Склад — мінімальная фанэтыка-фаналягічная адзінка, якая характарызуецца найбольшай акустыка-артыкуляцыйнай зьлітнасьцю сваіх кампанэнтаў, уваходных у ягоны склад гукаў. Склад ня мае сувязі з фармаваньнем і выказваньнем сэнсавых стасункаў, ён зьяўляецца выключна вымаўленчай адзінкай. У складзе групуюцца гукі рознай ступені гучнасьці, найбольш гучныя — складаўтваральныя, астатнія — нескладовыя. Склад, як правіла, складаецца зь ядра складу, часьцей за ўсё галоснага, з дадатковым пачатковым ці канчатковым полем, часьцей за ўсё зычных. Склад зьяўляецца фаналягічнай арганізацыяй, якая займае прамежкавы ўзровень паміж сэгмэнтарнай і несэгмэнтарнай фаналёгіяй, паміж фанэмай і словам. Склады часьцяком лічацца фаналягічнымі «будаўнічымі блёкамі» словаў. Яны могуць уплываць на рытм мовы, ейную прасодыю й паэтычны мэтар.

Складовая пісьменнасьць пачалася на некалькі сотняў гадоў раней за зьяўленьне першых літараў. Раньнія запісы складоў на дошчачках, напісаныя каля 2800 году да н. э., былі знойдзены ля старажытнага шумэрскага гораду Ур. Гэты пераход ад піктаграмаў да складоў быў названы «найважнейшым дасягненьнем у гісторыі пісьменства»[1]. Слова, якое складаецца з аднаго склада называецца аднаскладовым, двух — двухскладовым, трох — троххскладовым, а больш за тры — шматскладовымі, нягледзячы на тое, што гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца, каб апісаць слова з двух складоў і больш.

Структура

рэдагаваць
 
Структура складу

Фанэтычная структура складу характарызуецца фізыялягічнымі заканамернасьцямі вымаўленьня, згодна зь якімі склад мае некалькі элемэнтаў. У розных канцэпцыях складу іх называюць неаднолькава, аднак агульным зьяўляецца падзел на асноўны элемэнт, ці складавытворны, і неасноўны. Асноўны элемэнт часьцей за ўсё называюць вяршыняй або ядром. Неасноўны элемэнт часам называюць пэрыфэрыяй складу.

Фаналягічную структуру складу разглядаюць як пасьлядоўнасьць фанэмаў, якія групуюцца не хаатычна, а падпарадкаваны пэўнай заканамернасьці. Лічыцца, што кожная мова мае свае асаблівасьці спалучальнасьці фанэмаў пры фармаваньні складаў. Такім чынам, склад праяўляе сыстэмныя лінгвістычныя заканамернасьці свайго фармаваньня ў гаворцы. На гэтай падставе склад аналізуюць як асобную фаналягічную адзінку.

Заходнеэўрапейскія фаналягічныя школы апэруюць тэрмінамі прыступ (анг. onset), для абазначэньня неасноўнага элемэнта, і рыма (анг. rhyme), які пазначае аснову складу. У сваю чаргу, прыступ можа падзяляцца на ініцыяль і мэдыяль, то бок пачатковыя зычныя, а рыма — на ядро й коду. Кітайскія, японскія й некаторыя іншыя азіяцкія фаналягічныя школы ў прыступе складу вылучаюць тры чальца: ініцыяль, мэдыяль і фіналь. Такі падзел, у прыватнасьці, зьвязаны зь перадачай вышыні й працягласьці тону, бо ў далёкаўсходніх мовах тон выказвае ня толькі сынтаксычнае, але й лексычнае значэньне.

  1. ^ Geoffrey Blainey, «A Short History of the World», — С. 87.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць