Трагедыя на Нямізе
Траге́дыя на Нямі́зе — масавая таўкатня напрыканцы піўнога сьвята ў Менску 30 траўня 1999 году, зладжанага кампаніяй «Аліварыя». У гэты ж час праваслаўнае насельніцтва сьвяткавала Тройцу.
Хаваючыся ад дажджу з градам, моладзь рушыла ў пераход да станцыі мэтро «Няміга». У таўкатні загінулі 53 чалавекі, яшчэ больш за 250 пацярпелі. Бальшыня загінулых — маладыя людзі векам ад 14 да 20 гадоў, зь іх 42 дзяўчыны й 2 супрацоўнікі міліцыі. Бальшыня загінула ад задушша й траўмаў. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, сьвята цягнулася яшчэ гадзіну пасьля трагедыі.
Адразу пасьля трагедыі ў краіне была абвешчаная трохдзённая жалоба.
Першы час за трагедыю ўлады часткова прынялі адказнасьць на свой адрас. На распараджэньне гарвыканкаму сталіцы й мясцовых выканкамаў цягам двух гадоў сваякам загінулых далі права бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце, набыцьця бясплатных лекаў і вызваленьня ад аплаты камунальных паслугаў. Аднак у 2002 годзе прэзыдэнцкай пастановай палёгкі былі скасаваныя.
Доўгі час пасьля трагедыі падземны пераход быў своеасаблівым месцам паломніцтва для блізкіх сяброў і родных загінулых: людзі вешалі на сьценах партрэты, абразы, тэксты малітваў, распальвалі сьвечкі ў памяць аб ахвярах.
На месцы трагедыі, ля ўваходу на станцыю мэтро «Няміга», 30 траўня 2002 году быў усталяваны помнік у выглядзе 53 ружаў, раскіданых па мэтафарычных прыступках, а таксама малая каплічка з праваслаўным крыжом, унутры якое зьмешчаныя зьвесткі пра нагоду для яе ўсталяваньня.
Спыненьне справы
рэдагавацьКрымінальная справа была спынена 25 сакавіка 2002 году ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Вінаватых у страшнай трагедыі не назвалі.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сайт, прысьвечаны трагедыі (рас.)
- Каляндар падзеяў (рас.)
- Трагедыя на Нямізе: як падземны пераход стаў тунэлем сьмерці(недаступная спасылка) (рас.)