Трэці крыжовы паход
Трэці крыжовы паход (1189—1192), вядомы таксама як Паход каралёў, быў чарговай спробай эўрапейскіх лідэраў адваяваць Сьвятую Зямлю ў Саладына. Паход у выніку быў адным з самых пасьпяховым, аднак, ён не апраўдаў сваёй канчатковай мэты, то бок адваёвы Ерусаліма.
Пасьля правалу другога крыжовага паходу дынастыя Зэнгідаў кіравала Сырыяй і ўдзельнічала ў канфлікце супраць дынастыі Фатымідаў, якія панавалі ў Эгіпце. У канчатковым выніку гэты канфлікт прывёў да аб’яднаньня эгіпецкіх і сырыйскіх войскаў пад камандаваньнем Саладына, які выкарыстаў іх для зьмяншэньня моцы хрысьціянскіх дзяржаваў, і ў 1187 годзе вярнуў Ерусалім пад мусульманскі кантроль. Натхнёныя рэлігійнай стараннасьцю, кароль Ангельшчыны Генрых II і кароль Францыі Філіп II скончылі барацьбу адзін з адным, каб узначаліць новы крыжовы паход. У 1189 годзе пасьля сьмерці Генрыха II ангельскае войска ачоліў Рычард Ільвінае Сэрца. Пажылы імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых Барбароса таксама адгукнуўся на заклік да зброі, сабраўшы вялікае войска, але патануў у рацэ ў Малой Азіі 10 чэрвеня 1190 году, не дайшоўшы да Сьвятой зямлі. Ягоная сьмерць выклікала найбольшы адцёк сярод нямецкіх крыжакоў. Большасьць нямецкіх жаўнераў у роспачы адправілася дадому.
Пасьля выгнаньня мусульманаў з Акры Леапольд V Аўстрыйскі й Філіп II пакінуў Сьвятую Зямлю ў жніўні 1191 году. Саладын ня здолеў перамагчы Рычарда ў некалькіх ваенных сутыкненьнях, і Рычард забясьпечыў сабе ўзяцьцё яшчэ некалькіх ключавых прыбярэжных гарадоў. Тым ня менш, 2 верасьня 1192 году Рычард склаў мірную дамову з Саладынам, паводле якой Ерусалім застаўся пад мусльманскім кантролем, але якая таксама дазволіла бяззбройным хрысьціянскім паломнікам і гандлярам наведваць горад. Рычард пакінуў Сьвятую Зямлю 9 кастрычніка. Посьпехі Трэцяга крыжовага паходу дазволілі крыжакам авалодаць значнымі тэрыторыямі, то бок было заснавана хрысьціянскае царства на Кіпры й на сырыйскім ўзьбярэжжы. Тым ня менш, ягоная няздольнасьць вярнуць пад хрысьціянскі кантроль Ерусалім прывяла да закліку да Чацьвёртага крыжовага паходу ўсяго праз шэсьць гадоў.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТрэці крыжовы паход — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў