Сьвятая Рымская імпэрыя

дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала з 962 па 1806 гады й аб’ядноўвала шматлікія тэрыторыі Эўропы

Сьвята́я Ры́мская імпэ́рыя няме́цкай на́цыі (па-лацінску: Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicae; па-нямецку: Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation) — дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала з 962 па 1806 гады й аб’ядноўвала шматлікія тэрыторыі Эўропы. У пэрыяд найвышэйшага росквіту ў склад імпэрыі ўваходзілі сучасныя краіны, як Нямеччына, якая зьяўлялася ейным ядром, паўночная й сярэдняя Італія, Нідэрлянды, Чэхія, а таксама некаторыя рэгіёны Францыі. З 1134 году фармальна складалася з трох каралеўстваў: Нямеччыны, Італіі й Бургундыі. З 1135 году ў склад імпэрыі ўвайшло каралеўства Чэхія, афіцыйны статус якога ў складзе імпэрыі быў канчаткова ўрэгуляваны ў 1212 годзе. У 1157 годзе імпэрыя атрымала назву «Сьвятая імпэрыя» (лац. Sacrum Imperium), а ў 1254 годзе быў упершыню выкарыстаны тытул «Сьвятая Рымская імпэрыя» (лац. Sacrum Romanum Imperium) у пісьмовых крыніцах. У XV і XVI стагодзьдзях тытул быў падоўжаны дадаткам «Нямецкае нацыі». У гістарычнай літаратуры Сьвятую Рымскую імпэрыю зь нядаўняга часу называюць таксама Старой імпэрыяй.

Сьвятая Рымская імпэрыя
лац. Sacrum Imperium Romanum Nationis Teutonicae
ням. Heiliges Römisches Reich Deutscher Nation

 

 

9621806
 

Сьцяг Сьвятой Рымскай імпэрыі Герб Сьвятой Рымскай імпэрыі
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Сьвятой Рымскай імпэрыі

Тэрыторыя Сьвятой Рымскай імпэрыі ў 962—1806 гадох

Афіцыйная мова лацінская, нямецкая
Форма кіраваньня выбарчая манархія, райхстаг
Гісторыя
 • Каранаваньне Атона I імпэратарам
 • Конрад II атрымоўвае карону Бургундыі
 • Складаньне Вормскага канкардату
 • Аўгсбурская мірная дамова
 • Вэстфальская мірная дамова
 • Адмаўленьне ад стальцу Франца II

2 лютага 962

2 лютага 1033

23 верасьня 1122

25 верасьня 1555

24 кастрычніка 1648

6 жніўня 1806
Цяпер зьяўляецца часткай Нямеччына Нямеччына,

Аўстрыя Аўстрыя,
Бэльгія Бэльгія,
Чэхія Чэхія,
Ліхтэнштайн Ліхтэнштайн,
Люксэмбург Люксэмбург,
Манака Манака,
Нідэрлянды Нідэрлянды,
Сан-Марына Сан-Марына,
Славенія Славенія,
Швайцарыя Швайцарыя,
Францыя Францыя,
Італія Італія,
Польшча Польшча

Імпэрыя была заснавана ў 962 годзе нямецкім каралём Атонам I Вялікім і разглядалася як прамы працяг антычнай Рымскай імпэрыі й франскай імпэрыі Карла Вялікага. Працэсы станаўленьня адзінай дзяржавы ў імпэрыі за ўсю гісторыю ейнага існаваньня гэтак і не былі скончаны, і яна заставалася дэцэнтралізаваным утварэньнем са складанай фэадальнай герархічнай структурай, якая аб’ядноўвала некалькі сотняў тэрытарыяльна-дзяржаўных утварэньняў. На чале імпэрыі стаяў імпэратар. Імпэратарскі тытул ня быў спадчынным, а прысвойваўся па выніках абраньня калегіяй курфюрстаў. Улада імпэратара ніколі не была абсалютнай і абмяжоўвалася вышэйшай арыстакратыяй Нямеччыны, а з канца XV стагодзьдзярайхстагам, якія прадстаўлялі інтарэсы асноўных саслоўяў імпэрыі.

У раньні пэрыяд свайго існаваньня імпэрыя мела характар фэадальна-тэакратычнай дзяржавы, а імпэратары прэтэндавалі на вышэйшую ўладу ў хрысьціянскім сьвеце. Узмацненьне Папскага стальцу й шматвяковая барацьба за ўладаньне Італіяй пры адначасовым росьце магутнасьці тэрытарыяльных князёў у Нямеччыне значна паслабілі цэнтральную ўладу ў імпэрыі. У пэрыяд позьняга Сярэднявечча ўзялі верх тэндэнцыі дэзінтэграцыі, якія пагражалі ператварыць Сьвятую Рымскую імпэрыю ў канглямэрат паўнезалежных утварэньняў. Аднак ажыцьцёўленая ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя «імпэрская рэформа» дазволіла ўмацаваць адзінства краіны й сфармаваць новы балянс улады паміж імпэратарам і саслоўямі, які дазволіў імпэрыі адносна пасьпяхова канкураваць з нацыянальнымі дзяржавамі Заходняй Эўропы. Крызіс Рэфармацыі й Трыццацігадовай вайны быў пераадолены коштам далейшага абмежаваньня ўлады імпэратара й ператварэньнем агульнасаслоўнага райхстага ў галоўны элемэнт імпэрскай канструкцыі. Імпэрыя новага часу забясьпечвала суіснаваньне некалькіх канфэсіяў у рамках адзінай дзяржавы й захаваньне самастойнасьці ейных суб’ектаў, а таксама абарону традыцыйных правоў і прывілеяў саслоўяў, аднак страціла здольнасьць да экспансіі, узмацненьня цэнтральнай улады й вядзеньня наступальных войнаў. Разьвіцьцё буйных нямецкіх княстваў па шляху ўнутранай кансалідацыі й станаўленьні ўласнай дзяржаўнасьці ўваходзіла ў супярэчнасьць з застылай імпэрскай структурай, што ў XVIII стагодзьдзі прывяло да паралічу цэнтральных інстытутаў і развалу імпэрскай сыстэмы. Сьвятая Рымская імпэрыя праіснавала да 1806 году й была ліквідавана падчас напалеонаўскіх войнаў, калі быў сфармаваны Райнскі зьвяз, а апошні імпэратар Франц II адмовіўся ад стальцу.

Характар дзяржавы

рэдагаваць

Сьвятая Рымская імпэрыя на працягу ўсіх васьмісот пяцідзесяці гадоў свайго існаваньня была герархічным дзяржаўным утварэньнем фэадальнага тыпа. Янна ніколі ня мела характар нацыянальнай дзяржавы, як то Ангельшчына ці Францыя, і ніколі не дасягала высокай ступені цэнтралізацыі кіраваньня. Імпэрыя не зьяўлялася фэдэрацыяй ці канфэдэрацыяй у сучасным разуменьні, але спалучала элемэнты гэтых формаў дзяржаўнага ладу. Суб’ектны склад вылучаўся значнай разнастайнасьцю, сярод іх былі паўнезалежныя курфюрствы, герцагствы, княствы, графствы, вольныя гарады, абацтвы й дробныя ўладаньні рыцараў, — усе яны зьяўляліся паўнапраўнымі суб’ектамі імпэрыі й валодалі рознымі ступенямі праваздольнасьці. Улада імпэратара ніколі не была безумоўнай, а разьдзялялася разам з вышэйшай арыстакратыей краіны. У адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх краінаў, жыхары імпэрыі не былі непасрэдна падпарадкаваны імпэратару, а мелі свайго кіраўніка — людзкога ці духоўнага князя, імпэрскага рыцара ці гарадзкі магістрат, што сфармавала два ўзроўні ўлады ў краіне: імпэрскі й тэрытарыяльны, якія нярэдка канфліктавалі адзін з адным.

Кожны суб’ект імпэрыі, асабліва такія магутныя дзяржавы, як Аўстрыя, Прусія, Баварыя, валодаў высокай ступеньню незалежнасьці ва ўнутраных справах і асаблівымі выключнымі правамі ў зьнешняй палітыцы, аднак сувэрэнітэт працягваў заставацца атрыбутам імпэрыі сам па сабе, а пастановы імпэрскіх установаў і нормы імпэрскага права мелі абавязковы характар для ўсіх частак імпэрыі. Для Сьвятай Рымскай імпэрыі была характэрна асаблівая роля цэрквы, якая надавала гэтаму дзяржаўнаму ўтварэньню элемэнты тэакратыі, аднак у той жа самы час імпэрская структура ўпершыню ў Эўропе пасьля Рэфармацыі забясьпечыла працяглае суіснаваньне ў згодзе некалькіх канфэсіяў у адной дзяржаве. Разьвіцьцё імпэрыі праходзіла ва ўмовах заўсёднай барацьбы дэзінтэграцыі й інтэграцыі. Першага прытрымліваліся перш за ўсё буйныя княствы, якія паступава набылі прыкметы сувэрэнных дзяржаваў й імкнуліся вызваліцца ад улады імпэратара, у той час калі галоўнымі кансалідуючымі фактарамі былі імпэрскі сталец, імпэрскія ўстановы й інстытуцыі, як то райхстаг, суд, сыстэма земскай мірнасьці, а таксама каталіцтва, нямецкая нацыянальная самасьвядомасьць, саслоўны прынцып будаваньня дзяржаўнай структуры імпэрыі, «імпэрскі патрыятызм» (па-нямецку: Reichspatriotismus), ляяльнасьць да імпэрыі й імпэратара.

 
Сьцяг Сьвятой Рымскай імпэрыі ў XIIIXIV стагодзьдзі
 
Сьцяг Сьвятой Рымскай імпэрыі ў XVXVIII стагодзьдзі

Узьнікнуўшы ў 962 годзе, Сьвятая Рымская імпэрыя прэтэндавала на пераемнасьць антычнай Рымскай імпэрыі й Франскай імпэрыі Карла Вялікага, спрабуючы стаць унівэрсальным дзяржаўным утварэньнем у хрысьціянскім сьвеце. Атон I Вялікі, першы манарх гэтае імпэрыі, выкарыстоўваў тытул імпэратар рымлянаў і франкаў (па-лацінску: Imperator Romanorum et Francorum, аднак намнога часьцей тытул сьвяты імпэратар (па-лацінску: Imperator Augustus). Нягледзячы на тое, што ядром імпэрыі была тэрыторыя сучаснай Нямеччыны, ейным сакральным цэнтрам быў Рым, дзе да XVI стагодзьдзя праводзілася каранацыя імпэратараў, і менавіта з Рыму, як лічылася, паходзіла іхняя боская ўлада. Тытул «Рымскі імпэратар» (па-лацінску: imperator augustus Romanorum) выкарыстоўваўся ўжо Атон II Руды, а словаспалучэньне «Рымская імпэрыя» ўпершыню зафіксавана ў крыніцах пад 1034 годам. У той жа час, выкарыстаньне гэтага тытула выклікала рэзкае непрыняцьцё з боку Бізантыі, дзе лічылася, што толькі бізантыйскі імпэратар мае права называцца рымскім імпэратарам.

Манархі Сьвятой Рымскай імпэрыі прэтэндавалі на вярхоўную духоўную ўладу на сваёй тэрыторыі й ролю абаронцы й заступніка эўрапейскай хрысьціянскай царквы. Першапачаткова гэта не патрабавала асобнага згадваньня ў тытуле, аднак пасьля сканчэньня барацьбы за інвэстытуру й распаўсюджваньню ідэі вяршэнства папы рымскага ў духоўнай сфэры, да назвы імпэрыі пачалі дадаваць слова «Сьвятая» (па-лацінску: Sacrum), упершыню менавіта ў 1157 годзе. Гэтым самым падкрэсьлівалася прэтэнзія імпэртараў да царквы. Прымяньне эпітэта «Сьвяты» не да асобы кіраўніка, а да дзяржаўнага ўтварэньня, верагодна, было навацыяй, якая была створана ў канцэлярыі імпэратара Фрыдрыха I Барбаросы[1]. Уласная назва «Сьвятая Рымская імпэрыя» ў ейнай лацінскай вэрсіі Sacrum Romanum Imperium упершыню зьявілася ў 1254 годзе, а ейны эквівалент на нямецкай (па-нямецку: Heiliges Romisches Reich) — яшчэ праз стагодзьдзе, у часы панаваньня Карла IV.

Спасылка на «нямецкую нацыю» ў тытуле імпэратар пачала выкарыстоўвацца зь сярэдзіны XV стагодзьдзя, калі большая частка ненямецкіх земляў была страчана й імпэрыя пачала ўспрымацца як нямецкае нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэньне. Першае падсьведчаньне аб выкарыстаньні гэтага тытула ўтрымліваецца ў законе аб земскай мірнасьці 1486 году імпэратара Фрыдрыха III. Канчатковую форму назвы імпэрыя атрымала напачатку XVI стагодзьдзя, калі ў 1512 годзе Максімілян I Габсбург у сваім звароце да райхстага ўпершыню афіцыйна выкарыстоўваў найменьне «Сьвятая Рымская імпэрыя нямецкае нацыі» (па-нямецку: Heiliges Romisches Reich Deutscher Nation).

Да сярэдзіны XVIII стагодзьдзя імпэрыя страціла ўплыў у Італіі, а імпэратар быў пазбаўлены сваіх прэрэгатываў у царкоўнай сфэры. У той жа час тэндэнцыя да дэзынтэграцыі пераўтварыла Нямеччыну ў канглямэрат паўнезалежных княстваў. Як пісаў Вальтэр аб Сьвятой Рымскай імпэрыі, што яна больш «не сьвятая, ня рымская й не імпэрыя». У сваіх апошніх дакумэнтох дзяржава называлася ўжо «Нямецкая імпэрыя» (па-нямецку: Deutsches Reich).

Паколькі на працягу амаль усяго пэрыяду свайго існаваньня Сьвятая Рымская імпэрыя зьяўлялася адзіным дзяржаўным утварэньнем у Заходняй Эўропе, манарх якой меў тытул імпэратара, таму яна часьцей за ўсё называлася проста «Імпэрыя». У расейскіх дакумэнтах XVIII стагодзьдзя вядомая як «Цэзарыя»[2]. У XIX стагодзьдзі, пасьля ўтварэньня Нямецкай і Аўстрыйскай імпэрыі, у дачыненьні да папярэдняй дзяржавы пачала выкарыстоўвацца назва «Старая імпэрыя». На сёньня былую імпэрыю часам называюць «Першым райхам».

Гісторыя

рэдагаваць

Утварэньне імпэрыі

рэдагаваць
 
Сьвятая Рымская імпэрыя ў X стагодзьдзі

Ідэя імпэрыі (лац. imperium), адзінай дзяржавы, якае аб’ядноўвае ўвесь цывілізаваны й хрысьціянскі сьвет, узыходзіла да часоў Старажытнага Рыма й перажыла другое нараджэньне пры Карле Вялікім, захоўвалася й пасьля крушэньня Франскай імпэрыі Каралінгаў. Імпэрыя ў грамадзкай сьвядомасьці ўяўлялася як зямное ўвасабленьне Царства Боскага, найлепшая мадэль арганізацыі дзяржавы, пры якой кіраўнік падтрымлівае мір і спакой у хрысьціянскіх краінах, ахоўвае й клапоціцца пра росквіт царквы, а таксама арганізоўвае абарону ад зьнешніх пагрозаў. Раньнесярэднявечная канцэпцыя імпэрыі прадугледжвала яднаньне дзяржавы й царквы й цеснае ўзаемадзеяньне імпэратара й папы рымскага, якія ўвасаблялі вярхоўную сьвецкую й духоўную ўладу. Хоць сталіцай імпэрыі Карла Вялікага быў Аахэн, імпэрская ідэя была зьвязана першым чынам з Рымам, цэнтрам заходняга хрысьціянства й, паводле «Канстантынавага дарунку», крыніцай палітычнай улады ва ўсёй Эўропе[3].

Пасьля распаду дзяржавы Карла Вялікага ў сярэдзіне IX стагодзьдзя тытул імпэратара захаваўся, аднак рэальная ўлада ягонага носьбіта абмежавалася толькі Італіяй, за выключэньнем некалькіх выпадкаў кароткачасовага аб’яднаньня ўсіх франскіх каралеўстваў. Апошні рымскі імпэратар, Бэрэнгар Фрыўльскі, сканаў у 924 годзе. Пасьля ягоной сьмерці ўлада над Італіяй на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў аспрэчвалі прадстаўнікі шэрагу арыстакратычных родаў Паўночнай Італіі й Бургундыі. У самым Рыме Папскі Пасад апынуўся пад поўным кантролем мясцовага патрыцыяту. Крыніцай адраджэньня імпэрскай ідэі ў сярэдзіне X стагодзьдзя стала Нямеччына.

У часы кіраваньня Гэнрыха I Птушкалова (919936) і асабліва Атона I (936973) Нямецкае каралеўства значна ўзмацьнілася. У склад дзяржавы ўвайшла багатая Лятарынгія з былой імпэрскай сталіцай Каралінгаў Аахенам, былі адбітыя набегі вугорцаў (бітва на рацэ Лех 955 году), пачалася актыўная экспансія ў бок славянскіх земляў Паэльб’я й Мэкленбургу. Прычым заваёва суправаджалася энэргічнай місіянэрскай дзейнасьцю ў славянскіх краінах, Вугоршчыны й Даніі. Царква ператварылася ў галоўную апору каралеўскай улады ў Нямеччыны. Племянныя герцагствы, якія складалі аснову тэрытарыяльнай структуры Ўсходнефранскага каралеўства, пры Атоне I былі падпарадкаваны цэнтральнай уладзе. Да пачатку 960-х гадоў Атон стаў найбольш магутным кіраўніком сярод усіх дзяржаваў-спадчыньнікаў імпэрыі Карла Вялікага й набыў рэпутацыю заступніка хрысьціянскай царквы[4].

У 961 годзе папа рымскі Ян XII зьвярнуўся да Атона з просьбай абараніць ад караля Італіі Бэрэнгара II Іўрэйскага й паабяцаў яму імпэратарскую карону. Атон неадкладна перайшоў Альпы, атрымаў перамогу над Бэрэнгарам і быў прызнаны каралём лянгабардаў (Італіі), а затым рушыў у Рым. 2 лютага 962 году Атон I быў памазаны на царства й каранаваны імпэратарам[5]. Гэтая дата лічыцца датай утварэньня Сьвятой Рымскай імпэрыі. Хоць сам Атон Вялікі, відавочна, не намерваўся засноўваць новую імпэрыю й разглядаў сябе выключна як пераемніка Карла Вялікага, фактычна пераход імпэратарскай кароны да нямецкіх манархаў азначаў канчатковае адасабленьне Ўсходнефранскага каралеўства (Нямеччыны) ад Заходнефранскага (Францыі) і фармаваньне новага дзяржаўнага ўтварэньня на аснове нямецкіх і паўночнаітальянскіх тэрыторыяў, якое выступала спадчыньнікам Рымскай імпэрыі й прэтэндавала на ролю заступніка хрысьціянскай царквы.

Імпэрыя ў Сярэднявечча

рэдагаваць

Кіраваньне Атонаў і барацьба за інвэстытуру

рэдагаваць

Імпэратарскі тытул, прыняты Атонам Вялікім, ставіў яго на ступень вышэй усіх эўрапейскіх манархаў і, прынамсі, нараўне з папам рымскім. Адменнае значэньне меў сакральны характар гэтага тытула, які дазваляў Атону I і ягоным пераемнікам цалкам кантраляваць царкоўныя інстытуты ў сваіх уладаньнях[6]. Выбары біскупаў і абатаў ажыцьцяўляліся па ўказаньні імпэратара, і яшчэ да пасьвячэньня царкоўныя герархі прыносілі яму клятву вернасьці й ленную прысягу. Царква была ўключана ў сьвецкую структуру імпэрыі й ператварылася ў адну з галоўных апораў імпэратарскай улады й адзінства краіны. Гэта выразна выявілася ўжо ў пэрыяд кіраваньня Атона II (973983) і падчас непаўналецьця Атона III (9831002), калі дзякуючы падтрымцы вышэйшага духавенства Нямеччыны імпэратарам атрымалася здушыць некалькі буйных паўстаньняў кіраўнікоў племянных герцагстваў. Сам Папскі Сталец пры Атонах апынуўся пад дамінантным уплывам імпэратараў, якія часьцяком аднаасобна вырашалі пытаньні прызначэньня й зьняцьця рымскіх папаў. У гэты пэрыяд сьвецкія й духоўныя справы не былі выразна аддзелены адзін ад аднаго, і імпэратар, як «намесьнік Бога на зямлі», ажыцьцяўляў уладу над абедзьвюма сфэрамі. Інтэграцыя царквы ў дзяржаўную структуру дасягнула свайго апагею пры Конрадзе II (10241039) і Гэнрыху III (10391056), калі сфармавалася клясычная імпэрская царкоўная сыстэма (ням. Reichskirchensystem).

 
Імпэратар Гэнрых II і ягоная жонка Кунігунда, якія карануюцца Хрыстом

Дзяржаўныя інстытуты імпэрыі ў раньні пэрыяд заставаліся досыць слаба дыфэрэнцыяванымі. Імпэратар зьяўляўся адначасова каралём Нямеччыны, Італіі, а пасьля сьмерці ў 1032 годзе апошняга бургундзкага караля Рудольфа III — і Бургундыі[7]. Асноўнай палітычнай адзінкай у Нямеччыне зьяўляліся племянныя герцагствы: Саксонія, Баварыя, Франконія (існавала нядоўга), Швабія, Лятарынгія (апошняя ў 965 годзе была падзелена на Ніжнюю й Верхнюю) і, з 976 году, Карынтыя (аддзелена ад Баварыі)[8]. Уздоўж усходняй мяжы была створана сыстэма марак (Паўночная, Саксонская Ўсходняя, Баварская Ўсходняя, пазьней — Майсэнская, Брандэнбурская, Лужыцкая). У 980-х гадох славяне на некаторы час ізноў адкінулі немцаў за Эльбу й захапілі Гамбург, але напачатку XI стагодзьдзя імпэрыя аднавіла свае пазыцыі ў рэгіёне, хоць далейшае пасоўваньне спыніла ўзыходжаньне Польшчы й Вугоршчыны на правах незалежных каралеўстваў у эўрапейскую хрысьціянскую супольнасьць. У Італіі былі таксама сфармаваны маркі (Таскана, Вэрона, Іўрэя), аднак разьвіцьцё камунальнага руху да пачатку XII стагодзьдзя разбурыла гэтую структуру.

Галоўную праблему для імпэратараў уяўляла ўтрыманьне ўлады адначасова й на поўнач, і на поўдзень ад Альпаў. Атон II, Атон III і Конрад II былі вымушаны падоўгу знаходзіцца ў Італіі, дзе яны вялі барацьбу супраць наступу арабаў і бізантыйцаў, а таксама пэрыядычна душылі хваляваньні італьянскага патрыцыяту, аднак канчаткова зацьвердзіць імпэрскую ўладу на Апэнінскім паўвостраве гэтак і не атрымалася. За выключэньнем кароткага валадараньня Атона III, які перанёс сваю рэзыдэнцыю ў Рым, ядром імпэрыі заўсёды заставалася Нямеччына.

Да кіраваньня Конрада II (10241039), першага манарха Салічнай дынастыі, адносіцца фармаваньне саслоўя дробных рыцараў (у тым ліку міністэрыялаў), чые правы імпэратар гарантаваў у сваёй пастанове «Constitutio de feudis» 1036 году, якая сталася асновай імпэрскага леннага права. Дробнае й сярэдняе рыцарства ў далейшым стала адным з галоўных носьбітаў тэндэнцыяў інтэграцыі ў імпэрыі. Конрад II і ягоны пераемнік Гэнрых III кантралявалі вялікую частку нямецкіх рэгіянальных княстваў, самастойна прызначаючы графаў і герцагаў, і цалкам дамінавалі над тэрытарыяльным шляхецтвам і духавенствам. Гэта дазволіла ўвесьці ў імпэрскае права інстытут «Божага міру» — забарона міжусобных войнаў і ваенных канфліктаў унутры імпэрыі.

Апагей імпэрскай улады, дасягнуты пры Гэнрыху III, апынуўся недаўгавечным: ужо ў пэрыяд непаўналецьця Гэнрыха IV (10561106) пачалося падзеньне ўплыву імпэратара. Гэта адбывалася на фоне ўздыму клюнійскага руху ў царкве й ідэі грыгарыянскай рэформы, якія разьвіліся зь яго й зацтвярджалі вяршэнства папы рымскага й поўную незалежнасьць царкоўнай улады ад сьвецкай. Папа Грыгорыюс VII паспрабаваў ліквідаваць магчымасьць уплыву імпэратара на працэс замяшчэньня царкоўных пасадаў і асудзіў практыку сьвецкай інвэстытуры. Аднак Гэнрых IV рашуча паўстаў у абарону прэрагатываў імпэратара, што выклікала працяглую барацьбу за інвэстытуру паміж імпэратарам і папам рымскім. У 1075 годзе прызначэньне Гэнрыхам IV біскупа ў Мілян стала нагодай для адлучэньня імпэратара Грыгорыюсам VII ад царквы й вызваленьня падданых ад прысягі вернасьці. Пад ціскам нямецкіх князёў імпэратар быў вымушаны ў 1077 годзе зьдзейсьніць пакаяннае «хаджэньне ў Каносу» й маліць папу аб прабачэньні[9]. Барацьба за інвэстытуру скончылася толькі ў 1122 годзе падпісаньнем Вормскага канкардату, які замацаваў кампраміс паміж сьвецкай і духоўнай уладай: выбары біскупаў павінны былі адбывацца свабодна й без сымоніі, аднак сьвецкая інвэстытура на зямельныя ўладаньні, а тым самым і магчымасьць імпэратарскага ўплыву на прызначэньне біскупаў і абатаў, захоўвалася. У цэлым, барацьба за інвэстытуру істотна саслабіла кантроль імпэратара над царквой, вывела папства з імпэрскай залежнасьці й спрыяла ўздыму ўплыву тэрытарыяльных сьвецкіх і духоўных князёў[10].

Эпоха Гогэнштаўфэнаў

рэдагаваць
 
Помнік Фрыдрыху Барбаросе на гары Кіфгойзэр
 
Імпэратар Фрыдрых II

У другой чвэрці XII стагодзьдзя ў цэнтры палітычнага жыцьця імпэрыі апынулася суперніцтва паміж двума буйнымі княскімі родамі Нямеччыны — Гогэнштаўфэнамі й Вэльфамі. Першыя дамінавалі ў паўднёва-заходняй Нямеччыне (Швабія, Эльзас) і Франконіі. Вэльфы былі кіраўнікамі Баварыі, Саксоніі, Тасканы й, нароўні з Альбрэхтам Мядзьведзем, разьвівалі экспансію ў кірунку славянскіх земляў Мэкленбургу, Памор’я й Паэльб’я. У 1138 годзе імпэратарам быў абраны Конрад III Гогэнштаўфэн, аднак узброенае супрацьстаяньне Вэльфаў і Гогэнштаўфэнаў працягвалася практычна на ўсім працягу ягонага кіраваньня.

Пасьля сьмерці Конрада III у 1152 годзе імпэратарам стаў ягоны пляменьнік Фрыдрых I Барбароса, валадараньне якога стала пэрыядам значнага ўзмацненьня цэнтральнай улады ў Нямеччыне й, па меркаваньні шматлікіх гісторыкаў, вяршыняй магутнасьці Сьвятой Рымскай імпэрыі. Галоўным кірункам палітыкі Фрыдрыха I стала аднаўленьне імпэратарскай улады ў Італіі. Фрыдрых зьдзейсьніў шэсьць паходаў у Італію, падчас першага зь якіх быў каранаваны ў Рыме імпэратарскай каронай. На Ранкальскім сойме 1158 году была зьдзейсьнена спроба юрыдычнага афармленьня ўсеўладзьдзя імпэратара ў Італіі й Нямеччыне. Узмацненьне імпэратара на Апэнінскім паўвостраве выклікала супраціўленьне як папы рымскага Аляксандра III і Сыцылійскага каралеўства, гэтак і паўночнаітальянскіх гарадзкіх камунаў, якія ў 1167 годзе аб’ядналіся ў Лямбардзкую лігу. Лямбардзкай лізе атрымалася арганізаваць эфэктыўны адпор плянам Фрыдрыха I у адносінах да Італіі й у 1176 годзе нанесьці зьнішчальную паразу імпэрскім войскам у бітве пры Леньяна, што вымусіла імпэратара ў 1187 годзе прызнаць аўтаномію гарадоў. У самой Нямеччыне пазыцыі імпэратара значна ўмацаваліся дзякуючы падзелу ўладаньняў Вельфаў у 1181 годзе й фармаваньню досыць буйнага дамэна Гогэнштаўфэнаў. У канцы жыцьця Фрыдрых I адправіўся ў Трэці крыжовы паход, падчас якога й загінуў у 1190 годзе[11].

Сыну й пераемніку Фрыдрыха Барбаросы Гэнрыху VI у сэрыі ваенных апэрацыяў атрымалася яшчэ больш пашырыць тэрытарыяльную магутнасьць імпэратара, падпарадкаваўшы Сыцылійскае каралеўства. Менавіта ў гэтай дзяржаве Гогэнштаўфжны здолелі стварыць цэнтралізаваную спадчынную манархію з моцнай каралеўскай уладай і разьвітой бюракратычнай сыстэмай, тады як ва ўласна нямецкіх землях узмацненьне рэгіянальных князёў не дазволіла ня толькі замацаваць самадзяржаўную сыстэму кіраваньня, але й забясьпечыць перадачу імпэратарскага стальцу па спадчыне. Пасьля сьмерці Гэнрыха VI у 1197 годзе было абрана адразу два рымскіх караля: Філіп Швабскі і Атон IV Браўншвайскі, — што прывяло да міжусобнай вайны ў Нямеччыне.

У 1220 годзе імпэратарам быў каранаваны Фрыдрых II Гогэнштаўфэн, сын Гэнрыха VI і кароль Сыцыліі, які аднавіў палітыку Гогэнштаўфэнаў па ўсталяваньні імпэрскага панаваньня ў Італіі. Ён пайшоў на жорсткі канфлікт з папам рымскім, быў адлучаны ад царквы й абвешчаны антыхрыстам, але тым ня менш распачаў крыжовы паход у Палестыну й быў абраны каралём Ерусаліма. Падчас кіраваньня Фрыдрыха II у Італіі разгарнулася барацьба гвэльфаў, прыхільнікаў папы рымскага, і гібэлінаў, якія падтрымлівалі імпэратара, якая разьвівалася зь пераменным посьпехам, але ў цэлым досыць удала для Фрыдрыха II, то бок ягоныя войскі кантралявалі вялікую частку Паўночнай Італіі, Таскану і Раманьню, не гаворачы пра спадчынныя ўладаньні імпэратара ў Паўднёвай Італіі. Засяроджанасьць на італьянскай палітыцы, аднак, вымусіла Фрыдрыха II пайсьці на істотныя саступкі нямецкім князям. Пагадненьнем з князямі царквы 1220 году й Пастановай на карысьць князёў 1232 году за біскупамі й сьвецкімі князямі Нямеччыны былі прызнаны сувэрэнныя правы ў рамках тэрыторыяў іхных уладаньняў. Гэтыя дакумэнты сталі прававой асновай для фармаваньня ў складзе імпэрыі паўнезалежных спадчынных княстваў і пашырэньня ўплыву рэгіянальных кіраўнікоў на шкоду прэрагатывам імпэратара[12].

Крызіс позьняга Сярэднявечча

рэдагаваць
 
Сьвятая Рымская імпэрыя ў XIV стагодзьдзі й уладаньні кіруючых дынастыяў (Люксэмбургі, Вітэльсбахі, Габсбургі)

Пасьля спыненьня дынастыі Гогэнштаўфэнаў у 1250 годзе ў Сьвятой Рымскай імпэрыі пачаўся працяглы пэрыяд міжцарства (12541273). Але й пасьля ягонага пераадоленьня й узыходжаньня на сталец у 1273 годзе Рудольфа I Габсбурга значэньне цэнтральнай улады працягвала спадаць, а роля кіраўнікоў рэгіянальных княстваў — узрастаць. Хоць манархі й прадпрымалі спробы аднавіць былую магутнасьць імпэрыі, на першы плян выйшлі дынастычныя інтарэсы: абраныя каралі першым чынам імкнуліся максымальна пашырыць уладаньні сваіх сем’яў: Габсбургі замацаваліся ў аўстрыйскіх землях, Люксэмбургі — у Чэхіі, Маравіі й Сылезіі, Вітэльсбахі — у Брандэнбургу, Нідэрляндах і Гэнэгаў. Менавіта ў позьняе Сярэднявечча прынцып выбарнасьці імпэратара набыў рэальнае ўвасабленьне: на працягу другой паловы XIII — канца XV стагодзьдзяў імпэратар сапраўды абіраўся зь некалькіх кандыдатаў, а спробы перадачы ўлады па спадчыне звычайна ня мелі посьпеху. Рэзка ўзрос уплыў буйных тэрытарыяльных князёў на палітыку імпэрыі, прычым сем найбольш магутных князёў прысвоілі сабе выключнае права абраньня й зьняцьця імпэратара[13]. Гэта суправаджалася ўмацаваньнем сярэдняй й дробнай шляхты, распадам імпэратарскага дамэну Гогэнштаўфэнаў і ростам фэадальных міжусобіц.

У той жа час у Італіі канчаткова перамог гвэльфізм, і імпэрыя пазбавілася ўплыву на Апэнінскім паўвостраве. На заходніх межах узмацнілася Францыя, якой атрымалася вывесьці з-пад уплыву імпэратара землі былога Бургундзкага каралеўства. Некаторае ажыўленьне імпэрскай ідэі ў пэрыяд кіраваньня Гэнрыха VII, які зьдзяйсьніў у 13101313 гадох экспэдыцыю ў Італію й упершыню пасьля Фрыдрыха II каранаваўся імпэратарскай каронай у Рыме, было, аднак, недаўгавечным: пачынаючы з канца XIII стагодзьдзя Сьвятая Рымская імпэрыя ўсё больш абмяжоўвалася выключна нямецкімі землямі, ператвараючыся ў нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэньне нямецкага народа. Паралельна ішоў таксама працэс вызваленьня імпэрскіх установаў з-пад улады папства: у пэрыяд Авіньёнскага паланеньня папаў роля рымскага папы ў Эўропе рэзка зьменшылася, што дазволіла нямецкаму каралю Людвігу Баварскаму, а ўсьлед за ім і буйным рэгіянальным нямецкім князям, выйсьці з падпарадкаваньня рымскаму стальцу.

 
Курфюрсты, якія абіраюць імпэратарам Гэнрыха VII

Падтрыманьне прэстыжу й захаваньне магчымасьці правядзеньня незалежнай палітыкі ва ўмовах умацаваньня рэгіянальных княстваў і ўзмацненьня суседніх дзяржаваў імпэратарам XIV стагодзьдзя дазваляла апора на ўласныя спадчынныя ўладаньні: Аўстрыю й верхняшвабскія землі пры імпэратарах з дому Габсбургаў, Баварыю й Пфальц пры Людвігу IV і ўладаньні Чэскай кароны пры Люксэмбургах. У гэтых адносінах паказальна валадараньне Карла IV (13461378), у пэрыяд кіраваньня якога цэнтар імпэрыі перамясьціўся ў Прагу. Карлу IV атрымалася правесьці важную рэформу канстытуцыйнага ладу імпэрыі: Залатой булай імпэратара 1356 году была заснавана калегія курфюрстаў з 7 чальцоў, у склад якой увайшлі арцыбіскупы Кёльна, Майнца, Трыра, кароль Чэхіі, курфюрст Пфальца, герцаг Саксоніі й маркграф Брандэнбурга. Чальцы калегіі курфюрстаў атрымалі выключнае права абраньня імпэратара й фактычна вызначаць кірункі палітыкі імпэрыі, за курфюрстамі было таксама прызнана права ўнутранага сувэрэнітэту, што замацавала раздробненасьць нямецкіх дзяржаваў. У той жа час быў ліквідаваны ўсялякі ўплыў папы на выбары імпэратара.

 
Сьвтая Рымская імпэрыя каля 1400 году.

Крызісныя настроі ў імпэрыі ўзмацніліся пасьля эпідэміі чумы 13471350 гадоў, якая прывяла да рэзкага падзеньня колькасьці насельніцтва й нанесла адчувальны ўдар па эканоміцы краіны. У той жа час другая палова XIV стагодзьдзя адзначылася ўздымам паўночнанямецкага зьвяза гандлёвых гарадоў Ганзы, якая ператварылася ў важны фактар міжнароднай палітыкі й набыла значны ўплыў у скандынаўскіх дзяржавах, Ангельшчыне й Прыбалтыцы. У паўднёвай Нямеччыне гарады таксама ператварыліся ва ўплывовую палітычную сілу, якая выступіла супраць князёў і рыцараў, аднак у сэрыі ваенных канфліктаў канца XIV стагодзьдзя Швабскі й Райнскі зьвязы гарадоў пацярпелі паразу ад войскаў імпэрскіх князёў.

Напачатку XV стагодзьдзя рэзка абвастрыліся царкоўна-палітычныя праблемы ва ўмовах Расколу каталіцкай царквы й уздыму канцылярысцкага руху. Функцыю абаронца царквы ўзяў на сябе імпэратар Жыгімонт, які здолеў аднавіць адзінства рымскай царквы й прэстыж імпэратара ў Эўропе. Аднак у самой імпэрыі прыйшлося весьці працяглую барацьбу з гусіцкай гарэзай, якая ахапіла землі чэскай кароны, а спроба імпэратара знайсьці апору ў гарадах і імпэрскіх рыцарах (праграма «Трэцяй Нямеччыны») правалілася з-за вострых рознагалосьсяў паміж гэтымі саслоўямі. Таксама не атрымалася спыніць узброеныя канфлікты паміж суб’ектамі імпэрыі.

Пасьля сьмерці Жыгімонта ў 1437 годзе на стальце Сьвятой Рымскай імпэрыі ўстанавілася дынастыя Габсбургаў, прадстаўнікі якой, за адным выключэньнем, працягвалі валадарыць у імпэрыі да ейнага роспуску. Да канца XV стагодзьдзя імпэрыя знаходзілася ў глыбокім крызісе, выкліканым неадпаведнасьцю ейных інстытутаў патрабаваньням часу, развалам вайсковай і фінансавай арганізацыі й фактычным вызваленьнем рэгіянальных княстваў ад улады імпэратара. У княствах пачалося фармаваньне ўласнага апарата кіраваньня, ваеннай, судовай і падатковай сыстэмаў, узьніклі саслоўныя прадстаўнічыя органы ўлады (ляндтагі). Пры Фрыдрыху III (14401493) імпэратар апынуўся ўцягнуты ў зацяжныя й малапасьпяховыя войны з Вугоршчынай, у той час як на іншых кірунках эўрапейскай палітыкі ўплыў імпэратара імкнуўся да нуля. У той жа час падзеньне ўплыву імпэратара ў імпэрыі спрыяў больш актыўнаму ўцягваньню імпэрскіх саслоўяў у працэсы кіраваньня й фармаваньню ўсеімпэрскага прадстаўнічага органу — райхстагу.

Імпэрыя новага часу

рэдагаваць

Імпэрская рэформа

рэдагаваць
 
Паседжаньне райхстагу, заснаванага ў рамках імпэрскай рэформы. Гравюра Матэўса Мэрыяна Старэйшага, 1640 год

Да моманту сьмерці імпэратара Фрыдрыха III (1493) сыстэма кіраваньня імпэрыяй знаходзілася ў глыбокім крызісе: у Нямеччыне існавала некалькі сотняў дзяржаўных утварэньняў рознай ступені незалежнасьці й з розным фінансавым і ваенным патэнцыялам, а рычагі ўплыву імпэратара на князёў імпэрыі апынуліся састарэлымі й неэфэктыўнымі. Буйныя княствы вялі фактычна самастойную зьнешнюю палітыку, адначасова імкнучыся падпарадкаваць суседнія ўладаньні рыцараў і імпэрскіх гарадоў, якія складалі аснову ўзброеных сілаў і бюджэту імпэрыі[14].

У 1495 годзе Максыміліян I склікаў у Вормсе ўсеагульны райхстаг Сьвятой Рымскай імпэрыі, на зацьвярджэньне якога ён прадставіў праект рэформы дзяржаўнага кіраваньня імпэрыі. У выніку абмеркаваньня была прынята гэтак званая «Імпэрская рэформа» (ням. Reichsreform). Нямеччына была падзелена на шэсьць імпэрскіх акругаў1512 годзе да іх былі дададзены яшчэ чатыры). Органам кіраваньня акругі стаў акруговы сход, у якім мелі права ўдзельнічаць усе дзяржаўныя ўтварэньні на тэрыторыі акругі: сьвецкія й духоўныя княствы, імпэрскія рыцары й вольныя гарады. Кожнае дзяржаўнае ўтварэньне мела адзін голас (у некаторых акругах гэта забясьпечвала перавагу імпэрскіх рыцараў, дробных княстваў і гарадоў, якія складалі галоўную апору імпэратара). Акругі вырашалі пытаньні ваеннага будаўніцтва, арганізацыі абароны, набору войска, а таксама разьмеркаваньні й зьбіраньні імпэрскіх падаткаў. Велізарнае значэньне мела таксама стварэньне Вышэйшага імпэрскага суду — вярхоўнага органа судовай улады Нямеччыны, які стаў адной з галоўных прыладаў уплыву імпэратара на тэрытарыяльных князёў і мэханізмам правядзеньня адзінай палітыкі ва ўсіх дзяржаўных утварэньнях імпэрыі[14][15].

Аднак спробы Максыміліяна паглыбіць рэфарміраваньне імпэрыі й стварыць адзіныя органы выканаўчай улады, а таксама адзінае імпэрскае войска праваліліся: князі імпэрыі выступілі рэзка супраць і не дазволілі правесьці праз райхстаг гэтыя прапановы імпэратара. Больш таго, імпэрскія саслоўі адмовіліся фінансаваць італьянскія кампаніі Максыміліяна I, што рэзка прыслабіла пазыцыі імпэратара на міжнароднай арэне й у самой імпэрыі. Усьведамляючы істытуцыянальную кволасьць імпэратарскай улады ў Нямеччыне, Максыміліян I працягнуў палітыку сваіх папярэднікаў па адасабленьні Аўстрыйскай манархіі ад імпэрыі: абапіраючыся на «Privilegium Maius» 1453 году, Максыміліян I у якасьці эрцгерцага Аўстрыі адмовіўся ўдзельнічаць у фінансаваньні імпэрскіх установаў, не дазваляў спаганяць на аўстрыйскіх землях імпэрскія падаткі. Аўстрыйскія герцагствы не ўдзельнічалі ў працы імпэрскага райхстагу й іншых агульных органаў. Аўстрыя фактычна была пастаўлена па-за імпэрыяй, ейная незалежнасьць была пашырана. Практычна ўся палітыка Максыміліяна I праводзілася, першым чынам, у інтарэсах Аўстрыі й дынастыі Габсбургаў, а толькі ў другую чаргу — Нямеччыны[14][15].

Вялікае значэньне для канстытуцыі Сьвятой Рымскай імпэрыі мела таксама адмова ад прынцыпу неабходнасьці каранацыі імпэратара Папам Рымскім для легітымізацыі ягоных правоў на тытул імпэратара. У 1508 годзе ён паспрабаваў зьдзейсьніць экспэдыцыю ў Рым для сваёй каранацыі, аднак ня быў прапушчаны вэнэцыянцамі, якія кантралявалі шляхі зь Нямеччыны ў Італію. 4 лютага 1508 году на сьвяточнай цырымоніі ў Трыенце ён быў абвешчаны імпэратарам. Папа Юліюс II, якому Максыміліян I быў вельмі неабходны для стварэньня шырокай кааліцыі супраць Вэнэцыі, дазволіў яму карыстацца тытулам «абранага імпэратара». У далейшым пераемнікі Максыміліяна I (акрамя Карла V) ужо не імкнуліся да каранацыі, а ў імпэрскае права ўвайшло палажэньне, што само абраньне нямецкага караля курфюрстамі робіць яго імпэратарам[14].

Рэформы Максыміліяна былі працягнуты ягоным унукам Карлам V. У выніку Райхстаг ператварыўся ў пэрыядычна склікаемы орган заканадаўчай улады, які стаў цэнтрам ажыцьцяўленьня імпэрскай палітыкі, да ўдзелу ў кіраваньні імпэрыяй былі прыцягнуты, у рознай ступені, асноўныя сацыяльныя групы краіны (курфюрсты, імпэрскія князі, імпэрскія рыцары, мяшчане), паміж якімі сфармаваўся ўстойлівы балянс улады. У аснову ўзаемадзеяньня дзяржаўных утварэньняў унутры імпэрыі быў пакладзены прынцып «земскага сьвету» — узьведзены ў ранг закону забарона выкарыстаньня ваенных спосабаў вырашэньня канфліктаў паміж суб’ектамі імпэрыі. Нарэшце была распрацавана сыстэма фінансаваньня агульнаімпэрскіх выдаткаў, якая хоць і давала збоі з-за нежаданьня курфюрстаў уносіць сваю долю ў агульны бюджэт, усётакі давала імпэратарам магчымасьць весьці актыўную вонкавую палітыку й дазволіла адбіць турэцкую пагрозу напачатку XVI стагодзьдзя. Пры Карле V быў зацьверджаны адзіны крымінальны кодэкс для ўсёй імпэрыі — «Constitutio Criminalis Carolina».

У выніку пераўтварэньняў канца XV — пачатку XVI стагодзьдзя імпэрыя набыла арганізаваную дзяржаўна-прававую сыстэму, якая дазволіла ёй суіснаваць і пасьпяхова канкураваць з нацыянальнымі дзяржавамі новага часу. Хоць ня ўсе органы новай імпэрыі працавалі досыць эфэктыўна, яны дазвалялі падтрымліваць адзінства й адносны спакой у Нямеччыне. Рэформы, аднак, не былі завершаны, і імпэрыя да канца свайго існаваньня працягвала заставацца сукупнасьцю старых і новых інстытутаў і не набыла атрыбутаў адзінай дзяржавы.

Фармаваньне новай мадэлі арганізацыі Сьвятой Рымскай імпэрыі суправаджалася паслабленьнем выбарнага прынцыпу абраньня імпэратара. Пачынаючы з 1439 году на стальцы імпэрыі ўсталявалася дынастыя Габсбургаў — найбольш моцны ў тэрытарыяльным пляне нямецкі род. Шырокія ўладаньні Габсбургаў па-за імпэрыяй (сярод іх спадчынных земляў былі Чэхія, Маравія, Сылезія, Вугоршчына, Харватыя і Гішпанія) рэзка пашырылі эканамічную базу імпэратара й дазволілі замацаваць за дынастыяй Габсбургаў імпэрскую карону. Сталіцай Нямеччыны фактычна стала Вена, у якой разьмяшчаўся двор імпэратара й падпарадкаваныя яму органы кіраваньня. Зрушэньне цэнтру ўлады ў імпэрыі на паўднёва-ўсходнюю пэрыфэрыю мела фундамэнтальнае значэньне для лёсу краіны ў пэрыяд новага часу.

Рэфармацыя

рэдагаваць
 
Тытульны ліст першага выданьня тэксту Аўгсбурскага рэлігійнага міру. Майнц, 1555

У выніку распачатай у 1517 годзе Рэфармацыі імпэрыя аказалася расколатай на лютэранскую поўнач і каталіцкі поўдзень. Пратэстанцтва ў першай палове XVI стагодзьдзя прынялі многія вялікія княствы (Саксонія, Брандэнбург, Курпфальц, Браўншвайг-Люнэбург, Гэсэн, Вюртэмбэрг), а таксама найважнейшыя імпэрскія гарады — Страсбург, Франкфурт, Нюрнбэрг, Гамбург, Любэк. Каталіцкімі засталіся царкоўныя курфюрствы Райна, Браўншвайг-Вольфэнбютэль, Баварыя, Аўстрыя, Лятарынгія, Аўгсбург, Зальцбург і некаторыя іншыя дзяржавы. Канфэсійны раскол імпэрыі ва ўмовах адраджэньня прэтэнзій на гегемонію ў Эўропе імпэратара Карла V (Італьянскія войны), а таксама палітыкі цэнтралізацыі імпэрскіх інстытутаў, якую ён праводзіў, прывёў да абвастрэньня ўнутранага становішча Нямеччыны й нарастаньня канфлікту паміж саслоўямі імпэрыі й імпэратарам. Нявырашанасьць царкоўнага пытаньня й правал спробаў імпэратара дасягнуць кампрамісу па тэалягічных пытаньнях на Аўгсбурскім Райхстагу 1530 году выклікаў афармленьне двух палітычных зьвязаў у Нямеччыне — пратэстанцкага Шмалькальдэнскага і каталіцкага Нюрнбэрскага. Іхнае процістаяньне вылілася ў Шмалькальдэнскую вайну 15461547 гадоў, якая ўзрушыла канстытуцыйныя асновы імпэрыі. Хоць Карл V атрымаў перамогу ў вайне, неўзабаве супраць яго згуртаваліся ўсе асноўныя палітычныя сілы імпэрыі, незадаволеныя ўнівэрсалізмам палітыкі Карла, які жадаў стварыць «сусьветную імпэрыю» на аснове сваіх нямецкіх, аўстрыйскіх і гішпанскіх уладаньняў, і непасьлядоўнасьцю ў рашэньні царкоўных пытаньняў. У 1555 годзе на Райхстагу ў Аўгсбургу быў складзены Аўгсбурскі рэлігійны мір, які прызнаў лютэранства ў якасьці легітымнай рэлігіі й гарантаваў свабоду веравызнаньня для імпэрскіх саслоўяў, па прынцыпу «чыя краіна, таго й вера» (па-лацінску: cujus regio, ejus religio). Карл V адмовіўся падпісаць гэта пагадненьне й неўзабаве склаў зь сябе паўнамоцтвы імпэратара[16].

Аўгсбурскі рэлігійны мір дазволіў пераадолець крызіс, выкліканы Рэфармацыяй, і аднавіць працаздольнасьць імпэрскіх інстытутаў. Хоць канфэсійны раскол захаваўся, палітычна імпэрыя здабыла адзінства. На працягу наступнага паўстагодзьдзя каталіцкія й пратэстанцкія суб’екты імпэрыі досыць эфэктыўна супрацоўнічалі ў органах кіраваньня, што дазваляла падтрымліваць у Нямеччыне мір і сацыяльны спакой.

Літаратура

рэдагаваць
  • Рапп Ф. Сьвященная Римская империя германской нации = Le Saint-Empire romain germanique. — СПб.: Евразия, 2009. — 427 с. — ISBN 978-5-8071-0327-7
  • Грёссинг З. Максимилиан I. — М.: АСТ, 2005. — 318 с. — ISBN 5-17-027939-6

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць