Аляксандар Атрошчанкаў

Аляксандар Атрошчанкаў (нарадзіўся 22 сакавіка 1981, Менск) — беларускі грамадзкі актывіст, журналіст, фігурант «справы 19 сьнежня», вязень сумленьня паводле арганізацыі Amnesty International[1].

Аляксандар Атрошчанкаў
па-расейску: Александр Сергеевич Отрощенков
Прэс-сакратар «Эўрапейскай Беларусі»
2008 — цяперашні час
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 22 сакавіка 1981 (43 гады)
Менск
Грамадзянская кампанія: Эўрапейская Беларусь
Сужэнец: Дар’я
Адукацыя: БДУ (ня скончыў), ЭГУ (ня скончыў)

Адукацыя

рэдагаваць

Навучаўся на факультэце міжнародных зносінаў у Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, быў выключаны за палітычную дзейнасьць. Студэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «міжнароднае права».

Дзейнасьць

рэдагаваць

Ад 2000 году карэспандэнт сайту Хартыя'97. У сакавіку 2000 падчас сьвяткаваньня Дня Волі схоплены людзьмі ў масках ў раёне плошчы Якуба Коласа. Яго запхнулі ў міліцэйскую машыну, потым у аўтазак і каля 40 хвілін вазілі, жартуючы, што вязуць у Курапаты на расстрэл. Выкінулі ў сьнег за 15 кілямэтраў ад Менску. У 2001—2006 сябар арганізацыі «Зубр», браў удзел у яе акцыях. Ад 2008 прэс-сакратар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». 12 чэрвеня 2008 асуджаны да 15 сутак арышту.

Падчас выбараў 2010 прэсавы сакратар штаба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. 19 сьнежня 2010 удзельнік акцыі пратэсту апазыцыі ў якасьці журналіста летувіскага парталу DELFI. 20 сьнежня 2010 затрыманы ў сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па артыкуле 293 КК Беларусь — удзел у масавых беспарадках. Па сьведчаньнях жонкі, падчас знаходжаньня ў турме быў катаваны[2].

2 сакавіка 2011 асуджаны Фрунзэнскім судам Менску (судзьдзя Тацяна Чаркас) да 4 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму[3].

Памілаваны Лукашэнка 14 верасьня 2011 году, разам з адзінаццацю іншымі ўдзельнікамі падзеяў на Плошчы, якія не пісалі прашэньня[4].

Жанаты, жонка — Дар’я.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць