дарагічын (лінія Берасьце — Гомель).
Безьдзеж лац. Bieździež | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы | |
Першыя згадкі: | 1409 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Дарагічынскі |
Сельсавет: | Безьдзескі |
Насельніцтва: | 1058 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1644 |
Паштовы індэкс: | 225848 |
СААТА: | 1220804006 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°19′0″ пн. ш. 25°18′25″ у. д. / 52.31667° пн. ш. 25.30694° у. д.Каардынаты: 52°19′0″ пн. ш. 25°18′25″ у. д. / 52.31667° пн. ш. 25.30694° у. д. |
± Безьдзеж | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Безьдзеж — даўняе мястэчка гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Да нашага часу тут захаваліся царква Сьвятой Тройцы ў стылі барока (пацярпела ад маскоўскай перабудовы), касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму і мэмарыяльная калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня, помнікі гісторыі і архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў.
Назва
рэдагавацьНа думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Безьдзеж складаецца з каранёвай часкі -дзед- (-дзеж-) і прэфіксу без-[2] і, адпаведна, мае выразную этымалёгію ('безь дзядоў').
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Безьдзеж датуецца 1409 годам, калі вялікі князь Вітаўт перадаў аднайменную воласьць касьцёлу Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Новых Троках. У 1495 годзе паселішча значыцца ў даравальнай грамаце княгіні Марыі Алелькавіч і яе сына князя Васіля намесьніку пінскаму Фурсу.
У дакумэнтах за 1517—1518 гады ўпамінаецца маёнтак Безьдзеж, уладаньне канонікаў касьцёла ў Троках, прыводзяцца ягоныя межы. У 1561—1566 гадох Безьдзеж атрымаў статус мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва.
Пад 1662 годам упамінаецца царква ў Безьдзежы. Да 1744 году ўтварылася рымска-каталіцкая парафія, якая ў 1781 годзе налічвала 510 вернікаў. 8 верасьня 1771 годзе прыхільнікі Барскай канфэдэрацыі пад камандаю гетмана вялікага Міхала Казімера Агінскага у бітве пад Безьдзежам[3] прымусілі расейскі аддзел скласьці зброю. У 1784 годзе ў мястэчку збудавалі царкву Сьвятой Тройцы.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Безьдзеж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці ў Кобрынскім павеце, Слонімскай губэрні (з 1797 году ў Літоўскай, з 1801 году ў Гарадзенскай губэрні). Пад 1806 годам значыцца як места, якое было цэнтрам ключа. У 1818—1820 гадох у Безьдзежы вялося будаваньне касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы. У 1825 годзе ў мястэчку адкрылася школа, якая знаходзілася ў юрысдыкцыі Віленскага ўнівэрсытэту. Паводле рэвізіі 1857 году, Безьдзеж быў цэнтрам сельскай грамады. На 1886 год у мястэчку быў 121 двор, дзеялі 2 царквы, працавалі школа, заезны двор, 2 крамы.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Безьдзеж занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Безьдзеж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Пінскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[4]. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Безьдзеж апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Дарагічынскага павету Палескага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 254 двары. У 1930-я гады працавалі паштовая агенцыя, прадпрыемства вырабу мэталу.
У 1939 годзе Безьдзеж увайшоў у БССР. У гэты час тут было 365 двароў, працавалі школа, млын, каапэратыў. 12 кастрычніка 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавету Дарагічынскага раёну. З 25 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году Безьдзеж знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1970 год у вёсцы было 479 двароў, працавалі сярэдняя школа, лякарня, аптэка, атэлье.
На 1995 год у Безьдзежы было 495 гаспадарак. 17 студзеня 1999 году ў вёсцы адкрыўся музэй народнай творчасьці «Безьдзескі фартушок»[5][6]. Пры доме культуры дзее ансамбль народнай песьні і музыкі «Сваякі». У 2000-я гады Безьдзеж атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Рынак. Царква і званіца
-
Царква і званіца
-
Касьцёл
-
Калёна
-
Капліца
-
Вуліца
-
Местачкоўка
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 176 муж., зь іх шляхты 6, духоўнага стану 1, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 169[7]; 1886 год — 1116 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 1360 чал.; 1921 год — 1248 чал., зь іх 1113 праваслаўных; 1959 год — 1638 чал.; 1970 год — 1780 чал.[8]; 1995 год — 1442 чал.[9]; 1999 год — 1260 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 1220 чал.[10]; 2010 год — 1058 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Безьдзежы працуюць сярэдняя школа, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.
Забудова
рэдагавацьВуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва |
Калгасная вуліца | Зьдзітаўская (?) вуліца[a] |
Савецкая вуліца | Опальская (?) вуліца |
З урбананімічнай спадчыны Безьдзежу да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Дарагічынская, Паштовая і Хомская. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Калёна ў гонар Канстытуцыі 3 траўня (1790-я)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1818—1820)
- Царква Сьвятой Тройцы (1784; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Званіца касьцельная (XIX ст.)
- Капліца могілкавая (XIX ст.)
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Паводле інвэнтару 1677 году, у Безьдзежы існавалі Закляценская, Зьдзітаўская, Опальская і Хомская вуліцы
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 114.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 20.
- ^ Sulimierski F. Bezdzież // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 163
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Черкасова В. Единственный в мире музей фартуков находится в белорусской деревне // Салідарнасць. 29 кастрычніка 2004 г.
- ^ Козлович В. Турист, как и лен, любит поклон // Советская Белоруссия. № 232 (22142), 8 сьнежня 2004 г.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 257.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 373.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 256.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
- Алесь Карлюкевіч. З палескай вёскі Бездзеж // Маладосць, №10, 2008
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Безьдзеж , Radzima.org
- Безьдзеж (рас.), Глёбус Беларусі