Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю
Каардынаты: 39°54′25″ пн. ш. 116°21′30″ у. д. / 39.90694° пн. ш. 116.35833° у. д.
«Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» — найбольшы дзяржаўны банк Кітаю, заснаваны ў студзені 1984 году.
кіт. 中国工商银行 | |
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Лістынг на біржы | Шанхай: 601398 |
Дэвіз | Сумленнасьць вядзе да заможнасьці |
Заснаваная | 1 студзеня 1984 (40 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Народны банк Кітаю |
Уласьнікі | «Цэнтральныя пераводныя ўкладаньні» (35%), Міністэрства фінансаў Кітаю (31%), «Ганконская кампанія разьліку каштоўных папераў» (24%), Фонд сацыяльнага страхаваньня Кітаю (4%)[1] |
Краіна | Кітай |
Разьмяшчэньне | Пэкін |
Адрас | Заходняя гарадзкая акруга, гал.вул. Брамы Адраджэньня, д. 55[2] |
Ключавыя фігуры | Чэнь Сіцын (старшыня), Ляо Лінь (прэзыдэнт)[3] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Прадукцыя | фінансавыя паслугі[d] |
Паслугі | аплатная картка, банкаўскі рахунак, давернае кіраваньне, пазыка, страхаваньне, уклад |
Абарачэньне | 86,088 трлн юаняў (2021 год) |
Апэрацыйны прыбытак | 42,203 трлн юаняў (2021 год) |
Чысты прыбытак | 35,021 трлн юаняў (2021 год)[4] |
Лік супрацоўнікаў | 434 089 (2022 год) |
Матчына кампанія | Дзяржаўная рада Кітаю |
Даччыныя кампаніі | «ПГБК у Турэччыне» |
Аўдытар | «Дэлойт-Туш-Тамацу» (Шанхай) |
На 2022 год «ПГБК» быў найбольшым у сьвеце банкам паводле ўласнага капіталу і прыцягнутых на рахункі сродкаў. Меў па 2 даччыныя падразьдзяленьні ў Ганконгу і Макао. За мяжой працавала 44 падразьдзяленьні ў 40 краінах.
Будова і кіраваньне
рэдагавацьНа 2022 год «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» ўлучаў 16 камітэтаў: 1) абароны спажыўцоў, 2) аўдыту, 3) грамадзкай адказнасьці, 4) кіраваньня рызыкай, 5) кіраваньня сродкамі і абавязкамі, 6) кіраваньня абслугай фінансавых сродкаў, 7) нагляду за транзакцыямі, 8) пакрыцьця, 9) прасоўваньня асабістых паслугаў, 10) прасоўваньня інстытуцыйных паслугаў, 11) прасоўваньня карпаратыўных укладаньняў, 12) прызначэньняў, 13) рызыкі ў ЗША, 14) стратэгіі, 15) улучальнага фінансаваньня і сельскага адраджэньня, 16) фінансавых тэхналёгіяў і лічбавага разьвіцьця[5].
Паводле 52-га артыкула Статуту «ПГБК» 2005 году, у банку мае існаваць камітэт Камуністычнай партыі Кітаю (КПК). Згодна з 53-м артыкулам партыйны камітэт мае забясьпечваць і сачыць за тым, каб банк выконваў палітыку, ўказаньні і рашэньні Цэнтральнага камітэту КПК і Дзяржаўнай рады Кітаю, а таксама распараджэньне найвышэйшых партыйных установаў[6].
Замежныя падразьдзяленьні
рэдагавацьНа 2022 год «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» налічваў 43 замежныя падразьдзяленьні ў 39 краінах:
- 20 у 18 краінах Азіі — Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (2: Абу Дабі і Дубай), Віетнаме, Інданэзіі, Індыі, Казахстане, Камбоджы, Катары, Кувэйце, Лаосе, Малайзіі, М’янме, Пакістане, Паўднёвай Карэі (2: Бусан і Сэул), Сынгапуры, Тайляндзе, Турэччыне, Філіпінах і Японіі;
- 2 у 2-х краінах Акіяніі — Аўстраліі і Новай Зэляндыі;
- 3 у 3-х краінах Паўночнай Амэрыкі — Аргентыне, Бразыліі і Пэру;
- 4 у 4-х краінах Паўночнай Амэрыкі — Брытанскіх Віргінскіх астравах, ЗША (2: Нью-Ёрк), Канадзе і Мэксыцы;
- 15 у 13 краінах Эўропы — Польшчы (Варшава, плошча Трох Крыжоў, д. 18) і Расеі (Масква, Серабраніцкая набярэжная, д. 29), а таксама Ангельшчыне (2: Лёндан), Аўстрыі, Бэльгіі, Гішпаніі, Італіі, Люксэмбургу (2), Нідэрляндах, Нямеччыне, Францыі, Чэхіі і Швайцарыі[7].
