Рыфма
Ры́фма (па-старажытнагрэцку: ῥυθμός — суразьмернасьць) — паўтаральная сугучнасьць асобных словаў ці іх частак на адных і тых жа месцах у вершаваных радках. Усталяванасьцю пазыцыі рыфма адрозьніваецца ад іншых відаў гукавых паўтораў, што сустракаюцца ў вершы. Часьцей за ўсё рыфма бывае ў канцы радкоў, таму яе часам не зусім дакладна вызначаюць як сугучнасьць кляўзулаў. Аднак паэзія, апрача найбольш пашыраных канцавых рыфмаў, ведае рыфмы пачатковыя, калі сугучныя словы стаяць у пачатку суседніх радкоў, і ўнутраныя, калі адно з сугучных словаў знаходзіцца ў сярэдзіне, а другое — ў канцы аднаго і таго ж радка. Сустракаюцца вершы, у якіх усе словы або частка словаў аднаго радка рыфмуюцца з усімі словамі або часткай словаў другога радка (пантарыфма). Што да характару сугуччаў, то ў іх вырашальную ролю адыгрывае перш за ўсё супадзеньне націскных галосных, а ўжо затым — пасьлянаціскных і пераднаціскных зычных і галосных гукаў.
Рыфма — не абавязковая прымета верша. Антычная паэзія, напрыклад, рыфмаў ня ведала. Не было яе і ў найбольш даўніх жанрах усходнеславянскага фальклёру (былінах, думах, галашэньнях і г. д.).
Гісторыя ўзьнікненьня рыфмы
рэдагавацьРыфма (у яе цяперашнім разуменьні) узьнікла раней за ўсё ў паэзіі старажытнага Кітая (ІІ тыс. да н. э.), затым — незалежна ад кітайцаў — ёй сталі карыстацца ў даісламскай паэзіі арабаў (V—VI стст.). У IX ст., у пэрыяд замены квантытатыўнага (колькаснага) вершаваньня квалітатыўным (якасным), яна зьявілася ў Эўропе — у лацінамоўнай нямецкай паэзіі, затым шпарка распаўсюдзілася ва ўсёй эўрапейскай вершатворчасьці. Тлумачыцца гэта ня толькі моцным уплывам лацінскай паэзіі (непасрэдным або апасродкаваным), але і тым, што кожная з нацыянальных эўрапейскіх літаратураў, па сутнасьці, самастойна падышла ўжо да авалоданьня рыфмай У аратарскай прозе ўсіх гэтых літаратураў сугучныя словы ўжываліся досыць часта ў заканчэньнях асобных частак рытарычных пэрыядаў, што прыводзіла да зьяўленьня рыфмаванай прозы. У паэзіі слоўная сугучнасьць узьнікала найперш у выніку ўжываньня сынтаксічнага паралелізму, пры якім у сярэдзіне і на канцах суседніх вершарадоў аказваліся тыя самыя часьціны мовы ў аднолькавай граматычнай форме. Усё гэта рыхтавала глебу для ўспрыняцьця рыфмы як нечага арганічнага, вельмі патрэбнага. З часам роля рыфмы робіцца настолькі значнай, што яе нават лічаць сынонімам верша, паэзіі наогул (зразумела, неапраўдана). На фоне верша звычайнага, г. зн. рыфмаванага, пачынае вылучацца белы верш, а на фоне зарыфмаваных радкоў — халастыя радкі.
Рыфма — зьява гукавая, а не графічная. Таму зусім зразумела, што рыфмай лічацца гукавыя супадзеньні тыпу круг — завірух, сад — хат і г. д. У старажытнай беларускай паэзіі (як, дарэчы, і ў іншых даўнеславянскіх) рыфму нярэдка ўтварала супадзеньне апошніх складоў словаў, месца націску ў іх значэньня ня мела (его́ — бли́жнего, рука́ — лу́ка). Пазьней галоўнай прыметай рыфмы становіцца супадзеньне націскных галосных і пасьлянаціскных гукаў. У канцы XIX і асабліва на пачатку XX ст. уся ўсходнеславянская рыфма значна «палявела»: важным стала супадзеньне не пасьлянаціскных, а пераднаціскных гукаў. Пачала шырока ўжывацца недакладная рыфма, пры якой супадаюць толькі асобныя гукі.
Функцыі рыфмы
рэдагавацьРыфма выконвае ў вершаваным творы вельмі важныя функцыі. Як паўтор сугуччаў яна ўваходзіць у сыстэму гукавой арганізацыі вершаванай мовы і мае, такім чынам, фанічнае значэньне. Інструмэнтоўка верша ў многім залежыць ад колькасьці рыфмаў, багацьця гукавых супадзеньняў у словах, частаты разьмяшчэньня рыфмаў у вершы. Рыфма адыгрывае ў вершаваным творы і значную інтанацыйную ролю. У прыватнасьці, яна садзейнічае (асабліва пры сынтаксічным пераносе) узьнікненьню лягічнага націску на слове, што стаіць у рыфме. Дзякуючы рыфме часам ствараецца эфэкт акцэнтна-інтанацыйнай незвычайнасьці (рыфмы ламаныя, рознанаціскныя, або няроўнаскладовыя, састаўныя). Велізарная роля належыць рыфме ў рытмічнай арганізацыі верша. Адна з найгалоўнейшых яе функцый, як заўважыў М. Багдановіч, — «падкрэсьліваць форму мэтра, абводзячы цьвёрдым контурам яго граніцы». Рыфам зьяўляецца своеасаблівым сыгналам аб заканчэньні вершаванага радка — гэтай рытмічнай адзінкі верша, паказвае на месца міжрадковай паўзы. Асабліва важна гэта ў вольным вершы, паколькі рыфма ў ім зьяўляецца фіксатарам канца вершаванага радка. Рыфма ўплывае на рытм верша, бо яна ня проста сугучнасьць асобных словаў, а сугучнасьць, зьвязаная з моўным націскам. Менавіта таму рыфмы мужчынскія і жаночыя, дактылічныя і гіпэрдактылічныя, рознанаціскныя (няроўнаскладовыя) і састаўныя, ужытыя ў розных камбінацыях, надаюць творам, апрача ўсяго іншага, і своеасаблівы рытмічны малюнак.
Рыфма выконвае таксама і кампазыцыйную функцыю. Яна ня толькі разьдзяляе вершаваныя радкі, але і спалучае іх у страфічныя комплексы, аддзяляючы іх затым адзін ад другога, што ўплывае на архітэктоніку твора. Унутраная рыфма ў адрозьненьне ад канцавой зьвязвае не радкі, а паўрадкоўі, аднак адыгрывае тую ж рытмічную і кампазыцыйную ролю. Дзякуючы свайму месцу ў вершарадзе (канец радка, перад міжрадковай паўзай) рыфма падкрэсьлівае, інтанацыйна вылучае пэўныя словы-паняцьці. Апрача таго, яна асацыятыўна зьвязвае асобныя словы, падкрэсьліваючы іх сэмантычную блізкасьць або, наадварот, аддаленасьць. На гэтай уласьцівасьці рыфмаў засноўваюцца, у прыватнасьці, г. зв. тэматычныя рыфмы, якія дапамагаюць падкрэсьліць найбольш важныя для ўсяго твора паняцьці. Пра сэнсавае, або лексычнае, значэньне рыфмы паэты ведаюць здаўна і выкарыстоўваюць гэта ў сваёй творчай практыцы.
Таксама рыфма мае мнеманічнае значэньне — садзейнічае хутчэйшаму, лепшаму запамінаньню рыфмаваных твораў. Пра гэта сьведчыць тое, што, напрыклад, белы верш або празаічны тэкст вывучыць на памяць значна цяжэй, чым рыфмаваны верш. Усе свае магчымасьці рыфма раскрывае ў творы толькі ў цесным узаемадзеяньні зь іншымі кампанэнтамі мастацкай формы, служачы разам зь імі выяўленьню думак і пачуцьцяў вершатворцы.
Тыпы рыфмаў
рэдагавацьПа месцы націску:
- Гіпэрдактылічныя — націск на чацьвёртым (і далей) ад канца складзе.
- Дактылічныя — націск на трэцім ад канца складзе.
- Жаночыя — націск на перадапошнім складзе.
- Мужчынскія — націск на апошнім складзе.
У залежнасьці ад колькасьці і якасьці гукавых супадзеньняў:
Па характары канцавога гуку:
Адносна дакладнасьці сугуччаў:
- Амаграфічныя.
- Аманімічныя.
- Амафонныя.
- Анаграмныя.
- Апорныя.
- Асанансныя.
- Дакладныя.
- Кансанансныя.
- Ламаныя.
- Недакладныя.
- Рознанаціскныя.
- Усечаныя.
Адносна разьмяшчэньня:
- Канцавыя.
- Пантарыфмы.
- Пачатковыя.
- Унутраныя.
Адносна частотнасьці зьяўленьня ў вершы:
- Рэгулярныя.
- Спарадычныя.
- Мнагакратныя.
Іншыя тыпы:
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4