Старажытны Рым

антычная цывілізацыя

Старажы́тны Рым — старажытная міжземнаморская дзяржава, якая існавала паміж 6 стагодзьдзем да н. э. і 5 альбо 6 стагодзьдзем н. э. з цэнтрам у горадзе Рым. Форма дзяржаўнай улады Рыму неадначасова зьмянялася на працягу гісторыі: Рым прайшоў шлях ад Царскага пэрыяду да Рэспублікі і канчаткова да Імпэрыі, кіраваньне якой ажыцьцяўлялася кайзерам (імпэратарам). Зь невялікага паселішча Рым ператварыўся ў імпэрыю, у грамадзкую форму і ў унівэрсалістычную ідэю (imperium sine fine — «бязьмежная імпэрыя»).

Гістарычны агляд

рэдагаваць

Пэрыядызацыя гісторыі Старажытнага Рыма заснавана на формах кіраваньня, якія адлюстроўвалі сацыяльна-палітычныя ўмовы: ад царскай улады ў пачатку гісторыі да імпэрыі-дамінату ў яе канцы.

Царскі пэрыяд

рэдагаваць
 
Капіталійская ваўчыца

Старажытнарымскія крыніцы датуюць заснаваньне Рыма 753 годам да н. э.; гэты момант пазьней сталі лічыць пачаткам летавылічэньня (ab urbe condita). Тэрыторыя сямі пагоркаў, на якіх згодна паданьню ўзьнік Рым, была заселена яшчэ да заснаваньня горада плямёнамі лацінаў і сабінэраў. З раскіданых па навакольлі невялічкіх вёсак урэшце і ўтварыўся Рым. Неўзабаве да ўлады ў Рыме прыйшлі этрускія каралі, а эпоха іх кіраваньня атрымала ў гістарычных крыніцах назву царскага пэрыяду. Пры этрусках адбылося значнае эканамічнае ўзмацненьне Рыма: горад-краіна ажыцьцяўляў кантроль над дзьвюма буйнымі гандлёвымі шляхамі — Віа Лаціна («лацінскі шлях», Via Latina) і Віа Салярыя («саляны шлях», Via Salaria).

Згодна некаторым легендам, царскі пэрыяд рымскай гісторыі мае непасрэднае дачыненьне да гісторыі Троі: выжыўшых траянцаў прывёў за сабой на тэрыторыю Лацыі Энэй, сын Анхіза і багіні Вэнэры. Але гэтыя міталягічныя паданьні і легенды зьявіліся празь некалькі стагадзьдзяў ўжо пасьля заснаваньня Рыму, і таму не вытрымліваюць крытыкі.

Моцны ўплыў на культурнае станаўленьне Рыму аказалі этрускі, менавіта праз этрускаў у рымскі быт прасачыліся элемэнты грэцкай культуры. Прыкладамі таму зьяўляюцца этрускія лічбы, грэцка-этрускае пісьмо, зь якога пазьней утварыўся лацінскі альфабэт, этрускае яснабачаньне, а такасма пахавальны рытуал, які найбольш яскрава праявіўся некалькі пазьней у баях гладыятараў. Ськінуўшы зь сябе цяжар улады этрускіх каралёў прыкладна ў 500 годзе да н. э., Рым хутка пачаў узмацняць свой уплыў у Італіі. Апошні рымскі кароль этрускага паходжаньня — Луцый Тарквіній Супербус (Луцый Тарквіній Горды) — быў прагнаны з Рыма пад кіраўніцтвам Луцыя Юнія Брута; згодна паданьню, падставай для гэтага і апошняй кропляй цярпеньня грамадзян стала згвалтаваньне адным з сыноў караля дабрадзейнай рымскай жанчыны Лукрэцыі.

Рэспубліка

рэдагаваць

Рэспубліка (па-лацінску: Res publica Romana) — этап фармаваньня палітычнага і грамадзкага ладу Старажытнага Рыму. У гэты час закладаўся падмурак далейшай магутнай імпэрыі.