Белорусская деловая газета
«Белорусская деловая газета» (па-беларуску: «Беларуская дзелавая газэта»; «па-расейску: БДГ. Деловая газета») — беларуская грамадзка-палітычная газэта, заснаваная ў 1992 годзе. Заснавальнікам і выдаўцом «БДГ» зьяўляецца Выдавецкае прыватнае вунітарнае прадпрыемства «Марат». «БДГ» — штодзённае незалежнае выданьне дзелавых і палітычных кругоў Беларусі. «БДГ» зьяўляецца адным з найболей аўтарытэтных незалежных СМІ Беларусі. За час дзейнасьці газэты ўладамі неаднаразова прадпрымаліся спробы прыпыніць яе выпуск, аднак кожны раз выпуск выданьня аднаўляўся ў кароткія тэрміны.
Белорусская деловая газета | |
Тып | штодзённая |
---|---|
Выдавец | ВПВП «Марат» |
Галоўны рэдактар | Пётар Марцаў |
Заснаваная | 1992 |
Закрытая | 2006 |
Мова | расейская |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Чкалава, 12, к.403 |
Наклад | ~70 000 |
Афіцыйны сайт | bdg.by |
У 2003 годзе на засаду рэдактара заступіла Сьвятлана Калінкіна[1]. У газэце сталі публікавацца рэпартажы і артыкулы, якія крытыкуюць урад Лукашэнкі, у тым ліку сэрыя матэрыялаў пра суд над экс-дырэктарам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Віктарам Казека, карупцыйны працэс над былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым і апытаньне чытачоў, ці павінен народ дазваляць Лукашэнку выкарыстоўваць прэзыдэнцкі самалёт для асабістага карыстаньня[2]. Артыкулы рэпарцёра Ірыны Халіп аб карупцыі ў асяродзьдзі афіцыйных уладаў прывялі да кароткачасовага прыпыненьня друку газэты за «абразу гонару й годнасьці прэзыдэнта»[3].
3 чэрвеня 2003 году выйшаў сумесны нумар «Белорусской деловой газеты» ды «Салідарнасьці»: такім чынам рэдакцыя «Салідарнасьці» падтрымала «БДГ», якую забараняў рэжым Лукашэнкі[4].
Неўзабаве газэта была падвергнутая і афіцыйнай кампаніі перасьледу: «палітычна матываваныя падатковыя праверкі, пагрозы забойства й затрыманьня»[5]. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пачало запалохваць друкарні, якія б пагадзілася друкаваць газэту, што вымусіла «БДГ» пераехаць друкавацца ў расейскі Смаленск[1].
У 2004 годзе Камітэт па абароне журналістаў узнагародзіў Калінкіну Міжнароднай прэміяю за свабоду прэсы(en), зьдзейсьніў «прызнаньне мужнай журналістыкі»[6] за яе працу з «БДГ»[1]. Камітэт высока ацаніў яе «крытычнае асьвятленьне розных злоўжываньняў з боку ўрада» пад пагрозаю «юрыдычнага й бюракратычнага перасьледу з боку беларускіх уладаў на працягу шэрагу гад»[7].
Газэта прыпыніла выхад у сувязі з забаронаю на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюджваньне праз РУП «Белпошта» і «Белсаюздрук» у 2006 годзе, на дадзены момант існуе інтэрнэт-вэрсія газэты «БДГ-Онлайн». На момант закрыцьця штотыднёвы наклад «БДГ» складаў 65—70 тысяч асобнікаў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в 2004 IPFA Svetlana Kalinkina. Камітэт па абароне журналістаў (2004). Праверана 2012-02-01 г.
- ^ CPJ calls on government to allow newspaper to resume publication. Міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова(uk) (2003-06-02). Праверана 2012-02-01 г.
- ^ Iryna Khalip, Belarus. International Women's Media Foundation (2010). Праверана 1 February 2012 г. Архіўная копія ад 2012-03-10 г.
- ^ Юры Сьвірко. (2003-06-03) "БЕЛОРУССКАЯ ДЕЛОВАЯ ГАЗЕТА” БУДЗЕ ВЫХОДЗІЦЬ ПАД РОЗНЫМІ ШАПКАМІ (бел.). Свабода. Праверана 2021-03-06 г. Архіўная копія ад 2021-03-06 г.
- ^ Heroes of Press Freedom // Washington Post2004-11-23 г. Праверана 2012-02-01 г.
- ^ CPJ International Press Freedom Awards 2011. Камітэт па абароне журналістаў (2011). Праверана 2012-01-17 г.
- ^ CPJ to Present Annual Press Freedom Awards. Камітэт па абароне журналістаў (2004). Праверана 1 February 2012 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- БДГ-Онлайн (рас.)