Рыбаво́дзтва — разьвядзеньне і гадоўля рыбы праз павелічэньне і паляпшэньне якасьці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Бывае сажалкавае, садковае і прамысловае. Кірункі: мэліярацыя і ўгнаеньне сажалак для ўзмацненьня іх прыроднай асновы, удасканаленьне спосабаў кармленьня рыбы, адбор высокапрадукцыйных пародаў, вырошчваньне полікультураў рыбаў. Найбольшае разьвіцьцё атрымала ў краінах з выхадам да мора і акіяна ды буйнымі ўнутранымі вадаёмамі і сажалкамі (Японія, Кітай, ЗША, Расея, Данія, Канада, Швэцыя, Нарвэгія і Брытанія — сумарная гадавая вытворчасьць звыш 10 млн тонаў).

Рыбная гаспадарка (2011 г., Харватыя)

Беларусь рэдагаваць

З XVIII стагодзьдзя ў шляхецкіх гаспадарках разьвівалася гадоўля карпа і стронгі. Найбольшай была «Альба» князёў Радзівілаў пад Нясьвіжам. На 1917 год у Беларусі налічвалася 856 гектараў рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасьць якіх дасягала 0,6 цэнтнэр/га. Прамысловае рыбаводзтва пашырылася ў 1920—1930-я гады з пабудовай сажалкавых гаспадарак: «Белае возера» (1924 г., плошча сажалак 1268 га; Жыткавіцкі раён, цяпер Гомельская вобласьць), «Волма» (1932 г., 1553 га; Ігуменскі раён, цяп. Менская вобласьць) і «Трэмля» (400 га; Петрыкаўскі раён, цяп. Гомельская вобл.). Найбольш імкліва рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—1980-я гг. ў сувязі з асваеньнем Палескай нізіны. Найбольш прадукцыі атрымалі ў 1989 г. (20,6 тыс. т., зь іх 95% — карп), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 г. працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс. га, садкоў 20 тыс. квадратных мэтраў. Адна халаднаводная гаспадарка вырошчала стронгу. Таксама рыбаводзтвам займаліся калгасы і саўгасы ды дапаможныя гаспадаркі прамысловых прадпрыемстваў. У асноўным разводзіўся карп, у дадатак — карась, расьлінаедныя рыбы, шчупак і стронга. Вытворчасьць складала каля 9,3 тыс. тонаў. Навукова-дастасоўнай распрацоўкай займаліся Беларускі навукова-дасьледчы інстытут рыбнай гаспадаркі (БНДІРГ) і Інстытут заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1].

У 2010 г. рыбныя гаспадаркі вырасьцілі 16,2 тыс. т. таварнай рыбы, зь іх 79% карпа. Рэшту склалі белы амур, таўсталобік, сом, лінь, шчупак і карась. Тым часам 196 арандатараў прыродных вадаёмаў вылавілі ў азёрах і рэках 926 тонаў рыбы. На 2011 г. вытворчасьцю прэснаводнай рыбы займаліся 19 рыбаводчых гаспадарак магутнасьцю ад 100 тонаў да 2,7 тысячы тонаў («Сялец»; Бярозаўскі раён, Берасьцейская вобласьць). Звыш паловы ўсёй рыбы збывалася ў жывым выглядзе праз 212 жыварыбных аўтакрамаў[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Тамара Шаўцова. Рыбаводзтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 480-481. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
  2. ^ Сяргей Расолька. «Супрацьстаяньне» філе пангасіюса і айчыннай жывой рыбы // Зьвязда : газэта. — 26 студзеня 2011. — № 15 (26879). — С. 1-2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Рыбаводзтвасховішча мультымэдыйных матэрыялаў