Ёган Вольфганг фон Гётэ
Ёган Во́льфґанґ фон Ґётэ (па-нямецку: Johann Wolfgang von Goethe; 28 жніўня 1749 — 22 сакавіка 1832) — нямецкі літаратар і палімат. Дзейнасьць Гётэ ахоплівала такія культурныя і навуковыя сфэры, як паэзія, драма, літаратура, тэалёгія, філязофія, пантэізм і навука. Яго шэдэўр, трагедыя «Фаўст» у дзьвюх частках, была ўхваленая крытыкамі ў якасьці аднаго зь вяршынных дасягненьняў сусьветнае літаратуры[7]. У шэраг іншых вядомых літаратурных працаў Ґётэ ўключаюць раман выхаваньня «Вільгельм Майстэр» і эпісталярны раман «Пакуты Маладога Вэртэра».
Ёган Вольфґанґ фон Ґётэ | |
ням. Johann Wolfgang von Goethe | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 28 жніўня 1749[1][2][3][…] |
Памёр | 22 сакавіка 1832[2][3][5][…] (82 гады) |
Пахаваны | |
Бацькі | Ёган Каспар Гётэ[d] Катарына Элізабет Гётэ[d] |
Сужэнец | Крысціяна Вульпіус[d] |
Дзеці | Аўгуст фон Гётэ[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, празаік, філёзаф, навукоўца, калекцыянер мінэралаў |
Кірунак | бура і націск, ваймарскі клясыцызм |
Жанр | трагедыя, драма, паэма, раман |
Мова | нямецкая[6] |
Значныя творы | Фаўст, Пакуты маладога Вэртэра, Вільгельм Майстэр |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Ґётэ быў адной з ключавых фігураў нямецкай літаратуры і літаратурнага руху ваймарскага клясыцызму ў канцы XVIII і пачатку XIX стагодзьдзя. Ґётэ зьяўляецца аўтарам «Тэорыі колераў»; яго ўплывовыя ідэі па расьліннай і жывёльнай марфалёгіі былі пашыраныя і дапрацаваныя натуралістамі XIX ст., у тым ліку і Чарлзам Дарвінам.
Гётэ зьяўляецца стваральнікам канцэпту сусьветнай літаратуры (Weltliteratur), праяўляючы вялікую цікавасьць да літаратуры Ангельшчыны, Францыі, Італіі, антычнай Грэцыі, Пэрсыі, арабскіх краінаў ды іншых літаратураў сьвету. Уплыў Гётэ на нямецкую філязофію агромністы і фактычна невымяральны, нягледзячы на тое, што ён наўмысна ўстрымліваўся ад прафэсійных заняткаў у дадзенай галіне навук.
Біяграфія
рэдагавацьЁган Вольфґанґ Ґётэ нарадзіўся 28 жніўня 1749 году ў Франкфурце-на-Майне ў сям’і заможнага франкфурцкага бюргера, доктара права і імпэрскага дарадцы Ёгана Каспара Ґётэ (1710—1782) і яго васямнаццацігадовай жонкі Катарыны Элізабэт (1731—1808) — дачкі гарадзкога старшыні. Жыцьцярадасная і гаваркая жанчына ўзяла шлюб з трыццацівасьмігадовым дарадцам Ґётэ ў свае сямнаццаць год. Пасьля Ёгана Вольфґанґа нарадзілася яшчэ чацьвёра дзяцей, але толькі маладая дачка Карнэлія перажыла маленства.
Раньнія гады. Хатняя адукацыя
рэдагавацьҐётэ атрымаў выдатную хатнюю адукацыю. Ужо ў свае раньнія гады будучы пісьменьнік валодаў нямалымі пазнаньнямі ў гісторыі, міталёгіі, багаслоўстве, юрыспрудэнцыі, прыродазнаўстве; акрамя роднай, ведаў тры старажытных і чатыры новых замежных мовы; быў начытаны ў старой і новай мастацкай літаратуры; цікавіўся жывапісам, маляваў, музыцыраваў, іграў на аматарскай сцэне, фэхтаваў і займаўся верхавой яздой[8].
Першыя ўрокі чытаньня юны Ґётэ атрымаў у трохгадовым узросьце. Ва ўзросьце сямі год ён пачаў вучыцца лацінскай і старажытнагрэцкай мовам. У дзевяць год пачаў усвойваць францускую і пачаў браць урокі маляваньня. Удасканаленьню валоданьня францускай мовай паспрыяў бацька будучага нямецкага пісьменьніка, які даў яму права штодзённа наведваць францускі тэатар, спэктаклі якога пазьней падштурхнулі юнага Ґётэ зьвярнуцца да творчасьці францускіх клясыкаў XVII ст. У адзінаццаць год, слухаючы, як яго бацька вучыць сястру маладога Ґётэ Карнэлію італьняскай мове, хлопец паступова авалодвае і гэтай мовай. У трынаццаць ён бярэцца за ангельскую, пасьля якой вывучае старажытнагабрэйскую. Каб замацаваць свае веды розных моваў сьвету малады Ґётэ піша свой першы эпісталярны раман, у якім розныя чальцы сям’і вядуць паміж сабой перапіску — браты і сястра. У залежнасьці ад роду дзейнасьці дзеючай асобы, героі рамана пішуць свае лісты на літаратурнай нямецкай, лацінскай і старажытнагрэцкай, ангельскай, францускай, італьянскай і габрэйскай. У чатырнаццаць год пад кіраўніцтвам бацькі Ґётэ прыступіў да вывучэньня юрыспрудэнцыі. У пятнаццацігадовым узросьце пачынае браць урокі фэхтаваньня і верхавой язды, адначасова займаючыся вывучэньнем лацінскай літаратуры.
Сачыняць Ґётэ пачаў вельмі рана, спрабуючы сябе ва ўсіх жанрах прозы і паэзіі. Пачынаючы з раньняга ўзросту будучы пісьменьнік не пераставаў інсцэнаваць, сачыняць і пераробліваць усемагчымыя п’есы, найперш для лялечнага, а пасьля і для аматарскага тэатру[9]. Юны Вольфґанґ пісаў шмат духоўных вершаў, якія былі пазьней зьнішчаныя самім аўтарам яшчэ ў маладосьці. Ад самога Ґётэ мы ведаем, што ў юнацкія гады ён задумаў шэраг драмаў на рэлігіёзныя сюжэты. П’есы «Іезавэль», «Руфь» і «Вальтасар» былі спаленыя Ґётэ ў васямнаццаць гадоў да вялікага шкадаваньня яго бацькі. Па сёньняшні дзень захаваўся толькі адзіны твор юнага Ґётэ — паэма «Паэтычныя разважаньні пра сыходжаньне Ісуса Хрыста» (ням. Poetische Gedanken über die Höllenfahrt Jesu Christi), датаваная 1765 годам, у стылістычным дачыненьні ўяўляе сабой прамое перайманьне рэлігіёзнае паэзіі позьняга барока ў Нямеччыне[10]. Да нашых дзён дайшоў таксама рукапіс паэмы «Іёсіф», які быў апублікаваны толькі ў 1920 годзе. Гэтая паэма памерам у дзьве тысячы радкоў, напісаная папарна зрыфмаванымі александрынамі (шасьцістопным ямбам), па сваіх мастацкіх якасьцях схіляецца болей да сярэднявечнае традыцыі маралітэ, чым да сталае творчасьці Ґётэ[9].
«Бура і націск»
рэдагавацьВывучаў права ў Ляйпцыгу і Страсбургу па волі бацькі, хаця сам не хацеў зьвязваць лёс з гэтай прафэсіяй. На страсбурскі пэрыяд прыпадае каханьне Ґётэ да маладой Фрыдэрыкі Брыён. Свае пачуцьці малады паэт пачаў выражаць вершамі.
Ёган Ґётэ ўзначаліў літаратурны бунт супраць прынцыпаў, усталяваных тэарэтыкамі Асьветы. У Страсбурґу Ґётэ пазнаёміўся з Ёганам Готфрыдам Гердэрам, вядучым крытыкам і ідэолягам руху «Бура і націск», які будаваў пляны стварэньня ў Нямеччыне новай вялікай літаратуры. Захапленьне Гердэра Шэксьпірам, Осіянам, ангельскай паэзіяй і фальклёрам адчыніла новыя гарызонт перад маладым паэтам, чый талент тады толькі пачынаў раскрывацца. У гэты час паэт напісаў сваю першую п’есу, «Ґёц фон Бэрліхінґэн», а празь некалькі год і трагедыю «Эґмонт».
Ґётэ дапамагаў Гердэру зьбіраць народныя песьні і склаў шмат вершаў на манеру народнай песьні. Палкае шчасьце побач з Фрыдэрыкай Брыён знайшло выраз у яскравай вобразнасьці і пяшчотнасьці вершаў, як «Сустрэча і разьвітаньне», «Травеньская песьня», «З размаляванай стужкай»; дакоры сумленьня ад раставаньня зь ёй адлюстраваліся ў сцэнах пакінутасьці і адзіноты ў яго вялікіх паэмах. Пад уплывам нешчасьлівага каханьня да дзяўчыны сябра зьявіліся «Пакуты маладога Вэртэра», якія праславілі Ґётэ на ўвесь сьвет. Пачалася праца над славутым «Фаўстам».
Пасьля заканчэньня навучэньня Ґётэ працаваў адвакатам у Франкфурце. Яму не падабаўся гэты занятак, але іншым чынам ён ня мог зарабіць сабе на жыцьцё.
Пры Ваймарскім двары
рэдагавацьУ 1775 малады герцаг Ваймарскі Карль-Аўґуст запрасіў Ґётэ на пасаду міністра. Для паэта пачаўся пэрыяд чынавецкай кар’еры ўва ўрадзе невялічкага герцаґства. Не прыпыняе Ґётэ й пісьменьніцкую дзейнасьць, зьяўляюцца баляды як «Эльфійскі князь» і «Рыбак».
Адзінаццаць гадоў пры ваймарскім двары карэнным чынам зьмянілі жыцьцё паэта. Ґётэ заўсёды знаходзіўся ў цэнтры сьвецкага жыцьця, быў сябрам герцаґскай Тайнай рады, а потым — дзяржаўным міністрам. Ён займаўся разьвіцьцём інфраструктуры, фінансамі, рэкрутаваньнем войска, здабычай выкапняў і іншым. Многія гады ён правёў вывучаючы геалёгію, мінэралёгію, батаніку, анатомію. Эмацыйнасьць і бунтарства яго маладосьці адыходзяць, саступаючы месца новым ідэалам: стрыманасьці, самакантролю, ураўнаважанасьці, гармоніі.
Вялікая занятасьць у дзяржаўных справах перашкаджае Ґётэ завяршаць пачатыя творы — «Вільгельм Майстар», «Эґмонт», «Іфіґенія», «Тарката Таса». Паэт бярэ адпачынак на паўтара году і ад’яжджае ў Італію, дзе займаецца выяўленчым мастацтвам і чытаньнем.
Клясычны пэрыяд
рэдагавацьЗ ад’ездам Ґётэ ў Італію (1786—1788) «пачаўся клясычны» пэрыяд у яго творчасьці.
Вярнуўшыся ў Ваймар у 1789 годзе, Ґётэ наступныя шэсьць год шмат вандраваў, наведаў Вэнэцыю, суправаджаў герцага ў яго паездцы ўва Ўроцлаў, удзельнічаў у вайсковай кампаніі супраць Напалеона. У чэрвені 1794 году ён пазнаёміўся з Фрыдрыхам Шылерам, які прасіў дапамогі ў выданьні часопісу, а пасьля жыў галоўным чынам у Ваймары. Сяброўства з Шылерам, сумесная праца над сатырычнымі «Ксэніямі» (1796), балядамі (1797) сталіся для Ґётэ выдатным творчым стымулам. Былі скончаныя і апублікаваныя многія яго творы, у тым ліку «Рымскія элегіі». Былі завершаныя «Гады вучэньня Вільгельма Майстра», працягнулася праца над «Фаўстам», зьявіліся некалькі новых твораў («Алексыс і Дора», «Амінтас», «Герман і Даратэя» і іншыя). Ёган Ґётэ напісаў у прозе «Гутаркі нямецкіх эмігрантаў».
У 1806 годзе Ґётэ ажаніўся з Хрыстыянай Вульпіюс, маладой жанчынай, ад якой меў шмат дзяцей, зь якіх, аднак, выжыў толькі сын Аўґуст. Разам зь нямецкім кампазытарам, народжаным у Вільні А. Г. Радзівілам Ґётэ стварыў опэру «Фаўст» (аўтар лібрэта). На беларускай сцэне опэра пастаўлена В. Скорабагатавым у 1999 г.
Слава Ёгана Ґётэ распаўсюджвалася шырэй і шырэй. Паклоньнікі з розных краінаў зьяжджаліся ў Ваймар, каб выказаць яму сваю пашану. Сам паэт, аднак, усё больш хаваўся ад людзей і іх меркаваньняў, будуючы ў сваёй творчасьці ўласны сьвет прыгажосьці і ідэальных формаў. Ґётэ пачаў займацца прыродазнаўствам.
Калі ў Нямеччыне і Эўропе народы падняліся супраць панаваньня Напалеона, Ґётэ забараніў свайму сыну далучыцца да вызвольнай барацьбы, бо ўзьвялічваў асобу Напалеона і быў супраць вайны і кровапраліцьця. Паэт стаў у апазыцыю ўзьняцьцю нацыянальных і дэмакратычных рухаў.
Канец жыцьця
рэдагавацьДа самой сьмерці Ґётэ працягваў быць актыўным пісьменьнікам і палымяным каханкам. Свае пачуцьці да чарговай пасіі Марыяны фон Вілемэр ён выказаў у «Заходне-ўсходнім дыване».
Свае ўспаміны Ґётэ ўвасобіў у творы «Сачыненьне і праўда». Незадоўга перад сваёй сьмерцю ён скончыў другую частку драмы «Фаўст», яшчэ аднаго знакавага твору, над якім Ґётэ працаваў доўгія дзесяцігодзьдзі. У гісторыі доктара Фаўста Ёган Вольфґанґ Ґётэ паказвае шлях шукаючага чалавека ад заблытанага жыцьця да паразуменьня яго сапраўднага закліканьня — службы грамадзтву.
Вялікі паэт памёр у Ваймары ўва ўзросьце 83 гадоў.
На беларускую мову творы Ґётэ перакладалі Ю. Гаўрук, А. Дудар, У. Дубоўка, С. Ліхадзіеўскі, Ю. Таўбін, В. Вольскага, М. Сяднёў, А. Зарыцкі, В. Сёмуха, А.Лойка, Л. Баршчэўскі, У. Папковіч, Я. Бяласін і інш. Пераклад «Фаўста», выкананы В.Сёмухам (1-е выд., 1976, 4-е выд. 1999) стаў падзеяй у культурным жыцьці Беларусі. Шэраг афарызмаў Гётэ перакладзены Я. Барычэўскім.
Беларускія пераклады
рэдагаваць
|
|
Літаратура
рэдагаваць
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Jean Wolfgang Goethe de (фр.) — ministère de la Culture.
- ^ а б Goethe // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
- ^ а б Johann Wolfgang von Goethe // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
- ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
- ^ Itaú Cultural Goethe // Энцыкляпэдыя Ітау Культурал (парт.) — São Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7
- ^ Goethe, Johann Wolfgang von // CONOR.SI
- ^ «Columbia Encyclopedia, 6th Ed. (2001—2005)»
- ^ Аникст А. А. Творческий путь Гете. М., 1986. С. 31
- ^ а б Вильмонт Н., Гёте, М., 1959 C. 20—21
- ^ Аникст А. А. Творческий путь Гете. М., 1986. С. 34