Гісторыя Любчы
Любча — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Наваградчыны. Да нашага часу тут захаваўся замак Радзівілаў ў стылі готыкі і рэнэсансу, помнік архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Любчу як аб’ект выправаў крыжакоў зьмяшчаецца ў нямецкіх хроніках і датуецца 1401. З 1507 паселішча знаходзілася ў складзе Наваградзкага ваяводзтва. У 1517 уладальнікамі Любчы былі Г. Ельмановіч і М. Меляшковіч; апошні заснаваў тут мястэчка[1]. З 1528 паселішча знаходзілася ў валоданьні ваяводы віленскага А. Гаштольда, з 1574 — старосты жамойцкага Я. Кішкі, які ў 1581 заснаваў тут школу і арыянскі храм (з XVII ст. — кальвінскі збор).
У 1590 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Любчы Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная падкова з трыма залатымі крыжамі і двума срэбнымі рыбамі»[1]. У 1606 мястэчка перайшло да Радзівілаў, якія з мэтай эканамічнага ўмацаваньня і павелічэньня паселішча запрасілі сюды мяшчанаў зь Менску, Наваградку і інш. каралеўскіх местаў.
У XVII ст. у Любчы ствараліся рамесныя цэхі, таксама існавала друкарня, заснаваная П. Б. Кмітам, дзе выдавалася мэдычная і гістарычная літаратура, паэтычныя творы і інш. У канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў у мястэчку збудавалі мураваны замак. У 1644 Любча атрымала новы герб[1]: «у блакітным полі брама з дзьвюма вежамі; наверсе брамы, паміж вежамі, збройны рыцар, у правай руцэ меч, у левай — шчыт»[2]. У гэты час тут было 144 двары, Рынак, 4 вуліцы.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 шматлікі загон запароскіх казакоў пад камандаю І. Залатарэнкі пераправіўся празь Нёман і прыступам узяў Любчанскі замак, фактычна цалкам яго разбурыўшы; казакі таксама разрабавалі мясцовую друкарню. На 1671 у мястэчку засталося 116 двароў, дзейнічалі кальвінскі збор і царква[1].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Любча апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Наваградзкага павету. У 2-й пал. XIX ст. паселішча знаходзілася ў валоданьні Фальц-Фэйнаў.
На 1884 у Любчы было каля 200 двароў. У кан. ХІХ ст. дзейнічалі царква і 2 сынагогі, працавалі школа і 21 крама, праводзіліся штотыднёвыя таргі[3]. Паводле вынікаў перапісу (1897), у мястэчку было 444 двары, дзейнічалі царква і сынагога, працавалі жаночая царкоўна-прыходзкая школа, аптэка, 70 крамаў і корчмы, штогод зьбіраўся кірмаш.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Любча абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі[4], з 27 лютага 1919 году — у Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Літвы і Беларусі.
Па савецка-польскай вайне згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Любча апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны ў Наваградзкім павеце. У гэты час у мястэчку і суседнім фальварку было 108 двароў.
У 1939 годзе Любча ўвайшла ў БССР, дзе з 1940 году стала цэнтрам Любчанскага раёну Баранавіцкай, з 1954 году — Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 году да 8 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1956 годзе Любчанскі раён скасавалі.
У 2003 годзе ўтварыўся дабрачынны фонда «Любчанскі замак», які сіламі валянтэраў-энтузіястаў праводзіць аднаўленьне замка. 24 ліпеня 2014 году адбылося зацьвержаньне гербу Любчы: «барокавая тарча, у блакітным полі якой выява срэбнай падковы, на вяршыні якой знаходзіцца залаты кавалерскі крыж, яшчэ два крыжы таго ж мэталу прымацоўваюцца на абодвух яе гаках. Унутры падковы выява дзьвюх рыб (ласось) у слуп: правая галавой уверх, левая галавой уніз»[5].
Галерэя
рэдагавацьЗамак
рэдагавацьІншае
рэдагаваць-
Старая царква, 1912 г.
-
Старая царква, каля 1900 г.
-
Рынак, 1918 г.
-
Царква-мураўёўка, 1918 г.
-
Царква-мураўёўка, 1918 г.
-
Царква-мураўёўка, 1918 г.
-
Нёман. Я. Булгак, 1910 г.
-
Рынак. В. Равенская, 1938 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Бянько У., Шаблюк В. Любча // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 229.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ «Об учреждении гербов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской и Гродненской областей». Указ Президента Республики Беларусь от 24 июля 2014 г. № 373(недаступная спасылка) (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьГісторыя Любчы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў