Нацыянальны цэнтар біятэхналягічнай інфармацыі ЗША
Нацыянальны цэнтар біятэхналягічнай інфармацыі ЗША (па-ангельску: National Center for Biotechnological Information, NCBI).
Заснаваны ў 1988 годзе ў Бетэсда (штат Мэрылэнд, ЗША) як цэнтральны інстытут апрацоўкі і захоўваньня зьвестак малекулярнай біялёгіі. Зьяўляецца часткай Нацыянальнай мэдычнай бібліятэкі ЗША (анг. United States National Library of Medicine NLM), падразьдзелу Нацыянальнага інстытуту здароўя (анг. National Institutes of Health, NIH).
NCBI падае інфармацыю пра базы зьвестак бялковых дамэнаў, ДНК (GenBank) і РНК, базы зьвестак артыкулаў навуковай літаратуры (PubMed) і таксанамічнай інфармацыі (TaxBrowser), забясьпечвае пошук зьвестак пра пэўны біялягічны від (Taxonomy). Таксама ўтрымоўвае розныя стандартныя праграмы біяінфарматыкі (BLAST). Базы зьвестак даступныя праз пошукавую сыстэму Entrez.
Задачы NCBI
рэдагаваць- Стварэньне аўтаматызаваных сыстэмаў для захоўваньня і аналізу зьвестак па малекулярнай біялёгіі, біямэдыцыне і генэтыцы.
- Кампутарная апрацоўка зьвестак, атрыманых у дасьледаваньнях структуры і значэньня біялягічна актыўных малекулаў і рэчываў.
- Садзейнічаньне шырокаму выкарыстаньню базаў зьвестак і апраграмаваньня для дасьледчыкаў у галіне біятэхналёгій і мэдычнага пэрсанала.
- Каардынаваньне намаганьняў па назапашваньні біятэхналягічнай інфармацыі па ўсім сьвеце.
Штогод пад эгідай NCBI праводзяцца сэмінары і навуковыя канфэрэнцыі, прысьвечаныя праблемам малекулярнае біялёгіі, генэтыкі, біямэдыцыны. NCBI займаецца адукацыйнай дзейнасьцю, у тым ліку ў рэжыме on-line.