Athenaeum
«Athenaeum. Pismo Poświęcone Historii, Literaturze, Sztukom, Krytyce itd.» (па-беларуску: Атэнэюм) — віленскі навукова-літаратурны часопіс, які выходзіў у 1841—1851 з ініцыятывы пісьменьніка Язэпа Крашэўскага. Дэвіз часопісу «Павольна, але пастаянна». Выйшла 66 нумароў.
Athenaeum | |
Тэматыка | навукова-літаратурная |
---|---|
Пэрыядычнасьць | раз на два месяцы |
Краіна | Расейская імпэрыя |
Заснавальнік | Язэп Крашэўскі |
Выдавец | Тэафіл Глюксбэрг (1841—1848) Адам Завадзкі (1849—1851) |
Галоўны рэдактар | Язэп Крашэўскі |
Дата заснаваньня | 1841 |
Дата закрыцьця | 1851 |
Мова | польская |
Мінуўшчына
рэдагавацьПраект выданьня часопісу рэалізоўваўся ва ўмовах жорсткай цэнзуры пасьля здушэньня паўстаньня 1830—1831 гадоў. Дазвол на выданьне часопісу Крашэўскі атрымаў толькі ўлетку 1840, уступны праспэкт падпісаў 17 ліпеня ў Гарадку пад Луцкам. Зьвязаўся зь віленскім выдаўцом Тэафілам Глюксбэргам, які павінен быў адказваць за кантакты з цэнзурай і за дастаўку з-за мяжы кніг і часопісаў. Да Глюксбэрга, ці радзей да Язэпа Крашэўскага ў Гарадок шматлікія карэспандэнты адсылалі свае творы, спадзеючыся ўбачыць іх апублікаванымі. Наўзамен Крашэўскі абавязваўся падрыхтоўваць да друку шэсьць дзесяціаркушавых нумароў шторок.
Запрасіўшы да супрацоўніцтва ўсіх айчынных літаратараў і гісторыкаў, Язэп Крашэўскі зрабіў «Athenaeum» цэнтрам літаратурнага жыцьця Беларусі, Летувы і Ўкраіны. Пункты падпіскі, апроч галоўнага ў Вільні, былі ў Кіеве, Львове, Кракаве, Познані, Варшаве, Уроцлаве і іншыя. Юзэф Крашэўскі, не выяжджаючы са свайго маёнтку Гарадок на Валыні, з дапамогаю некалькіх літаратараў рэдагаваў часопіс і дасылаў яго выдаўцу Тэафілу Глюксбэргу ў Вільню. За 8 гадоў супрацоўніцтва з Глюксбэргам было выдадзена 48 тамоў. Аднак з прычыны зьмяншэньня колькасьці падпісчыкаў (з 252 у 1843 да 163 у 1846[1]) Глюксбэрг запатрабаваў выкарыстаньня ў «Атэнэюме» большай колькасьці забаўляльных матэрыялаў, з чым не пагадзіўся Язэп Крашэўскі. З 1849 року ён распачаў супрацоўніцтва зь віленскай друкарняй Завадзкіх(lt). У іхнім выдавецтве выйшлі яшчэ 18 нумароў часопісу. Аднак нерэгулярнасьць яго выхаду спрычынілася да далейшага зьмяншэньня колькасьці падпісчыкаў — у 1851 року былі прададзеныя толькі 122 асобнікі. У гэтым самым року выйшаў апошні нумар «Athenaeum».
Зьмест
рэдагавацьЧасопіс быў па-за канкурэнцыяй сярод тагачасных выданьняў сваёй колькасьцю і якасьцю матэрыялаў. З пачаткам ажыўленых дыскусій на тэму прыгону «Athenaeum» быў шырока вядомы сваёй лібэральнай пазыцыяй.
Заўсёды цікавым у «Athenaeum» быў першы разьдзел — «Гісторыя». Гэта шматлікія дакумэнты XIII—XVIII стагодзьдзяў, навуковыя працы на гістарычную тэму, рэцэнзіі. Сярод аўтараў гэтага разьдзелу быў Юзэф Ярашэвіч. Значную частку займаў літаратурны разьдзел. Творы самога Крашэўскага, Міхала Грабоўскага, Станіслава Рэйтана, Аляксандра Грозы, Казімера Буйніцкага, Генрыка Жавускага, Юзэфа Кажанеўскага, Людвіка Штырмера, Уладзіслава Сыракомлі, Адама Плуга, Яна Баршчэўскага, Плакіда Янкоўскага, Марціна Асорыя, Ігната Ходзькі, Тадэвуша Лады-Заблоцкага ды іншых малявалі айчынныя краявіды і айчынных герояў. У трэцім разьдзеле — «Мастацтва» — зьмяшчаліся артыкулы пра кампазытараў і мастакоў, нататкі з выставаў, а ў разьдзеле «Крытыка» рэцэнзаваліся новавыдадзеныя кнігі, зборнікі, альманахі, перадрукоўваліся з замежных часопісаў агляды эўрапейскіх літаратураў. Часам зьяўляўся аддзел «Філязофія», дзе эклектычна аб’ядноўваліся тлумачэньні Гегеля і кансэрватыўна-пракаталіцкія працы Элеаноры Зяменцкай. Таксама быў разьдзел «Рознае».
Беларускай тэматыцы ў «Athenaeum» месца адводзілася толькі зрэдку — апроч дакумэнтаў на старабеларускай мове, беларуская мова зьявілася на старонках часопісу толькі аднойчы — у артыкуле Рамуальда Зянкевіча «Песьні пінскага люду». Апроч Літвы і літвінскай ідэалёгіі, шырока адлюстроўвалася ў часопісе хіба што Ўкраіна: шматлікія карэспандэнты, як і сам Юзэф Крашэўскі, жылі там. З геаграфічнай Беларусі карэспандэнтаў было вельмі мала.
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Wanda Roszkowska-Sykałowa. Athenaeum // Józef Bachórz, Alina Kowalczykowa. Słownik literatury polskiej XIX wieku. — Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich — Wydaw., 2002. — С. 49. — ISBN 83-04-04616-4.
Літаратура
рэдагаваць- Józef Bachórz, Alina Kowalczykowa. Słownik literatury polskiej XIX wieku. — Zakład Narodowy im. Ossolińskich — Wydaw., 2002. — ISBN 83-04-04616-4
- Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wydział III Ateneum Wileńskie. Czasopismo naukowe, poświęcone badaniom przesłości ziem W. X. Litewskiego. — Wilno: 1923 Т. 1.