Звычайная пустальга

(Перанакіравана з «Пустальга звычайная»)

Звыча́йная пустальга́ (па-лацінску: Falco tinnunculus[1]) — птушка з атраду сокалападобных (Falconiformes) сямейства сакаліных[2] (Falconidae), самая распаўсюджаная драпежная птушка Цэнтральнай Эўропы пасьля звычайнага канюка. Была абраная «Птушкай 2007 году» ў Нямеччыне[3], сымбаль Саюзу аховы прыроды Расеі 2002 году. Птушка, якая аблюбавала гарады ў якасьці жыцьцёвага арэалу і якая вызначаецца сваім адметным махальным палётам, звычайная пустальга зьяўляецца дастаткова вядомай чалавеку птушкай.

Звычайная пустальга
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
КлясаПтушкі
АтрадСокалападобныя
СямействаСакаліныя
РодСокал
ВідЗвычайная пустальга
Бінамінальная намэнклятура
Falco tinnunculus
Арэал
Распаўсюджанасьць намінатнай формы ў Эўропе

     Круглы год

     Улетку

Этымалёгія назвы

рэдагаваць

Навуковая назва tinnunculus паходзіць ад голасу звычайнай пустальгі, які нагадвае гукі «ці, ці, ці, ці», тон, хуткасьць і частотнасьць якіх зьяўляюцца варыятыўнымі ў залежнасьці ад сытуацыі. Лацінскае tinnunculus у перакладзе прыкладна азначае гучны альбо зычлівы.

Звычайная назва Лічыцца, што пустальга ва ўсходнеславянскіх мовах паходзіць ад слова «пусты», імаверней за ўсё таму, што птушка зьяўляецца непрыгоднай для сакалінага паляваньня.[4] У шмат якіх адпаведных іншамоўных назвах птушкі адлюстроўваюцца некаторыя яе тыповыя характарыстыкі. Напрыклад, у нямецкім варыянце Turmfalke (даслоўна вежавы сокал): звычайная пустальга гнязьдзіцца таксама ў архітэктурных пабудовах, аддаючы перавагу іх верхняй частцы. Дыялектна-рэгіянальныя нямецкія назвы Rüttelfalke і Rüddelgeier (напрыклад, сокал-трапятун) перадаюць характэрныя асаблівасьці палёту. Назвы сьценавы, катэдральны і царкоўны сокал (ням. Mauerfalke, Domfalke, Kirchfalke) сьведчаць аб найбольш тыповых мясьцінах гнездаваньня на тэрыторыі паселішчаў чалавека. Сустракаецца ў нямецкай мове і назва галубіны шуляк (Taubensperber), што аднак зьяўляецца некалькі памылковай інтэрпрэтацыяй харчавальнага спэктру птушкі. У адрозьненьне ад сапсану, галубы толькі ў выключных выпадках становяцца здабычай звычайнай пустальгі, у першую чаргу з-за значных памераў голуба.

У Беларусі, Расеі, Украіне сустракаецца таксама і назва «трасучка», якая паходзіць ад характэрнага палёту птушкі, калі яна трасецца, трапешча ў паветры ў пошуках здабычы.[5] Для больш падрабязнай інфармацыі аб этымалёгіі назвы глядзіце таксама наступную вонкавую спасылку: пустальга

Зьнешні выгляд

рэдагаваць

Афарбоўка пер’я звычайнай пустальгі — прыклад яскрава вызначанага палавога дымарфізму. Асабліва адметнай характарыстыкай зьяўляецца розьніца афарбоўкі пер’я галавы ў самца і самкі. Галава самца сьветла-шэрая, у самкі — іржава-бурага колеру. Акрамя таго, на рыжа-бурай сьпіне самца разьмешчаныя невялікія чорныя і часткова ромбападобныя плямы[6]. Верхнія крыючыя хваста, задняя сьпіна і хваставое пер’е аднолькавага сьветла-шэрага колеру. Канец з кантрастным пераходам у чорны колер, а затым у белаю акаёмку. Ніжняя частка — сьветла-крэмавая, у выключных выпадках зь лёгкімі рыжаватымі плямамі і палоскамі. Ніжняя частка жывата і ніжнія крыючыя крылаў амаль што белага колеру.

 
Пустальга звычайная (Falco tinnunculus), зьлева самка, справа зьнізу самец з тыповымі цёмнымі крапінамі

У дарослай самкі празь сьпіну праходзяць падоўжныя цемнаватыя палосы. У адрозьненьне ад самца хвост таксама рыжы, зь некалькімі падоўжнымі кантрастнымі палоскамі. У ніжняй частцы пер’е самак значна цямнейшае чым у самцоў, з больш адметнымі плямінамі. Афарбоўка пер’я маладых птушак адпавядае каляроваму спэктру самкі, але крылы выглядаюць больш закругленымі і карацейшымі чым у дарослых экзэмпляраў. Акрамя таго, акаёмка іх контурнага пер’я (Remiges primarii) значна сьвятлейшая. Васковіца і радужына ў дарослых асобін жоўтыя, у маладых птушак ад сьветла-сіняга да жаўтавата-зялёнага колеру.

У прадстаўнікоў абодвух палоў хвост закруглены, таму што зьнешнія пёры хваста карацейшыя за сярэдняе хваставое пер’е. У дарослых птушак аканечнасьці крылаў дацягваюцца да канца хваста. Ногі жоўтыя, кіпцюры чорныя.

Пабудова цела

рэдагаваць

Звычайная пустальга, што зьяўляецца тыповым для сокалаў, мае 15 шыйных храбтоў. Дзякуючы гэтаму птушка можа варочаць шыйную храбтоўніцу на 180°. Птушка, якая сядзіць на аблюбаваным узвышшы, захоўвае вугал назіраньня прыкладна ў 220°, не варочаючы пры гэтым галавой.

Велічыня цела і размах крылаў моцна вар’іруюць у залежнасьці ад падвіду і індывідууму[7]. У самцы шырока распаўсюджанага ў Эўропе падвіду Falco tinnunculus tinnunculus звычайна сярэдняя даўжыня цела дасягае 34,5 сантымэтраў[7], у самак 36 сантымэтраў[7]. Размах крылаў самца складае ў сярэднім амаль што 75 см, і адпаведна 76 см у самак[7].

Сярод птушак з нармальным разьвіцьцём і харчаваньнем сярэдняя вага самцоў складае прыкладна 200 грам[6][7], самкі важаць прыкладна на 20 грамаў больш[7]. Звычайна вага самца застаецца нязьменнай на працягу круглага году, у самак жа адзначаюцца дастаткова значныя перапады; найбольшай вагі самкі дасягаюць у пэрыяд кладкі яек, калі птушкі з нармальным харчаваньнем могуць важыць звыш 300 грамаў. Вага самкі і пасьпяховасьць вывядзеньня птушанят знаходзяцца пры гэтым у пазытыўнай карэляцыі: у больш цяжкіх самак большая кладка і больш пасьпяховае вывядзеньне патомства.

Палёт звычайнай пустальгі вызначаецца вельмі хуткімі ўзмахамі крылаў. Нават несьвядомы чалавек безь цяжкасьцяў распазнае звычайную пустальгу па гэтаму характэрнаму трапятальнаму палёту, у якім птушка звычайна высочвае здабычу. Пры гэтым птушка «стаіць» у паветры на вышыні ад 10 да 20 мэтраў, падпільноўваючы здабычу. Узмахі крылаў незвычайна частыя, хвост пры гэтым пераважна шырока распластаны і некалькі пахілены ўніз. Рух крылаў адбываецца амаль што ў вэртыкальнай плоскасьці, пры ўзмахах крыламі ўверх і ўніз захапляюцца прыкладна аднолькавыя аб’ёмы паветра. Убачыўшы патэнцыяльную здабычу, напрыклад, палявую мыш[8], птушка каменьнем кідаецца на здабычу і захапляе яе[4], тармажэньне адбываецца толькі перад самай зямлёй.

Хуткасьць палёту звычайнай пустальгі можа дасягаць 60 к/г.

Крыкі можна ўмоўна падзяліць на некалькі тыпаў, пры гэтым вышыня, тон, моц і частата крыку зьмяняюцца ў залежнасьці ад сытуацыі. Самцы і самкі зьмяняюць галасавое адценьне, напрыклад, у час вывядзеньня патомства. У самак гэта асабліва адметна назіраецца ў такавальны пэрыяд альбо калі яна падае сыгнал самцу аб недахопе корму ў пэрыяд высіджваньня птушанят.

Гукі, якія нагадваюць «ці, ці, ці» альбо «кі, кі, кі» — прыкмета ўзбуджанасьці звычайнай пустальгі, чуваць іх, у першую чаргу, тады, калі птушка занепакоеная ў гнязьдзе. Варыянты гэтага крыку сустракаюцца і незадоўга да перадачы здабычы самцом у гняздо з самкай.

Распаўсюджанасьць

рэдагаваць

Звычайная пустальга зьяўляецца шырокараспаўсюджанай птушкай у Эўропе, Азіі і Афрыцы[4], дзе яна засяляе практычна ўсе кліматычныя зоны палеарктычнага, этыёпскага, і арыентальнага рэгіёнаў. У межах вышэй акрэсьленага жыцьцёвага арэалу адрозьніваюць шэраг падвідаў звычайнай пустальгі, але дасканалую іх колькасьць вызначыць цяжка, таму што адзінасьці ў падвідавай клясіфікацыі птушкі сярод навуковых дасьледчыкаў не існуе. Наступны падзел звычайнай пустальгі на падвіды падаецца пераважна паводле Рудольфа П’ехоцкі[9] (1991):

Пры дапамозе кальцаваньня птушак былі высьветленыя асноўныя рысы пералётных паводзінаў звычайнай пустальгі. Па шматлікім знаходкам кольцаў на сёньняшні час вядома, што звычайная пустальга можа паводзіць сябе як пералётная, аселая, а таксама і як качэўная птушка. Пералётныя паводзіны птушкі зьмяняюцца пераважна ў залежнасьці ад колькасьці ежы ў адпаведным жыцьцёвым арэале.

 
Звычайная пустальга, самец

Птушкі, якія гнязьдзяцца ў Скандынавіі альбо краінах Прыбалтыкі, адлятаюць у большасьці выпадкаў на зімаваньне ў Паўднёвую Эўропу. Гады, у якія градацыя палявой мышы незвычайна высокая і адпаведна пошукі корму не клапоцяць птушку, яна застаецца на зімоўку ў месцы свайго гнездаваньня. Так, напрыклад, нават на паўднёвым захадзе Фінляндыі назіраліся выпадкі, калі звычайная пустальга заставалася на зімаваньне і не адлятала ў вырай, таксама як касматаногі канюк і звычайны канюк. У выніку дасканалых дасьледаваньняў высьветлілася таксама, што птушкі, якія гнязьдзяцца ў Цэнтральнай Швэцыі адлятаюць у вырай аж у Гішпанію і часткова нават у Паўночную Афрыку. Птушкі ж, якія гнязьдзяцца ў Паўднёвай Швэцыі, адлятаюць у вырай перш за ўсё ў Польшчу, Нямеччыну, Бэльгію і Паўночную Францыю.

Звычайныя пустальгі, якія гнязьдзяцца ў Нямеччыне, Нідэрляндах і Бэльгіі, зьяўляюцца аселымі і качэўнымі птушкамі. Толькі невялікая колькасьць індывідуўмаў адважваецца на вялікую вандроўку і зімуе ў рэгіёнах, у якія адлятаюць птушкі з Скандынавіі. Птушкі Паўночнай Азіі і Ўсходняй Эўропы адлятаюць на паўднёвы ўсход, пры гэтым малодшыя асобіны відавочна адлятаюць значна далей, выбіраючы ў якасьці сваіх зімовых кватэр побач з Паўднёвай Эўропай таксама Афрыку, дзе яны дасягаюць тэрыторыяў, якія мяжуюць альбо пераходзяць у трапічныя джунглі. Звычайныя пустальгі, якія гнязьдзяцца ў эўрапейскай частцы Расеі, адлятаюць у вырай таксама і ва ўсходнія рэгіёны Міжземнамор’я.

Зімавальныя тэрыторыі азіяцкіх папуляцый прасьціраюцца ад прыкасьпійскіх тэрыторыяў і паўднёвай Цэнтральнай Азіі да Ірака і паўночнага Ірана. Сюды таксама адносіцца і паўночная частка пярэдняй Індыі. Таксама і азіяцкія папуляцыі зьяўляюцца аселымі і качэўнымі птушкамі, калі жыцьцёвы арэал забясьпечвае неабходную колькасьць здабычы ў зімовы пэрыяд.

Пералётныя паводзіны

рэдагаваць

Звычайная пустальга зьяўляецца так званай шырокафронтнай пералётнай птушкай, якая не захоўвае традыцыйных пералётных маршрутаў. Гэтыя птушкі звычайна адлятаюць у вырай паасобку, а ня групамі.

У час пералёту звычайныя пустальгі ляцяць адносна нізка і звычайна на вышыні ад 45 да 100 мэтраў. Пералёт птушка працягвае нават пры дрэнным неспрыяльным надвор’і, у адрозьненьне ад іншых сокалападобных звычайная пустальга не залежыць ад спрыяльнай тэрмікі. Таму птушка перасякае нават Альпы, што амаль што немагчыма з-за неспрыяльнай тэрмікі для, напрыклад, такой птушкі як звычайны канюк, які толькі ў выключных выпадках можа пералятаць над Альпамі. Падчас пералёту над Альпамі звычайная пустальга карыстаецца пераважна пераваламі, але пралятае таксама і над вяршынямі і ледавікамі.

Жыцьцёвы арэал

рэдагаваць

Тыповыя жыцьцёвыя арэалы

рэдагаваць

Звычайная пустальга адносіцца да відаў, якія лёгка адаптуюцца да навакольных умоваў, таму жыцьцёвыя арэалы птушкі вельмі разнастайныя[2]. Птушка звычайна ня селіцца ў густых закрытых лясных масівах, а таксама на бяздрэўных стэпавых ляндшафтах. У Цэнтральнай Эўропе звычайна пустальга дастаткова распаўсюджана ў культурных ляндшафтах, і можа жыць практычна ў любой мясьціне, у непасрэднай блізасьці якой ёсьць акраек лесу альбо адкрытыя тэрыторыі, парослыя дрэвамі. Для паляваньня птушцы патрэбныя адкрытыя плошчы зь нізкай расьліннасьцю. Там, дзе адсутнічаюць дрэвы, звычайная пустальга сядае на слупы высакавольтных электрычных ліній. З 1950-х гадоў вядомы нават адзіны выпадак, калі птушка гнязьдзілася на Аркнэйскіх астравах на тэрыторыі з усялякай адсутнасьцю вэгетацыі.

Акрамя існаваньня адпаведнага месца для гнездаваньня, вырашальным крытэрам у выбары жыцьцёвага арэалу звычайнай пустальгі зьяўляецца дастатковая колькасьць патэнцыйнай здабычы. Калі корму хапае, птушка праяўляе вялікую прыстасавальнасьць да ляндшафтаў з амаль што любым вышынным дыяпазонам. Так, напрыклад, у Гарцы і ў Рудных гарах існуе прамая залежнасьць паміж прысутнасьцю асноўнай здабычы птушкі, палявой мышшу і вышынным дыяпазонам, на якім сустракаецца звычайная пустальга. У Гарцы пачынаючы з вышыні звыш 600 мэтраў над узроўнем мора птушка сустракаецца ўсё радзей, а на вышыні звыш 900 мэтраў амаль што адсутнічае. У Альпах жа, дзе ў птушкі істотна іншы спэктар здабычы, за паляваньнем драпежніка можна назіраць на альпійскіх лугах нават на вышыні 2000 мэтраў. На Каўказе птушка сустракаецца на вышынях да 3400 м, на Паміры на вышыні звыш 4000 м. У Нэпале пустальгу можна ўбачыць як у даліннай мясцовасьці, так і на вышыні звыш 5000 м. У Тыбэце птушку неаднойчы заўважалі ў высакагорных зонах на вышыні да 5500 м.

Звычайная пустальга ў гарадзкіх ляндшафтах

рэдагаваць
 
Звычайная пустальга ♂ — птушкі аблюбоўваюць выступы і нішы высокіх будынкаў у гарадах

Звычайная пустальга таксама ахвотна селіцца ў межах вялікіх і малых гарадоў. Відавочна, што тэрыторыі паляваньня і месца гнездаваньня для птушкі не абавязкова павінны быць ідэнтычнымі. Пустальга, якая гнязьдзіцца ў межах гораду, павінна пакрываць вялікія дыстанцыі, каб здабыць сваіх традыцыйных мышэй. Так, напрыклад, птушкі, якія жывуць у вежы царквы Фраўэнкірхе ў Мюнхэне, для кожнай здабытай мышы павінны пралятаць па меншай меры 3 км. Дасьледаваньні паказалі, што звычайная пустальга можа талераваць пяцікілямэтровую адлегласьць да сваіх паляўнічых месцаў. У некаторых птушак, якія гнязьдзяцца ў гарадах, назіраюцца перамены ў формах паляваньня, а таксама ў спэктры здабычы. Больш падрабязная інфармацыя аб апошняй зьяве зьмешчаная ў частцы артыкула формы паляваньня.

Бэрлінская дасьледчая група аб’яднаньня па ахове прыроды Нямеччыны займаецца з пачатку 1980-х гадоў паводзінамі і асаблівасьцямі птушак, пражываючых у гарадзкіх умовах. Сярэдняя колькасьць гнездавальных пар птушак у Бэрліне дасягае 200—300, але асабліва пасьля халодных зім гарадзкая папуляцыя значна памяншаецца. У мэтах павелічэньня папуляцыі штучна ствараюцца месцы патэнцыяльнага гнездаваньня пустальгі шляхам усталяваньня гнездавальных пляцовак у будынках грамадзкага карыстаньня: цэрквах, школах альбо ратушах. «Натуральнымі» магчымымі месцамі гнездаваньня зьяўляюцца сьценавыя нішы пераважна старых архітэктурных пабудоваў. Аднак у выніку санацыі колькасьць апошніх год ад году значна памяншаецца. У большасьці сучасных высотных будынкаў адсутнічаюць сьценавыя праёмы і нішы, таму прыгоднасьць такіх пабудоваў для месцаў гнездаваньня звычайнай пустальгі невялікая. Каля 60 адсоткаў папуляцыі птушак у Бэрліне гнязьдіцца сёньня на спэцыяльных падрыхтаваных чалавекам пляцоўках.

У той жа час гарады зьяўляюцца небясьпечным месцам жыхарства для птушак. Звычайныя пустальгі нярэдка і рэгулярна трапляюць у аўтамабільныя аварыі альбо разьбіваюцца аб засьцякленьне сучасных будынкаў. Акрамя таго, час ад часу маладыя птушкі выпадаюць з гнездавых ніш і ў моцна паслабленым стане трапляюць на спэцыяльныя станцыі. Так, бэрлінская дасьледчая група штогод даглядае і апякае каля 50 птушак на дзьвюх існуючых станцыях па ахове звычайнай пустальгі.

Корм і асаблівасьці паляваньня

рэдагаваць

Гарадзкія папуляцыі звычайнай пустальгі вядуць паляваньне пераважна на вераб’ёў і іншых мелкіх птушак. На адкрытых ляндшафтах у дзённы рацыён птушкі ўваходзяць перш за ўсё невялікія млекакормячыя: палявыя мышы, рыжыя полёўкі, землярыйкі, паўхі ды іншыя палёўкавыя[2]. Дамінантнае месца той ці іншай здабычы ў рацыёне звычайнай пустальгі вызначаецца ў першую чаргу лякальнымі ўмовамі адпаведнага жыцьцёвага арэалу. Так, у выніку навуковых дасьледаваньняў было выяўлена, што пустальгі, якія насяляюць востраў Амрум, кормяцца пераважна вадзянымі палёўкамі (Arvicola terrestris). У Паўднёвай Эўропе звычайная пустальга вядзе паляваньне і на казюрак — конікаў і жукоў, а таксама на такіх рэптылій як яшчаркі. Калі значна паніжаюцца папуляцыі дробных млекакормячых, на гэтую здабычу пераходзяць таксама і птушкі, якія насяляюць Цэнтральную Эўропу. Маладыя птушкі, якія толькі пачынаюць вучыцца лятаць, кормяцца спачатку казюркамі і толькі набыўшы неабходны вопыт і сілу, пачынаюць весьці паляваньне на дробных млекакормячых.

 
Звычайная пустальга

Дзённы рацыён здабычы, які звычайна патрабуецца здаровай птушцы, адпавядае 25% масы яе цела. У выніку роспалаці загінулых птушак было выяўлена, што ў страўніку звычайнай пустальгі ў сярэднім знаходзіцца каля двух напалову страўленых мышэй.

Формы паляваньня

рэдагаваць

Вастрыня зроку звычайнай пустальгі вышэй за чалавечую ў 2,6 разы. Чалавек з такім зрокам змог бы прачытаць усю табліцу для праверкі зроку с адлегласьці 90 мэтраў. Акрамя таго, гэтая птушка бачыць ультрафіялет, а значыць, і меткі брулямі[10], пакінутыя грызунамі (брулі ярка сьвецяцца пад ультрафіялетам і чым сьвежэйшыя, тым ярчэй), паблізу ад якіх напэўна знаходзіцца грызун[11].

Па сваіх паводзінах у час паляваньня звычайную пустальгу можна аднесьці да так званых захапляльнікаў: схапіўшы здабычу, птушка ўтрымае яе ў кіпцюрах, а затым дабівае каршэнем (моцным ударам) па патыліцы, прабіваючы яе дзюбай альбо праламляючы шыю сваёй ахвяры. Такая форма паляваньня, якая выкарыстоўваецца пераважна пры паляваньні на дробных млекакормячых, зьяўляецца тыповай для ўсіх сокалападобных.

Часткова сваё паляваньне звычайная пустальга вядзе ў так званай падпільнавальнай форме, пры якой птушка падпільноўвае здабычу, седзячы на ўзвышшах: палявых шулах, тэлеграфных слупах альбо галінках дрэў. Але самай характэрнай і незвычайнай рысай паляваньня звычайнай пустальгі зьяўляецца яе адметны тыповы трапятальны палёт. Гэта высокаспэцыялізаваная форма грэблявага палёту, пры якім птушка некаторы час «стаіць» у паветры над вызначаным месцам. Такая форма палёту, пры якой птушка незвычайна часта б’е крыламі ў паветры, надзвычай энэргаёмістая. Пры моцным сустрэчным ветры птушка выкарыстоўвае яго энэргію, максымальна зьберагаючы сваю ўласную. Галава пры гэтым застаецца ў фіксаваным пункце, а цела сьлізгаціць у дробныя часткі сэкунды назад, пакуль шыя не выцягваецца на максымальна магчымую даўжыню. Затым звычайная пустальга махамі крылаў зноў актыўна ляціць наперад, пакуль шыя не выгінаецца альбо ўцягваецца ў цела максымальна. Такая форма палёту дазваляе птушцы эканоміць каля 44% энэргіі ў параўнаньні са звычайным махавым палётам. Трапятальны палёт на месцы звычайная пустальга выкарыстоўвае між іншым заўсёды над тымі мясьцінамі, на якіх птушка разьлічвае на асабліва вялікую колькасьць здабычы па шматлікіх лёгка распазнавальных вокам пустальгі сьлядах брулі (мачы).

Паляваньне з паветра — адна з формаў паляваньня звычайнай пустальгі, якую аднак птушка практыкуе толькі пры асаблівых умовах. Ужываецца пераважна гарадзкімі папуляцыямі для нечаканага нападу на касякі альбо скопішчы пеўчых птушак, а таксама на сельскагаспадарчых мурогах, дзе адначасова зьбіраецца дастаткова вялікая колькасьць дробных птушак. Некаторыя асобіны з гарадзкіх папуляцый пад прымусам зьнешніх умоваў перайначваюць свае тыповыя паляўнічыя звычкі і палююць пераважна альбо выключна на птушак, каб выжыць ва ўрбанізаваных жыцьцёвых арэалах. Па меншай меры некаторыя індывідуўмы рэгулярна палююць акрамя гэтага на маладых птушанят у гнёздах адзічэлых дамавых галубоў.

Трапляюцца таксама і маладыя птушкі, якія разграбаючы зямлю лапамі, зьбіраюць дажджавых чарвякоў на сьвежаўзараных палях.

Аптымізацыя энэргазатрат: параўнаньне форм паляваньня

рэдагаваць

Сідзячую альбо падпільнавальную форму паляваньня звычайная пустальга практыкуе пераважна ўзімку. Так, у Вялікабрытаніі ў сьнежні і ў студзені на сідзячую форму паляваньня прыходзіцца каля 85%, на паляваньне ў паветры толькі каля 15% агульнага палявальнага часу. З траўня па жнівень на абедзьве формы паляваньня птушка адводзіць прыкладна аднолькавую колькасьць часу. Пры гэтым сідзячая форма зьяўляецца значна менш пасьпяховай у параўнаньні зь іншай; адпаведна статыстыцы, толькі 9% ад агульнай колькасьці рыўкоў на патэнцыяльную здабычу былі пасьпяховымі зімой і 20% сканчаліся пасьпяхова для птушкі ўлетку. Пры паляваньні з паветра 16% рыўкоў на здабычу сканчаюцца пасьпяхова зімой і каля 21% летам. Аднак вырашальным чыньнікам у зьмене формы паляваньня зьяўляюцца энэргетычныя затраты птушкі, зьвязаныя з трапятальным палётам у час паляваньня. Улетку энэргетычныя затраты на здабычу кожнай мышы аднолькавыя для двух формаў паляваньня. Аднак зімой колькасьць затрачанай энэргіі на здабычу адной мышы зь сідзячага становішча складае толькі палову тых затрат, якія ўзьнікаюць пры паляваньні з паветра, нават калі пасьпяховасьць першай паляўнічай формы значна ніжэйшая. Са зьменай формы паляваньня звычайная пустальга аптымізуе свае энэргетычныя затраты. Для кампэнсацыі энэргазатрат, сярэдняй птушцы неабходна спажываць 3-4 палёўкі за дзень[12].

Размнажэньне

рэдагаваць

Такаваньне

рэдагаваць

За такавальным палётам звычайнай пустальгі ў Цэнтральнай Эўропе можна назіраць з сакавіка па красавік. Самцы выконваюць пры гэтым рыўкападобныя махі крыламі ў паветры, амаль што пераварочваючыся ўздоўж і потым імгненна сьлізгацяць уніз у піке. Гэтыя палёты, галоўная мэта якіх — пераважна заява правоў птушкі на сваю тэрыторыю, суправаджаюцца ўзбуджанымі заклікамі самца.

Зазываньне да злучкі зыходзіць пераважна ад самкі, якая знаходзіць сабе прытулак у аблюбаваным самцом жыцьцёвым арэале ў час такаваньня, і падае яму сымбалічныя знакі голасам, запрашаючы да злучэньня. Пасьля спарваньня самец ляціць да выбранага ім месца гнездаваньня і заклікае туды самку голасам (гукі, якія чымсьці нагадваюць сьветлае, высакаватае «цык»). У самім гнязьдзе назіраюцца два розныя тыпы такавальных паводзінаў, адзін зь якіх пераходзіць у другі. Няспынна выкрыкваючы сваё «цык», самец прыладжваецца ў гнязьдзе, нібыта зьбіраючыся класьці яйкі і высіджваць птушанят, клапатліва грабецца ў гнязьдзе кіпцюрамі і пашырае гнездавое паглыбленьне. Калі на акрайку гнязда зьяўляецца самка, самец раптоўна выпрамляецца ў гнязьдзе ва ўзбуджаным стане. Пры гэтым ён звычайна трымае ў дзюбе спэцыяльна прыгатаваную ім раней здабычу, прапаноўваючы яе самцы.

Месцы гнездаваньня

рэдагаваць

Звычайная пустальга гнезьдзіцца пераважна на скалах, аддаючы перавагу шчылінам і невялікім пячорыстым паглыбленьням у скале. Як і іншыя сокалы, звычайная пустальга не будуе гнёзды самастойна. У рэгіёнах з адсутнасьцю альбо невялікай колькасьцю скалаў звычайная пустальга займае гнёзды іншых птушыных відаў, напрыклад, варон. Часам пустальзе не хапае сілы, каб прагнаць варон зь іх сьвежапабудаваных гнёздаў, таму птушцы не застаецца нічога іншага як займаць старыя шматгадовыя альбо пакінутыя гнёзды. Сустракаліся таксама выпадкі, калі звычайная пустальга зганяла з насіджаных гнёздаў адзічэлых дамавых галубоў. Селіцца таксама і на адкрытых ляндшафтах, некаторыя індывідуўмы гнязьдзяцца ў дуплах дрэваў.

Звычайная пустальга ўрбанізаваных раёнаў выкарыстоўвае для гнездаваньня разнастайныя паглыбленьні рэльефу будынкаў і сьценавыя нішы, гнязьдзіцца таксама на царкоўных вежах і высотных дамах. Перавагу ў апошнім выпадку птушка аддае верхняй частцы вэртыкальнай структуры будынкаў, тым самым значна памяншаючы ўласную небясьпечнасьць.

Калі колькасьць корму ў адпаведным жыцьцёвым арэале больш чым дастатковая, звычайныя пустальгі, таксама як і стэпавая пустальга, зьбіраюцца ў дастаткова вялікія гнездавальныя калёніі. Так, гістарычна сьцьверджаным фактам было тое, што ў Эрдынскіх забалочаных мясьцінах непадалёку ад Мюнхэну ў 1930-х адначасова гнездаваліся 20 пар гракоў і 15 гнездавальных пар звычайнай пустальгі ў незвычайнай блізкасьці адной пары ад другой. Пры гэтым звычайныя пустальгі карысталіся пакінутымі альбо старымі гнёздамі шэрай вароны. Да жорсткай абароны свайго гнязда пустальга пераходзіць выключна пры вельмі блізкім набліжэньні да гнязда.

Вывядзеньне птушанят

рэдагаваць
 
Яйкі звычайнай пустальгі

У кладцы двухгадовых асобін звычайна ад 3 да 6 яек, зьяўляюцца пераважна пачынаючы зь сярэдзіны красавіка. Яйкі, ад жаўтаватага да аліўкава-зялёнага колеру, маюць вялікую колькасьць рыжых цёмных плямаў[4]. Даўжыня яек — ад 3,4 да 4,4 см. Кладкі час ад часу разрабляюць шэрыя вароны і іншыя птушкі. Аднак самай вялікай небясьпекай зьяўляецца ў першую чаргу аб’ектыўная адсутнасьць магчымасьці з боку самца забясьпечыць неабходнай колькасьцю здабычы самку, якая сядзіць у гнязьдзе з кладкай, у выніку чаго самка прымушана пакідаць гняздо альбо наогул адмовіцца ад далейшага высіджваньня патомства. Высіджваньне пачынаецца незадоўга перад альбо непасрэдна пасьля кладкі яек.

Птушаняты вылупляюцца звычайна пасьля 27 — 29 дзён з моманту кладкі. У першыя дні самка вельмі пільна даглядае маладое патомства і пакідае гняздо толькі на вельмі кароткі час, які неабходны для таго, каб самец перадаў самцы здабычу. Калі здабычай зьяўляецца мыш, птушаняты атрымліваюць ад маці лепшыя часткі — мускульнае мяса, сама ж самка корміцца шкурай альбо кішкамі. Калі птушаняты дасягаюць двухтыднёвага ўзросту, самка пачынае пакідаць гняздо і бацькі кормяць маладое патомства незалежна адзін ад другога. У гэтым веку маленькія птушаняты пачынаюць упершыню станавіцца на ногі. Птушаняты незвычайна хутка дасягаюць вялікай масы цела. Так, ужо ў трохтыднёвым веку, вага цела маладой птушкі прыкладна адпавядае масе дарослай птушкі. Сваю першую вопратку — пух, птушаняты зьмяняюць на адзеньне маладой птушкі толькі ў чатырохтыднёвым веку.

Працягласьць жыцьця

рэдагаваць

Узрост самых старых птушак на свабодзе, вызначаны па кальцаваньню, адпавядае 16 гадам (абсалютны рэкорд — 24 гады)[13]. Імавернасьць таго, што маладая птушка перажыве аднагадовы век, складае аднак усяго 50 адсоткаў, большасьць птушак памірае не дажыўшы да 2 гадоў[13]. Высокая сьмяротнасьць адзначаецца ў студзені і ў лютым, калі як маладыя, так і дарослыя птушкі паміраюць ад голаду. Прычынай гэтага зьяўляюцца неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якое перашкаджае птушцы здабываць неабходную колькасьць корму.

Папуляцыя віду

рэдагаваць

Пасьля звычайнага канюка звычайная пустальга зьяўляецца самым распаўсюджаным відам птушак Цэнтральнай Эўропы. Важную ролю ў рэгуляваньні колькасьці папуляцыяў займае колькасьць мясьцін для патэнцыйнага гнездаваньня, а таксама дастатковая колькасьць здабычы. У залежнасьці ад апошняга чыньніка, на 100-кілямэтровай плошчы можа гнязьдзіцца каля 90 пар.

Звычайная пустальга ў Беларусі

рэдагаваць

На тэрыторыі Беларусі звычайная пустальга адносіцца да ахоўваных відаў і ўваходзіць у «Чырвоную кнігу[6]» краіны (пачынаючы з другога выданьня). На Беларусі звычайная пустальга ахоўваецца ў біялягічным заказьніку «Званец», сустракаецца ў нацыянальным парку «Нарачанскі», арніталягічным заказьніку «Дымаўшчына»[6] на Віцебшчыне, у Прыпяцкім запаведніку, Белавескай пушчы[14], заказьніку «Налібоцкая пушча». На тэрыторыі Менскага ўзвышша назіраецца дастаткова рэдка, але практычна ва ўсіх раёнах. Уваходзіць у склад палявога арнітакомплекса Берасьцейшчыны: у Берасьцейскім і Івацэвіцкім раёнах колькасьць асобін звычайнай пустальгі на квадратны кілямэтар летам на пэрыяд 1990—2003 гадоў складала 3,4 ас./км². Вядомыя таксама рэдкія выпадкі зімаваньня птушкі на Берасьцейшчыне (0,1 ас./км² за той жа пэрыяд). Птушка насяляе ў Беларусі таксама і гарадзкія тэрыторыі. Так, напрыклад, у Менску звычайная пустальга — адзін з адзначаных у сталіцы 34 ахоўваных відаў птушак другога выданьня Чырвонай кнігі.

Звычайная пустальга ў літаратуры

рэдагаваць

Віталь Біянкі: «Мышаня Пік»[15] Незвычайна дакладнае апісаньне паводзінаў птушкі перадаецца ў творы для дзяцей «Мышаня Пік» расейскага аўтара Віталя Біянкі ў частцы «хвост-чаплялка і шорстка-невідзімка» (вытрымка са скарачэньнямі, пераклад): «… Трасучка — птушка велічынёй з галуба, толькі больш тонкая, — нерухома вісела ў пустым паветры, быццам падвешаная да неба на вяроўчынцы. Толькі крылы ў яе крышку трасьліся, ды галаву яна варочала з боку ў бок. Ён і ня ведаў, якія зоркія вочы ў трасучкі… Пік зразумеў небясьпечнасьць, толькі калі трасучка разам кінулася зь месца і стралой паняслася да яго. Бежці было позна. У мышаня ад перапалоху адняліся ногі. Ён грудзьмі ўціснуўся ў зямлю і затаіўся. Трасучка даляцела да яго і раптам завісла ў паветры, ледзь бачна трапечучы вострымі крыламі…».

Бары Гайнз: «Пустальга для прыслужніка»[16] У 1968 годзе брытанскім аўтарам Бары Гайнзам была апублікаваная кніга з назвай «Пустальга для прыслужніка». Сюжэт адбываецца ў Барнсьлі, Ёркшыр. Галоўны герой — Білі Каспэр, малады хлопец з рабочай клясы, адзіныя шчасьлівыя моманты жыцьця якога — час, які ён праводзіць з пустальгой Кэс. Твор зьмяшчае вялікую колькасьць эпізодаў, у якіх апавядаецца аб птушцы і яе паводзінах. Трагічны канец. Некалькі пазьней, у 1969 годзе, па сюжэце твору ў Вялікабрытаніі была пастаўленая кінастужка «Кэс».

Віктар Канінг: «На мове полымя. Клетка»[17] Эпізадычныя, але выдатна характарызуючыя звычайную пустальгу выразы сустракаюцца ў творы Віктара Канінга «На мове полымя. Клетка». Вытрымкі без кантэксту: «…пустальга за трыццаць мэтраў распазнае трапятаньне паяданага жуком ліста…», «…кружыўшая над высокімі травамі пустальга застыла, трапечучы кончыкамі крылаў, здаецца не на момант, каб камнем упасьці на зайца, а назаўсёды…»

  1. ^ Falco tinnunculus w: Integrated Taxonomic Information System. (анг.)
  2. ^ а б в Пернатые хищники России: обыкновенная пустельга (рас.)
  3. ^ Vogel des Jahres (Deutschland): 2007.  (ням.)
  4. ^ а б в г Обыкновенная пустельга.pdf (рас.)
  5. ^ Пустельга (Falco tinnunculus) (рас.)
  6. ^ а б в г Звычайная пустальга на slounik.org
  7. ^ а б в г д е Michał Radziszewski: Ptaki Polski. Warszawa: Carta Blanca, 2011. (пол.)
  8. ^ Riegert, J.; Dufek, A.; Fainová, D.; Mikeš, V.; Fuchs, R. (2007): Increased hunting effort buffers against vole scarcity in an urban Kestrel Falco tinnunculus population: Capsule in years with low vole abundance birds visited hunting grounds more frequently and for longer. Bird Study 54 (3), S. 353—361 (ням.)
  9. ^ Rudolf Piechocki: Der Turmfalke. Ziemsen, Wittenberg 1991. ISBN 3-7403-0257-7  (ням.)
  10. ^ Viitala, Jussi; Korpimäki, Erkki; Palokangas, Päivi & Koivula, Minna: Attraction of kestrels to vole scent marks visible in ultraviolet light. Nature 373(6513): 425 - 427 (анг.)
  11. ^ Невидимые миры ВВС. 2 серия (рас.)
  12. ^ Steen, R., Løw, L.M. & Sonerud, T. 2011a. Delivery of Common Lizards (Zootoca Lacerta vivipara) to nests of Eurasian Kestrels (Falco tinnunculus) determined by solar height and ambient temperature. - Canadian Journal of Zoology. 89: 199–205 (анг.)
  13. ^ а б AnAge [2010]: Falco tinnunculus life history data(анг.)
  14. ^ Видовой состав птиц Беловежской пущи и их краткая эколого-биологическая характеристика (рас.)
  15. ^ Виталий Бианки. Мышонок пик на lib.ru (рас.)
  16. ^ Barry Hines (1969). A Kestrel for a Knave. Penguin. ISBN 0-14-002952-4 (анг.)
  17. ^ Каннинг Виктор. На языке пламени на RoyalLib.ru (рас.)

Літаратура

рэдагаваць
  • Michał Radziszewski: Ptaki Polski. Warszawa: Carta Blanca, 2011. (пол.)
  • Rudolf Piechocki: Der Turmfalke. Ziemsen, Wittenberg 1991. ISBN 3-7403-0257-7(ням.)
  • Viitala, Jussi; Korpimäki, Erkki; Palokangas, Päivi & Koivula, Minna: Attraction of kestrels to vole scent marks visible in ultraviolet light. Nature 373(6513): 425—427. (анг.)
  • Steen, R., Løw, L.M. & Sonerud, T. 2011a. Delivery of Common Lizards (Zootoca Lacerta vivipara) to nests of Eurasian Kestrels (Falco tinnunculus) determined by solar height and ambient temperature. — Canadian Journal of Zoology. 89: 199—205.  (анг.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Звычайная пустальгасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Відэаматэрыялы

рэдагаваць