Вада
Вада́, ці аксід вадароду[1] — хімічны зьвязак з формулай Н2О[2], у звычайных умовах існуе ў выглядзе вадкасьці. У выглядзе газу (тэмпэратура 100 °C і вышэй) мае назву пара, у цьвёрдым выглядзе (0 °C і ніжэй) — лёд ці сьнег.
Вада зьяўляецца актыўным распушчальнікам. Большая частка натуральнай вады «салёная» (каля 97,38%), яна мае ў сваім складзе многа распушчаных соляў, у асноўным хлярыд натрыю. Таксама шмат распушчаных газаў, але найболей дыяксыд вугляроду.
Вада вельмі распаўсюджана на Зямлі. Напрыклад акіяны займаюць каля 70,8% яе паверхні, трэба так сама дадаць балоты, рэкі, азёры і ледавікі. Частка вады знаходзіцца пад паверхняй зямлі ці ў атмасфэры (аблокі, вадзяны пар).
Некаторыя хімічныя элемэнты маюць у сваім складзе ваду (гідраты — утрымліваюць крышталічную ваду). У натуральным асяродзьдзі вада прадстаўлена растворам солі і газаў. Найбольшую колькасьць мінэральных соляў утрымлівае марская вада і мінэральная вада; найменшую вада з атмасфэрных ападкаў. Ваду з найменшай колькасьцю мінэральных дадаткаў называюць мяккай, а ўтрымліваючую вялікую колькасьць соляў кальцыю і магнію — жорсткай.
Вада мае шмат шляхоў ужываньня. Найважнейшая гэта — пітная вада, у хатніх гаспадарках вада ўжываецца ў санітарна-бытавых мэтах, у сельскай гаспадарцы для арашэньня, значнай колькасьць вады патрабуецца для прамысловасьці.
Прамысловая вада можа ўжывацца для пераносу цяпла ці ахалоджваньня, як рэагент, растваральнік і г.д.
Мільярд чалавек на сьвеце ня мае бесьперашкоднага доступу да пітной вады. Кожны дзень хваробы, выкліканыя недахопам чыстай вады, прыводзяць да сьмерці тысячаў людзей, у асноўным дзяцей.
У многіх выпадках натуральная вада перад ужываньнем павінна быць ачышчана. Працэс ачысткі тычыцца як пітной так і прамысловай вады.
Фізычныя ўласьцівасьці вады
рэдагаваць- тэмпэратура плаўленьня пры ціску 1 атм: 0,01 °C = 273,16 К
- тэмпэратура кіпеньня пры ціску 1 атм: 99,974 °C[3] = 373,12 К
- шчыльнасьць пры тэмпэратуры 3,98 °C: 1 кг/л
- крытычная тэмпэратура: 374,2 °C[4] = 647,14 К[5]
- крытычны ціск: 218 атм = 22,35 МПа[5]
- удзельная цеплаёмістасьць: 4184 Дж/(кг•К)[6] = 1 ккал
Цікавай асаблівасьцю вады зьяўляецца тое, што пры награваньні ад 0 °C да 4 °C (дакладней 3,98 °C) вада сьціскаецца. Дзякуючы гэтаму калі тэмпэратура падае ніжэй 4 °C, больш халодная вада, як меней гаматная, застаецца на паверхні і замярзае, пад ільдом захоўваецца станоўчая тэмпэратура.
Біялягічнае значэньне
рэдагавацьВада зьяўляецца асноўнай часткай спажываньня ўсіх вядомых арганізмаў. Удзельнік большай часткі мэтабалічных рэакцый, вада таксама зьяўляецца «транспартным сродкам арганізма»: напрыклад, прадуктаў аднаўленьня клетак, гармонаў, энзымаў і г.д. Рэгулюе тэмпэратуру і ўдзельнічае ў гідролізе. Вада складае каля 60% масы дарослага чалавека, немаўляткі каля 75%.
Беларусь
рэдагавацьУ 2013 годзе ўстановы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) Беларусі збылі каля 500 млн кубамэтраў вады. У сярэднім на содні прыпадала 1,5 млн кубамэтраў, зь якіх каля 1 млн — насельніцтву. Сярод 136 вадаправодных установаў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь 82% былі ўстановамі ЖКГ, а 18% — самастойнымі. Менавіта самастойныя ўстановы, якія працавалі ў буйных гарадах, адпусьцілі 66% вады. Сярэдні па Беларусі сабекошт кубамэтру вады пры водазабесьпячэньні складаў 5017 рублёў ($0,49). У будове сабекошту: 22,7% займала аплата працы, 20,2% — выдаткі на электраэнэргію, каля 15% — амартызацыя, 10% — рамонт. Пры водаадвядзеньні сьцёкаў сабекошт складаў 3984 рублі ($0,39)[7].
На 2022 год выведаныя запасы прэснай падземнай вады ў Беларусі складалі 6,35 млн кубамэтар/содні з 609 радовішчаў, а мінэральнай вады — каля 62 130 кубамэтар/содні. Забясьпечанасьць вадой складала 6200 кубамэтраў за год на душу насельніцтва Беларусі. Большасьць водакарыстаньня прыпадала на гаспадарча-пітныя патрэбы — 43 % і на патрэбы сельскай гаспадаркі Беларусі — 31 %[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Елисеев А. А., Третьяков Ю. Д. и др. ВОДА // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2016); https://web.archive.org/web/20181225031022/https://bigenc.ru/chemistry/text/1921053 Дата обращения: 12.06.2018
- ^ Water (анг.). PubChem. Праверана 12 чэрвеня 2018 г.
- ^ CRC Handbook of Chemistry and Physics / Haynes, W.M. (ed.). — 94th Edition. — Boca Raton: FL: CRC Press LLC, 2013-2014. — P. 4-98.
- ^ The Merck Index - An Encyclopedia of Chemicals, Drugs, and Biologicals / O'Neil, M.J. (ed.). — Cambridge, UK: Royal Society of Chemistry, 2013. — P. 1868.
- ^ а б Handbook of Chemistry and Physics (анг.) / Editor David R. Lide, Jr. — 78th edition. — CRC Press, 1997. — P. 6-52.
- ^ Heat Capacity of Water (анг.). U.S. Department of the Interior. Праверана 12 чэрвеня 2018 г.
- ^ Сяргей Куркач. Сабекошт вады i водаадвядзеньня зьнізяць на 15% // Зьвязда : газэта. — 27 лютага 2014. — № 37 (27647). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Водныя рэсурсы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2022 г. Праверана 12 красавіка 2022 г.