Царква Сьвятой Тройцы (Безьдзеж)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятой Тройцы
| |
Траецкая царква і званіца, аўтэнтычны выгляд
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Безьдзеж |
Каардынаты | 52°18′59.95″ пн. ш. 25°18′24.99″ у. д. / 52.3166528° пн. ш. 25.3069417° у. д.Каардынаты: 52°18′59.95″ пн. ш. 25°18′24.99″ у. д. / 52.3166528° пн. ш. 25.3069417° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе і Беларускі экзархат |
Эпархія | Берасьцейская і Кобрынская япархія |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
± Царква Сьвятой Тройцы | |
Царква Сьвятой Тройцы на Вікісховішчы |
Царква Сьвятой Тройцы — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Безьдзежы. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на Хомскай вуліцы. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Утварае адзіны ансамбль з брамай-званіцай.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершую драўляную царкву ў Безьдзежы збудавалі ў першай палове XVII ст. У 1776 годзе для яе адлілі звон, які цяпер захоўваецца ў браме-званіцы. У 1784 годзе на падмурку папярэдняй збудавалі новую драўляную царкву.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Безьдзеж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць як уніяцкая. Аднак па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На загад гарадзенскага генэрал-губэрнатара, у 1865 годзе на вылучаную расейскімі ўладамі суму ў 1000 рублёў царкву рэканструявалі згодна з канонамі Маскоўскай царквы паводле праекту архітэктара М. Барташэўскага. У 1872 годзе для царквы выканалі іканастас з разнымі царскімі варотамі[1].
Найноўшы час
рэдагавацьУ 2000-я гады званіцу перад царквой перабудавалі ў стылі дойлідзтва Маскоўскай дзяржавы, купалы-бані над царквой замянілі на маскоўскія купалы-цыбуліны.
Архітэктура
рэдагавацьПомнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю барока. Кампазыцыя будынка складаецца з двух прастакутных у пляне зрубаў рознай шырыні. Асноўны зруб і апсыдны прыруб маюць аднолькавую вышыню і агульны дах, апярэзаны карнізам зь вялікім вынасам, які над апсыдай пераходзіць у трыкутныя застрэшкі. 2-схільны кроквенны дах завяршаецца трыма вальмамі над апсыдай і паўвальмай на галоўным фасадзе. Над фасадам узвышаюцца дзьве чацьверыковыя вежы, завершаныя купаламі-банямі. Сьцены маюць вэртыкальную шалёўку, шчыты франтонаў запаўняе дэкаратыўная шалёўка з нашчыльнікамі. Прастакутныя аконныя праёмы аздабляюцца разнымі ліштвамі. Уваход вылучаецца вялікім ганкам з разнымі калёнамі і балясінамі.
Інтэр’ер зальны, з чатырма слупамі ў сярэдзіне, над уваходам хоры. Захаваліся абразы XVII—XVIII стагодзьдзяў[2], а таксама іканастас з разнымі царскімі варотамі.
Перад царквой стаіць брама-званіца: два ярусы-чацьверыкі пад 2-схільным дахам (да перабудовы). Яны мацуюць «забраную ў слупы» канструкцыю, гарызантальна ашаляваныя. Брама мае выгляд аркавага праёму. Верхні чацьвярык званіцы мае невялікія здвоеныя праёмы на тарцах. Мастацкім рарытэтам лічыцца падпісны звон 1776 году.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.
- ^ Габрусь Т. Бездзежская Троіцкая царква // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 72.
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 113Г000186 |