Хартыя 77
Хартыя 77 (Charta 77) — праграмны дакумэнт, што стаўся асноваю для фармаваньня групоўкі палітычных дысыдэнтаў у Чэхаславаччыне, якая праіснавала з 1976 да 1992 году. Яе заснавальнікі (Вацлаў Гавэл, Іржы Дынстбір, Здэнэк Млынарж, Іржы Гаек, Павел Кагоўт) сталі значнымі грамадзкімі і палітычнымі дзеячамі ў краіне пасьля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. Філёзаф Ян Патачка, які адзін зь першых падпісаў хартыю, быў арыштаваны ў 1977 г. і памёр падчас допыту.
Прынцып Хартыі 77 быў закладзены на тым, каб дабівацца ад камуністычнага рэжыму ўсяго таго, што ён дэкляраваў на словах. Так, у першым дакумэнце яго аўтары патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР, паважала правы чалавека, як да таго абавязалася паводле падпісанага Хэльсынскага пакту[1].
Гісторыя
рэдагавацьАсноўнай перадумовай зьяўленьня «Хартыі 77» была ратыфікацыя двух міжнародных пактаў уладамі ЧССР: Міжнароднага пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах і Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Абодва пакты Чэхаславаччына падпісала ў 1968 г., але менавіта пасьля ратыфікацыі яны сталі часткай дзяржаўнай прававой сыстэмы і далі магчымасьць «Хартыі 77» патрабаваць ад улады простых рэчаў — паважаць законы, якія яна сама прыняла[2].
Узьнікненьне Хартыі прысьпешыў судовы працэс супраць рок-гурта «Plastic People of the Universe» з-за выкарыстаньня ангельскіх тэкстаў і назвы гурту, а таксама паказ рэпэртуару ня ўхваленага адмысловай камісіяй. Гэта выклікала розгалас у значнай меры паралізаваным грамадзтве. Пачалі адбывацца акцыі салідарнасьці, сустракаліся раней незнаёмыя людзі.
У 1976 годзе музыкі былі абвінавачаныя ў злачынным дармаедзтве і пасаджаныя ў турму. Крытыкі рэжыму рознай ідэйнай скіраванасьці і прыхільнікі асуджаных музыкаў сабраліся разам у калідоры праскага суду на Малай Стране, каб досыць гучна заявіць свой пратэст супраць абсурднага судовага пакараньня. Суровыя прысуды сталіся апошнім штуршком да ўзьнікненьня грамадзкай ініцыятывы, названай Хартыя-77, якая была дэкляраваная 1 студзеня 1977 году.[3].
Хартыя стала адным зь першых усходнеэўрапейскіх рухаў, яе апярэдзілі хіба польскі КОР і хэльсынскія аб’яднаньні, што дзейнічалі ў Савецкім Саюзе. Тыя рухі былі вядомыя заснавальнікам Хартыі і часткова сталіся для іх прыкладам[2].
Разам з імёнамі 242 падпісантаў Хартыя была надрукаваная 6 студзеня 1977. Пачаліся арышты і канфіскацыя арыгіналаў Хартыі, але яе копіі працягвалі хадзіць па руках. 7 студзеня тэкст хартыі надрукавалі некалькі буйных СМІ Эўропы і ЗША. Да канца 1977 году Хартыю падпісалі 800 чалавек, шмат хто зь іх пасьля эміграваў. Яе падпісанта адразу звальнялі з працы[3].
Амаль адначасова чэхаславацкія камуністычныя ўлады выдалі Антыхартыю, якую прымусілі падпісаць многіх знакамітых людзей.
Пазьней, з-за рэпрэсіяў пад устаноўчай дэклярацыяй Хартыі свае подпісы ставілі ўсяго пару дзясяткаў чалавек за год, такім чынам, яе дзейнасьць была значна падарваная, нават практычна паралізаваная, і ў паасобных падпісантаў нават зьяўляліся думкі пра поўнае спыненьне яе чыннасьці[3].
Сытуацыя зьмянілася ў сярэдзіне васьмідзясятых, калі большасьць удзельнікаў супраціву выйшла зь вязьніцы і далучылася да падпольнай дзейнасьці, а рэжым у сувязі са зьменамі ў Савецкім Саюзе паслабіў свае рэпрэсіі.
У студзені 1987 г., яе паўнамоцныя прадстаўнікі падпісалі два дакумэнты: «Слова да суграмадзянаў» і «Ліст да падпісантаў Хартыі 77». Калі ў сваёй папярэдняй дзесяцігадовай гісторыі Хартыя зьвярталася да ўладнага рэжыму, то «Слова да суграмадзянаў» — першая спроба зьвярнуцца да ўсяго грамадзтва, заклікаць яго да пераадоленьня страху і актыўнага дзеяньня. «Ліст да падпісантаў», які падводзіць вынікі папярэдняга існаваньня Хартыі, зьвяртае ўвагу на праблемы ўзьнікненьня «актыўнага ядра» і «пасіўнай большасьці», на складанасьці камунікацыі зь няпраскімі падпісантамі, на «адсутнасьць якіх-кольвек цьвёрдых правілаў», на дакладней не акрэсьленую праблему «пакаленьняў» і некаторыя іншыя[3].
У 1987 годзе сябры Хартыі падалі ў дзяржаўныя органы заяву аб правядзеньні 10 сьнежня маніфэстацыі да дня правоў чалавека. Хартыя празь дзесяць гадоў сваёй дзейнасьці афіцыйна склікала першую дэманстрацыю, на якой, хоць тая і была забаронена тагачасным Раённым нацыянальным камітэтам, упершыню з 1969 г. сабраліся больш як тысяча чалавек.
Вынікі
рэдагавацьПаводле пазьнейшай ацэнкі Вацлава Гавэла, аднаго з ініцыятараў Хартыі, яна стала мадэльлю як супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму, які мае ў руках усе сілавыя мэханізмы[1].
Лік падпісантаў Хартыі 77
рэдагаваць- 1978 — 106,
- 1979 — 80,
- 1980 — 48,
- 1981 — 44,
- 1982 — 36,
- 1983 — 37,
- 1984 — 25,
- 1985 — 28.
Кіраўнікі Хартыі
рэдагавацьУ адпаведнасьці з усталяваным звычаем, кожны паўнамоцны прадстаўнік Хартыі прапаноўваў свайго пераемніка на наступны год.
- ад студзеня 1977 Вацлаў Гавэл (да траўня 1977), Ян Патачка (да сьмерці ў сакавіку 1977) і Іржы Гаек
- ад верасьня 1977 Ладзіслаў Гэйданэк, Марта Кубішова і Іржы Гаек
- ад красавіка 1978 Яраслаў Шабата, Ладзіслаў Гэйданэк і Марта Кубішова
- ад лістапада 1978 Ладзіслаў Гэйданэк і Вацлаў Гавэл
- ад лютага 1979 Вацлаў Бэнда, Іржы Дэнстбір і Здэна Тамінава
- ад чэрвеня 1979 Ладзіслаў Гэйданэк, Здэна Тамінова і Іржы Гаек
- ад студзеня 1980 Марыя Грамадкова, Здэна Тамінава і Мілаш Рэйхер
- ад лютага 1980 Марыя Грамадкова, Мілаш Рэйхэр і Рудольф Баттек
- ад студзеня 1981 Вацлаў Малы і Бэджых Пляцак
- ад лютага 1981 Вацлаў Малы, Яраслаў Шабата і Бэджых Пляцак
- ад студзеня 1982 Анна Мартынова, Ладзіслаў Ліс і Радзім Палоўс
- ад студзеня 1983 Анна Мартынова, Ян Козьлік і Радзім Палоўс
- ад лютага 1983 Анна Мартынова, Ян Козьлік і Марыя Рут Кржыжкова
- ад студзеня 1984 Вацлаў Бэнда, Іржы Румл і Яна Штернова
- ад студзеня 1985 Іржы Денстбер, Пэтрушка Шустрова, Ева Кантуркова
- ад студзеня 1986 Мартын Палоўш, Анна Шабатова, і Ян Штэрн
- ад студзеня 1987 Ян Літоміскі, Ёзэф Вогрызак, Любошэ Шыльганова
- ад студзеня 1988 Мілаш Гаек, Богумір Янат, Станіслаў Дэваты
- ад студзеня 1989 Томаш Градзілэк, Дана Немцова, Александр Вондра
- ад студзеня 1990 Ян Румл, Міраслаў Легкі, Міраслаў Тыл
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б «Хартыя 77 і Хартыя 97: беларусы, як і чэхі, дачакаюцца перамен». Радыё Свабода 10.01.2007.
- ^ а б Хартыя-77 — непаўторны досвед(недаступная спасылка) Анна Шабатава, ARCHE
- ^ а б в г Андэграўнд і Хартыя-77, Любаш Вэсэлы , ARCHE №7-8-2006
Літаратура
рэдагаваць- Charta 77 (1977—1989): Od morální k demokratické revoluci. Dokumentace. uspořádal Vilém Prečan, ÚSD-Archa, Bratislava Praha Scheinfeld 1990 ISBN 80-900422-1-X.