Аманімі́чная ры́фма — рыфма, у якой спалучаюцца словы-амонімы, г. зн. тыя, што гучаць аднолькава, але маюць розны сэнс. Сустракаецца яна нярэдка ў фальклёры:

А ўжо човен вады повен,
З чоўна вада сьвішча.
Ой, там хлопец дзеўку кліча,
Не голасам — сьвішча.

Аманімічныя рыфмы часта выкарыстоўваюць беларускія паэты:

Спытаўся бог у грэшніка: — Чаму шмат піў віна?
У гэтым, — кажа, — не мая віна.
Сам знаеш, з гліны ты мяне стварыў,
І каб мне не рассыпацца — я піў.
(М. Танк)

Часам аманімічная рыфма праходзіць праз увесь верш, ствараючы своеасаблівы мастацкі калярыт, выяўляючы глыбокае веданьне паэтам роднай мовы, дасканалае валоданьне ім паэтычнай тэхнікай. Аднак, як правіла, фармальная зададзенасьць надае такім творам пэўную штучнасьць. Аманімічная рыфма (разам з калямбурнай) арганізавала ўсе радкі «Баляды аб клянах» Р. Барадуліна. Вось першыя дзьве страфы гэтага твора:

Чужынцаў цяжкія боты
Дратуюць зямлю Канады.
Заліў узаралі боты,
Громам грыміць кананада.
Страле быць заўсёды тугою
Саперніцай бліскавіцы!
Усё апавіта тугою.
Арлы пачалі блізка віцца…

Літаратура

рэдагаваць