Летувіская Тарыба
Летувіская Тарыба (лет. Lietuvos Taryba — Летувіская Рада), з 11 ліпеня 1918 году — Летувіская Дзяржаўная Тарыба — прадстаўнічы орган летувіскага народу й краёвай улады ў Летуве ў 1917—1920 гадах.
Абраная на летувіскай канфэрэнцыі (18—23 верасьня 1917, Вільня) у складзе 20 чалавек (старшыня Антанас Сьмятона). Ставіла за мэту адраджэньне ў этнаграфічных межах самастойнай незалежнай Летувіскай дзяржавы, скліканьне ў Вільні Устаноўчага сэйму. 11 сьнежня 1917 году абвясьціла Дэклярацыю аб аднаўленьні незалежнай Летувіскай дзяржавы са сталіцай Вільня ў зьвязе зь Нямеччынай. У ліпені 1918 году прапанову ад Летувіскай Тарыбы стаць каралём Летувы пад імём «Міндаўгаса II» прыняў нямецкі прынц і вайсковец Вільгельм Карл фон Урах, які паходзіў зь Вюртэмбэрскага дому — найбліжэйшых сваякоў Раманавых[1].
16 лютага 1918 году абвясьціла Дэклярацыю незалежнасьці Летувы. 23 сакавіка 1918 году на аснове Дэклярацыі Летувіскай Тарыбы ад 11 сьнежня 1917 году Нямеччына прызнала незалежнасьць Летувы. У кастрычніку 1918 году нямецкія акупацыйныя ўлады перадалі Летувіскай Тарыбе цывільную ўладу на тэрыторыі Обэр-Осту. 2 лістапада 1918 году прынятая часовая канстытуцыя Летувы, 11 лістапада 1918 сфарміраваны першы кабінэт міністраў.
У выніку дамоўленасьці паміж Летувіскай Тарыбай і Віленскай беларускай радай (ВБР), у аснове якой ляжала ідэя стварэньня фэдэратыўнай Беларуска-Летувіскай дзяржавы, 27 лістапада 1918 у склад Летувіскай Тарыбы былі кааптаваныя 6 прадстаўнікоў ВБР (В. Ластоўскі, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, Д. Сямашка, У. Талочка, К. Фалькевіч) і ўтворанае міністэрства беларускіх справаў (міністры: Я. Варонка з 11 лістапада 1918 да 19 чэрвеня 1920, Д. Сямашка з 19 чэрвеня 1920 да 23 лютага 1923 гг.). 4 красавіка 1919 г. Летувіская Тарыба кааптавала прадстаўнікоў Беларускай рады Гарадзеншчыны (выбраная на Беларускім нацыянальным кангрэсе Гарадзенскага краю 1—3 сьнежня 1918, выступала за далучэньне Гарадзеншчыны да Летувы) І. Карчынскага й К. Бялецкага.
Пасьля ўвядзеньня пасады прэзыдэнта Летувы ў красавіку 1919 Летувіская Тарыба страціла свае заканадаўчыя функцыі. Фармальна праіснавала да скліканьня Ўстаноўчага сэйму 15 траўня 1920 году.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 351—352.