Беларуская хрысьціянская дэмакратыя

(Перанакіравана з «БХД»)
Запыт «БХД» перанакіроўваецца сюды. Глядзіце таксама «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя (1927)».

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя (БХД) — беларуская права-цэнтрысцкая палітычная партыя, заснаваная ў 2009 г. з ініцыятывы Паўла Севярынца, як арганізацыя, якая мае рабіць адмысловы акцэнт на ўвасабленьні хрысьціянскіх прынцыпаў у палітыцы. Заснавальнікі лічаць сучасную БХД пераемніцай аднайменнай арганізацыі, якая існавала ў Заходняй Беларусі ў міжваенны пэрыяд, таму ўжываюць тэрмін «адраджэньне» замест «заснаваньне». Партыі неаднаразова было адмоўлена ў рэгістрацыі, таму дзеля фармальных патрэбаў ужываецца фармулёўка «арганізацыйны камітэт па стварэньні БХД».

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя
Выява лягатыпу
Лідэр партыі Георгі Дзьмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Шэін
Дата заснаваньня ініцыятыва па адраджэньні — з 2004, устаноўчы зьезд — 2009
Штаб-кватэра
Ідэалёгія хрысьціянская дэмакратыя
Дэвіз «Хрысьціянскія прынцыпы, Беларускі патрыятызм»
Афіцыйны сайт bchd.info

БХД знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У 2020 годзе чалец партыі Вольга Кавалькова прымае ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Перадгісторыя

рэдагаваць

Беларускі хрысьціянскі палітычны рух паўстаў у пачатку XX стагодзьдзя ў асяродках беларускіх студэнтаў-тэолягаў і сэмінарыстаў. Намаганьнямі беларускай каталіцкай грамады ў Вільні выдавалася штотыднёвая газэта «Беларус», прыкладна ў 1917 годзе ў Петраградзе прадстаўнікі беларускай дыяспары на чале з ксяндзамі А. Станкевічам і В. Гадлеўскім заснавалі партыю Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць (БХЗ). Прадстаўнікі хрысьціянскіх дэмакратаў уваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнічалі ў Першым Усебеларускім зьездзе ў Менску ў сьнежні 1917 году. У 1918 годзе хрысьціянскія дэмакраты віталі акт абвяшчэньня незалежнай беларускай дзяржавы — БНР[1].

На базе БХЗ 6 лістапада 1927 году ў Вільні была заснаваная партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Ад таго часу партыя вяла актыўную дзейнасьць у Заходняй Беларусі.

З студзеня 1935 году БХД дзейнічала пад назвай «Беларускае народнае аб’яднаньне» (БНА). Партыя выступала за эвалюцыйны шлях разьвіцьця грамадзтва і за парлямэнцкія формы барацьбы. Выступала за аб’яднаньне ўсіх беларускіх земляў у адзіную этнічную дзяржаву.

Пасьля ўзьяднаньня Беларусі ў 1939—1940 гадах многія лідэры і актывісты БХД за сваю дзейнасьць былі рэпрэсаваныя савецкім, а пасьля і нацысцкім рэжымам, у 1940 годзе партыя спыніла сваё існаваньне[2]. У савецкія часы гісторыя БХД замоўчвалася.

Першая спроба адраджэньня БХД была зроблена ў 1991 годзе. Былі распрацаваныя статут і праграма, сфармаваныя кіраўнічыя органы, але рух так і ня стаў актыўным[3].

Сучасная БХД

рэдагаваць

У пачатку 2000-х гадоў з групы былых актывістаў «Маладога Фронту» паўстала ініцыятыва па адраджэньні БХД. Ініцыятыва пазыцыянуе сябе як сіла, што грунтуе сваю дзейнасьць на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і беларускім патрыятызьме[4]. У адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, сучасная БХД пазыцыянуе сябе як міжканфэсійная партыя, арыентаваная таксама на праваслаўных вернікаў і пратэстантаў.

Арганізацыйны камітэт партыі пачаў актыўную працу напрыканцы 2004 году. Так, першая сустрэча Аргкамітэту прайшла ў сьнежні 2004 году ў Менску. У Арганізацыйны камітэт увайшлі як ужо вядомыя ў Беларусі дэмакратычныя палітыкі-хрысьціяне, так і новыя грамадзкія лідэры. Сустаршыні БХД: Георгі Дзьмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Шэін.

Спроба зарэгістраваць СГА «БХД»

рэдагаваць

Увосені 2007 году аргкамітэт Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі паспрабаваў зарэгістраваць Сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне «БХД». 31 кастрычніка таго ж году дакумэнты на рэгістрацыю СГА «БХД» былі перададзены ў Міністэрства юстыцыі. У канцы 2007 году Міністэрства юстыцыі адмовіла БХД у рэгістрацыі на падставе парушэньняў дзейснага заканадаўства ў прадстаўленых на рэгістрацыю дакумэнтах. У прыватнасьці, Міністэрству не спадабалася фраза са Статуту арганізацыі, якая прадугледжвае, што сябрамі СГА «БХД» павінны быць «прыхільнікі хрысьціянскага сьветапогляду»[5].

Устаноўчы зьезд «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі»

рэдагаваць

На пачатку 2009 году Аргкамітэтам па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» было прынятае рашэньне аб неабходнасьці правядзеньня Ўстаноўчага сходу.

Цягам студзеня-лютага па ўсёй краіне адбываліся рэгіянальныя сходы сяброў БХД, дзе вылучаліся дэлегаты на Ўстаноўчы сход. Усяго было вылучана 205 дэлегатаў.

28 лютага ў Менску, у Палацы культуры «МАЗ» адбыўся Ўстаноўчы сход Партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. На зьезьдзе прысутнічалі 204 дэлегаты, а таксама госьці, прадстаўнікі СМІ — агулам больш за 600 чалавек. На зьезьдзе былі прынятыя Праграма і Статут Партыі, абранае кіраўніцтва — Нацыянальная Рада і сустаршыні.[6]

Спроба дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»

рэдагаваць

12 сакавіка 2009 году дакумэнты, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», былі перададзены ў Міністэрства юстыцыі[7].

15 красавіка 2009 году партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі. Мінюст палічыў, што пры правядзеньні ўстаноўчага зьезду партыі 28 лютага былі дапушчаныя парушэньні. Міністэрства таксама паведаміла, што партыя не прадставіла ўсё неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты, у прыватнасьці дакумэнт, які пацьвярджае аплату дзяржмыты за рэгістрацыю. Яшчэ адна прэтэнзія Мінюста тычылася непаданьня поўных зьвестак аб заснавальніках партыі. 17 красавіка рашэньне аб нерэгістрацыі БХД было прыпынена ў сувязі са зваротам у Міністэрства юстыцыі шэрагу заснавальнікаў, атрыманьнем інфармацыі, якая ўплывае на рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі партыі. Пры гэтым Мінюст не назваў тэрміны прыпыненьня рашэньня аб нерэгістрацыі партыі. Спробы заснавальнікаў растлумачыць сытуацыю на сустрэчы 17 красавіка з намесьнікам міністра юстыцыі Ігарам Тушынскім і начальнікам кіраваньня грамадзкіх аб’яднаньняў Алегам Сьліжэўскім не прынесьлі вынікаў.[8] 12 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі партыі.[9]

25 красавіка 2009 году заснавальнікі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) падалі пазоў у Вярхоўны суд адносна рашэньня Міністэрства юстыцыі. Яны патрабавалі зарэгістраваць партыю ва ўсталяваным законам парадку[8].

20 ліпеня ў Вярхоўным судзе пачаліся слуханьні па скарзе «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Слуханьні цягнуліся 2 дні, і 22 ліпеня судзьдзя Вярхоўнага суда Валер Самалюк выказаўся за тое, каб пакінуць рашэньне Мінюсту безь зьмяненьняў[10]. Лідэры БХД адразу назвалі гэтае рашэньне палітычным.[11],[12],[13] Разам з тым, паводле заявы адказнага сакратара партыі Дзяніса Садоўскага, БХД плянуе працягваць сваю дзейнасьць, нягледзячы на адсутнасьць дзяржаўнай рэгістрацыі.[14]

На сходзе Нацыянальнай Рады, які адбыўся 25 ліпеня 2009 году ў Менску, было прынятае рашэньне аб паўторнай спробе рэгістрацыі партыі[15]. Тады ж Беларуская хрысьціянская дэмакратыя вырашыла зьвярнуцца ў пракуратуру, каб тая высьветліла, хто займаўся ўціскам і запалохваньнем сяброў-заснавальнікаў партыі да, падчас і пасьля Ўстаноўчага зьезду. Як адзначаюць кіраўнікі БХД, цягам працэдуры рэгістрацыі партыі той ці іншай форме ціску падвергліся ад 500 да 700 сяброў партыі.[16]

Мэты БХД

рэдагаваць

Сярод асноўных мэтаў партыі — дэмакратычныя зьмены ў Беларусі, прамоцыя хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у беларускім грамадзтве і абарона правоў вернікаў.

Кірункі дзейнасьці

рэдагаваць

Кампанія «За свабоду сумленьня»

рэдагаваць

Мэтай кампаніі быў збор 50 000 подпісаў, неабходных для таго, каб Канстытуцыйны суд разгледзеў дзеючы закон «Аб свабодзе сумленьня» на прадмет адпаведнасьці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Напачатку 2008 году неабходная колькасьць подпісаў была сабраная[17], але Канстытуцыйны суд адмовіўся прыняць іх, спаслаўшыся на няправільную працэдуру звароту ў Суд[18].

Барацьба з акультызмам у СМІ

рэдагаваць

З ініцыятывы аргкамітэту па стварэньні «Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі» напачатку 2008 г. пачалася шырокая грамадзкая кампанія за забарону рэклямы акультных практык у беларускіх СМІ. Цягам кампаніі актывісты зьбіралі подпісы, пісалі лісты ў дзяржаўныя ўстановы, ладзілі інфармацыйныя акцыі.

У выніку 5 жніўня 2008 году Палата прадстаўнікоў прыняла новую рэдакцыю закона «Аб рэкляме», у якой прадугледжаная забарона на рэкляму «працаў, паслугаў (дзейнасьці) гіпнатызэраў, экстрасэнсаў, варажбітак, сьпірытаў, астролягаў, ведзьмакоў, прадракальнікаў, іншых асобаў, якія абвясьцілі, або лічаць сябе здольнымі прадказваць падзеі, узьдзейнічаць на людзей, духоўны сьвет, маёмасьць, навакольнае асяродзьдзе шляхам выкарыстаньня звышнатуральных здольнасьцяў альбо сіл»,[19] паставіўшы такім чынам рэкляму акультызма ў Беларусі па-за Законам.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ https://web.archive.org/web/20071017055838/http://bchd.info/modules.php?name=Pages&page=13
  2. ^ Ці прыжывецца ў Беларусі хрысціянская дэмакратыя?
  3. ^ Ці прыжывецца ў Беларусі хрысьціянская дэмакратыя?
  4. ^ Праграма «Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі»
  5. ^ Об отказе в государственной регистрации Социального общественного объединения «БХД»  (рас.)
  6. ^ Устаноўчы з’езд партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
  7. ^ БХД падала ў мінюст дакуманты на рэгістрацыю  (рас.)
  8. ^ а б БелаПАН, Учредители БХД подали иск в суд в отношении Минюста (рас.)
  9. ^ БелаПАН, Міністэрства юстыцыі адмовіла ў дзяржрэгістрацыі Партыі БХД
  10. ^ Вярхоўны суд адмовіў БХД у рэгістрацыі.
  11. ^ Павал Севярынец: рэжым баіцца альтэрнатывы.
  12. ^ Віталь Рымашэўскі: улады з лёгкасцю прымаюць неправавыя рашэнні
  13. ^ Аляксей Шэін: рашэнне заканамернае але незаконнае
  14. ^ Вярхоўны суд адмовіў БХД у рэгістрацыі
  15. ^ БХД будзе праводзіць новы ўстаноўчы з’езд
  16. ^ БХД звернецца ў пракуратуру з патрабаваньнем разабрацца ў фактах уціску на сяброў партыі
  17. ^ Этого события ждали: собрано 50 000 подписей!(недаступная спасылка)  (рас.)
  18. ^ Конституционный суд отказался рассматривать обращение 50 000 граждан Республики Беларусь  (рас.)
  19. ^ Хрысціяне прагналі магію са СМІ

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць