Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь

звод заканадаўства Беларусі аб дачыненьнях пры валоданьні і карыстаньні водамі

Во́дны ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь — звод заканадаўства Беларусі аб дачыненьнях пры валоданьні і карыстаньні водамі, які набыў моц у траўні 2014 году.

кодэкс
Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь
Заканадаўчы орган
Нумар 149-З
Прыняцьце Палатай прадстаўнікоў
2 красавіка 2014 (10 гадоў таму)
Ухваленьне Саветам Рэспублікі
11 красавіка 2014 (10 гадоў таму)
Падпісаньне прэзыдэнтам Беларусі
30 красавіка 2014 (10 гадоў таму)
Уступ у сілу 20 траўня 2014 (10 гадоў таму)
Першая публікацыя 20 траўня 2014 (10 гадоў таму)
Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

Вызначае валоданьне, карыстаньне і распараджэньне вадаёмамі. На 2020 год налічваў 65 артыкулаў у складзе 14 главаў: 1) «Асноўныя палажэньні»; 2) «Дзяржаўнае кіраваньне ў галіне аховы і выкарыстаньня водаў»; 3) «Правы і абавязкі грамадзянаў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Басэйнавыя рады»; 4) «Нармаваньне»; 5) «Праектаваньне, узьвядзеньне, ліквідацыя, прыёмка ў эксплюатацыю паверхневых водных аб’ектаў, якія аказваюць узьдзеяньне на водныя аб’екты»; 6) «Водакарыстаньне»; 7) «Правы і абавязкі водакарыстальнікаў»; 8) «Карыстаньне воднымі аб’ектамі. Эксплюатацыя водагаспадарчых сыстэмаў і асобна разьмешчаных гідратэхнічных збудаваньняў і прыладаў»; 9) «Віды сьцёкавых водаў. Патрабаваньні да іх скіду. Карыстаньне воднымі аб’ектамі для скіду сьцёкавых, кар’ерных і дрэнажных водаў. Запампоўваньне водаў у нетры»; 10) «Ахова водаў»; 11) «Рэжым ажыцьцяўленьня гаспадарчай і іншай дзейнасьці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах»; 12) «Маніторныг паверхневых і падземных водаў. Лякальны маніторынг. Улік падземных водаў, якія здабываюцца, паверхневых водаў, якія вымаюцца, і сьцёкавых водаў, якія скідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе. Дзяржаўны водны кадастр. Кантроль за аховай і выкарыстаньнем водаў»; 13) «Самавольнае водакарыстаньне. Адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні водаў»; 14) «Заключныя палажэньні». Замяніў сабой Водны кодэкс ад 15 ліпеня 1998 году і 2 законы. На 2020 год Водны кодэкс Беларусі дзейнічаў з 2-ма зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2016 і 2017 гадоў[1]. 9 чэрвеня 2020 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 17 ліпеня 2017 г. № 51-З[2]. 7 чэрвеня 2021 году Экспэртная рада ў пытаньнях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову ўхваліла Пратаколам № 3 пераклад яго рэдакцыі паводле Закону ад 18 чэрвеня 2019 г. № 201-З[3]. У выніку Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь стаў 9-м кодэксам Беларусі ў перакладзе Экспэртнай рады[4].

Асноўныя палажэньні і дзяржаўнае кіраваньне

рэдагаваць

Першая глава Воднага кодэксу Беларусі зьмяшчала 8 артыкулаў, дзе згадваліся: тэрміны і іх азначэньні; прынцыпы, дзейнікі і прадметы аховы і выкарыстаньня водаў; віды і экалягічны стан паверхневых вадаёмаў; права ўласнасьці на воды. У 2-м артыкуле згадвалася 8 прынцыпаў аховы і выкарыстаньня водаў: 1) устойлівае і шматбаковае выкарыстаньне водных багацьцяў; 2) перавага выкарыстаньня падземных водаў для піцьця; 3) папярэджаньне забруджваньня і засьмечваньня водаў; 4) басэйнавае кіраваньне воднымі багацьцямі; 5) нармаваньне і платнасьць водакарыстаньня; 6) пакрыцьцё шкоды вадаёмам; 7) разьмежаваньне дзяржаўнага кіраваньня, нагляду і рэгуляваньня; 8) удзел грамадзянаў і грамадзкіх аб’яднаньняў у прыняцьці рашэньняў. Паводле 3-га артыкула, прадметамі дачыненьняў водааховы і водакарыстаньня выступалі: 1) воды, 2) вадаёмы; 3) права водакарыстаньня. Згодна зь 5-м артыкулам паверхневыя вадаёмы падзяляліся на: 1) вадацёкі (рака, ручай і канал); 2) стаячыя вадаёмы (вадасховішча, возера, кар’ер, копанка і сажалка); 3) крыніцы. «Рэкі падраздзяляюцца на: 1) вялікія, працягласьцю больш за 500 км (Буг, Бярэзіна, Гарынь,Дзьвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і Сож); 2) сярэднія, працягласьцю ад 200 да 500 км (Асьцёр, Бесядзь, Вяльля, Друць, Заходняя Бярэзіна, Іпуць, Пціч, Сьвіслач, Убарць, Шчара і Ясельда); 3) малыя, працягласьцю ад 5 да 200 км». Паводле 6-га артыкула, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь разьмяшчала на сваім сайце Дзяржаўны водны кадастр з падзелам паверхневых вадаёмаў на 5 відаў паводле экалягічнага стану: вельмі дрэнны, дрэнны, здавальняючы, добры і выдатны. Гэты стан вызначаўся на падставе біялагічных, хімічных і марфалагічных паказьнікаў у рамках Нацыянальнай сыстэмы маніторынгу навакольнага асяродзьдзя. Згодна з 8-м артыкулам «права ўласнасьці на здабытую ваду належыць водакарыстальніку»[1].

Другая глава Кодэксу таксама ўлучала 8 артыкулаў (9—16), якія акрэсьлівалі: адказныя дзяржаўныя органы; адпаведныя паўнамоцтвы прэзыдэнта Беларусі, Савета міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і мясцовых Саветаў дэпутатаў; дзяржаўныя і абласныя праграмы мерапрыемстваў; пляны кіраваньня рачнымі вадазборамі і водагаспадарчыя балянсы. Паводле 13-га артыкула, мясцовыя Саветы дэпутатаў: 1) «прымаюць рашэнні аб аддаваньні паверхневых вадаёмаў у арэнду для рыбаводзтва і вызначаюць стаўкі плацяжоў»; 2) «зацьвярджаюць рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў, якія забясьпечваюць рэалізацыю дзяржаўных праграмаў, якія прадугледжваюць фінансаваньне за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў». У сваю чаргу «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў галіне аховы і выкарыстаньня водаў:

  1. фармуюць і ўносяць для зацвярджэньня ў мясцовыя Саветы дэпутатаў рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў і прымаюць захады па іх рэалізацыі;
  2. прымаюць рашэньні аб аддаваньні і вынятцы паверхневых вадаёмаў у адасобленае водакарыстаньне для гаспадарча-пітных, гідраэнэргетычных патрэбаў і патрэбаў забесьпячэння абароны і выдаюць дзяржаўныя акты на права адасобленага водакарыстаньня;
  3. зацьвярджаюць пляны кіраваньня рачнымі басэйнамі і водагаспадарчыя балянсы;
  4. вызначаюць месцы карыстаньня паверхневымі вадаёмамі для адпачынку, спорту і турызму, прымаюць захады па добраўпарадкаваньні гэтых месцаў і ўтрыманьні іх у належным стане;
  5. зацьвярджаюць праекты водаахоўных зонаў і прыбярэжных палосаў, вызначаюць межы водаахоўных зонаў і прыбярэжных палосаў;
  6. забясьпечваюць утрыманьне ў належным стане водаахоўных зонаў і прыбярэжных палосаў, прытрымліваньне рэжыму ажыцьцяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасьці на землях агульнага карыстаньня і землях запасу, разьмешчаных у межах такіх тэрыторыяў, а таксама абазначэньне на мясцовасьці гэтых межаў інфармацыйнымі знакамі;
  7. вызначаюць месцы выняткі паверхневых водаў для палівамыйных працаў на землях агульнага карыстаньня населеных пунктаў;
  8. заключаюць дамовы арэнды паверхневых вадаёмаў для рыбаводзтва;
  9. забясьпечваюць ліквідацыю закінутых і не падлеглых далейшаму выкарыстаньню гідратэхнічных збудаваньняў і прыладаў, у тым ліку водазаборных збудаваньняў, у выпадку немагчымасьці выяўленьня іх уласьніка»[1].

Паводле 12-га артыкула, «Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь у галіне аховы і выкарыстаньня водаў:

  1. прымае захады па рэалізацыі адзінай дзяржаўнай палітыкі;
  2. распрацоўвае праекты дзяржаўных праграмаў;
  3. каардынуе дзейнасьць дзяржаўных органаў і арганізацыяў;
  4. арганізуе правядзеньне маніторынгу паверхневых і падземных водаў;
  5. устанаўлівае нарматывы якасьці вады паверхневых вадаёмаў;
  6. вызначае патрабаваньні да ўстанаўленьня нарматываў дапушчальных скідаў хімічных і іншых рэчываў у складзе сьцёкавых водаў;
  7. арганізуе распрацоўку праектаў плянаў кіраваньня рачнымі басэйнамі і праектаў водагаспадарчых балянсаў з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў, а таксама ўстанаўлівае патрабаваньні да іх распрацоўкі, складаньня і афармленьня;
  8. вядзе сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь дзяржаўны водны кадастр;
  9. устанаўлівае парадак аднясеньня паверхневага вадаёма да клясаў экалягічнага стану і ажыцьцяўляе яго аднясеньне да адпаведнага клясу»;
  10. «зацьвярджае па ўзгадненьні зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі пералік паверхневых вадаёмаў, якія выкарыстоўваюцца для размнажэньня, адпасу, зімоўкі, міграцыі відаў рыбы атрадаў ласосепадобных і асётрападобных;
  11. зацьвярджае пералік нармаваных забруджвальных рэчываў у складзе сьцёкавых водаў;
  12. зацьвярджае склад басэйнавых радаў;
  13. устанаўлівае патрабаваньні да распрацоўкі тэхналягічных нарматываў водакарыстаньня, пералік відаў эканамічнай дзейнасьці і крытэры, у дачыненьні да якіх распрацоўваюцца тэхналягічныя нарматывы водакарыстаньня;
  14. устанаўлівае патрабаваньні да вядзеньня ўліку здабываных падземных і паверхневых водаў, якія вымаюцца, і сьцёкавых водаў, якія скідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе;
  15. устанаўлівае патрабаваньні да распрацоўкі праектаў водаахоўных зонаў і прыбярэжных палосаў;
  16. выдае дазволы на спэцыяльнае водакарыстанне, комплексныя прыродаахоўныя дазволы, уносіць у іх зьмяненьні і дапаўненьні, працягвае тэрмін дзеяньня, прыпыняе або спыняе іх дзеяньне і выдае дублікаты;
  17. ажыцьцяўляе кантроль за аховай і выкарыстаньнем водаў у адпаведнасьці з заканадаўствам аб нагляднай дзейнасьці, аб ахове навакольнага асяродзьдзя;
  18. прад'яўляе прэтэнзіі юрыдычным асобам і грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, якія прычынілі шкоду навакольнаму асяродзьдзю, і ў суд позвы аб пакрыцьці шкоды, прычыненай навакольнаму асяродзьдзю;
  19. атрымлівае бязвыплатна ў адпаведнасьці з заканадаўствам ад дзяржаўных органаў, водакарыстальнікаў інфармацыю, неабходную для выканання ўскладзеных на яго задачаў;
  20. забясьпечвае выкананне абавязкаў, якія вынікаюць зь міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь»[1].

Басэйнавая рада і нармаваньне

рэдагаваць

Трэцяя глава Воднага кодэксу зьмяшчала 3 артыкулы (17—19) пра абавязкі і правы грамадзянаў і грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама пра басэйнавыя рады. Паводле 19-га артыкула, «басэйнавыя рады ствараюцца ў мэтах распрацоўкі рэкамэндацыяў па ахове і ўстойлівым выкарыстаньні водных рэсурсаў для басэйнаў рэк Дняпро, Дзьвіна, Буг, Нёман і Прыпяць». Іх рашэньні «накіроўваюцца ў адпаведныя мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь» для ўліку «пры распрацоўцы плянаў кіраваньня рачнымі басэйнамі, а таксама пры распрацоўцы праграмаў, рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў у галіне аховы і выкарыстаньня водаў у межах рачных басэйнаў». Пры гэтым «у склад басэйнавых радаў уключаюцца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, водакарыстальнікаў, а таксама грамадзкіх аб’яднаньняў і навуковых арганізацыяў». Чацьвертая глава Кодэксу налічвала 5 артыкулаў (20—24) наконт 4-х нарматываў: 1) якасьці вады паверхневых вадаёмаў, 2) бясьпекі вады вадаёмаў для гаспадарча-пітнога і культурна-побытавага выкарыстаньня (гігіенічны); 3) дапушчальных скідаў хімічных рэчываў у складзе сьцёкавых водаў, 4) тэхналягічнага водакарыстаньня. Паводле 21-га артыкула, нарматыў якасьці вады ўлучаў «гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі хімічных і іншых рэчываў у вадзе паверхневых вадаёмаў». Згодна з 22-м артыкулам нарматыў бясьпекі вады, які зацьвярджала Міністэрства аховы здароўя, зьмяшчаў дадаткова арганалептычныя (адчувальныя) і мікрабіялягічныя паказьнікі, а паказьнікі радыяцыйнай бясьпекі. У 23-м артыкуле вызначаўся нарматыў хімічных скідаў у сьцёкавых водах, які акрэсьліваў: «1) дапушчальную канцэнтрацыю забруджвальных рэчываў у складзе сьцёкавых водаў, якія скідваюцца ў паверхневы вадаём (міліграмаў у кубічным дэцымэтры); 2) максімальна дапушчальную масу забруджвальных рэчываў у складзе сьцёкавых водаў, якія скідваюцца ў паверхневы вадаём, за пэўны пэрыяд часу (тонаў у год)». Нарматывы для сьцёкавых водаў «распрацоўваюцца водакарыстальнікамі і ўстанаўліваюцца органамі Мінпрыроды Беларусі ў дазволах на спэцыяльнае водакарыстаньне, комплексных прыродаахоўных дазволах». Паводле 24-га артыкула, тэхналягічны нарматыў водакарыстаньня прадугледжваў колькасьць вады для вытворчасьці і колькасьць сьцёкаў ад вытворчасьці на адзінку вырабленых тавараў, выкарыстанай сыравіны і матэрыялаў. Такія тэхналягічныя нарматывы падзяюцца на:

  1. галіновыя — «нормы водаспажываньня і водаадвядзеньня, якія распрацоўваюцца для пэўнай галіны эканомікі ў мэтах плянаваньня і кантролю спажываньня вады, а таксама вытворчых сьцёкавых водаў», якія «зацьвярджаюцца адпаведнымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіраваньня па ўзгадненьні з Мінпрыроды Беларусі»;
  2. індывідуальныя — «распрацоўваюцца і зацьвярджаюцца юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць вытворчасьць ... з водаспажываньнем і водаадвядзеньнем, у выпадку адсутнасьці галіновых тэхналягічных нарматываў»[1].

Узьвядзеньне вадаёмаў і водакарыстаньне

рэдагаваць

Пятая глава Кодэксу зьмяшчала 3 артыкулы (25—27), якія апісвалі: патрабаваньні пры праектаваньні, узьвядзеньні і ліквідацыі вадаёмаў; умовы прыёмкі адпаведных будынкаў і збудаваньняў; патрабаваньні пры працах на паверхневых вадаёмах. Паводле 25-га артыкула, «пры праектаваньні, узьвядзеньні будынкаў, збудаваньняў і іншых аб’ектаў, якія аказваюць узьдзеяньне на вадаёмы, павінныя прадугледжвацца мерапрыемствы, якія забясьпечваюць:

  1. устойлівае выкарыстаньне водных рэсурсаў;
  2. улік колькасьці і кантроль якасьці водаў, якія здабываюцца, і сьцёкавых водаў, якія скідваюцца;
  3. ахову водаў ад забруджваньня і засьмечваньня, а таксама папярэджаньне шкоднага ўзьдзеяньня на вадаёмы;
  4. прымяненьне найлепшых даступных тэхнічных мэтадаў;
  5. прадухіленьне надзвычайных сытуацыяў;
  6. фінансавыя гарантыі правядзеньня плянаваных мерапрыемстваў па ахове і ўстойлівым выкарыстаньні водных рэсурсаў;
  7. прадухіленьне падтапленьня, забалочваньня, засаленьня зямель, эрозіі глебы»[1].

Згодна з 26-м артыкулам «прыёмка ў эксплюатацыю будынкаў, збудаваньняў і іншых аб’ектаў, якія аказваюць узьдзеяньне на вадаёмы, праводзіцца пры ўмове»:

  1. «арганізацыі прыборнага ўліку падземных водаў, якія здабываюцца, паверхневых водаў, якія вымаюцца, і сьцёкавых водаў, якія скідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе, з прымяненьнем прыбораў уліку выдаткаў водаў;
  2. аснашчэньня месцаў скідаў сьцёкавых водаў аўтаматызаванымі сыстэмамі кантролю за скідам забруджвальных рэчываў у складзе сьцёкавых водаў у выпадках, прадугледжаных тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, якія зацвярджаюцца Мінпрыроды Беларусі;
  3. наяўнасьці водарэгулявальных прыладаў і сродкаў вымярэньняў выдатку водаў на водазаборных збудаваньнях;
  4. наяўнасьці збудаваньняў і прыладаў, якія прадухіляюць шкоднае ўзьдзеяньне на паверхневыя вадаёмы;
  5. наяўнасьці рыбаахоўных прыладаў на збудаваньнях для выняткі вады з паверхневых вадаёмаў»;
  6. «абсталяваньня суднаў прыладамі для прадухіленьня забруджваньня паверхневых вадаёмаў, аднесеных да ўнутраных водных шляхоў, сьцёкавымі водамі, у тым ліку нафтаўтрымальнымі»[1].

Шостая глава Воднага кодэксу ўлучала 8 артыкулаў (28—35), дзе акрэсьліваліся: агульнае, адмысловае і адасобленае водакарыстаньне; арэнду паверхневых вадаёмаў для рыбаводзтва; тэрміны, абмежаваньне і спыненьне права водакарыстаньня; выплаты пры водакарыстаньні. Паводле 29-га артыкула, «агульнае водакарыстаньне ажыцьцяўляецца юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, бязвыплатна і без праваўстаноўчых дакумэнтаў». Пагатоў, «умовы агульнага водакарыстаньня на вадаёмах даводзяцца да ведама зацікаўленых юрыдычных асобаў і грамадзянаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі праз апублікаваньне гэтых зьвестак у сродках масавай інфармацыі і разьмяшчэньне на сваіх афіцыйных сайтах». У 31-м артыкуле прадугледжвалася адасобленае водакарыстаньне бывае: «1) паверхневымі вадаёмамі для гаспадарча-пітных, гідраэнэргетычных патрэбаў і патрэбаў забесьпячэньня абароны; 2) сажалкамі-копанкамі, разьмешчанымі ў межах зямельных дзялянак, аддадзеных ва ўстаноўленым парадку юрыдычным асобам, грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, і тэхналягічнымі воднымі аб'ектамі». Згодна з 30-м артыкулам «да спэцыяльнага (адмысловага) водакарыстаньня адносяцца:

  1. вынятка паверхневых водаў з прымяненьнем водазаборных збудаваньняў;
  2. здабыча падземных водаў з прымяненьнем водазаборных збудаваньняў, у тым ліку самавылівальных буравых сьвідравінаў;
  3. скід сьцёкавых водаў у навакольнае асяродзьдзе з прымяненьнем гідратэхнічных збудаваньняў і прыладаў, у тым ліку праз сыстэму дажджавой каналізацыі;
  4. скід сьцёкавых водаў у навакольнае асяродзьдзе пасьля ачысткі на збудаваньнях біялягічнай ачысткі ў натуральных умовах (на палях фільтрацыі, палях падземнай фільтрацыі, у фільтравальных траншэях, пясчана-гравійных фільтрах), а таксама праз земляныя накапляльнікі;
  5. водакарыстаньне, зьвязанае з выняткай паверхневых водаў перасоўнымі прыладамі для палівамыйных працаў на аб'ектах, разьмешчаных на землях агульнага карыстаньня населеных пунктаў, для арашэньня сельскагаспадарчых земляў;
  6. водакарыстаньне, зьвязанае з рэгуляваньнем водных патокаў з прымяненьнем гідравузлоў, плацінаў і іншых водападпорных збудаваньняў;
  7. водакарыстаньне, зьвязанае са здабычай водаў для ліквідацыі надзвычайных сятуацыяў і іх наступстваў;
  8. водакарыстаньне, зьвязанае зь ліквідацыяй падтапленьня, забалочваньня земляў;
  9. водакарыстаньне, зьвязанае са здабычай падземных водаў адначасна са здабычай іншых карысных выкапняў;
  10. водакарыстаньне, зьвязанае з правядзеньнем мерапрыемстваў па абароне ваданосных гарызонтаў»[1].

Паводле 32-га артыкула, на тэрмін ад 5 да 25 гадоў «паверхневыя вадаёмы могуць аддавацца ў арэнду для рыбаводзтва па дамовах арэнды, якія заключаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі на падставе рашэньняў, якія прымаюцца мясцовымі Саветамі дэпутатаў». Згодна з 33-м артыкулам «вадаёмы могуць давацца ў карыстаньне на тэрмін ад 1 году да 25 гадоў». У прыватнасьці «вадаёмы для ажыцьцяўленьня спэцыяльнага водакарыстаньня аддаюцца на тэрмін: 1) ад 1 году да 3 гадоў — водакарыстальнікам пры ўстанаўленьні часовых нарматываў дапушчальных скідаў хімічных і іншых рэчываў у складзе сьцёкавых водаў; 2) ад 5 да 10 гадоў — водакарыстальнікам, якія атрымліваюць комплексныя прыродаахоўныя дазволы; 3) на 10 год — водакарыстальнікам, якія ажыцьцяўляюць толькі здабычу водаў; 4) на 5 год — іншым водакарыстальнікам». Пры гэтым «паверхневыя вадаёмы ў адасобленае водакарыстаньне для гаспадарча-пітных, гідраэнэргетычных патрэбаў і патрэбаў забесьпячэньня абароны даюцца на 25 год»[1].

Абавязкі, правы і мэты

рэдагаваць

Сёмая глава Кодэксу налічвала 2 артыкулы (36—37) датычна абавязкаў і правоў водакарыстальнікаў. Паводле 37-га артыкула, водакарыстальнікі абавязаныя: 1) прымаць захады па зьніжэньні стратаў вады; 2) не дапускаць прычыненьня шкоды навакольнаму асяродзьдзю; 3) выконваць рэжым ажыцьцяўленьня гаспадарчай дзейнасьці для водаахоўных зонаў і прыбярэжных палосаў. Згодна з 36-м артыкулам водакарыстальнікі маюць права: 1) узводзіць гідратэхнічныя збудаваньні і прылады; 2) перадаваць здабытую ваду іншым водакарыстальнікам; 3) атрымамліваць экалягічныя зьвесткі пра воды. Восьмая глава Кодэксу зьмяшчала 8 артыкулаў (38—45) пра: мэты карыстаньня вадаёмамі — гаспадарча-пітныя і супрацьпажарныя, для адпачынку і перавозак, прамысловыя, сельскагаспадарчыя і энэргетычныя; выкарыстаньне водагаспадарчых сыстэмаў і гідратэхнічных збудаваньняў. Паводле 39-га артыкула, «выкарыстаньне падземных водаў дапускаецца для:1) задавальнення пітных патрэбаў; 2) для вытворчасьці прадуктаў харчаваньня, лекавых і вэтэрынарных сродкаў; 3) для кармленьня і паеньня жывёлы». Згодна з 40-м артыкулам «для адпачынку, спорту і турызму, лячэбных (курортных, аздараўленчых) патрэбаў могуць выкарыстоўвацца паверхневыя вадаёмы, якасьць вады якіх адпавядае гігіенічным нарматывам бясьпекі». У 41-м артыкуле згадвалася, што «здабыча вады для супрацьпажарных патрэбаў дапускаецца зь любых вадаёмаў без дазволу, бясплатна і ў колькасьці, неабходнай для ліквідацыі пажару». Паводле 42-га артыкула, «карыстаньне паверхневымі вадаёмамі для патрэбаў сельскай гаспадаркі ажыцьцяўляецца ў парадку як агульнага, так і спэцыяльнага водакарыстаньня». Пагатоў, «юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прымяняць гідратэхнічныя збудаваньні і прылады ў мэтах стварэньня і падтрыманьня аптымальнага для сельскагаспадарчых расьлінаў воднага рэжыму на землях сельскагаспадарчага прызначэньня». Адначасна «карыстаньне паверхневымі вадаёмамі для патрэбаў прамысловасьці павінна ажыцьцяўляцца з прытрымліваньнем тэхналягічных нарматываў водакарыстаньня». Урэшце «юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя рацыянальна выкарыстоўваць водныя рэсурсы шляхам укараненьня сыстэмаў абаротнага і паўторна-пасьлядоўнага водазабесьпячэньня ў мэтах зьніжэння колькасьці сьцёкавых водаў, якія скідваюцца, і зьмяншэньня патрэбаў у вадзе, зьвязаных зь яе здабычай». Згодна з 43-м артыкулам «карыстаньне паверхневымі вадаёмамі для энэргетычных патрэбаў дапускаецца пры прытрымліваньні тэмпэратурнага рэжыму паверхневых вадаёмаў, устаноўленага нарматывамі якасьці вады»[1].

Сьцёкі і водаахова

рэдагаваць

Дзявятая глава Воднага кодэксу налічвала 4 артыкулы (46—49), якія апісвалі: віды сьцёкавых водаў; патрабаваньні да іх скіду; парадак і ўмовы скіду кар’ерных і дрэнажных водаў; запампоўваньне водаў у нетры. Паводле 46-га артыкула, у залежнасьці ад паходжання сьцёкавыя воды падразьдзяляюцца на: 1) гаспадарча-побытавыя — утвараюцца ў жылых памяшканьнях, а таксама ў побытавых памяшканьнях прамысловых прадпрыемстваў і адміністрацыйных будынкаў у выніку задавальненьня асабістых патрэбаў працаўнікоў і скідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе, у тым ліку праз сыстэму каналізацыі; 2) вытворчыя — утвараюцца ў выніку вытворчасьці і скідваюцца прамысловымі прадпрыемствамі ў навакольнае асяродзьдзе, у тым ліку праз сыстэму каналізацыі; 3) паверхневыя — утвараюцца пры выпадзеньні атмасфэрных ападкаў, раставаньні сьнегу, палівамыйных працах у паселішчах, на прамысловых прадпрыемствах і будаўнічых пляцоўках і скідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе, у тым ліку праз сыстэму дажджавой каналізацыі. Дзясятая глава Кодэксу ўлучала 2 артыкулы (50—51), якія зьмяшчалі патрабаваньні па ахове водаў[1].

Водаахоўная зона і ўлік

рэдагаваць

Адзінаццатая глава зьмяшчала 3 артыкулы (52—54) наконт: водаахоўнай зоны і прыбярэжнай паласы; парадку гаспадараньня ў іх. Паводле 52-га артыкула, «водаахоўныя зоны і прыбярэжныя палосы ўстанаўліваюцца ад берагавой лініі, якая вызначаецца па стане на летні пэрыяд. Выспы ў акваторыі стаячых вадаёмаў і вадацёкаў уключаюцца ў склад прыбярэжных палосаў». Водаахоўная зона канала вызначаецца па яго бэрме «на адлегласьці 10 мэтраў ад яго броўкі». «Для ручаёў, крыніцаў водаахоўныя зоны супадаюць па шырыні з прыбярэжнымі палосамі і складаюць 50 мэтраў». Таксама «мінімальная шырыня водаахоўнай зоны ўстанаўліваецца для: 1) стаячых вадаёмаў і малых рэк — 500 мэтраў; 2) вялікіх і сярэдніх рэк — 600 мэтраў». Урэшце «мінімальная шырыня прыбярэжнай паласы ўстанаўліваецца для: 1) стаячых вадаёмаў і малых рэк — 50 мэтраў; 2) вялікіх і сярэдніх рэк — 100 мэтраў». Пры гэтым «праекты водаахоўных зонаў і прыбярэжных палосаў зацьвярджаюцца для: 1) вялікіх і сярэдніх рэк — абласнымі (Менскім гарадзкім) выканаўчымі камітэтамі; 2) малых рэк і стаячых вадаёмаў — гарадзкімі або раённымі выканаўчымі камітэтамі; 3) вадаёмаў у межах гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу — гарадзкімі або раённымі выканаўчымі камітэтамі». Згодна з 53-м артыкулам «Населеныя пункты, прамысловыя, сельскагаспадарчыя і іншыя аб'екты, якія існуюць на тэрыторыі водаахоўных зонаў, павінныя быць добраўпарадкаванымі, аснашчанымі цэнтралізаванай сыстэмай каналізацыі або воданепранікальнымі сьметнікамі, іншымі прыладамі, якія забясьпечваюць прадухіленьне забруджваньня і засьмечваньня водаў, з арганізаваным пад'ездам для вывазу зьместу гэтых прыладаў і сыстэмамі дажджавой каналізацыі. Жывёлагадоўчыя фэрмы і комплексы, разьмешчаныя на тэрыторыі водаахоўных зонаў, павінныя быць абсталяванымі воданепранікальнымі гнаясховішчамі і жыжказьбіральнікамі». У 53-м артыкуле згадвалася, што ў межах водаахоўнай зоны забараняецца:

  1. «прымяненьне з выкарыстаньнем авіяцыі хімічных сродкаў абароны расьлінаў і мінэральных угнаеньняў;
  2. узьвядзеньне, эксплюатацыя, рэканструкцыя, капітальны рамонт аб'ектаў захаваньня і абясшкоджваньня адкідаў;
  3. «узьвядзеньне, эксплюатацыя, рэканструкцыя, капітальны рамонт аб'ектаў захоўваньня хімічных сродкаў абароны расьлінаў;
  4. складаваньне сьнегу з утрыманьнем пясчана-салявых сумесяў, процілёдных рэагентаў;
  5. разьмяшчэнне палёў арашэньня сьцёкавымі водамі, могілак, жывёльных могільнікаў, палёў фільтрацыі, глеістых і шламавых пляцовак;
  6. мыцьцё транспартных і іншых тэхнічных сродкаў;
  7. арганізаваньне летнікаў для сельскагаспадарчых жывёлаў;
  8. высечка лясоў, вырываньне і перасадка аб'ектаў расьліннага сьвету без лесабудаўнічых праектаў, праектнай дакумэнтацыі, зацьверджаных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, без лесавысякальнага білета, ордэра і дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органу»[1].

Паводле 54-га артыкула, у межах прыбярэжнай паласы забараняецца:

  1. «на адлегласьці да 10 мэтраў па гарызанталі ад берагавой лініі: прымяненьне ўсіх відаў угнаеньняў і хімічных сродкаў абароны расьлінаў», а таксама «апрацоўка і ворыва земляў (глебы)»;
  2. «агароджванне зямельных дзялянка на адлегласьці менш за 5 мэтраў па гарызанталі ад берагавой лініі»;
  3. «разьмяшчэньне лодачных прычалаў і збудаваньняў для стаянкі маламерных суднаў за межамі адведзеных для гэтых мэтаў месцаў, якія вызначаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі»;
  4. «разьмяшчэньне збудаваньняў для ачысткі сьцёкавых водаў і апрацоўкі асадку сьцёкавых водаў;
  5. аддаваньне зямельных дзялянак для будаўніцтва будынкаў і збудаваньняў і вядзеньня калектыўнага садаводзтва і лецішчавага будаўніцтва;
  6. здабыча агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў;
  7. узьвядзеньне, рэканструкцыя, капітальны рамонт і эксплюатацыя аб'ектаў захоўвання нафты і нафтапрадуктаў, аўтазаправачных станцыяў, станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня аўтатранспарту;
  8. узьвядзеньне кацельняў на цьвёрдым і вадкім паліве;
  9. узьвядзеньне, рэканструкцыя, капітальны рамонт і эксплюатацыя жывёлагадоўчых фэрмаў, комплексаў, аб'ектаў, у тым ліку гнаясховішчаў і жыжказьбіральнікаў, выпас сельскагаспадарчых жывёлаў;
  10. узьвядзеньне жылых дамоў, будынкаў і збудаваньняў, неабходных для абслугоўваньня і эксплюатацыі жылых дамоў;
  11. стаянка мэханічных транспартных сродкаў да 30 мэтраў па гарызанталі ад берагавой лініі»;
  12. «вырываньне і перасадка аб'ектаў расьліннага сьвету»;
  13. «высечкі галоўнага карыстаньня, высечкі рэканструкцыі, нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў і мху, збор лясной подсьцілкі і апалага лісьця»[1].

Дванаццатая глава налічвала 5 артыкулаў (55—59), у якіх вызначаліся: агляд паверхневых і падземных водаў, у тым ліку мясцовы; улік водаў і дзяржаўны водны кадастр; нагляд за выкарыстаньнем водаў. Паводле 56-га артыкула, «юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыцьцяўляюць скід сьцёкавых водаў непасрэдна ў паверхневыя вадаёмы або праз сыстэму каналізацыі населеных пунктаў, абавязаныя праводзіць лякальны маніторынг, аб'ектам назіраньня якога зьяўляюцца сьцёкавыя і паверхневыя воды: 1) у месцах скіду сьцёкавых водаў у паверхневы вадаём або сыстэму каналізацыі; 2) у фонавых створах, разьмешчаных вышэй па цячэньні за месцы скіду сьцёкавых водаў; 3) у кантрольных створах, разьмешчаных ніжэй па цячэньні за месцы скіду сьцёкавых водаў». Згодна з 58-м артыкулам «Дзяржаўны водны кадастр уяўляе сабой сыстэматызаваны звод дадзеных:

  1. аб вадаёмах (іх колькасьці, месцаразьмяшчэньні, плошчы або працягласьці з улікам клясыфікацыі вадаёмаў);
  2. аб гідрабіялагічных, гідрахімічных і гідрамарфалягічных паказьніках паверхневых вадаёмаў, аб іх экалягічным стане;
  3. аб водакарыстальніках, якія ажыцьцяўляюць выкарыстаньне водаў на праве спэцыяльнага, адасобленага водакарыстаньня паверхневымі вадаёмамі для гаспадарча-пітных, гідраэнэргетычных патрэбаў і патрэбаў забесьпячэньня абароны або праве арэнды для рыбаводзтва (паводле відаў і мэтаў водакарыстаньня);
  4. аб аб'ёмах вады, якая здабываецца, сьцёкавых водаў, якія скідваюцца;
  5. аб запасах падземных водаў;
  6. аб уліку падземных водаў, якія здабываюцца, паверхневых водаў, якія вымаюцца, і сьцёкавых водаў, якія скідваюцца ў навакольнае асяродзьдзе»[1].

Самавольства і заключныя палажэньні

рэдагаваць

Трынаццатая глава ўлучала 2 артыкулы (60—61), якія тычыліся самавольнага водакарыстаньня і адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб ахове і выкарыстаньні водаў. Чатырнаццатая глава зьмяшчала 4 артыкулы (62—65) пра страту сілы ранейшымі законамі і пераходныя палажэньні[1].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о А. Лукашэнка. Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2014 г. № 149-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 верасьня 2020 г.
  2. ^ Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 9 чэрвеня 2020 г. Праверана 3 верасьня 2020 г.
  3. ^ А. Лукашэнка. Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2014 г. № 149-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 7 чэрвеня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Ухвалены пераклад Воднага кодэкса на беларускую мову // Газэта «Зьвязда», 17 чэрвеня 2021 г. Праверана 17 чэрвеня 2021 г.