Аранжавая рэвалюцыя
Ара́нжавая рэвалю́цыя (Майдан, па-ўкраінску: Помаранчева революція) — кампанія агульнанацыяльных пратэстаў, мітынгаў, пікетаў, страйкаў і іншых акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня ва Ўкраіне, арганізаваная і праведзеная прыхільнікамі Віктара Юшчанкі, асноўнага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе-сьнежні 2004 году, пасьля абвяшчэньня Цэнтральнай выбарчай камісіяй папярэдніх вынікаў, згодна якіх перамог яго супраціўнік — Віктар Януковіч. Акцыя пачалася 22 лістапада 2004 году.
У гэты дзень Юшчанка заявіў: «Мы не давяраем падлікам Цэнтральнай выбарчай камісіі. Мы заклікаем нашых прыхільнікаў прыйсьці на майдан Незалежнасці і абараніць сваю перамогу».
На Майдан Незалежнасьці ў Кіеве выйшла да 100—150 тысячаў чалавек. Усе пратэстоўцы мелі з сабой, што-небудзь аранжавае (стужачкі, паветраныя шарыкі, садавіны і г. д.). У Кіеве і многіх іншых гарадах Украіны зьяўляюцца намётавыя мястэчкі.
Да 24 лістапада аранжавыя мітынгі ахапілі заходнюю і цэнтральную Ўкраіну і пачалі перакідаць на ўсход краіны. У Кіеве прыхільнікі Юшчанка блакавалі будынак урада і адміністрацыю прэзыдэнта, у былым музэі Леніна яны разьмясьцілі свой штаб. Аднак у 18:30 па мясцовым часе ЦВК Украіны аб’яўляе Віктара Януковіча пераможцам другога тура прэзыдэнцкіх выбараў. У адказ на гэта апазыцыя стварае «Камітэт нацыянальнага выратаваньня».
25 лістапада Вярхоўны суд забараняе ЦВК афіцыйна публікаваць вынікі другога туру і зьдзяйсьняць любыя дзеяньні, зьвязаныя з выкананьнем абскарджанага пастановы, да 29 лістапада, калі суд мае намер разгледзець скаргу прадстаўнікоў апазыцыі. У адказ на гэта прыхільнікі Януковіча праводзяць мітынгі ў Луганску, Харкаве, Запарожжы і Днепрапятроўску, але мітынгі прыхільнікаў Юшчанкі праходзяць у больш вялікай колькасьці гарадоў. У Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласьцях зьявіліся намётавыя мястэчкі сініх (прыхільнікаў Януковіча).
26 лістапада праходзяць безвыніковыя перамовы паміж Януковічам і Юшчанкам. На наступны дзень Вярхоўная Рада прызнала выбары несапраўднымі. Таксама 26 лістапада ў Кіеве прайшоў сіні мітынг прыхільнікаў Януковіча.
28 лістапада прыхільнікі Януковіча зьбіраюць зьезд у Севераданецку. Зьезд вырашае лічыць пастанову ЦВК пра перамогу Януковіча легітымным і заяўляе, што ў выпадку прыходу да ўлады Віктара Юшчанкі паўднёвыя і ўсходнія вобласьці запатрабуюць шырокай аўтаноміі. На зьезьдзе Януковіч заявіў: «Я веру, што моцных і здаровых людзей нашмат больш, чым тых казлоў, якія нам перашкаджаюць жыць!»
3 сьнежня Вярхоўны суд Украіны прызнаў, што Цэнтрвыбаркам парушыў шэсьць артыкулаў закону аб ЦВК і восем — закону аб выбарах прэзыдэнта.
Асноўнай базай аб’яднанай апазыцыі сталі заходнія і цэнтральныя рэгіёны краіны, у той час як Віктара Януковіча падтрымаў усход і поўдзень Украіны. Грамадзкая думка заходніх краінаў была пераважна на баку ўкраінскай апазыцыі.
Асноўным вынікам рэвалюцыі было прызначэньне судом паўторнага другога туру прэзыдэнцкіх выбараў (не прадугледжанага наўпрост заканадаўствам). У выніку кампрамісу, дасягнутага фракцыямі Вярхоўнай Рады, пасьля прызначэньня паўторнага другога туру выбараў былі прынятыя зьмены да Канстытуцыі, якія атрымалі назву Канстытуцыйная рэформа. Канстытуцыйная рэформа зьменшыла паўнамоцтвы прэзыдэнта, і, такім чынам, зьнізіла ўзровень значнасьці спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў.
Па выніках галасаваньня ў паўторным другім туры выбараў перамогу атрымаў Віктар Юшчанка.
Зьмена кіруючай эліты Ўкраіны, што адбылася ў выніку «Аранжавай рэвалюцыі», і зьвязаная з гэтым радыкальная пераарыентацыя ўнутранага і зьнешнепалітычнага курсу краіны далі падставу шматлікім назіральнікам казаць аб чарзе «каляровых» рэвалюцыяў, якая пачалася са зьмены ўлады ў Сэрбіі і працягнулася ў Грузіі, Украіне ды Кыргыстане, спрабаваць знайсьці аналёгіі паміж імі і вызначыць тыя дзяржавы, у якіх магчымы паўтор «каляровых» рэвалюцыяў. Са свайго боку, улады краінаў, якія называліся як патэнцыйныя аб’екты скарыстаньня «рэвалюцыйнага досьведу», пачалі пэўныя контрзахады для недапушчэньня гэтага (у тым ліку і Беларусь).
Галоўным лёзунгам рэвалюцыі стала выслоўе «Разом нас багато, нас не подолати!» (па-беларуску: Разам нас багата, нас не пераадолець!)