Мінуўшчына
рэдагаваць17 верасьня 1983 году Дзяржаўная рада Кітаю ўхваліла Рашэньне «Аб адмысловым выкананьні Народным банкам Кітаю (НБК) функцыяў галоўнага банку», паводле якога пастанавілі «заснаваць «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» («ПГБК») для прамыслова-гандлёвага пазычаньня і ашчаджэньняў, якімі раней займаўся Народны банк Кітаю». У кастрычніку 1983 году НБК зацьвердзіў стварэньне 14 установаў унутры галаўной сядзібы «ПГБК» з 500 супрацоўнікамі. Таксама ў кастрычніку Галоўная ўправа НБК абнародавала Апавяшчэньне «Аб некаторых канкрэтных справах датычна даданьня таблічак «Прамыслова-гандлёвага банку Кітаю», якія разьмясьцілі на аддзяленьнях НБК ва ўсіх раёнах, гарадах і правінцыях Кітаю. Да канца сьнежня 1983 году НБК перадаў «ПГБК» пазыкі на абаротныя сродкі, якія складалі 64,6 % адпаведных пазыкаў у Кітаі. Таксама «ПГБК» дасталіся 86,7 % пазыкаў на асноўныя сродкі ў Кітаі і 87,8 % ашчадных укладаў. Сярод іншага, «ПГБК» перадалі ўклады прадпрыемстваў на 74,558 млрд юаняў. Дзяржаўная рада Кітаю прызначыла 1-м старшынёй «ПГБК» Чжу Цяньшуня, які быў намесьнікам старшыні НБК па пазыках. Намесьнік НБК па ашчаджэньнях і бухгальтарскім уліку Чэнь Лі стаў 1-м прэзыдэнтам «ПГБК». Урэшце, намесьнікамі прэзыдэнта «ПГБК» сталі кіраўнік Ашчаднага бюро НБК Інь Чжыхай, намесьнік кіраўніка Бюро прамыслова-гандлёвых пазыкаў Чжан Сяо і кіраўнік Навукова-тэхналягічнага бюро Цянь Тунву. Для галаўной сядзібы арандавалі 2800 кв.м у 6-павярховым будынку швачнай фабрыкі ў Заходняй гарадзкой акрузе Пэкіну па вуліцы Месяцовага алтара, д. 32. Пасьля 3-месячнага рамонту на 3—6 паверхах разьмясьцілі звыш 200 службоўцаў. 30 сьнежня 1983 году ў памяшканьні Кітайскай акадэміі навук адбыўся Ўстаноўчы сход «ПГБК», на якім выступіў кіраўнік Дзяржаўнага гаспадарчага камітэту Кітаю Чжан Цзіньфу. 1 студзеня 1984 году «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» заснавалі праўна. Па выніках 1984 году банк меў на балянсе пазыкі на 247,022 млрд юаняў і ўклады на 169,616 млрд юаняў. Гадавы прыбытак склаў 5,427 млрд юаняў. Пры канцы 1984 году ў 19 199 установах банку ў Кітаі працавала 366 200 чалавек, а вартасьць нерухомасьці і абсталяваньня складала 2,795 млрд юаняў. Да студзеня 1985 году ўсе аддзяленьні НБК скончылі падзел рахункаў з «ПГБК». У студзені 1986 году на ўзровень гарадзкіх аддзяленьняў перадалі 6 паўнамоцтваў: распараджэньне неразьмеркаваным прыбыткам, вызначэньне спосабу аплаты працы і ўзнагароджаньня, прызначэньне кадраў, зьмяненьне адсоткавай стаўкі, разьмеркаваньне пазыковых сродкаў і кіраваньне занятасьцю[8].
Пры канцы 1993 году па выніках 10-годзьдзя абсяг укладаў вырас ў 4,2 разы да 884,444 млрд юаняў пры сярэднегадавым росьце 20,1 %. Пазычаньне вырасла ў 3,5 разы да 1,112 трлн юаняў. За 10 гадоў чысты прыбытак склаў 111,183 млрд юаняў пры сярэднегадавы памеры 11,118 млрд. На канец 1993 году на «ПГБК» прыпадала 38,1 % укладаў і 42,1 % пазыкаў у Кітаі, што дазволіла банку застацца найбольшым у краіне. Ад заснаваньня лік установаў у Кітаі вырас на 77,1 % да 34 002, а лік супрацоўнікаў — на 51,5 % да 554 900. Вартасьць асноўных сродкаў у выглядзе будынкаў, самаходаў і электроннага абсталяваньня павялічылася ў 7,1 разы да 19,864 млрд юаняў. У 1998 годзе «ПГБК» і «Банк Усходняй Азіі» (Ганконг) выкупілі азіяцкае падразьдзяленьне «Нацыянальнага Ўэстмінстэрскага банку» (Ангельшчына), якое пераўтварылі ў «Прамыслова-гандлёвы фінансавы холдынг Усходняй Азіі» з улікам на Брытанскіх Віргінскіх астравах. У 1999—2000 гадох урад Кітаю перадаў «Кіраваньню сродкамі кітайскага Хуарона» ад «ПГБК» пратэрмінаваныя пазыкі і пераведзеныя ў капітал даўгі на 407,7 млрд юаняў. У выніку ў 2000 годзе «ПГБК» атрымаў апэрацыйны прыбытак упершыню за 6 гадоў і працягнуў яго нарошчваць у наступныя гады. 21 жніўня 2001 году «ПГБК» набыў «Саюзны банк Ганконгу», які перайменавалі ў «ПГБК для Азіі». З 1999-га да канца 2004 году доля пратэрмінаваных перад «ПГБК» пазыкаў скарацілася з 47,6 % да 19 %, а доля такіх нарастальных пазыкаў апусьцілася ніжэй за 1,6 %. За 1999—2004 гады «ПГБК» атрымаў апэрацыйны прыбытак на 227,7 млрд юаняў пры сярэднегадавым узроўні ў 45,5 млрд. Пагатоў, у 2004 годзе апэрацыйны прыбытак дасягнуў 74,6 млрд юаняў. Пры канцы 2004 году на «ПГБК» прыпадала 19,91 % укладаў у юанях у Кітаі і 19,46 % пазыкаў. Таксама «ПГБК» меў 18,15 % абавязкаў і 17,95 % сродкаў банкаўскай галіны Кітаю. У 2004 годзе банк апрацаваў разьлікі замежнага гандлю на 177,53 млрд даляраў ЗШАЮ што складала 21,24 % ад такіх разьлікаў, апрацаваных дзяржаўнымі банкамі Кітаю. У 2004 годзе выпусьцілі 111 млн аплатных картак, што складала 14,49 % выпуску такіх картак у Кітаі. Таксама на «ПГБК» прыпала 10,57 % разьлікаў такімі карткамі. Пры канцы 2004 году ва ўкладах на такіх картках было 294,223 млрд юаняў, што складала 19,23 % адпаведных сродкаў у Кітаі[8].
18 красавіка 2005 году ўрад Кітаю ўхваліў пераўтварэньне банка ў акцыйнае таварыства. 21 красавіка дзяржаўнае ТАА «Цэнтральныя пераводныя ўкладаньні» ўклала 15 млрд даляраў (124 млрд юаняў) у капітал «ПГБК». У выніку асноўны капітал банка падвоіўся да 248 млрд юаняў, дзе палову захавала Міністэрства фінансаў Кітаю. Каэфіцыент дастатковасьці асноўнага капіталу дасягнуў 6 %. У жніўні 2004 году выпусьцілі падпарадкаваныя аблігацыі на 35 млрд юаняў. Адначасна банк перадаў ведамствам ураду безнадзейныя пазыкі на 459 млрд юаняў і стратныя сродкі на 246 млрд юаняў. 25 кастрычніка 2005 году Агульны сход «Прамыслова-гандлёвага банка Кітаю» ўхваліў статут таварыства з абмежаванай адказнасьцю і абраў Раду дырэктараў і Раду наглядальнікаў. Старшынёй банку стаў Цзян Цзяньцын, яго прэзыдэнтам — Ян Кайшэн, старшынёй Наглядальнай рады — Ван Вэйцян. 28 кастрычніка 2005 году Камісія рэгуляваньня банкаўскай дзейнасьці Кітаю ўхваліла пераўтварэньне «Прамыслова-гандлёвага банка Кітаю» пераўтварылі ў ТАА. 27 студзеньня 2006 году «ПГБК» і інвэстыцыйная група «Голдман-Сакс» (ЗША), якая ўлучала «Амэрыкан Экспрэс» і нямецкі страхавы холдынг «Альянц» (зямля Баварыя), заключылі ў Пэкіне Пагадненьне аб стратэгічных укладаньнях і супрацы. Пагадненьне прадугледжвала ўкладаньне ў «ПГБК» 3,78 млрд даляраў. 19 чэрвеня 2006 году такое Пагадненьне заключылі з Фондам сацыяльнай абароны Кітаю. У верасьні 2006 году зрабілі абвестку пра будучы выпуск паёў. Пры канцы верасьня пачалі выязныя прадстаўленьні банку ў Кітаі высілкамі 3-х выязных групаў кіраўніцтва банку. Да 15 кастрычніка за 9 дзён правялі банк прадставілі за мяжой у 18 гарадах Азіі, ЗША і Эўропы. 16 кастрычніка пачалася падпіска на паі ў Кітаі, падчас якой анлайн сабралі 650 млн юаняў пад разьмяшчэньне паёў на Шанхайскай фондавай біржы. Падпіска на Ганконскай фондавай біржы склала амаль 425 млрд ганконскіх даляраў (каля 54,6 млрд даляраў ЗША), што было найбольшай падпіскай на першаснае разьмяшчэньне паёў у Ганконгу. 18 кастрычніка адбылося выязное анлайн-прадстаўленьне банку ў Пэкіне, Амстэрдаме (Нідэрлянды) і Лос-Анджэлесе (ЗША). 27 кастрычніка 2006 году паі «ПГБК» разьмясьцілі на Шанхайскай і Ганконскай фондавых біржах. Па выніках першаснага адкрытага разьмяшчэньня вартасьць паёў «ПГБК» дасягнула 141,9 млрд даляраў ЗША, што было 5-й паводле велічыні ў сьвеце капіталізацыяй прадпрыемства[8].
21 чэрвеня 2005 году «ПГБК» і банк «Швайцарск крэдыт» (Цюрых) заснавалі ў Ганконгу «Кампанію кіраваньня сродкамі ПГБК і Швайцарскага крэдыту». 26 лістапада 2007 году «ПГБК» стварыў «Прадпрыемства фінансавага лізінгу ПГБК». 12 верасьня 2008 году «Міжнароднае фінансавае прадпрыемства ПГБК» у Ганконгу, дзе ў траўні 2002 году «ПГБК» павялічыў долю з 49 да 51 %, пераўтварылі ў «Міжнародны холдынг ПГБК». 19 ліпеня 2012 году ў Шанхаі сумесна з францускім страхаўніком «Акса» стварылі «Прадпрыемства страхаваньня жыцьця ПГБК-Акса» са статутным капіталам 12,505 млрд юаняў. У 2013 годзе «Прамыслова-гандлёвага банка Кітаю» стаў найбольшым у сьвеце банкам паводле ўласнага капіталу. Да канца 2014 году «ПГБК» заснаваў 338 установаў у 41 краіне і пашырыў свае паслугі на 20 краінаў Афрыкі праз набыцьцё долі ў «Стандартным банку» (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). Таксама стварылі карэспандэнцкія рахункі ў дачыненьнях з 1809 замежнымі банкамі ў 147 краінах[8].
За 2021 год «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю» павялічыў лік абслугоўваных прадпрыемстваў на 1,048 млн (12 %) да звыш 9,691 млн, а фізычных асобаў на 23,41 млн (3,4 %) да 704 млн. Сродкі банку вырасьлі да 35,171 трлн юаняў, з іх кліентам належала 26,441 трлн юаняў (75 %), зь якіх ім пазычылі 20,667 трлн (59 %). На канец 2021 году «ПГБК» меў 24 145 банкаматаў і 15 767 аддзяленьняў. Уласныя сродкі банку складалі 3,241 трлн юаняў. На электронныя паслугі прыпала 25,987 трлн юаняў, аказаньне якіх вырасла на 2,168 трлн юаняў (9 %). Такія паслугі аказвалі 35 000 супрацоўнікаў «ПГБК» якія складалі 8,1 % ад агульнага ліку працаўнікоў банку. Рынкавая вартасьць паёў банку склала 245,4 млрд даляраў ЗША. Сярод агульнага ліку 434 089 супрацоўнікаў 94 % (410 766) працавала ў Кітаі, а 4 % (15 856) — за мяжой. Яшчэ 2 % (7 467) былі супрацоўнікамі даччыных прадпрыместваў у Кітаі[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Будова акцыйнага капіталу (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ Зьвяжыцеся з намі (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ Рада дырэктараў (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ а б Справаздача за 2021 год (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 27 красавіка 2022 г. Архіўная копія ад 27 красавіка 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ Будова прадпрыемства (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ Статут (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 27 верасьня 2017 г. Архіўная копія ад 27 верасьня 2017 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ Вэб-бачыны замежных падразьдзяленьняў (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 27 верасьня 2017 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
- ^ а б в г Гісторыя «ПГБК» (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны (кіт.) // ТАА «Прамыслова-гандлёвы банк Кітаю», 30 жніўня 2022 г. Архіўная копія ад 30 жніўня 2022 г. Праверана 24 лістапада 2022 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |