Маршы недармаедаў — шэраг мітынгаў і акцыяў, якія адбываюцца ў Беларусі зь лютага 2017 году. Пратэсты выкліканыя Дэкрэтам № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» і эканамічнай палітыкі ўладаў. Пачаліся 17 лютага 2017 году з «Маршу абураных беларусаў» у Менску, а потым перакінуліся на іншыя буйныя гарады краіны — Бабруйск, Баранавічы, Берасьце, Віцебск, Гомель, Горадня, Магілёў. Удзельнікі акцыяў пратэсту патрабуюць адмены Дэкрэту № 3 і адстаўкі прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які быў ініцыятарам г. зв. «падатку на дармаедзтва».

Перадумовы

рэдагаваць

2 красавіка 2015 году прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка выдаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», які ўстанавіў абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія ўвесь час пражываюць у краіне, і асобаў без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў ці ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплаціць збор у памеры 20 базавых велічынь[1].

Падатковыя органы накіравалі каля 470 тысячаў позваў на выплату падатку на дармаедзтва[2]. 20 лютага 2017 году скончыўся апошні тэрмін выплаты збору. Збор выплацілі толькі каля 54 тыс. грамадзян (прыкладна 11,5%). Пэўная колькасьць грамадзян зьвярнулася ў мясцовыя ворганы ўлады з заявамі аб вызваленьні ад выплаты збору[3]. Для тых, што не выплаціў збор, або выплаціў яго несвоечасова прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць. У гэтым выпадку будзе складзены пратакол, які накіруюць на разгляд у суд, які прыме пастанову або аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь, або аб адміністрацыйным арышце. У выпадку адміністрацыйнага арышту грамадзянін у абавязковым парадку будзе прыцягнуты да грамадзка-карысных прац, пасьля адпрацоўкі якіх сума збору лічыцца выплачанай. Адміністрацыйны арышт можа быць накладзены на тэрмін да 15 сутак[3].

Храналёгія

рэдагаваць

17 лютага

рэдагаваць
 
Менск, Кастрычніцкая плошча, 17 лютага 2017 г.

Акцыі пачаліся 17 лютага з «Маршу абураных беларусаў», які адбыўся ў Менску. Марш ня быў ўзгоднены з уладамі. Яго зладзіў экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч сумесна з Радай Беларускага нацыянальнага кангрэсу і старшынём незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам[4]. Частка палітычных рухаў (партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», рух «За свабоду») яго праігнаравалі. Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў здагадку, што акцыя стане чарговым «лятучым пікетам», гэта значыць, яна не зьбярэ вялікай колькасьці ўдзельнікаў і ня стане значнай падзеяй у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. Таксама ён дадаў, што мэтазгодна сканцэнтраваць грамадзкую ўвагу і арганізацыйныя высілкі на Дні Волі. Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў патлумачыў няўдзел тым, што, на яго думку, пакуль не вычарпаны мірныя і законныя шляхі адмены Дэкрэта № 3. Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што замест арганізацыі вулічнай акцыі, якая, на яго думку, наўрад ці магла стаць пасьпяховай, сябры арганізацыі сканцэнтраваліся на аказаньні юрыдычнай дапамогі тым, хто трапіў пад дэкрэт, але не выключыў свайго далучэньня, калі на акцыю выйдуць шырокія колы беларусаў[4].

У акцыі ў розныя моманты прынялі ўдзел ад 1 да 3 тысячаў чалавек[5]. Арганізатарамі акцыі сталі апазыцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і іншыя. Марш пачаўся а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. На прыступках Палаца Рэспублікі з прамовамі выступілі арганізатары і некаторыя ўдзельнікі акцыі. Удзельнікі скандавалі «Не — дэкрэту № 3», «Жыве Беларусь!», «Ня бойцеся!». Мікалай Статкевіч заявіў, што Дэкрэт № 3 — «гэта адкрыты зьдзек над грамадзтвам і над кожным з нас», і заклікаў прыняць рэзалюцыю, у якой высоўваюцца патрабаваньні адмяніць Дэкрэт, спыніць зьніжэньне рэальных даходаў насельніцтва, адмяніць павышэньне пэнсійнага ўзросту, вярнуць народу свабодныя і справядлівыя выбары. Удзельнікі мітынгу падтрымалі рэзалюцыю. Пасьля гэтага Марш рушыў па праспэкце Незалежнасьці да будынка Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па вуліцы Савецкай № 9, каля Дому ўрада[6].

Каля Міністэрства па падатках і зборах адбыўся кароткі мітынг, падчас якога на яго прыступках удзельнікі Маршу спалілі ў вядры свае «лісты шчасьця» — позвы з патрабаваньнем аплаціць збор. А 19:12 арганізатары абвесьцілі, што «Марш абураных беларусаў» завершаны. Напрыканцы Мікалай Статкевіч запатрабаваў ад уладаў выкананьня ўсіх патрабаваньняў мітынгоўцаў да 25 сакавіка. Інакш, паводле ягоных словаў, у Дзень Волі людзі зноў зьбяруцца і будуць патрабаваць адстаўкі цяперашняй улады[6].

Пасьля «Маршу абураных беларусаў» невядомыя ў цывільным напалі на актывістаў анархісцкага руху, якія накіроўваліся дамоў. У іх адабралі транспарант, аднак самім актывістам удалося пазьбегнуць затрыманьня[6].

19 лютага

рэдагаваць

У нядзелю, 19 лютага 2017 году мітынг супраць Дэкрэту № 3 адбыўся і ў другім па памеры горадзе Беларусі. Сход пачаўся а 12 гадзіне на плошчы Паўстаньня, ад якой празь дзесяць хвілін вялікая калёна па вуліцы Савецкай рушыла да плошчы Леніна[7]. На чале калёны ішлі прадстаўнікі палітычных і прафсаюзных рухаў[8]. Гучалі палітычныя лёзунгі, лёзунгі супраць падаткаў на «дармаедства». Калёна расьцягнулася на сотні мэтраў, аўтамабілі віталі ўдзельнікаў шэсьця працяглымі гукавымі сыгналамі. Удзельнікі акцыі скандавалі «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі»[7].

Паводле розных падлікаў, на плошчы Леніна знаходзілася ад адной да трох тысячаў чалавек[8]. На мітынг у Гомелі, як і ў Менску, выйшлі людзі розных узростаў і розных сацыяльных статусаў[7]. Мітынг супраць Дэкрэта № 3 стаў самай масавай вулічнай акцыяй пратэсту ў Гомлі з 1990-х гадоў, калі тут праходзілі шматлікія страйкі. Многія ўдзельнікі мітынгу адзначалі, што іх натхніў марш у Менску[8].

Арганізатары акцыі пратэсту ў Гомлі заявілі, што, калі ўрад не адменіць дэкрэт, то на Дзень Волі 25 сакавіка будзе арганізаваная ўсерэспубліканская акцыя пратэсту[7].

У Магілёве гарадзкія ўлады забаранілі правядзеньне «Марша недармаедаў» па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Чыноўнікі аргумэнтавалі тым, што арганізатары ў заяўцы на акцыю пратэсту месцам яе правядзеньня абралі не вызначаную гарвыканкамам пляцоўку для масавых мерапрыемстваў, якая знаходзіцца ўдалечыні ад людных мясьцін гораду. У выніку было вырашана правесьці 19 лютага па той жа вуліцы «Прагулку недармаедаў», у якой узялі ўдзел прынамсі паўтысячы чалавек, у тым ліку старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Выступоўцы гаварылі пра антынародную і антыканстытуцыйную скіраванасьць дэкрэту аб дармаедах, патрабавалі яго адмены і заклікалі аб’яднаноўвацца дзеля абароны сваіх правоў[9].

Пазьней на заяўнікаў «Марша недармаедаў» — каардынатара-актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алега Аксёнава і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава — былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэньня па абвінавачваньні ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця[10].

Іншыя гарады

рэдагаваць

У іншых абласных цэнтрах 19 лютага акцыі не былі падрыхтаваны. Пасьля падзей у Гомелі людзі пачалі стыхійна зьбірацца а 14-й гадзіне ў цэнтрах Берасьця, Горадні і Віцебску.

У Берасьці прыйшло ня больш за сто чалавек. Мерапрыемства працягвалася каля гадзіны. Удзельнікі пратэсту выйшлі на плошчу Леніна каля будынку абласнога выканаўчага камітэту без плякатаў і сьцягоў. Аўтамабілісты ў знак салідарнасьці сыгналілі. Шэсьця не адбылося, пасьля выступу некалькіх удзельнікаў людзі разышліся[11].

У Горадні на акцыю выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Адначасова на Савецкай плошчы актывісты зьбіралі подпісы за скасаваньне Дэкрэту № 3[12]. Пазьней пачаліся пакараньні ў Горадні. Напрыклад, быў пакараны Вадзім Саранчукоў[13].

26 лютага

рэдагаваць

На мітынг у Віцебску людзі сабраліся праз сацыяльныя сеткі, сама акцыя праходзіла досыць стыхійна, малаарганізавана. Удзел у пратэсьце ўзялі людзі розных пакаленьняў і сацыяльных груп[14]. Удзельнікі акцыі прайшлі шэсьцем ад плошчы Перамогі да плошчы Леніна[14].

Удзельнікі мітынгу скандавалі «Жыве Беларусь!». Некалькі невядомых са схаванымі тварамі час ад часу выкрыквалі «Слава Расеі!», не былі падтрыманыя людзьмі[14].

Напрыканцы акцыі пратэсту сябра БХД Тацьцяна Севярынец заклікала правесьці наступнае шэсьце 25 сакавіка, на Дзень Волі[14]. Пасьля заканчэньня акцыі, каля 15:10 Севярынец была затрымана супрацоўнікамі міліцыі[15].

Іншыя гарады

рэдагаваць

У Бабруйску ў акцыі пратэсту на плошчы Леніна ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек[16]. Перад пратэстоўцамі выступіў ураджэнец гораду і адзін з кіраўнікоў БХД Віталь Рымашэўскі[14].

У Баранавічах у акцыі пратэсту на плошчы Леніна ўзялі ўдзел больш за 300 чалавек[17]. Сярод удзельніках пераважалі людзі старэйшага ўзросту, у тым ліку бацькі, чые дзеці ня могуць знайсьці працу[18]. Падтрымаць пратэстоўцаў прыехаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Машыны, якія праяджалі каля плошчы, сыгналілі ў знак падтрымкі.

У Берасьці ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля 300 чалавек. Шэсьце прайшло ад плошчы Леніна да пешаходнай вуліцы Савецкай. Удзельнікі акцыі скандавалі «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі!», таксама папулярным слоганам падчас пратэсту быў «Баста!»[14]. Машыны на вуліцы Леніна сыгналілі ў знак падтрымкі[14].

5 сакавіка

рэдагаваць

Берасьце

рэдагаваць

Напярэдадні, 3 сакавіка 2017 году на выхадзе з пад’езду ўласнага дома была затрымана міліцыяй і зьмешчана ў псыхіятрычную лячэбніцу Натальля Папкова, актывістка «Маладой Беларусі» і адна з арганізатараў вулічных акцый пратэсту ў горадзе. Паводле словаў самой затрыманай, ёй не патлумачылі прычыну затрыманьня, а таксама куды яе вязуць, па прыбыцьці ж у лякарню проста трымалі там безь якога-небудзь лячэньня[19].

Раніцай 5 сакавіка пад Івацэвічамі затрымалі машыну, у якой на акцыю пратэсту ехалі лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і БХД Віталь Рымашэўскі, а таксама актывісты Мікалай Казлоў (АГП) і Вольга Кавалькова (БХД). Іхнюю машыну забралі, Лябедзьку і Рымашэўскага прывезьлі ў Бярозаўскую РУУС[20].

Затое падтрымаць пратэстоўцаў у Берасьце прыехаў блогер Максім Філіповіч, адзін з актывістаў пратэстнага руху ў Гомелі[20].

Акцыя пратэсту пачалася а 12-й гадзіне на плошчы Леніна. Пратэстоўцы з плошчы рушылі да будынку берасьцейскага гарвыканкаму, які знаходзіцца побач. Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук запрасіў людзей на гутарку ў актавую залу гарвыканкама, на што пагадзілася толькі невялікая колькасьць пратэстоўцаў[20]. Большасьць пратэстоўцаў засталася на вуліцы, скандуючы «На вуліцу!»[20].

Да мітынгу далучыліся анархісты з транспарантам «Чыноўнік — галоўны дармаед» (па-расейску: Чиновник главный тунеядец) і чорнымі сьцягамі. З-за адсутнасьці лідэраў анархісты ўзначалілі пратэсты[20]. Удзельнікі акцыі пратэсту скандавалі «Жыве Беларусь!», «Баста!», «Не дэкрэту нумар тры! Лукашэнка, ухадзі», а таксама «Нет зарплаты, есть налог — депутату в кошелёк!» і «Настоящий дармоед — тот, кто выдумал декрет»[20]. Анархісты павялі шэсьце праз цэнтар гораду, па вуліцах Пушкінскай і Савецкай. Па дарозе шэсьце разраслося да некалькіх тысячаў чалавек. Людзі з ганкаў крамаў падтрымлівалі дэманстрантаў аплядысмэнтамі[20].

Шэсьце завяршылася каля ЦУМу на праспэкце Машэрава[20]. Напрыканцы актывісты заклікалі людзей 11 сакавіка падтрымаць аналягічны пратэст у Пінску[20].

Увечары 5 сакавіка міліцыя затрымала чатырох анархістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту. Судовы працэс над імі прайшоў увечары 6 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасьця. Усе абвінавачаныя былі прызнаны вінаватымі ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах, трое былі асуджаныя на 5 сутак арышту, адзін — на 4 сутак[21].

10 сакавіка

рэдагаваць
Маладэчна
рэдагаваць

10 сакавіка ў Маладэчне адбылася акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3 аб «дармаедах». У мітынгу на Цэнтральнай плошчы і шэсьці да будынку падатковай інспэкцыі прынялі ўдзел да 1000 чалавек. Міліцыя не перашкаджала праводзіць марш, аднак пасьля яго былі жорстка затрыманыя людзьмі ў цывільным лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, а таксама Сяргей Каралевіч, журналіст БелаПАН[22]. Увечары апазыцыйных лідэраў асудзілі да 15 сутак арышту, таму яны ня могуць прыняць удзел у акцыі пратэсу на Дзень Волі 25 сакавіка[23].

11 сакавіка

рэдагаваць

У Пінску каля 350 чалавек сабралася 11 сакавіка плошчу Леніна. З-за таго, што лідэры апазыцыі былі затрыманы напярэдадні ў Маладэчна, весьці акцыю спрабаваў гомельскі блогер Максім Філіповіч. Яго спрабавалі запхнуць у аўтазак людзі ў цывільным, але пратэстуючы адбілі Максіма. Людзі наракалі на дэкрэт, на малыя заробкі і адсутнасьць працы[24].

12 сакавіка

рэдагаваць
Бабруйск
рэдагаваць

Мітынг распачаўся а 12 гадзіне на плошчы Перамогі. У ім удзельнічала да 1000 чалавек. Акцыя прайшла зь вялікай колькасьцю плякатаў са сьлёганамі: «Бабры не рабы», «Праз дэкрэты і налогі хутка ўсе працягнем ногі», «Нет декрету № 3! Лукашенко, уходи!», «Заплаці падаткі і сьпі галодным», «Дэкрэту — не, працы — так», «Разам — мы сіла»[25]. Мясцовыя лідэры былі затрыманвя міліцыяй напярэдадні мерапрыемства[26].

Да пачатку акцыі ў Воршы з раніцы пачаліся ператрусы аршанскіх актывістаў. Былі праведзены вобшукі журналіста, намесьніка старшыні АМГА «Зьвяз» Арцёма Сізінцава па падазрэньні ў фальшываманецтве і сацыял-дэмакрата Канстанціна Анташкевіча[27]. Быў затрыманы актывіст кампаніі «Гавары праўду» Ігар Грышанаў, а таксама некаторыя журналісты зь Менску і Віцебску на чыгуначным вакзале[28]. Міліцыя дзяжурыла каля дамоў старшыні гарадзкой арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Валянціны Ігнаценкі і сябры Партыі БНФ Віталя Паўлава[27], у выніку чаго яны не змаглі патрапіць на акцыю. У кватэры іншага актывіста, Ігара Казьмерчака, з самай раніцы сядзеў міліцыянт[27]. У актывістаў міліцыя таксама забрала гукаўзмацняльную тэхніку[28].

«Марш недармаедаў» пачаўся а 13 гадзіне на Цэнтральнай плошчы, дзе сабралася каля 700 чалавек. Перад пратэстантамі выступілі Павал Севярынец, праваабаронца і чалец РГПА «БХК» Васіль Берасьнеў, а таксама колішні лідэр рабочага руху Віктар Андрэеў, які прапанаваў прыняць рэзалюцыю з патрабаваньнем адмены Дэкрэта № 3 і занесьці яе ў райвыканкам[28]. Пратэстоўцы шэсьцем прайшлі па вуліцы Міру да вуліцы Астроўскага, на якой разьмешчаны будынак Аршанскага райвыканкама. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў намесьнік старшыні Аршанскага райвыканкама Алег Сьмірноўскі[28], які заявіў, што акцыя незаконная, але запрасіў прадстаўнікоў пратэсту ў залю. Пратэстоўцы адмовіліся ад прапановы і перадалі чыноўніку рэзалюцыю. Выступоўцы абмяркоўвалі неабходнасьць адмены кантрактаў, скасаваньне падвышэньня пэнсійнага ўзросту, беспрацоўе, нізкія заробкі[28]. Нпрыканцы акцыі Севярынец заклікаў аршанцаў далучацца да акцый пратэсту 15 і 25 сакавіка ў Менску: «Вырашацца ўсё будзе ў сталіцы. 15 і 25 сакавіка мы павінны праявіць салідарнасць»[29].

Пасьля акцыі былі затрыманы сустаршыня БХД Павел Севярынец і кіроўца аўто, які яго вез, а таксама журналістка Радыё Свабода Галіна Абакунчык, фатограф БелаПАН Андрэй Шаўлюга і блогерка Анастасія Пілюгіна[29].

Каля 400 жыхароў Рагачову сабраліся 12 сакавіка на галоўнай плошчы гораду каля райвыканкаму, каб выказаць свой пратэст супраць дэкрэту №3. Аднак у адсутнасьць лідэраў людзі проста выгаворваліся на камэры журналістаў і размаўлялі між сабой. Затрыманьняў не было[30].

Берасьце
рэдагаваць

Каля 12:30 у Берасьці на плошчы Леніна на акцыю супраць Дэкрэта №3 стыхійна сабраліся каля 60 чалавек. Акцыя не была загадзя анансаваная, але перад яе пачаткам у горадзе былі затрыманы актывіст Партыі БНФ з Кобрына Алесь Мех і блогэр Сяргей Пятрухін, якія плянавалі ўзяць у ёй удзел. Пасьля пратэстоўцы прайшлі па вуліцы Савецкай, заклікаючы на акцыі пратэсту 25 сакавіка ў Менску і 26 сакавіка ў Берасьці[31].

Паміж акцыямі

рэдагаваць

Пасьля масавых затрыманьняў журналістаў апазыцыйны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Алена Анісім накіравала звароты на адрасу Міністра інфармацыі Ліліі Ананіч і Старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы, у якіх падтрымала затрыманых, адзначыўшы, што журналісты дзейнічалі ў адпаведнасьці са сваімі прафэсійнымі абавязкамі і інфармавалі грамадзкасьць краіны і органы ўлады пра сытуацыю ў розных гарадах. Таксама ў зваротах гаварылася, што за затрыманьнямі могуць стаяць людзі, якія ня хочуць дзейнічаць на карысьць дзяржавы, а перасьледуюць іншыя інтарэсы. Напрыканцы яна зьвярнулася да Ананіч з просьбай прыняць адпаведныя меры для абароны пацярпелых журналістаў і зрабіць усё неабходнае, каб не дапусьціць падобнага ў далейшым, а да Сукалы з просьбай даць адказ, на падставе якіх заканадаўчых актаў гэтыя журналісты былі асуджаныя[32].

13 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля па абвінавачваньні ва ўдзеле ў акцыі пратэсту супраць Дэкрэта № 3, які адбыўся ў Гомелі 19 лютага, завочна былі асуджаныя Віктар Рубцоў і відэаблёгер Максім Філіповіч. Рубцоў атрымаў 14 сутак адміністрацыйнага арышту, Філіповіч — 13 сутак. Увечары таго ж дня каля 21.00 Філіповіча затрымалі ў вёсцы Каранёўка Гомельскага раёна. Да гэтага ён празь відэасувязь паведаміў, што каля яго хаты дзяжураць «ціхары». У затрыманьні ўдзельнічалі супрацоўнікі АМАПу[33].

15 сакавіка

рэдагаваць

Арганізатарамі акцыі супраць падатку на «дармаедзтва» 15 сакавіка выступіла правацэнтрысцкая кааліцыя апазыцыі — Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», рух «За Свабоду», аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Партыі працоўных, «Надзея», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзянская кампанія «Наш дом»[34]. Ад удзелу ў ёй адмовіўся Мікалай Статкевіч, які ўзяў на сябе адказнасьць за шэсьце 25 сакавіка, на Дзень Волі[35]. Правядзеньне мітынгу ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор было санкцыянавана Менгарвыканкамам. Акцыя была прымеркавана да Дня Канстытуцыі, адразу дзевяць артыкулаў якой, паводле меркаваньня арганізатараў, парушае Дэкрэт аб дармаедзтве[34].

Напярэдадні мітынгу была выказана ідэя зьмяніць маршрут шэсьця і пайсьці ў цэнтар гораду. Пасьля гэтага міліцыя выклікала арганізатараў на гутарку і прыстрашыла адказаць сілай на несанкцыянаваны пратэст[34].

Перад пачаткам акцыі была перакрыта станцыя мэтро «Акадэмія навук», каля месца збору не спыняліся аўтобусы[35]. Некалькі аўтазакаў знаходзіліся на вуліцы Акадэмічнай, што насупраць месца збору[35].

Акцыя пратэсту пачалася ў 17:30 каля кінатэатру «Кастрычнік». У ёй узялі ўдзел каля 3000 чалавек, у тым ліку Ўладзімер Някляеў, лідэры грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і Тацьцяна Караткевіч, старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч[35]. Лідэры АГП, БХД і «За Свабоду» не змаглі ўзяць удзел, паколькі былі затрыманы пасьля мітынгаў, якія напярэдадні прайшлі ў Маладэчне і Воршы[34]. На мітынгу прысутнічала дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая, якая распавяла, што запрашала і іншых дэпутатаў прыйсьці на мітынг і пагутарыць з народам. На Маршы прысутнічалі і анархісты, які хавалі свае твары пад маскамі. Міліцыя патрабавала ад іх паказаць твар або пакінуць марш, аднак яны засталіся, падтрымліваючы выступоўцаў лёзунгамі і барабанамі[34].

Пратэстоўцы прынялі рэзалюцыю «Марша недармаедаў», у якой адзначаецца, што Дэкрэт №3 не адпавядае Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі, парушае правы чалавека, прадугледжвае сацыяльна несправядлівы збор і прымяненьне прымусовай працы. Таксама яны запатрабавалі адмяніць дэкрэт і вызваліць з-пад адміністрацыйнага арышту ўсіх затрыманых удзельнікаў пратэстаў да 25 сакавіка, прыняць новы эканамічны курс, арыентаваны на стварэньне новых рабочых месцаў, адмяніць кантрактную сыстэму, правесьці сумленныя і свабодныя выбары[34].

А 18 гадзіне пачалося шэсьце ад станцыі мэтро Акадэмія навук па праспэкце Незалежнасці і далей па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор. Наперадзе калёны несьлі вялізны чырвона-зялёны сцяг, таксама было шмат бела-чырвона-белых сьцягоў. У хвасьце несьлі імправізаваную труну беларускай Канстытуцыі[35]. Пратэстоўцы скандавалі «Жыве Беларусь!», «Не дэкрэту №3! Лукашэнка, ухадзі!», «Свабоду! Працу!»[35]. Акцыя была скончана каля 19:15[34].

Увечар пасьля «Маршу» пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў пратэсту. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Менску было арыштавана больш за 50 чалавек[36].

Першая спроба забраць удзельнікаў акцыі (паводле словаў сьведкаў, прадстаўнікоў анархісцкага руху) адбылася яшчэ на плошчы Бангалор, але іх «адбілі» мінакі. Яны зьехалі на тралейбусе, але неўзабаве на праспэкце Машэрава ў сярэдзіну салёну ўварваліся ўсе тыя ж невядомыя — і правялі «зачыстку» з выкарыстаньнем сьлязістага газу. Ад газу пацярпелі і звычайныя пасажыры. Каля дзясятка хлопцаў і дзяўчат павезьлі на бусах без апазнавальных знакаў. Сталічная міліцыя адмовілася даваць якія-небудзь камэнтары па гэтай тэму[37][38].

16 сакавіка прайшлі суды над удзельнікамі «Марша недармаедаў», якія атрымалі ад 12 да 15 сутак арышту. Сьведкамі выступалі супрацоўнікі АМАПу[37].

Заплянаваныя акцыі

рэдагаваць

25 сакавіка — Дзень Волі

рэдагаваць

У сувязі з масавымі пратэстамі ў гарадах Беларусі супраць падатку з «дармаедаў» Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі заклікала да скасаваньня Дэкрэту № 3 і вызваленьня ад займаных пасад чыноўнікаў мясцовых адміністрацыяў, у тым ліку намесьнікаў па ідэалёгіі, якія ня выйшлі да людзей[39].

Рэакцыя ўлады

рэдагаваць

19 лютага ў вячэрняй нядзельнай праграме «Галоўны этэр» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» асудзілі пратэсты. У сюжэце пад назвай «Марш супраць справядлівасьці» былі згаданыя акцыі пратэсту без тлумачэньня акалічнасьцей, як месца, колькасьць удзельнікаў і да т. п., таксама сьцьвярджалася неабходнасьць сплачваць падаткі[40][41]:

  Дзяржава шмат не патрабуе — проста выйсці зь ценю. Усяго 20 базавых за год. І не зь беспрацоўных, як гэта цяпер спрабуюць прадставіць так званыя незалежныя СМІ. А зь вельмі працаздольных, актыўных, пасьпяховых людзей.  

У перадачы таксама прыгадвалі паездкі чыноўнікаў па рэгіёнах, да якіх людзі, якія «разумелі свой грамадзянскі абавязак плаціць падаткі», прыходзілі па тлумачэньні[41].

На іншым дзяржаўным тэлеканале — АНТ — у сюжэце пра Дэкрэт № 3 расказвалася пра тое, што пратэсты выкліканы неразуменьнем сэнсу збору[41]:

  Пагадзіцеся, было б дзіўна, калі б чалавек, які жыве ў адным доме з вамі, раптам адмовіўся плаціць за прыбіраньне пад’езду або вываз сьмецьця. Гэтаксама і ў краіне: ходзіш чыстымі вуліцамі, выклікаеш доктара або адводзіш дзяцей у школу — удзельнічай у фінансаваньні.  

Зьвярталася ўвага на сымболіку пратэсту ў Менску, так узьняты кулак, які зьяўляецца інтэрнацыянальным прывітаньнем, быў зьвязаны ў тэлесюжэце з сымболікай арганізацыі «Отпор!»(uk), якая датычная да падзеяў у Югаславіі, Украіне, Грузіі і арабскіх краінах[41].

28 лютага пратэсты, зьвязаныя з Дэкрэтам аб дармаедзтве, упершыню пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка, які зьяўляецца галоўным ініцыятарам збору[42]:

  Сёньня некаторыя пад выглядам «дармаедства» яшчэ чагосьці спрабуюць гэту лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта ня нашы землі, а нечыя. Таму для нас гэта вельмі актуальна. «Дармаеды» павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёньня выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсьць, зьнішчыць тое, што мы адрадзілі, каб ня даць нам замацавацца. І яны будуць выкарыстоўваць усё.  

6 сакавіка ў вячэрнім этэры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» выйшаў спэцыяльны рэпартаж пад назвай «Званок сябру» (па-расейску: Звонок другу), якога не было ў раскладзе перадачаў. У расьсьледаваньні зноў зьвярнуліся да сымболікі, якая выкарыстоўваецца часткай пратэстоўцаў — у прыватнасьці, да ўзьнятага кулака: «Усюды, дзе білі гэтым кулаком, прыйшла бяда». Адзначалася, што Югаславія, у якой быццам бы ўпершыню і быў выкарыстаны гэты сымбаль падчас барацьбы супраць Слабадана Мілошавіча, больш не існуе. Насамрэч сэрбскі грамадзкі рух «Отпор!»(uk), які грунтаваўся на прынцыпах негвалтоўнага супраціву і выкарыстоўваў у якасьці сымбалю ўзьняты кулак, зьяўвіўся толькі ў 1998 годзе, калі ў складзе Саюзнай Рэспублікі Югаславія заставаліся толькі Сэрбія і Чарнагорыя, пасьля г. зв. Бульдозернай рэвалюцыі ў 2000 годзе, што прывяла да адстаўкі Мілошавіча. Югаславія ў 2003 годзе была пераўтвораная ў Дзяржаўны Саюз Сэрбіі і Чарнагорыі, які праіснаваў да 2006 году, калі з саюзу паводле вынікаў рэферэндуму(ru) выйшла Чарнагорыя. Датычнасьць да Косаўскай вайны і наступнага бамбаваньня Югаславіі сіламі НАТА ў 1999, якую мелі на ўвазе стваральнікі рэпартажу, не падмацаваная будзь-якімі фактамі, у той жа час інтэрвэнцыя НАТА ўзмацніла пазыцыі Мілошавіча, а місія «Адпору» апынулася на грані правалу[43]. На момант выхаду рэпартажу падчас акцый пратэсту супраць «Дэкрэту аб дармаедзтве» ўзьняты кулак выкарыстоўваўся толькі раз — «зуброўцамі» на «Маршы абураных беларусаў», які прайшоў у Менску 17 лютага, у рэгіёнах людзі выходзілі пад бела-чырвона-белымі сьцягамі альбо без сымболікі[44].

Рухавікамі пратэстаў былі названы Мікалай Статкевіч, які стварыў «фэйкавы» Беларускі нацыянальны кангрэс, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка, Радзіна, Вінярскі і Афнагель. У этэры прагучала праслушка тэлефоннай размовы Статкевіча са Зьмітром Бандарэнкам, у якой яны абмяркоўвалі выкарыстаньне сацыяльных сетак, друк налепак, аплату праезду для 160 чалавек. У іншай размове ён гутарыў з украінскім бізнэсоўцам Аляксандрам Сманцарам, які яшчэ ў 2010 годзе падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў быццам бы раіў Статкевічу «заходзіць у Дом ураду і націскаць кнопкі». Пры гэтым пасярод размовы Статкевіч раптоўна перайшоў з расейскай мовы на беларускую[44].

Зьвяртаючы ўвагу на актыўны ўдзел у акцыях анархістаў, якія насамрэч зьяўляліся толькі на двух акцыях пратэсту — у Менску і Берасьці, у рэпартажы паведамілі, што перад 3 ліпеня 2014 году ў Бабруйску быў затрыманы анархіст Сяргей Раманаў, які накіроўваўся ў Менску на сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці са 155 грамамі трацілу ў заплечніку. Аднак раней ні пра якія затрыманьні анархіста Раманава не паведамлялася[44].

Таксама вёўся расповед пра іншых анархістаў, удзельнікаў Эўрамайдану. У рэпартажы паведамілі, што беларусы ўдзельнічалі ў падпале суда ва Ўкраіне. Пасьля — пра тое, што Статкевіч прыйшоў у менскі суд падтрымаць абвінавачаных па «справе графіцістаў». Напрыканцы рэпартажу быў устаўлены той самы запіс з 2010 году, дзе бізнэсовец Сманцар раіць «націскаць кнопкі». Далей цэнтар увагі быў ссунуты з пратэстаў супраць падатку на дармаедзтва на ўнутраныя праблемы Ўкраіны[44].

Замарозка

рэдагаваць

Пасьля таго як пратэсты пачалі шырыцца, 9 сакавіка на нарадзе Лукашэнка абвесьціў аб прыпыненьні на год дзейнасьці Дэкрэту №3. Аднак па словах кіраўніка дзяржавы цалкам адмяняць дэкрэт ня стануць. Лукашэнка канстатаваў агіднае і безадказнае выкананьне дэкрэта з боку адказных чыноўнікаў[45]. Ён даручыў да 1 красавіка вызначыць сьпісы тых, хто павінен уносіць плацяжы на падставе дэкрэта. «Сьпісы павінны быць вывераныя. Прыцягнуць трэба ўсіх — дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, сьпецслужбы — усіх прыцягнуць, але ськласьці гэтыя сьпісы. Для тых, хто ўжо аплаціў ў 2016 годзе падатак, ён пойдзе ў залік 2017 году, калі чалавек не будзе працаваць. Калі ж «дармаед» знойдзе працу, Лукашэнка паабяцаў вярнуць грошы зь бюджэту[46]. У той самы час Лукашэнка прыгразіў арганізатарам пратэстаў і загадаў ў кожным буйным горадзе прызначыць плошчу для мітынгаў, дзе зь людзьмі маглі сустрэцца мясцовыя ўлады[47].

  1. ^ Сергей Балай (2017-01-12) В декрет о тунеядцах внесли изменения. Кого освободили от уплаты налога Праверана 2017-02-19 г.
  2. ^ У Беларусі завяршаецца тэрмін выплаты збору на фінансаваньне дзяржрасходаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 20 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  3. ^ а б Збор на фінансаваньне дзяржрасходаў выплацілі больш за 54 тыс. беларусаў // БелТА, 21 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 21 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  4. ^ а б «Акцыя не зьбярэ вялікай колькасьці ўдзельнікаў» // Радыё «Свабода», 17 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  5. ^ «Марш абураных беларусаў» // Радыё «Свабода», 17 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  6. ^ а б в Арцём Гарбацэвіч, Мікіта Недаверкаў, Сяргей Гудзілін. У Менску некалькі тысяч чалавек выйшлі на Марш абураных беларусаў // Газэта «Наша ніва», 17 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  7. ^ а б в г Тысячы людзей выйшлі ў Гомелі на марш пратэсту // Газэта «Наша ніва», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  8. ^ а б в Антон Трафімовіч. У Гомлі прайшла самая масавая з 1990-х гадоў акцыя пратэсту // Радыё «Свабода», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  9. ^ У Магілёве заклікалі ехаць на пратэст «дармаедаў» у Менск // Радыё «Свабода», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  10. ^ За магілёўскі Марш недармаедаў адкажуць двое апазыцыянэраў // Радыё «Свабода», 28 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  11. ^ У Берасьці супраць «дэкрэту аб дармаедах» пратэставалі каля 100 чалавек // Радыё «Свабода», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  12. ^ У Горадні дзясяткі чалавек пратэстуюць супраць Дэкрэту № 3 // Радыё «Свабода», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  13. ^ Вадзім Саранчукоў — кіраўнік гарадской арганізацыі партыі БНФ у Гродне. Ежы Грыгенча — актывіст партыі АГП. Іх асудзілі 14 сакавіка за акцыю 19 лютага за адмену дэкрэту аб «дармаедах»
  14. ^ а б в г д е ё Тысячы людзей выйшлі на вуліцы ў Віцебску і Бабруйску // Газэта «Наша ніва», 26 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  15. ^ Зьміцер Панкавец. У Віцебску на выхадзе з крамы затрымалі Тацяну Севярынец // Газэта «Наша ніва», 26 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  16. ^ Сотні абураных пратэставалі падчас мітынгу «недармаедаў» у Бабруйску // Радыё «Свабода», 26 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  17. ^ В Барановичах и других городах Беларуси прошли акции протеста против Декрета №3, Intex-press, 26-02-2017
  18. ^ Как это было: Митинг «нетунеядцев» в Барановичах + видео, Intex-press, 26-02-2017
  19. ^ Зьміцер Панкавец. Завадатарку Маршу дармаедаў у Берасьці адпусьцілі з псыхдыспансэра // Газэта «Наша ніва», 6 сакавіка 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  20. ^ а б в г д е ё ж з Некалькі тысяч людзей далучыліся да шэсьця пратэсту ў Берасьці // Газэта «Наша ніва», 5 сакавіка 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  21. ^ Вяртаньне палітычных арыштаў // Газэта «Наша ніва», 6 сакавіка 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  22. ^ «Марш недармаедаў» у Маладэчне: «Не — дэкрэту № 3», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!», «Жыве Беларусь!», Радыё Свабода, 10-03-2017
  23. ^ Віталя Рымашэўскага асудзілі на 15 сутак, Радыё Свабода, 11-03-2017
  24. ^ В Пинске несколько сот человек вышло на митинг против Декрета №3(недаступная спасылка), Intex-press.by, 11-03-2017
  25. ^ «Дэкрэт ні пры чым, Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку», — агляд пратэстаў 12 сакавіка ў Бабруйску, Берасьці, Воршы і Рагачове ФОТА, ВІДЭА, Радыё Свабода, 12-03-2017
  26. ^ Дэманстранты ў Оршы, Бабруйску і Рагачове патрабавалі працы і адстаўкі Лукашэнкі ВІДЭА, ФОТА, Наша Ніва, 12-03-2017
  27. ^ а б в У аршанскіх актывістаў з раніцы пачаліся ператрусы Праверана 2017-03-12 г.
  28. ^ а б в г д Блізу тысячы чалавек на «Маршы недармаедаў» у Воршы. Акцыя пачалася і скончылася затрыманьнямі ФОТА, ВІДЭА Праверана 2017-03-12 г.
  29. ^ а б У Воршы пасьля «Маршу недармаедаў» затрымалі Паўла Севярынца і незалежных журналістаў Праверана 2017-03-12 г.
  30. ^ У Рагачове на плошчу выйшла каля 400 чалавек АНЛАЙН, Наша Ніва, 12-03-2017
  31. ^ У Берасьці сабралася стыхійная акцыя «недармаедаў» Праверана 2017-03-12 г.
  32. ^ Дэпутат Анісім зьвярнулася да Сукалы і Ананіч: Затрымліваць журналістаў могуць толькі ворагі нашай дзяржавы Праверана 2017-03-14 г.
  33. ^ Блогеру-«дармаеду» Максіму Філіповічу спачатку прысудзілі 13 сутак завочна, і толькі потым яго затрымаў АМАП Праверана 2017-03-14 г.
  34. ^ а б в г д е ё В Минске прошел первый разрешенный "Марш нетунеядцев" Праверана 2017-03-16 г.
  35. ^ а б в г д е 3000 чалавек выйшлі на Марш недармаедаў у Мінску, пратэставалі таксама Гродна і Магілёў Праверана 2017-03-16 г.
  36. ^ После "Маршей нетунеядцев" в Минске, Гродно и Могилеве прошли задержания Праверана 2017-03-16 г.
  37. ^ а б Суды над участниками «Маршей нетунеядцев»: задержанные получают от 12 до 15 суток Праверана 2017-03-16 г.
  38. ^ Затрыманьне анархістаў. Менск 15.03.2017 // YouTube, Відэа
  39. ^ Партыя Гайдукевіча заклікала да адстаўкі рэгіянальных чыноўнікаў і адмены Дэкрэту №3 // Газэта «Наша ніва», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  40. ^ БТ асудзіла пратэсты // Газэта «Наша ніва», 19 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  41. ^ а б в г БТ і АНТ пра «Маршы абураных беларусаў» // Радыё «Свабода», 20 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  42. ^ Лукашэнка: гісторыю станаўленьня беларускай дзяржавы трэба праўдзіва адлюстраваць у новых падручніках // БелТА, 28 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 28 лютага 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  43. ^ Синиша Шикман. Идеальная революция — без насилия к переменам. «Неприкосновенный запас» 2004, №1 (33)
  44. ^ а б в г Браніслаў Юрэвіч. Улады бачаць небясьпеку ў анархістах і Статкевічу // Газэта «Наша ніва», 6 сакавіка 2017 г. Праверана 9 сакавіка 2017 г.
  45. ^ Пайшлі на саступкі: дэкрэт №3 прыпынены на год. «Гэта ж не тыя дармаеды, якія сапраўды дармаеды», Наша Ніва, 9-03-2017
  46. ^ Тым, хто ўжо сплаціў падатак на дармаедства, вернуць грошы. Пры якой умове?, Наша Ніва, 9-03-2017
  47. ^ Лукашэнка выступіў з пагрозамі ў адрас арганізатараў пратэстаў, Наша Ніва, 9-03-2017

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць