«Privilegium Maius» (па-лацінску: Вялікі прывілей; 1358) — зборнік фальшывых лістоў і ўказаў імпэратараў Рымскай і Сьвятой Рымскай імперый, якія надаюць асобыя правы манархам Аўстрыі і замацоўваюць фактычную незалежнасьць аўстрыйскай дзяржавы ад Нямеччыны. Зборнік быў складзены ў 1358 г. аўстрыйскім герцагам Рудольфам IV (1358—1365). У прыватнасьці, у «Privilegium Maius» упершыню згадваецца новы тытул кіраўнікоў Аўстрыі — эрцгерцаг.

Перадумовы

рэдагаваць

Выданьне «Privilegium Maius» было адказам Аўстрыі на «Залатую булу» 1356 г. імпэратара Карла IV, якая выключыла аўстрыйскіх манархаў са складу калегіі выбаршчыкаў імпэратара. «Залатая була» ўводзіла ў Нямеччыне алігархічную сыстэму кіраваньня, а Аўстрыя і шэраг іншых буйных княстваў (перш за ўсё, Баварыя) заставаліся за межамі кола курфюрстаў, здольных уплываць на палітыку краіны. У гэтай сувязі фабрыкацыя Рудольфам IV дакумэнтаў пра асобыя прывілеі Аўстрыі стала спробай, з аднаго боку, павялічыць статус свайго княства ўнутры імпэрыі, а зь іншай — зрабіць яго фактычна незалежным ад імпэратара.

«Privilegium Maius» уяўляў сабой зборнік сямі дакумэнтаў: лісты старажытнарымскіх імпэратараў Юлія Цэзара і Нэрона, пастановы нямецкіх імпэратараў Генрыха IV, Фрыдрыха II, Генрыха VII і Рудольфа I, а таксама «Privilegium Minus» імпэратара Фрыдрыха I. З усіх гэтых дакумэнтаў толькі «Privilegium Minus» быў сапраўдным.

Паводле «Privilegium Maius» адзіным абавязкам аўстрыйскіх манархаў перад імпэратарамі было выстаўленьне салдат у выпадку вайны з Вугоршчынай. Любая іншая служба залежала выключна ад волі герцага. Аўстрыйскі манарх ня мог быць выкліканы на суд імпэратара. У выпадку перадачы ленаў на тэрыторыі Аўстрыі, для інвэстытуры імпэратар сам павінен быў прыехаць у Аўстрыю. У рэйхстагу імпэрыі аўстрыйскі манарх меў правы «пфальцэрцгерцага» — па старшынстве адразу пасьля курфюрстаў. Імпэратар ня мог мець ленаў на тэрыторыі Аўстрыі, а права вярхоўнага суда над усімі асобамі, якія валодаюць землямі ў дзяржаве, падавалася герцагу. Падданыя і васалы герцага не маглі зьвяртацца да імпэратара непасрэдна, абыходзячы аўстрыйскага манарха. Любое ўмяшаньне нямецкага караля ў палітыку герцага Аўстрыі было абвешчана незаконным. Аўстрыйскія землі Габсбургаў былі прызнаны непадзельным дамэнам, якія перадаюцца як па мужчынскай, так і па жаночай лініі габсбурскага дому, прычым герцаг атрымліваў права свабоды вызначэньня свайго спадчыньніка.

Значэньне

рэдагаваць

«Privilegium Maius» падаваў беспрэцэндэнтныя ў Нямеччыны правы аўстрыйскім герцагам, фактычна ператвараючы іх у незалежных ад імпэратара кіраўнікоў. Гэта заклала прававую аснову для стварэньня на працягу наступных стагодзьдзяў моцнай Аўстрыйскай манархіі, адасобленай ад Сьвятой Рымскай імпэрыі.

Імпэратар Карл IV не прызнаў сапраўднасэці «Privilegium Maius» і дамогся ад Рудольфа IV адмовы ад выкарыстанэня тытулу эрцгерцага. Наступныя імпэратары з Люксэмбургскай дынастыі таксама ўстрымліваліся ад зацэвярджэнэня гэтага дакумэнту. Толькі пасьля ўзыходжаньня на прастол імпэрыі Фрыдрыха III Габсбурга становішча зьмянілася. У 1453 г. ён зацьвердзіў «Privilegium Maius». Ужо яго брат Альбрэхт VI пачаў карыстацца тытулам эрцгерцаг, які неўзабаве быў прызнаны родавым у дынастыі Габсбургаў.

Упершыню доказы таго, што «Privilegium Maius» зьяўляецца падробкай, былі прадстаўлены ў 1856 г.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Митрофанов, П. История Австрии с древнейших времён до 1792 г. — М., 2003
  • Пристер, Е. Краткая история Австрии. — М., 1952
  • Шимов, Я. Австро-Венгерская империя. — М., 2003