Багатая рыфма
Бага́тая ры́фма — рыфма з выразным супадзеньнем у ёй многіх гукаў. Багацьце рыфмы — паняцьце адноснае. Па-першае, дакладныя жаночыя рыфмы заўсёды багацейшыя за мужчынскія, а дактылічныя — за жаночыя. Па-другое, на багацьце сугуччаў у словах-рыфмах вельмі ўплывае супадзеньне пераднаціскных зычных гукаў і гукаў, якія стаяць перад націскнымі складамі. Таму як багатыя ўспрымаюцца рыфмы глыбокія (сасну — засну, непрымальна — нармальна, нака́палася — наплакалася). Нарэшце, на багацьце гучаньня рыфмаў уплывае фанічная якасьць гукаў. Звонкія зычныя, адкрытыя, шырокія галосныя надаюць рыфмам гукапіснае багацьце. Багатыя рыфмы ўзбагачаюць інструмэнтоўку верша ў цэлым, надаюць яму гукавую выразнасьць, музычнасьць. Вось прыклад вершаваных радкоў з багатай рыфмай:
- А хоць жа й пайду ў гасьціну—
- Навяжу бліноў хусьціну.
- (Народная песьня)
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |