Хартыя’97

(Перанакіравана з «Хартыя 97»)

«Хартыя’97» — абвешчанае 10 лістапада 1997 году беларускае грамадзянскае згуртаваньне адновы народаўладзьдзя ў Беларусі замест усталяванай дыктатуры (Аляксандра Лукашэнкі) дзеля прадухіленьня ўтварэньня таталітарнай імпэрыі на постсавецкай прасторы. Складзеная па аналёгіі з Хартыяй’77 — дэклярацыяй, што абвесьціла прынцыпы пераадоленьня таталітарызму і аднаўленьня дэмакратыі ў Чэхаславаччыне. Тэкст на прапанову журналіста Зьмітра Бандарэнкі[1] напісаў псыхоляг Уладзімер Уладзімеравіч Мацкевіч[2]. Канстатавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, разбурэньне нацыянальнай культуры. Тэкст апублікавалі тагачасныя вядучыя незалежныя газэты: «Имя», «БДГ», «Народная воля», «Свабода», «Свободные новости» і іншыя.

«Хартыя’97»
Дата ўтварэньня 10 лістапада 1997 (26 гадоў таму)
Юрыдычны статус Арганізацыйны камітэт
Мэта Аднова народаўладзьдзя ў Беларусі
Штаб-кватэра Варшава (Польшча)
Міжнародны каардынатар Андрэй Саньнікаў
Сайт www.charter97.org

У арганізацыйны камітэт грамадзкай ініцыятывы ў розны час уваходзілі Андрэй Саньнікаў, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Мацкевіч, Віктар Івашкевіч, Людміла Гразнова, Пётар Марцаў(be), Юры Хашчавацкі і іншыя вядомыя дзеячы. Першымі Хартыю падпісалі 104 вядомыя ў краіне палітыкі, грамадзкія і культурныя дзеячы, журналісты. З найбольш значных урадоўцаў сярод іх былі 2-ія міністар унутраных справаў Юры Захаранка (1994—1995), міністар абароны Павал Казлоўскі (1992—1994), старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч (1991—1995) і старшыня ўраду Міхаіл Чыгір (1994—1996), міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч (1994—1998), усе 3 старшыні Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч (1991—1994), Мечыслаў Грыб (1994—1996) і Сямён Шарэцкі (1996). Пазьней дакумэнт падпісалі больш за 100 000 грамадзян Беларусі.[3]

Сайт рэдагаваць

«Хартыя’97»
 
Тып навіновы
Даступныя мовы Беларуская, ангельская, расейская
Пачатак працы 11 верасьня 1998 (25 гадоў таму)
Камэрцыйны? не
Рэгістрацыя няма
Актуальны стан Дзейны
Рэйтынг Alexa 20 (у Беларусі)
www.charter97.org

У ліпені 1998 г. адбылася рэгістрацыя дамэну charter97.org і стварэньне першага дызайну старонкі. 11 верасьня сайт пачаў працу. Абнаўленьне разьдзелаў адбывалася штомесяц. Ладзілася рассылка навінаў на электронную пошту. Сайт патрапіў у 20-ку найбольш наведвальных грамадзка-палітычных бачынаў паводле расейскага вэб-лічыльніка «Рамблер». 4 студзеня 1999 году пачалося штодзённае абнаўленьне навінаў і зьмяніўся выгляд сайту, які стаўся 43-ім дададзеным у каталёг беларускага вэб-лічыльніка «Акавіта» (www.akavita.by). 30 траўня бачына ўпершыню займела больш за 1000 непаўторных наведнікаў за дзень праз асьвятленьне трагедыі на Нямізе, зьвесткі і фатаздымкі аб якой скарысталі замежныя выданьні. 21 ліпеня ўпершыню адбылася наўпроставая перадача зь Менску ў сеціва аб вулічным сходзе «Провады прэзыдэнта», прысьвечаным сканчэньню прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі. Таксама цягам году адбыліся першыя он-лайн-канфэрэнцыі з палітыкамі.

9 верасьня 2001 году Дзяржаўны цэнтар бясьпекі зьвестак, які кіраваў сыстэмай дамэнных імёнаў у зоне .by, на загад Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь блякаваў доступ да сайту ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. 19 красавіка 2002 году сайт упершыню зьмясьціў відэакліпы аб вулічным шэсьці «Так жыць нельга». У кастрычніку лік наведнікаў дасягнуў 50 тыс. з 80 краінаў, бо сайт ад пачатку меў ангельскамоўную вэрсію. Увосень 2003 году першым навіны сайту пачаў разьмяшчаць расейскі партал «Яндэкс». З 17 кастрычніка 2004 году сайт зноў блякавалі цягам тыдня вулічных шэсьцяў супраць махінацыяў з вынікамі парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. З 19 сакавіка 2006 году бачыну блякавалі да разгону 25 сакавіка вулічнага сходу на Кастрычніцкай плошчы сталіцы супраць фальсыфікаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Увосень 2007 году адбыўся запуск сучаснага дызайну сайту[4]. У красавіку 2010 году сайт займаў 19 месца ў рэйтынгу беларускіх сайтаў па колькасьці наведвальнікаў зь Беларусі паводле зьвестак «Акавіты»[5]. 23 сакавіка 2011 году Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь вынесла пазасудовую пастанову аб закрыцьці наўпроставага доступу да сайту з урадавых установаў на падставе ўласнага абвінавачаньня ў парушэньні часткі 2 артыкула 8 Закону аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь («Да атрыманьня дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства.. асобы ня маюць права абвяшчаць у сродках масавай інфармацыі аб даце, месцы і часе яго правядзеньня»)[6]. 29 і 30 сьнежня 2011 году сайт прыпыняў працу праз узлом[7]. 14 верасьня 2012 году сайт займеў сваю сядзібу ў Варшаве (Польшча)[8].

24 студзеня 2018 году доступ да вэб-сайту chapter97.org быў заблякаваны па ўсёй краіне ў адпаведнасьці з рашэньнем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.[9] Радавыя чытачы парталу зь Беларусі вымушаны карыстацца спэцыяльнымі праграмамі, проксі-сэрверамі і ўсялякага роду ананімімайзерамі. З замежных IP-адрасоў доступ на сайт кампаніі вольны.[9]

У жніўні 2022 году беларускія ўлады прызналі «Хартыю» экстрэмісцкім фармаваньнем[10]. Раней у 2021–2022 гадах яе тэлеграм-канал, лягатып, сайт і старонкі ў сацыяльных сетках былі ўнесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў[11].

Журналісты рэдагаваць

Крытыка рэдагаваць

Уранку 11 красавіка 2007 году сайт зьмясьціў адцэнзураваную частку інтэрвію старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ Зянона Пазьняка, якое той даў Сяргею Навумчыку для Радыё «Свабода» ў Нью-Ёрку (ЗША)[12]. А 17-ай гадзіне поўны тэкст інтэрвію зьявіўся на сайце радыё[13]. На сайце «Хартыі’97» зь інтэрвію выкрэсьлілі ўрывак з адказу датычна гвалтоўнага спыненьня галадоўкі супраць неканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1995 году: «Што да некаторых псэўдаапазыцыйных дзеячоў, дык яны альбо тады былі ў хунце, падтрымлівалі Лукашэнку ў гэтай гнюснай справе, альбо, ў лепшым выпадку, маўчалі. Гэта прэм’ер Чыгір, Ганчар, Булахаў, Лябедзька, міністры Лявонаў і Марыніч, Фядута». Таксама выкрэсьлілі згадку пра былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Сяргея Скрабца і Валерыя Фралова: «Нядаўна ў Менску два арыгіналы кухоннай думкі на поўным сур’ёзе прыкінуліся сьвяцейшымі за Лукашэнку (ўсё згодна з „тэорыяй шлангу“) і абвясьцілі мітынг „едіненія“ з Расеяй, пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам і расейскім трыкалёрам».

З апошняга адказу аб ігнараваньні праблемаў беларускай мовы і нацыянальнай культуры выдалілі 3 з 4 абзацаў: «Чужая імпэрская прапаганда супрацьпастаўляе Адраджэньню пазыцыю „статус кво“, якая накіраваная на замацаваньне вынікаў акупацыйнай палітыкі ў якасьці сацыяльнай нормы(en), на якую мусіць абапірацца ўсялякае праўнае і грамадзкае дзеяньне. Зьмяненьне дэмаграфічнай сытуацыі ў выніку генацыду, зьнішчэньне беларускай школы, забарона беларускай мовы, русыфікацыя, — усё гэта прадстаўлялася рускімі камуністамі і імпэрцамі усіх масьцяў як існуючая норма грамадзтва. Як існуючае дэ-факто. А яно так і было.

Грамадзкая дэфармацыя — вынік антыбеларускай палітыкі — прадстаўлялася як „статус кво“, на падставе якога мусіў бы і далей існаваць народ. Усялякая спроба выпраўленьня дэфармацыі трактавалася імпэрцамі як радыкалізм, экстрэмізм, парушэньне парадку, гвалт над грамадзтвам і гэтак далей.

Агрэсіўнасьць пазыцыі «статус-кво» вынікае зь яе імпэрскай антыбеларускай сутнасьці. Усе антынацыянальныя, так званыя «агульнадэмакратычныя» і прамаскоўскія групы стаялі і стаяць на пазыцыі «статус-кво». З гэтай жа пазыцыі вынікае і кухонная філязофія «прыкідваньня», патрабаваньне «не выпячвацца з нацыянальнай ідэяй, зь беларускай мовай» і гэтак далей. Усё гэта гучыць часам камічна, але ня выглядае, аднак, такім ужо і сьмешным, бо адлюстроўвае выразную антыбеларускую пазыцыю, выяўленую ў дэмагагічнай і бесталковай форме»[14].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ 10 гадоў Хартыі’97 // Хартыя’97, 10 лістапада 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
  2. ^ Мацкевіч Уладзімер Уладзімеравіч Хто ёсьць хто ў Беларусі. Радыё «Рацыя»Праверана 28 лютага 2012 г.
  3. ^ Віншуем Хартыю’97 з юбілеем!
  4. ^ Сайту Хартыі - 10 год // Хартыя’97, 11 верасьня 2008 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
  5. ^ У красавіку 2010 году сайт займаў 19 месца ў рэйтынгу беларускіх сайтаў па колькасьці наведвальнікаў зь Беларусі паводле зьвестак «Акавіты»
  6. ^ Сяргей Гезгала (11 красавіка 2011) У Беларусі абмежаваны доступ да сайтаў «Хартыя-97» і «Беларускі партызан». Наша НіваПраверана 28 лютага 2012 г.
  7. ^  БелаПАН. Сайт «Хартыя’97» паўторна ўзламаны, прыпыніў працу // Наша Ніва, 30 сьнежня 2011 г. Праверана 1 сакавіка 2013 г.
  8. ^ Зьміцер Уласаў. У Варшаве адкрыўся офіс «Хартыі-97» // БелаПАН, 14 верасьня 2012 г. Праверана 1 сакавіка 2013 г.
  9. ^ а б Евгений Жуков. (2018-01-24) В Беларуси заблокировали оппозиционный сайт "Хартия-97" (рас.). Нямецкая хваляПраверана 2021-06-15 г.
  10. ^ МВД Белоруссии признало экстремистским издание "Хартия'97" (рас.) Інтэрфакс Праверана 2022-09-17 г.
  11. ^ Республиканский список экстремистских материалов
  12. ^ Зянон Пазьняк: «У тую ноч кіраваў "апэрацыяй" Лукашэнка» // Хартыя’97, 11 красавіка 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
  13. ^ Сяргей Навумчык. Зянон Пазьняк: «У тую ноч кіраваў “апэрацыяй” Лукашэнка» // Радыё «Свабода», 11 красавіка 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
  14. ^ Янка Базыль. Фальшыўка ад «Хартыі’97» // Беларуская Салідарнасьць, 17 красавіка 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць