Газпрам трансгаз Беларусь
«Газпрам трансгаз Беларусь» — даччынае прадпрыемства расейскага «Газпрама», якое займаецца транзытам прыроднага газу праз тэрыторыю Беларусі з Расеі ў Летуву, Польшчу і Ўкраіну і яго пастаўкамі беларускім спажыўцам.
«Газпрам трансгаз Беларусь» | |
Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 25 кастрычніка 1960 (64 гады таму) |
Заснавальнікі | Савет міністраў СССР |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Менск, вул. Някрасава, д. 9 |
Ключавыя фігуры | Уладзімер Маёраў, Павал Войтаў, Аляксандар Мяшкоў |
Галіна | Транспарт |
Прадукцыя | Трубаправодная пастаўка прыроднага газу |
Абарачэньне | 55 624 млрд рублёў[1] (2015; $3469,076 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | 6060 млрд руб. ($377,953 млн) |
Чысты прыбытак | 4927 млрд руб. ($307,258 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 6526 (2016) |
Матчына кампанія | «Газпрам» (Масква, Расея) |
Даччыныя кампаніі | Белгазпрамбанк[3] |
Склад
рэдагавацьНа 2016 г. «Газпрам трансгаз Беларусь» улучаў:
- 8 управаў магістральных трубаправодаў: Асіпавічы (Магілёўская вобласьць), Ворша (Віцебская вобласьць), Гомель, Кобрынь (Берасьцейская вобласьць), Крупкі (Менская вобласьць), Менск, Нясьвіж (Менская вобл.), Слонім (Гарадзенская вобласьць);
- усе 3 падземныя сховішчы газу Беларусі з 3 кампрэсарнымі станцыямі: Асіпавічы (у ваданосным пласьце), Мазыр (Гомельская вобласьць; у саляным адкладзе), Прыбужжа (Кобрынь; у ваданосным пласьце);
- управу буравых работаў (Маладэчна, Менская вобл.), «Менскаўтагаз»;
- 2 замежныя прадстаўніцтвы: Варшава (Польшча), Масква (Расея)[4];
- 7,9 тыс. км газаправодаў разам з 7 магістральнымі, зь іх 2,9 тыс. км (37%) транзытных, у тым ліку:
- 3-нітачны магістральны газаправод «Таржок — Менск — Івацэвічы» (ад Расеі) дыямэтрам 122 см і 2-нітачны магістральны трубаправод «Івацэвічы — Даліна(uk)» (да Ўкраіны) дыямэтрам 122 см з 5 лінейнымі кампрэсарнымі станцыямі: «Ворша», «Крупкі», «Менск», «Нясьвіж» і «Кобрынь»;
- магістральныя газаправоды: «Кобрынь — Берасьце — Дзяржмяжа» (да Польшчы) дыямэтрам 102 см, «Менск — Вільня» (да Летувы) дыям. 122 см, «Таржок — Даліна» (ад Расеі да Ўкраіны) дыям. 142 см;
- газаправод «Ваўкавыск — Дзяржмяжа» (да Польшчы) дыямэтрам 27,3 см;
- 575 км газаправоду «Ямал — Эўропа» дыямэтрам 142 см (20% транзытных газаправодаў; 7% ад агульнай даўжыні газаправодаў Беларусі) з 5 капрэсарнымі станцыямі[5]: «Аршанская», «Крупская», «Менская», «Нясьвіская» і «Слонімская»;
- 7 газавымяральных станцыяў на магістральных газаправодах, 226 газаразьмеркавальных станцыяў на ўсіх газаправодах.
- 27 аўтамабільных газанапаўняльных капрэсарных станцыяў.
На 2016 г. уласная энэргасыстэма газаправодаў для бесьперабойнага забесьпячэньня ўлучала: 451 трансфарматарную падстанцыю з 553 сілавымі трансфарматарамі, 945 км паветраных і кабэльных лініяў электраперадачаў, 21 кацельню магутнасьцю звыш 0,5 гігакалёрыі/гадзіна, 45 артэзіянскіх сьвідравінаў, 150 км вадаправодаў і 106 км сетак водаадводу, 26 водаачышчальных і 33 каналізацыйных ачышчальных збудаваньняў. У 2013 г. выраб уласнай электраэнэргіі на кагенэравальных устаноўках і электрастанцыях уласных патрэбаў з утылізаванага прыроднага газу склаў 25 262 тыс. кіляват-гадзіна (10%), а спажываньне набытай электраэнэргіі склала 224 433 тыс. кіляват-гадзіна (90%)[6].
Гісторыя
рэдагавацьЗа савецкім часам
рэдагавацьУ 1957 г. Галоўная ўправа газавай прамысловасьці пры Савеце міністраў СССР (Масква, Расейская СФСР) стварыла ў Менску (Беларуская ССР) Дырэкцыю будаўніцтва магістральнага газаправода «Дашава(uk) — Менск» да Львоўскай вобласьці (Украінская ССР, цяпер Украіна). Да 1960 г. будаўніцтва магістральнага газаправода «Дашава — Менск» закончылі і пачалі будаваць адвадныя газаправоды. 25 кастрычніка 1960 г. Галоўная ўправа газавай прамысловасьці пры Савеце міністраў СССР сваім Загадам № 274 стварыла Менскую ўправу магістральных газаправодаў для кіраваньня беларускім участкам магістральнага газаправода «Дашава — Менск» ад мяжы з Украінскай ССР. Адначасна ў складзе Менскай управы магістральных газаправодаў стварылі Кобрынскую раённую ўправу газаправодаў (Берасьцейская вобласьць, БССР; цяпер Беларусь). У 1961 г. пачаў працу газаправод «Івацэвічы — Вільня» да Летувіскай ССР (цяпер Летува). 3 сакавіка 1964 г. Дзяржаўны вытворчы камітэт газавай прамысловасьці СССР сваім Загадам № 79 стварыў Слонімскую раённую ўправу ў складзе Менскай управы магістральных газаправодаў.
У 1973 г. Міністэрства газавай прамысловасьці СССР сваім Загадам ператварыла Менскую ўправу магістральных газаправодаў у вытворчае аб’яднаньне «Захадтрансгаз». 30 студзеня 1974 г. пусьцілі газаправод «Ваўкавыск — дзяржаўная мяжа з Польшчай». 26 кастрычніка 1974 г. скончылі будаўніцтва першай ніткі магістральнага газаправоду «Таржок — Менск — Івацэвічы» з Расейскай СФСР (цяпер Расея) працягласьцю 453 км, па якім пачалася пастаўка ў Беларусь прыроднага газу з Заходняй Сыбіры (Расейская СФСР). 14 лістапада 1974 г. «Захадтрансгаз» сваім Загадам стварыў Менскую лінейна-вытворчую ўправу магістральных газаправодаў (ЛВУМГ). У 1976 г. увялі ў дзеяньне Асіпавіцкае падземнае сховішча газу (Магілёўская вобласьць, БССР; цяпер Беларусь). У 1978 г. запусьцілі 2-ю нітку магістральнага газаправоду «Таржок — Менск — Івацэвічы». У 1983 г. увялі ўдзеяньне 3-ю нітку магістральнага газаправоду «Таржок — Менск — Івацэвічы». У верасьні 1984 г. у Менску пусьцілі першую ў Беларускай ССР аўтамабільную газанапаўняльную капрэсарную станцыю («АГНКС — 2»).
Белтрансгаз
рэдагаваць10 лістапада 1992 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 675 пераўтварыў дзяржаўнае прадпрыемства «Захадтрансгаз» у дзяржаўнае прадпрыемства «Белтрансгаз». Прадпрыемства гэтак перайменавалі на прапанову галоўнага адмыслоўцы Дзяржгазнагляду Анастаса Семяновіча (нар. 1932, в. Сахалін, Слуцкі раён)[7]. Да канца 1994 г. «Белтрансгаз» стаўся асноўным пастаўніком паліва для вытворчых прадпрыемстваў Беларусі і кацельняў спажыўцоў энэргіі ў выніку іх пераводу ўрадам А.Лукашэнкі на прыродны газ з мазута. Пагатоў прыродны газ быў на 30% даражэйшы за мазут, які вырабляўся 2 беларускімі камбінатамі[8]. У 1996 годзе ў Беларусі пачалося будаўніцтва транскантынэнтальнага газаправоду «Ямал-Эўропа». 21 верасьня 1999 г. увялі ў дзеяньня беларускі ўчастак газаправоду «Ямал-Эўропа» працягласьцю 209 км ад кампрэсарнай станцыі «Нясьвіская» да дзяржаўнай мяжы з Польшчай. 30 сьнежня 1999 г. пусьцілі саму кампрэсарную станцыю (КС) «Нясьвіская» першай чаргі газаправоду «Ямал-Эўропа». 31 сьнежня 1999 г. увялі ў дзеяньне Прыбускае падземнае сховішча газу (1-ы пускавы комплекс; Берасьцейская вобл.). 31 сакавіка 2003 г. Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Загад № 45 «Аб стварэньні адкрытага акцыянэрнага таварыства ў працэсе разьдзяржаўленьня і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства транспартаваньня і пастаўкі газу „Белтрансгаз“». У красавіку 2003 г. закончылі будаўніцтва 183-кілямэтровага ўчастка газаправоду «Ямал-Эўропа» ад ракі Бярэзіна да КС «Нясьвіская» (585,5 —768 км), які запоўнілі прыродным газам. 30 сьнежня 2005 г. ААТ «Газпрам» (Масква, Расея) сваім Распараджэньнямі № 658 і 659 зацьвердзіў акты прыёмкі першых пускавых комплексаў Крупскай (Менская вобласьць) і Слонімскай (Гарадзенская вобласьць) кампрэсарных станцыяў, пабудаваных «Белтрансгазам». 29 сьнежня 2006 г. «Газпрам» Распараджэньнямі № 907, 908, 909 і 910 зацьвердзіў акты прыёмкі 4 пускавых комплексаў на 4 кампрэсарных станцыях: Крупская (2-і комплекс), Слонімская (2-і комплекс), Аршанская (1-ы комплекс), Менская (1-ы комплекс). Адначасна пры канцы сьнежня 2006 г. пачаўся расейска-беларускі энэргетычны канфлікт, у ходзе якога «Газпрам» дамогся згоды на паступовае несяброўскае паглынаньне «Белтрансгаза».
18 траўня 2007 г. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь падпісаў дамову аб паступовым продажы «Газпраму» (Масква, Расея) за $2,5 млрд 50% акцыяў ААТ «Белтрансгаз», што належалі Рэспубліцы Беларусь[9]. У 2007—2009 гг. «Газпрам» выкупіў роўнымі далямі 37,5% акцыяў «Белтрансгаза» за 1,9 млрд даляраў. У сакавіку 2010 г. «Газпрам» выкупіў яшчэ 12,5% акцыяў за $625 млн. У 2011 г. «Белтрансгаз» забясьпечваў прыродным газам 86% вытворчасьці Беларусі і побытавыя патрэбы краіны[10]. 1 сьнежня 2011 г. Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Рэспублікі Беларусь прадаў «Газпраму» другую палову акцыяў «Белтрансгаза» за $2,5 млрд паводле дамовы ад 25 лістапада 2011 г., каб атрымаць пазыку ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС падчас фінансавага крызісу ў Беларусі 2011 году.
Адначасна 25 лістапада 2011 г. тамсама ў рэзыдэнцыі Горкі-9 (Адзінцоўскі раён, Маскоўская вобласьць) урады Беларусі і Расеі падпісалі на расейскай мове «Пагадненьне аб умовах куплі-продажу акцыяў і далейшай дзейнасьці ААТ "Белтрансгаз"», якое набыло моц 23 студзеня 2013 году. Паводле артыкула 6 Пагадненьня, «ААТ "Белтрансгаз" валодае выключным правам на закуп прыроднага газу, які вывозіцца з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і прызначанага для спажыўцоў Рэспублікі Беларусь. Беларускі Бок забясьпечвае: з 1 студзеня 2012 году — мінімальны ўзровень нацэнкі на прыродны газ, які рэалізуецца ААТ "Белтрансгаз" пакупнікам у Рэспубліцы Беларусь, у памеры 15,95 даляра ЗША за 1 тыс. куб. мэтраў; з 1 студзеня 2013 году — узровень штогадовай нацэнкі на прыродны газ, скарэктаваны ў адносінах да ўзроўню папярэдняга году на 1 студзеня кожнага году на велічыню даляравай інфляцыі. Такі парадак вызначэньня мінімальнага ўзроўню нацэнкі дзейнічае да 31 сьнежня 2031 году». Таксама «Беларускі Бок забясьпечвае, каб разьлікі за прыродны газ, які закупаецца беларускімі суб'ектамі гаспадараньня ў ААТ "Белтрансгаз", ажыцьцяўляліся толькі ў далярах ЗША, і (або) ў эўра, і (або) ў расейскіх рублях, за выключэньнем сумаў нацэнкі ААТ "Белтрансгаз" і падатку на дададзеную вартасьць, што выплачваюцца ў беларускіх рублях». Тамсама адзначалася, што «велічыня даляравай інфляцыі прымаецца роўнай лікаваму значэньню зьмены спажывецкіх цэнаў, якое публікуецца Бюро статыстыкі працы Дэпартамэнта працы ЗША(en) на яго сайце»[11]. Паводле артыкула 8, «Беларускі Бок гарантуе, што па 31 сьнежня 2031 году ніякія будучыя законы, пастановы, указы або іншыя нарматыўныя прававыя акты Рэспублікі Беларусь ня будуць зьмяняць і (або) скасоўваць і (або) іншым чынам уціскаць правы і зацікаўленасьці ААТ "Газпрам", ААТ "Белтрансгаз" і іх адпаведных правапераемнікаў (улучна з павелічэньнем фінансавых абавязкаў і (або) пагаршэньнем эканамічнага становішча ААТ "Белтрансгаз", павелічэньнем нарматываў адлічэньняў у дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды, устанаўленьнем збораў на набыцьцё замежнай валюты, увядзеньнем новых або павелічэньнем ставак дзейных падаткаў і (або) збораў, якія маюць аналягічны эфэкт, увядзеньнем усялякіх забаронаў і (або) абмежаваньняў дзейнасьці, але без улучэньня акцызаў, падатку на дададзеную вартасьць і ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва)»[12].
Тады ж, 25 лістапада 2011 г., і тамсама ўрады Беларусі і Расеі падпісалі па-расейску «Пагадненьне аб парадку ўтварэньня цэнаў пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспартаваньні па газаправодах, разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якое таксама набыло моц 23 студзеня 2013 году. Паводле артыкула 3 Пагадненьня, «Цана на газ для Рэспублікі Беларусь на пэрыяд з 1 студзеня па 31 сьнежня 2012 году ўстанаўліваецца ў памеры 165,6 даляра ЗША за 1 тыс. куб. мэтраў і пералічваецца на фактычную цеплатворную здольнасьць(en). Цана на газ для Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2013 году вызначаецца складаньнем прыманай у разьлік цаны на газ для спажыўцоў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі і ўдзельных коштаў транспартаваньня газу ад месцаў здабычы газу ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе да граніцы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, кошту захоўваньня газу ў падземных сховішчах газу Расейскай Федэрацыі, выдаткаў адкрытага акцыянэрнага таварыства "Газпрам" на рэалізацыю газу»[11]. Тамсама ўдакладнялася: «Для разьліку цаны на газ для Рэспублікі Беларусь на 2013 год прымаюцца наступныя базавыя значэньні, якія індэксуюцца на 1 студзеня 2013 году на велічыню інфляцыі: удзельны кошт транспартаваньня газу ад месцаў здабычы газу ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе да граніцы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі зыходзячы са стаўкі транспартнага тарыфу 2,7 даляра ЗША за 1 тыс. куб. мэтраў на 100 кілямэтраў адлегласьці і сярэдняй адлегласьці транспартаваньня, якая прымаецца роўнай 3262 кілямэтрам; удзельны кошт захоўваньня газу ў падземных сховішчах газу Расейскай Федэрацыі ў памеры 6,2 даляра ЗША за 1 тыс. куб. мэтраў; удзельная велічыня выдаткаў адкрытага акцыянэрнага таварыства "Газпрам" на рэалізацыю газу ў памеры 1 даляра ЗША за 1 тыс. куб. мэтраў. З 1 студзеня 2014 году названыя ўдзельныя кошты і ўдзельная велічыня падлягаюць штогадовай індэксацыі на 1 студзеня кожнага году на велічыню інфляцыі ў адносінах да іх значэньняў папярэдняга году»[13]. Такім чынам, у 2013 г. цана транспартаваньня 1 тыс. куб. мэтраў газу склала $88,074 ($2,7 * 3262 км / 100 км). У 2012 г. цана 1 тыс. куб. мэтраў газу з нацэнкай для пакупнікоў у Беларусі склала $181,55 ($165,6 + $15,95). Перамовы аб 2 пагадненьнях доўжыліся 9 месяцаў, зь лютага 2011 году[11].
У складзе «Газпраму»
рэдагаваць18 красавіка 2013 г. «Белтрансгаз» перайменавалі ў «Газпрам трансгаз Беларусь». У 2013 годзе «Газпрам трансгаз Беларусь» прапампаваў празь Беларусь 48,8 млрд кубамэтраў прыроднага газу, што было найбольшым паказьнікам за 5 гадоў. Пры гэтым праз газаправавод «Ямал — Эўропа» прайшло 34,7 млрд кубамэтраў (71 % ад агульнага абсягу), што было найбольшым паказьнікам за ўвесь час[14].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Георгі Дзагнідзэ (1961 — пасьля 1973 г.)
- Мікалай Мачарнюк (1992—1998)[15]
- Пётар Пётух (сьнежань 1998 — жнівень 2004)
- Зьміцер Казакоў (2004—2007)
- Уладзімер Маёраў (з 2007 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 8 верасьня 2016 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
- ^ https://belgazprombank.by/uploads/userfiles/files/audit_2021.pdf
- ^ Будова прадпрыемства (рас.) // «Газпрам трансгаз Беларусь», 2016 г. Праверана 8 верасьня 2016 г.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // «Газпрам трансгаз Беларусь», 2016 г. Праверана 8 верасьня 2016 г.
- ^ Галіна дзейнасьці (рас.) // «Газпрам трансгаз Беларусь», 2016 г. Праверана 8 верасьня 2016 г.
- ^ Вераніка Канюта. Абсалютны рэкардсмэн // Зьвязда : газэта. — 2 чэрвеня 2021. — № 103 (20472). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Зянон Пазьняк. Дзяржаўная здрада // Беларуская салідарнасьць, 14 сьнежня 2011 г. Праверана 4 кастрычніка 2016 г.
- ^ Дмитрий Заяц. «Газпром» одобрил приобретение 12,5% акций «Белтрансгаза» в 2010 году(недаступная спасылка) // БДГ on-line, 25 лістапада 2009
- ^ Вышэйшая мера пакараньня // Беларуская салідарнасьць, 12 сьнежня 2011 г. Праверана 4 кастрычніка 2016 г.
- ^ а б в Вольга Мядзьведзева. Эфэкт ад канчатковага продажу Белтрансгаза складзе 10 млрд даляраў // Зьвязда. — 3 красавіка 2012. — № 64 (27179). — С. 2.
- ^ Пагадненьне між Урадам Рэспублікі Беларусь і Ўрадам Расейскай Фэдэрацыі аб умовах куплі-продажу акцыяў і далейшай дзейнасьці ААТ «Белтрансгаз» (рас.) // Валер Леванеўскі, лістапад 2013 г. Праверана 5 лістапада 2016 г.
- ^ Пагадненьне між Урадам Рэспублікі Беларусь і Ўрадам Расейскай Фэдэрацыі аб парадку ўтварэньня цэнаў пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспартаваньні па газаправодах, разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (рас.) // Валер Леванеўскі, лістапад 2013 г. Праверана 5 лістапада 2016 г.
- ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 29 сакавіка 2014. — № 58 (27668). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Уладзімер Андрыевіч, Тацяна Бурдзь, Уладзімер Трыфанаў. Сьвятло і цяпло "блакітнага паліва" // Зьвязда : газэта. — 27 сьнежня 2002. — № 301-302 (24680-24681). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная старонка (рас.)