Мальтыйскі ордэн
Сувэрэнны рыцарскі Ордэн Гасьпітальераў сьвятога Яна Ерусалімскага, Родасу і Мальты (Мальтыйскі ордэн, Гасьпітальеры, Яаніты) — каталіцкі духоўны рыцарскі ордэн.
ГісторыяРэдагаваць
Супольнасьць, якая потым зрабілася Мальтыйскім ордэнам, існавала ў Ерусаліме задоўга да афіцыйнага заснаваньня ордэну. Члены групы займаліся апякунствам хрысьціянскіх пілігрымаў, якія прыходзілі ў Сьвятую Зямлю, аказвалі ім мэдычную дапамогу.
Ордэн быў афіцыйна заснаваны ў пачатку 12 ст. пасьля Першага крыжовага паходу. Ордэн працягваў апеквацца пілігрымамі і паступова браў на сабе таксама функцыі па іх ахове.
Зь цягам часу ордэн набыў выразна ваенны характар, меў некалькі крэпасьцяў у Сырыі і Палестыне і граў вялікую ролю ў абароне заснаваных эўрапейцамі ў Палестыне хрысьціянскіх дзяржаваў ад мусульманаў. Ордэн валодаў вялікімі землямі на Ўсходзе і ў Заходняй Эўропе.
У 1291 годзе Ордэн быў выціснуты туркамі зь Ерусаліму, але замацаваўся на астравах Кіпр і Родас.
У 1530 годзе Ордэн атрымаў у падарунак ад імпэратара Сьвятое Рымскае Імпэрыі востраў Мальту (адтуль і сёньняшняя назва), яго рыцары-крыжакі абаранялі Міжземнае мора ад турак.
Падчас Рэфармацыі некаторыя структурныя адзінкі ордэна перайшлі ў пратэстантызм і існуюць дагэтуль як ордэны Сьв. Яна у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі і іншых краінах.
У час Вялікай Францускай рэвалюцыі Мальтыйскі ордэн страціўМальту. Спачатку выспу захапіў Напалеон, потым ангельцы. Гэта скарыстаў расейскі імпэратар Павал I. Ён запрасіў рыцараў у Расею, абвесьціў сябе Вялікім магістрам Ордэна. Пасьля сьмерці Паўла I Мальтыйскі ордэн пакінуў Расею.
СучаснасьцьРэдагаваць
Пасьля выгнаньня з Мальты цэнтральныя органы Ордэну абаснаваліся ў Рыме. З таго часу Мальтыйкі ордэн актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасьцю. У шэрагу краінаў пад эгідай Мальтыйскага ордэну існуюць валянтэрскія арганізацыі, якія аказваюць мэдычную дапамогу, займаюцца дапамогай пацярпелым ад прыродных катаклізмаў, дапамогай бяздомным, арганізацыяй гуманітарнай дапамогі ў разьвіваючыяся краіны і інш. (напрыклад, Мальтыйскія службы дапамогі ў Нямеччыне і Аўстрыі).
У Польшчы існуе нацыянальная асацыяцыя мальтыйскіх рыцараў і Мальтыйская мэдычная служба. У Літоўскай рэспубліцы дзейнічае Корпус валянтэраў Мальтыйскага ордэну[1].
Мальтыйскі ордэн устанавіў дыпляматычныя дачыненьні з больш як 100 краінамі сьвету і мае сваіх прадстаўнікоў у Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і Радзе Эўропы. З 1994 году мае статус сталага наглядальніка ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Ордэн выпускае ўласныя паштовыя маркі і манэты.
Мальтыйскі ордэн і БеларусьРэдагаваць
17—18 стагодзьдзіРэдагаваць
На тэрыторыі Беларусі Мальтыйскі ордэн існаваў на працягу больш за 200 гадоў.[2]
Заснавальнікамі ордэнскіх структураў на Беларусі былі Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» і ягоны сын Жыгімонт Караль Радзівіл. Жыгімонт Караль пазнаёміўся з ордэнам падчас вучобы ў Балёньні і ўступіў у ягоныя шэрагі ў 1612 г.
У 1616 г. Мікалай Радзівіл заснаваў камандаторыю ордэна ў Сталовічах, на чале якой стаў Жыгімонт Караль.
У 1740—1746 гг. у Сталовічах быў пабудаваны касьцёл сьвятога Яна Хрысьціцеля, які зрабіўся галоўным касьцёлам мальтыйскіх рыцараў у Беларусі.
У 1817 годзе пасьля далучэньня да Расейскай імпэрыі дзейнасьць Мальтыйскага ордэну на тэрыторыі Беларусі спынілася.
СучаснасьцьРэдагаваць
З канца 20 стагодзьдзя Мальтыйскі ордэн аказваў дабрачынную дапамогу Беларусі па розных кірунках. У 1996 г. паміж Беларусьсю і Мальтыйскім ордэнам былі ўсталяваныя дыпляматычныя стасункі[2]. У 2009 годзе было падпісана паштовае пагадненьне паміж Беларусьсю і Ордэнам.
Глядзіце таксамаРэдагаваць
КрыніцыРэдагаваць
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
Мальтыйскі ордэн — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў