Аляксандар Мілінкевіч

беларускі фізык, палітык

Алякса́ндар Уладзі́меравіч Мілінке́віч (нар. 25 ліпеня 1947 году) — беларускі палітык і навукоўца.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
Старшыня руху «За Свабоду»
21 траўня 2007 — 16 кастрычніка 2016
Наступнік: Юры Губарэвіч
Намесьнік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму
1990 — 1996
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 25 ліпеня 1947(1947-07-25)[1] (77 гадоў)
Горадня, БССР
Партыя: беспартыйны
Сужэнец: Інэса Кулей
Адукацыя:
Узнагароды: Ордэн За заслугі перад польскай культурай, Прэмія імя Андрэя Сахарава (2006), узнагарода імя Сержыё Віера дэ Мэла (2006)

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Горадні. Ягоны прадзед і прапрадзед бралі ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага 1863 году, рэпрэсаваныя царскімі ўладамі. Дзед — актывіст беларускага руху 1920-х гадоў на Гарадзеншчыне. Бацька — заслужаны настаўнік БССР.

У 1965 годзе Мілінкевіч скончыў школу з залатым мэдалём, а ў 1969 годзе з адзнакай фізыка-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдінстытута.

Працаваў настаўнікам у Горадні. Пасьля сканчэньня асьпірантуры Інстытута фізыкі АН БССР у 1972 годзе працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. Стажыраваўся ва ўнівэрсытэце Манпэлье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім унівэрсытэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучаньня ў эўрапейскім цэнтры дасьледаваньня праблемаў бясьпекі ў Ґарміш-Партэнкірхэне (ФРН, 2000). Кандыдат фізыка-матэматычных навук.

У 1980—1984 гадох загадваў катэдрай Сэтыфскага ўнівэрсытэту (Альжыр), быў дацэнтам Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы (1978—1980, 1984—1990, 1994—2000). Заснавальнік і кіраўнік Гарадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша» (1996—2003).

У 1996—1997 гадах прэзыдэнт баскетбольнага клюбу «Горадня-93» — шматразовага чэмпіёна Беларусі.

Кіраўнік праграмаў «Фонду спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю». Апрача роднай мовы валодае таксама расейскай, польскай, ангельскай і францускай мовамі.

Жанаты другім шлюбам, ад першага мае двух сыноў.

26 кастрычніка 2006 году ўзнагароджаны Эўрапарлямэнтам прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Ягоная кандыдатура разглядаецца на пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту[2].

Палітычная дзейнасьць

рэдагаваць

На выбарах народных дэпутатаў БССР у 1990 годзе балятаваўся па Гарадзенскай-Дзяржынскай акрузе №239[3]. У 1990—1996 гадох быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму Горадні, займаўся пытаньнямі адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносінаў і аховы гістарычнай спадчыны. У 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штабу кандыдата на прэзыдэнта Сямёна Домаша.

У кастрычніку 2005 году на Кангрэсе дэмакратычных сілаў абраны адзіным кандыдатам на выбарах 2006 году ў Беларусі.

Перад выбарамі 2010 году заявіў пра свой намер балятавацца кандыдатам у прэзыдэнты, аднак у выніку зьняў сваю кандыдатуру й падтрымаў Рыгора Кастусёва.

На парлямэнцкіх выбарах 2012 году было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

Заяўляў пра свой магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах-2015[4], хаця раней казаў пра тое, што на выбары павінен пайсьці малады палітык[5].

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць

У 1976 годзе абараніў дысэртацыю па тэме «Мэханізм генэрацыі звышмагутных лязэрных імпульсаў». Аўтар 65 навуковых працаў і манаграфіяў па квантавай электроніцы, лязэрнай тэхніцы, гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі. Краязнаўца, знайшоў пахаваньне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рэстаўраваў найстаражытнейшы ў Эўропе гарадзенскі вежавы гадзіньнік (XV—XVI стагодзьдзі).

  1. ^ а б Alexander Milinkjewitsch // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ У якасці магчымага рэктара ЕГУ абмяркоўваецца кандыдатура Мілінкевіча?
  3. ^ В. Саласюк. Человек, который завел городские часы // Советская Белоруссия. — 1990. — № 53 (17834). — С. 2.
  4. ^ Выборы-2015. Кто идет в президенты?
  5. ^ Милинкевич: Конкурентом Лукашенко должен стать кто-то молодой