Лос-Анджэлес

(Перанакіравана з «Лос-Анджалес»)

Лос-Анджэлес (па-ангельску: Los Angeles) — горад у ЗША, на поўдні штату Каліфорнія, на беразе Ціхага акіяна. Насельніцтва 3929 тыс. чал. (сам горад, 2014 год), 12 875 тыс. чал. (уключаючы прыгарады) (2006). Лос-Анджэлес быў заснаваны ў 1781 годзе гішпанскімі асаднікамі. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Мэксыкі ўваходзіў у ейны склад. У 1847 годзе падчас амэрыкана-мэксыканскай вайны горад перайшоў да ЗША. Горад мае мянушкі: Л. А. (L.A.), Горад анёлаў (The City of Angels), Вялікі апэльсін (The Big Orange) ды іншыя. Жыхароў Лос-Анджэлесу называць «Angelenos». Першым эўрапейцам, які ступіў на бераг паблізу Лос-Анджэлесу ў 1542 годзе быў Хуан Радрыгес Кабрыльлё.

Лос-Анджэлес
анг. Los Angeles
Лос-Анджэлес
Герб Лос-Анджэлесу Сьцяг Лос-Анджэлесу
Дата заснаваньня: 4 верасьня 1781
Горад з: 4 красавіка 1850
Краіна: ЗША
Штат: Каліфорнія
Мэр: Карэн Бас[d][1]
Плошча:
Вышыня: 93 м н. у. м.
Насельніцтва: 3 928 864 чал. (2014)
Часавы пас: UTC-8
летні час: UTC-7
Тэлефонны код: 213, 310, 323, 424, 661, 818
Паштовыя індэксы: 90001-90068, 90070-90084, 90086-90089, 90091, 90093-90097, 90099, 90101-90103, 90174, 90185, 90189, 90291-90293, 91040-91043, 91303-91308, 91342-91349, 91352-91353, 91356-91357, 91364-91367, 91401-91499, 91601-91609
Геаграфічныя каардынаты: 34°3′0″ пн. ш. 118°17′0″ з. д. / 34.05° пн. ш. 118.28333° з. д. / 34.05; -118.28333Каардынаты: 34°3′0″ пн. ш. 118°17′0″ з. д. / 34.05° пн. ш. 118.28333° з. д. / 34.05; -118.28333
Лос-Анджэлес на мапе ЗША ±
Лос-Анджэлес
Лос-Анджэлес
Лос-Анджэлес
Лос-Анджэлес
Лос-Анджэлес
Лос-Анджэлес
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://lacity.gov

Лос-Анджэлес ёсьць адным з найбуйнейшых сусьветных культурных, навуковых, эканамічных, адукацыйных цэнтраў[3], а таксама займае важнае месца на рынку забаваў, як то вытворчасьць кіно, музыкі, тэлебачаньня, кампутарных гульняў.

Гісторыя

рэдагаваць

На прыбярэжных тэрыторыях ля сучаснага Лос-Анджэлесу, у XVI стагодзьдзі жылі індзейцы Тонгва й Чумаш. Першыя эўрапейцы, прысталі да берагу ў раёне цяперашняга Лос-Анджэлесу ў 1542 годзе на двух караблях «Сан Сальвадор» і «Ля Вікторыя» (водазьмяшчэньнем па 50 тонаў кожнае), стаў мараплавец Хуан Радрыгес Кабрыльлё. Адплыўшы зь Ля Навідад у Мэксыцы 27 ліпеня 1542 году, Кабрыльлё высадзіўся ў бухце Сан Дыега 28 верасьня. У той час на беразе існавала індзейская вёска Янг-На. Сам першаадкрывальнік памёр 3 студзеня 1543 году й быў пахаваны на востраве Сан-Мігель, названым пасьля ягоным імем «Хуан Радрыгес». Аб сваім плаваньні Кабрыльлё запісаў у часопісе, які прывёз ягоны лоцман, і цяпер ён захоўваецца ў адным з архіваў Сэвільлі ў Гішпаніі)[4].

Толькі праз 227 гадоў тут высадзілася наступная экспэдыцыя ачоленая Гаспарам дэ Партолям, у якой удзельнічаў францысканскі місіянэр Хуан Крэсьпі, які адзначыў у сваіх цыдулках прыдатнасьць мясцовасьці для селішча. У 1771 годзе іншы місіянэр, Хуніпэра Сэра, заснаваў на гэтым месцы місію, названую ў гонар арханёла Гаўрыіла. Да таго часу на тэрыторыі сучаснага Лос-Анджэлесу існавала каля 30 паселішчаў індзейцаў Тонгва, дзе пражывала каля 3 тысячаў чалавек. 4 верасьня 1781 году, па патрабаваньню губэрнатара абедзьвюх Каліфорніяў Фэліпэ дэ Нэвэ, побач зь місіяй групоўкі гішпанскіх каляністаў, якая складалася з 46 чалавек, было заснавана сяло пад назвай Паселішча Паны Марыі, царыцы анёлаў, на рацэ Парсьюнкула (гішп. El Pueblo de Nuestra Señora la Reina de los Ángeles sobre El Río Porciúncula)[5]. Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў новае паселішча заставалася ўсяго толькі маленькім мястэчкам, але да 1820 году яно ператварылася ў найбуйнейшае сьвецкае паселішча ў Каліфорніі: тут жыло 650 чалавек. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Мэксыкі Лос-Анджэлес нядоўга ўваходзіў у ейны склад, але ў выніку паразы Мэксыкі ў амэрыкана-мэксыканскай вайне горад перайшоў у склад ЗША паводле мірнай дамовы 1848 году. Праз два гады пасьля гэтага, у 1850 годзе, Лос-Анджэлес атрымаў афіцыйны статус гораду.

У 1876 годзе кампанія Southern Pacific завяршыла будаўніцтва чыгункі да Лос-Анджэлесу[6]. Цытрусавыя пладаводзтва, асабліва вырошчваньне апэльсынаў, хутка стала асновай мясцовай гаспадаркі. За апошнія сорак гадоў XIX стагодзьдзя насельніцтва вырасла з 2,3 тыс. да 100 тыс. жыхароў. У 1892 годзе ў раёне гораду былі выяўленыя месцы заляганьня нафты й да 1923 году на раён Лос-Анджэлесу прыходзілася чвэрць усёй сусьветнай вытворчасьці вуглевадародаў з нафты[7]. У 1913 годзе Ўільям Малголанд скончыў будаўніцтва акведука, які забясьпечыў вадой хутка пашыраючыся Лос-Анджэлес. З 1920-х гадоў у Лос-Анджэлесе хуткімі тэмпамі сталі разьвівацца авіяцыйная прамысловасьць і адчыняцца кінастудыі. У 1932 годзе горад прыняў X летнія Алімпійскія гульні.

 
Старая плошча Лос-Анджэлесу ў 1869 годзе

Пачатак Другой сусьветнай вайны надаў новы штуршок разьвіцьцю гораду. У гэты пэрыяд у горад перасяляліся шэраг нямецкіх дзеячаў навукі, культуры й мастацтва, якія ўцякалі ад нацыскага рэжыму, сярод іх Ліён Фэйхтвангер, Томас Ман, Фрыц Лянг, Бэртальд Брэхт. У 1942 годзе тысячы жыхароў Лос-Анджэлесу японскага паходжаньня былі выселеныя ў зачыненыя лягеры, якія знаходзіліся за межамі горада. Інтэрнаваньне праводзілася ў адпаведнасьці з урадавым распараджэньнем № 9066, якое падпісаў прэзыдэнт ЗША Франклін Дэлана Рузвэлт[8]. У пасьляваенныя гады горад хутка разьвіваўся й пашыраўся, будаваліся шматлікія транспартныя разьвязкі, хмарачосы. У 1984 годзе ў Лос-Анджэлесе ізноў былі праведзены летнія Алімпійскія гульні, у якіх не ўзялі ўдзел спартоўцы з краінаў сацыялістычнага лягера.

У канцы XX — пачатку XXI стагодзьдзя многія кварталы горада, як то Галівуд, Сільвэр-Лэйк, цэнтральная частка горада, Карэйскі квартал, былі падвергнуты джэнтрыфікацыі[9].

Геаграфія

рэдагаваць
 
Пляж у Санта-Моніцы
 
Пальмы ля пляжу Оўшэн-біч

Горад разьмешчаны ў прыбярэжнай нізіне, прылеглай да затокі Санта-Моніка, і акаймаваны горамі Сан-Габрыель, Санта-Моніка й Санта-Ганна. Паводле дадзеных бюро перапісу насельніцтва ЗША, агульная плошча Лос-Анджэлесу складае 1290,6 км², у тым ліку 1214,9 км² — суша й 75,7 км² — водныя прасторы (5,86%). Максымальная працягласьць гораду з поўначы на поўдзень складае 71 км, з усходу на захад — 47 км, працягласьць гарадзкіх межаў складае 550 км. Гарадзкая тэрыторыя зьяўляецца дзевятай па плошчы ў кантынэнтальнай частцы ЗША, гэта значыць выключаючы Джуна, штат Аляска й Ганалулу, штат Гаваі).

Аглямэрацыя Вялікі Лос-Анджэлес працягваецца амаль на 200 км паміж гарадамі Вэнтура й Сан-Бэрнардына. Найвышэйшы пункт гораду — пік Сёстры Элсі (1548 м)[10]. Самая буйная рака ёсьць рака Лос-Анджэлес, якая бярэ пачатак у даліне Сан-Фэрнанда, яна па большай частцы працякае ў штучным бэтонным рэчышчы, а ў засушлівы час практычна перасыхае.

Багацьце прыродных зонаў у раёне гораду, як то існасьць паблізу пляжаў, дзюнаў, балотаў, гораў, пагоркаў, рэкіаў, стварае ўмовы для існаваньня разнастайнасьці біялягічных супольнасьцяў. Лос-Анджэлес у асноўным атачаюць засушлівыя субтрапічныя рэдкалесьсі з багацьцем яскрава квітнеючых расьлінаў. Разам з тым, надзвычайная урбанізацыя ляндшафту прыводзіць да памяншэньня распаўсюджваньня й зьнікненьня многіх біялягічных відаў з рысаў гораду й ягоных навакольлях. Вуліцы, сады й сквэры Лос-Анджэлесу засаджаны шматлікімі рэдкімі й экзатычнымі дэкаратыўнымі расьлінамі, сярод якіх існуюць розныя віды пальмаў, камеліі й іншых.

Геалёгія

рэдагаваць

Лос-Анджэлес знаходзіцца ў актыўнай сэйсьмічнай зоне з-за сваёй блізкасьці да разлому Сан-Андрэас, і разлому Пунта-Гілс, які праходзіць праз сам горад [11] . Апошнім буйным землятрусам стаў разбуральны землятрус 1994 году, эпіцэнтар якога знаходзіўся ў паўночнай частцы даліны Сан-Фэрнанда. Гэтая праява стыхіі, якая адбылася менш чым праз два гады пасьля масавых пагромаў у Лос-Анджэлесе, стала сапраўдным шокам для жыхароў Каліфорніі, прычыніўшы матэрыяльны страты на многія мільярды даляраў.

Іншыя буйныя землятрусы ў XX стагодзьдзі мелі месца ў гэтым рэгіёне ў 1933, 1971 і 1987 гадох. Як бы тое ні было, большасьць землятрусаў, якія адбываюцца ў раёне горада, адчуваюцца толькі як слабыя штуршкі, невялікія ваганьні рэгіструюцца сэйсмомэтрамі практычна штодня.

Горад разьмешчаны ў зоне субтрапічнага міжземнаморскага клімату, дзякуючы гэтаму рэгіёну характэрна мяккая, даволі вільготная зіма й цёплае, нават сьпякотнае, часьцяком засушлівае лета. Брызы, што дзьмуюць з Ціхага акіяна, робяць клімат у раёнах гораду, прылеглых да берагавой лініі, больш прахалодным летам і больш цёплым зімой, у параўнаньні з такімі «кантынэнтальнымі» раёнамі гораду, як, напрыклад, даліна Сан-Фэрнанда. Дзённая тэмпэратура летам можа перавышаць 32 °C, пры тым што сярэдняя максымальная звычайна трымаецца ў рэгіёне 29 °C; сярэдняя мінімальная начная — звычайна ў раёне 18 °C. Узімку днём сярэдняя максымальная тэмпэратура складае 21 °C, сярэдняя мінімальная начная — каля 8 ° C. Зафіксаваны за час назіраньняў тэмпэратурны максымум складае 48,33 °C (22 ліпеня 2006), мінімальная тэмпэратура назіралася зімой 1989 году: −7,8 °C[12].

Дажджы найбольш характэрныя для зімовых і вясновых месяцаў, люты зьяўляецца самым вільготным месяцам. У сярэднім у Лос-Анджэлесе за год выпадае 355,6 мм ападкаў, сярэдняя колькасьць дзён з ападкамі складе 35. Сьнег у межах гораду выпадае рэдка, у той жа час горы, якія атачаюць Лос-Анджэлес, досыць рэгулярна пакрываюцца сьнегам. Дзякуючы кліматычным умовам, у некаторыя дні ў Лос-Анджэлесе магчыма ў адзін і той жа дзень займацца горналыжным спортам і сэрфінгам[13][14].

  Кліматычныя зьвесткі для Лос-Анджэлесу  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 32,8 33,3 35,0 38,9 41,1 43,0 46,1 46,7 45,3 44,1 38,3 34,4 46,7
Сярэдні максымум t, °C 18,7 18,8 18,6 22,7 25,6 27,2 31,1 30,8 29,8 26,6 21,3 18,8 21,3
Сярэдняя t, °C 13,9 14,4 14,6 16,0 18,3 21,1 26,7 25,5 23,2 21,4 18,4 14,2 17,4
Сярэдні мінімум t, °C 8,8 9,6 10,3 11,6 13,5 15,3 17,1 17,9 17,3 15,1 11,6 8,8 13,1
Абсалютны мінімум t, °C −2,8 1,1 1,7 5,6 7,2 8,9 11,1 12,8 10,6 6,1 3,3 0,6 −2,8
Норма ападкаў, мм 61,0 63,8 50,3 18,3 3,6 0,8 0,3 3,8 7,9 8,6 44,7 42,2 305,3
Крыніца: Надвор'е й клімат, World Weather

Эканоміка

рэдагаваць
 
У бізнэсовым раёне гораду

Лос-Анджэлес ёсьць найбуйнейшы прамысловы й эканамічны цэнтар Захаду ЗША[15]. Асноўнымі прамысловымі галінамі, якія забясьпечваюць эканамічнае разьвіцьцё гораду, ёсьць міжнародны гандаль, тэле- й кінавытворчасьць, ваенная, авіяцыйна-касьмічная, нафтаперапрацоўчая, электратэхнічная, аўтазборачная, прыборабудаўнічая, харчовая прамысловасьці. Актыўна разьвіваюцца біятэхналёгіі. Добра разьвіта нафтаздабыча, а ярод іншых значных галінаў эканомікі: фінансы, тэлекамунікацыі, мэдыцына, транспарт, турызм, а таксама індустрыя забаваў і культуры.

У Лос-Анджэлесе разьмешчаны штаб-кватэры трох кампаніяў, якія ўваходзяць ў сьпіс 500 найбуйнейшых кампаніяў ЗША, як то вайсковая й авіяцыйна-касьмічная Northrop Grumman, нафтавая Occidental Petroleum і будаўнічая кампанія KB Home. Акрамя таго у горадзе разьмяшчаюцца штаб-кватэры такіх вядомых карпарацыяў, як то 20th Century Fox, Guess?, Paramount Pictures, Health Net, 21st Century Insurance і іншыя. Яшчэ большая колькасьць штаб-кватэраў буйных кампаніяў разьмяшчаюцца ў гарадох-спадарожніках, дзе больш нізкія стаўкі падаткаабкладаньня спалучаюцца зь перавагамі блізкасьці мэгаполісу; сярод такіх кампаніяў ёсьць Hilton Hotels у Бэвэрлі-Гілз, The Walt Disney Company і Warner Bros. у Бэрбанку, DreamWorks SKG у Глендэйлу, Sea Launch у Лонг-Біч, Activision у Санта-Моніцы. Цікавы той факт, што нягледзячы на ​​тое, што Лос-Анджэлес лічыцца сталіцай сусьветнага кінематографу, толькі адна з найбуйнейшых студыяў здымае фільмы ў Галівудзе. Асноўныя здымачныя пляцоўкі іншых кампаніяў вынесеныя ў прыгарады Лос-Анджэлесу, як то Бэрбанк, Калвэр і Глендэйл.

Лос-Анджэлес ёсьць месца правядзеньня шэрагу буйных міжнародных выставаў, сярод якіх Electronic Entertainment Expo («E3») і Greater Los Angeles Auto Show. Адным з найбуйнейшых выстававых комплексаў гораду зьяўляецца Los Angeles Convention Center.

Транспарт

рэдагаваць

Аўтамабільны транспарт

рэдагаваць
 
Разьвязка на скрыжаваньні аўтадарог I-10 і I-15

Лос-Анджэлес ёсьць найбольш аўтамабілізаваны горад у сьвеце: у ім зарэгістравана на 1,8 млн аўтамабіляў больш, чым ліцэнзаваных кіроўцаў. Штодня аўтамабілі ў сукупнасьці праязджаюць па вуліцах горада 160 млн кілямэтраў. Лос-Анджэлес валодае адной з самых разьвітых у сьвеце сыстэмаў аўтамагістраляў, многія зь якіх пабудаваны на эстакадах. Перасячэньні магістраляў суправаджаюцца грандыёзнымі шматузроўневымі транспартнымі разьвязкамі. У цэлым горад мае ў асноўным прастакутную пляніроўку, вуліцы выцягнутыя з поўначы на ​​поўдзень і з усходу на захад, шэраг найбольш буйных і вядомых вуліцаў носяць назвы бульвараў.

У сувязі зь недастатковым фінансаваньнем, многія вуліцы Лос-Анджэлесу пакрытыя асфальтам невысокай якасьці, у якім бываюць выбоіны. Але асноўнай праблемай гарадзкога руху зьяўляюцца аўтамабільныя «пробкі»: на 2009 год, Транспартны інстытут Тэхасу назваў Лос-Анджэлес горадам з найбольш загружанымі дарогамі. Галоўным чыньнікам затораў зьяляецца непрыстасаванасьць забудовы да абслугоўваньня грамадзкім транспартам, вялікая колькасьць прыватных аўтамабіляў, адсутнасьць абмежаваньняў на іхняе выкарыстаньне ў межах гораду.

Варта адзначыць, што насуперак распаўсюджанай памылцы, што ў Лос-Анджэлесе нібыта ніхто ня ходзіць пешшу, многія вуліцы цэнтра горада, а таксама лякальных цэнтраў раёнаў Лос-Анджэлесу поўныя хадакоў. У такіх раёнах перамяшчэньне пешшу часьцяком значна хутчэйшае за перамяшчэньне аўтатранспартам з-за аўтамабільных затораў і праблемаў з паркоўкай. Гарадзкая адміністрацыя пры ўзгадненьні праектаў новага будаўніцтва зараз патрабуе абавязковага ўключэньня ў іхнюю інфраструктуру аўтапарковак.

Грамадзкі транспарт

рэдагаваць

Асноўнымі сыстэмамі грамадзкага транспарту ў горадзе служаць аўтобусная сетка, а таксама сетка рэйкавага транспарту, якая ўключае лініі мэтрапалітэна й легкарэйкавага транспарту агульнай працягласьцю каля 120 км. Гэтая структура знаходзіцца пад кіраваньнем дзяржаўнай кампаніі Los Angeles County Metropolitan Transportation Authority (звычайна званай Metro альбо MTA). Рэйкавая сыстэма ўключае «чырвоную» й «пурпуравую» лінію падземкі, «залатую», «сінюю» й «зялёную» лініі надземнай легкарэйкавай сыстэмы, у будаўніцтве знаходзіцца таксама лінія «экспа» легкарэйкавай сыстэмы. Таксама вылучаецца «аранжавая» лінія хуткаснай аўтобуснай сыстэмы. Агульная колькасьць пасажыраў ацэньваецца ў 1,7 млн штодня[16].

Гарады-сябры

рэдагаваць
  1. ^ а б https://mayor.lacity.gov/about-mayor-karen-bass
  2. ^ United States. Bureau of the Census 2016 U.S. Gazetteer Files (анг.)Washington, D.C.: U.S. Census Bureau, 2016.
  3. ^ The World According to GaWC 2008. Globalization and World Cities Study Group and Network, Loughborough University.
  4. ^ In memory of Juan Rodriguez Cabrillo who gave the world California. — Chula vista, California, 1913.
  5. ^ The History of Los Angeles County California. laavenue.com
  6. ^ Mulholland, Catherine, «William Mulholland and the Rise of Los Angeles». Berkeley: University of California Press, 2000): ст. 15.
  7. ^ «The Story of Oil in California». Priweb.org (1921-06-25)
  8. ^ Transcript of Executive Order 9066: Resulting in the Relocation of Japanese (1942)". ourdocuments.gov
  9. ^ David Zahniser. Welcome to Gentrification City. laweekly.com
  10. ^ Mount Lukens, or Sister Elsie Peak (mountain, Los Angeles, California, United States). Britannica Online Encyclopedia
  11. ^ San Andreas Fault Set for the Big One. Physorg.com
  12. ^ Weatherbase: Historical Weather for Los Angeles, California, United States of America. weatherbase.com
  13. ^ We’re Not in Kansas, but We Do Get Twisters — Los Angeles Times. Articles.latimes.com
  14. ^ Burt, Christopher. Extreme Weather: A Guide and Record Book. New York: Norton, 2004: 100.
  15. ^ Los Angeles: Economy. city-data.com
  16. ^ Apta transit ridership report. apta.com

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць