Ангельская мова

заходнегерманская мова
(Перанакіравана з «Анґельская мова»)

Анге́льская мо́ва, таксама анґе́льская мо́ва (саманазва: English, the English language) адносіцца да заходняй падгаліны германскае галіны індаэўрапейскае моўнае радзіны. Упершыню гэтаю моваю пачалі размаўляць раньнім Сярэднявеччам ў Ангельшчыне, і да цяперашняга часу яна найбольш шырока выкарыстоўваецца ў сьвеце[1]. Ёю размаўляе як першаю моваю большасьць насельніцтва шэрагу сувэрэнных дзяржаваў, сярод якіх Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, Ірляндыя, Новая Зэляндыя й шэраг краінаў Карыбскага рэґіёну. Гэта трэцяя родная мова ў сьвеце што да колькасьці носьбітаў, пасьля кітайскай і гішпанскай моваў[2]. Ангельская мова шырока вывучаецца як другая мова ва ўсім сьвеце, яна ёсьць афіцыйная мова Эўрапейскага Зьвязу, многіх краінаў Садружнасьці й Арґанізацыі Аб’яднаных Нацыяў, а таксама шматлікіх арґанізацыяў сьвету.

Ангельская
English
Валоданьне ангельскай мовай як роднай па сьвеце
Ужываецца ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах
Рэгіён Галоўным чынам Заходняя Эўропа, Паўночная Амэрыка, Аўстралія, Азія
Колькасьць карыстальнікаў Для 340 мільёнаў зьяўляецца роднай. Для 600 мільёнаў — другой.
Клясыфікацыя Індаэўрапейская радзіна
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Дэ-факта альбо дэ-юрэ — у шэрагу пераважна ангельскамоўных краінаў сьвету (ЗША, Вялікабрытанія і г.д.); таксама — у краінах з ангельскамоўнай меншасьцю, але наяўнасьцю ў гісторыі ангельскамоўнага панаваньня (Пакістан, Індыя і г.д.)
Рэгулюецца
Статус: 0 International[d]
Пісьмо лацінскае пісьмо і English orthography[d]
Коды мовы
ISO 639-1 en
ISO 639-2(Б) eng
ISO 639-2(Т) eng
ISO 639-3 eng
SIL ENG

Ангельская мова паходзіць ад мовы германскіх плямёнаў (фрызаў, англаў, саксаў ды ютаў), якія перасяліліся ў Брытанію ў V стагодзьдзі. Зь іх дыялектаў утварылася стараангельская мова. Пасьля нармандзкага заваяваньня ў 1066 годзе ў стараангельскую мову перайшло шмат францускіх словаў. Адгэтуль, а таксама празь зьнікненьне часткі інфлексіяў, зьяўляецца сярэднеангельская мова. Сьледам за тым адбыліся значныя зьмены ў вымаўленьні, якія прывялі да ўзьнікненьня (каля 1500 году) сучаснае ангельскае мовы. У наш час існуе вялікая колькасьць рэґіянальных дыялектаў ангельскае мовы (брытанская ангельская, шатляндзкая ангельская, амэрыканская ангельская, індыйская ангельская ды гэтак далей).

У зьвязку з засваеньнем вялікае колькасьці словаў з шматлікіх іншых моваў працягам ўсёй сваёй гісторыі сучасная ангельская мова зьмяшчае шырокі слоўнікавы запас з складаным і нерэгулярным правапісам, асабліва ў дачыненьні да галосных. Сучасная ангельская асымілюе ня толькі словы зь іншых эўрапейскіх моваў, але й моваў з усяго сьвету. Оксфардзкі слоўнік ангельскай мовы налічвае больш за 250 тысячаў розных словаў, бязь ліку шматлікіх тэхнічных, навуковых і слэнґавых тэрмінаў[3][4].

Гісторыя

рэдагаваць

Ангельская мова паўстала зь германскіх дыялектаў Паўночнага мора, якія пачалі шырока ўжывацца зь перасяленьнем на Брытанскія астравы германскіх пасяленцаў з тэрыторыяў сучасных Нідэрляндаў, паўночна-заходняй Нямеччыны й Даніі[5]. Да гэтага моманту ў Рымскай Брытаніі карэннае насельніцтва, як мяркуецца, размаўляла агульнаю брытонскаю моваю, якая мела кельцкае паходжаньне, нароўні з лацінскай мовай, паколькі 400 гадоў гэтыя астравы належалі Рыму[6]. Аднымі з гэтых прыбылых германскіх плямёнаў былі англы[7], якія, як мяркуецца, поўнасьцю пераехалі ў Брытанію[8]. Назва «Ангельшчына», значэньнем «зямля англаў», ёсьць вытворная ад назвы гэтага племя, але саксы, юты й некаторыя іншыя ґерманскія народы берагоў Фрысьляндыі, Ніжняй Саксоніі, Ютляндыі й Паўднёвай Швэцыі таксама пераехалі ў Ангельшчыну ў гэтую эпоху[9].

Першапачаткова старажытнаангельская мова была разнастайнаю групаю дыялектаў, якія адлюстроўвалі рознае паходжаньне жыхароў англа-саксонскай Ангельшчыны[10], але дыялект заходніх саксаў у рэшце рэшт пачаў дамінаваць перад іншымі, і менавіта таму, што знайшоў пісьмовае выйсьце, то бок «Бэўвульф» быў напісаны гэтым дыялектам.

Старажытнаангельская мова ​​пазьней мела яшчэ дзьве хвалі трансфармацыі, зьвязаныя з уварваньнем на тэрыторыю Ангельшчыны захопнікаў. Першаю хваляй было пашырэньне паўночна-нямецкай мовы праз тое, што Гальвдан Рагнарсан і Івар Бяскосткавы пачалі заваёву й калянізацыю паўночнай часткі Брытанскіх астравоў у VIII і IX стагодзьдзях, утварыўшы ўрэшце вобласьць, вядомую як Данэлаг. Другою хваляй было ўварваньне да краіны XI стагодзьдзем раманамоўных заваёўнікаў, то бок нарманаў. Гэта былі нашчадкі вікінгаў, якія да таго часу засвоілі й цалкам перайшлі да старажытнафранцускае мовы. Нарманы шырока выкарыстоўвалі гэтую мову ў Ангельшчыне, асабліва ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня й судовае справы, што забясьпечыла ангельскую мову вялікім плястам старажытнафранцускіх словаў. Пашырэньне выкарыстаньня лексыкі скандынаўскіх ды нармандзкіх словаў спрасьціла граматыку й ператварыла ангельскую мову на больш адкрытую да запазычаньняў.

Моўныя зрухі ангельскае мовы пасьля ўварваньня нарманаў ўрэшце прывялі да зьяўленьня сярэднеангельскае мовы, праца Джэфры Чосэра «Кэнтэрбэрыйскія апавяданьні» ёсьць найвядомейшай працай гэтага пэрыяду.

Наступным пэрыядам у гісторыі ангельскае мовы быў пэрыяд раньняй сучаснай ангельскай мовы (1500—1700), які характарызуецца Вялікім галосным зрухам (1350—1700), то бок флектыўным спрашчэньнем і моўнай стандартызацыяй. Вялікі галосны зрух закрануў напружаныя доўгія галосныя сярэдняангельскае мовы. Гэта быў ланцуг зрушэньняў, то бок кожны наступны зрух выклікаў наступны зрух у сыстэме галосных. Гэты працэс яшчэ больш аддаліў ангельскую мову ад нямецкае і нідэрляндзкае моваў у фанэтычным аспэкце.

Прэстыж мовы пачаў расьці падчас кіраваньня Гэнрыха V. Каля 1430 году суд канцылярыі ў Ўэстмінстэры пачаў выкарыстоўваць ангельскую мову ў сваіх афіцыйных дакумэнтах, а таксама новы стандарт сярэдняангельскае мовы, вядомы як Чэнсэрскі сітандарт, які паўстаў з дыялектаў Лёндану і Іст-Мідлэндс. У 1476 годзе Ўільям Кэкстан прывёз друкаваны станок у Ангельшчыну і пачаў публікаваць першыя друкаваныя кнігі ў Лёндане, пашыраючы ўплыў гэтага стандарту ангельскае мовы[11]. Літаратура з раньняга сучаснага пэрыяду ўключае ў сябе творы Ўільяма Шэксьпіра і пераклад Бібліі па замове караля Джэймза I. Нават пасьля галоснага зруху мова ўсё яшчэ гучала адрозна ад сучаснае ангельскае мовы. Многія граматычныя асаблівасьці, што сучасны чытач можа знайсьці ў арыгінальных творах Шэксьпіра, падаюцца мудрагелістымі або архаічнымі і ўяўляюць розныя характарыстыкі раньняе сучаснае ангельскае мовы[12].

Клясыфікацыя

рэдагаваць

Германская моўная сям’я

рэдагаваць

Ангельская мова адносіцца да англа-фрыскай падгрупы заходнегерманскай галіны германскіх моваў, празь якую ўваходзіць у склад індаэўрапейскай моўнай сям’і. Сучасная ангельская мова зьяўляецца прамым нашчадкам сярэднеангельскай, якая ў сваю чаргу зьяўляецца прамым нашчадкам старажытнаангельскай, нашчадку прота-германскай мовы. Тыповая для большасьці германскіх моваў, ангельская характарызуецца выкарыстаньнем мадальных дзеясловаў, якія падзяляюць дзеясловы на моцныя й слабыя падгрупы і зрухам змычных зычных, вядомага як закон Грыма. Бліжэйшым сваяком ангельскай мовы, акрамя ангельскіх моваў заснаваных на базе крэольскіх моваў, зьяўляецца фрыская мова на паўднёвым беразе Паўночнага мора ў Нідэрляндах, Нямеччыне й Даніі.

Ніякая зь іншых моваў не зьяўляецца ўзаемна паразумелай з ангельскай, збольшага з-за разыходжаньняў у лексыцы, сынтаксісе, сэмантыцы й фанэтыцы, і праз ізаляцыю ангельскай мовы з прычыны яе фармаваньня выключна на Брытанскіх астравах, хоць некаторыя мовы, як то нідэрляндзкая, сапраўды паказваюць моцнае падабенства да яе, асабліва на раньніх стадыях разьвіцьця ангельскай. Ізаляцыя дазволіла ангельскай мове, як то й ісьляндзкай, і фарэрскай, разьвівацца самастойна ад кантынэнтальных германскіх моваў, ня маючы зь цягам часу іхнага ўплыву на сябе[13].

Раманскі ўплыў

рэдагаваць

Шматлікія францускія словы таксама зразумелыя носьбітамі ангельскай мовы, асабліва, у пісьмовай форме, бо пры вымаўленьні яны нярэдка моцна адрозьніваюцца. Гэта зьвязана з тым, што ангельская мова атрымала вялікі слоўнікавы запас ад нарманаў, носьбітаў францускай мовы, пасьля Нармандзкай заваёвы Ангельшчыны. У выніку, вялікая частка ангельскай лексыкі паходзіць ад францускай, зь некаторымі нязначнымі адрозьненьнямі правапісу (адсутнасьць флектыўных канчаткаў, выкарыстаньне старафранцускага напісаньня, адсутнасьць дыякрытычных знакаў і іншае), а таксама выпадковыя разыходжаньні ў сэнсе некаторых падобных словаў. Напрыклад, слова library (бібліятэка) пабодна на францускае librairie, якое аднак мае значэньне кнігарня, на францускую мову слова бібліятэка перакладаецца як bibliothèque. Вымаўленьне большасьці францускіх запазычаньняў ў ангельскай мове сталася ў значнай ступені больш тыповым для ангельскай фанэтыцы, і таксама ў іх зьмяніўся характар націску, як то словы прырода — анг. nature [ˈneɪtʃə(r)] супраць фр. nature [natyʀ], гузік — анг. button [ˈbʌtn] супраць фр. bouton [butɔ̃], стол — анг. table [ˈteɪbl] супраць фр. table [tabl], гадзіна — анг. hour [ˈaʊə(r)] супраць фр. heure [œʀ]. Выключэньнямі з гэтага зьяўляюцца запазычаныя словы mirage, genre, café і фразы coup d'état, rendez-vous і некаторыя іншыя, дзе францускае вымаўленьне захавалася.

Альфабэт і правапіс

рэдагаваць

Ангельская мова выкарыстоўвае наступны варыянт лацінскага альфабэту:

Пазыцыя 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26
Вялікая літара A B C D E F G H I J K L M N O P Q R S T U V W X Y Z
Маленькая літара a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z

Зрэдку, пераважна ў старых тэкстах, можна сустрэць лігатуры: encyclopædia (звычайнае сучаснае напісаньне — encyclopaedia або encyclopedia). У запазычаньнях могуць захоўвацца літары іншых абэцэдаў: façade. Артаграфія не фаналягічная.

Геаграфічнае разьмеркаваньне

рэдагаваць
 
Колькасьць носьбітаў ангельскае мовы па сьвеце.

Па стане на 2016 год каля 400 мільёнаў чалавек размаўлялі па-ангельску ў якасьці роднай мовы, і каля 1,1 млрд чалавек размаўлялі на якой як на другой мове[14]. Ангельская мова, верагодна, зьяўляецца трэцяй паводле колькасьці носьбітаў мовы, пасьля кітайскай і гішпанскай моваў. Тым ня менш, калі ўлічваць колькасьць носьбітаў і тых, хто валодае ёй як другой мовай, у залежнасьці ад ацэнак, ангельская мова зьяўляецца самай распаўсюджанай мовай у сьвеце[15]. Па-ангельску размаўляюць на ўсіх сталазаселеных кантынэнтах сьвету й на шматлікіх акіянічных астравах.

Краіны, у якіх гавораць па-ангельску, могуць быць згрупаваны паводле розных катэгорыях у залежнасьці ад таго, як ангельская мова выкарыстоўваецца ў кожнай краіне. Да ліку краінаў «унутранага кола» адносяцца дзяржавы, дзе шматлікія носьбітамі ангельскае мовы падзяляюць міжнародны стандарт пісьмовай ангельскай мовы й сумесна ўплываюць на маўленчыя нормы мовы па ўсім сьвеце. Ангельская мова ня толькі не належыць толькі адной краіне, але не належыць выключна й нашчадкам ангельскамоўных пасяленцаў. На сёньняшні дзень ангельская мова зьяўляецца найбольш важнай мовай міжнародных зносінаў, і часьцяком выкарыстоўваецца як мова зносінаў паміж людзьмі, якія не падзяляюць паміж сабой адзіную родную мову.

Мадэль трох колаў мовы

рэдагаваць
 
Тры колы ангельскае мовы.

Паводле тэорыі індыйскага лінгвіста Браджа Качру сукупнасьць краінаў, дзе гавораць па-ангельску можна апісаць мадэльлю трох колаў. У гэтае мадэлі, да краінаў «унутранага кола» адносяцца краіны зь вялікімі супольнасьцямі носьбітаў ангельскае мовы, «зьнешняе кола» фармуюць краіны, дзе маецца невялікія абшчыны носьбітаў ангельскае мовы, але й назіраецца шырокае выкарыстаньне ангельскае мовы ў якасьці другой мовы ў сфэры адукацыі або мова шырока выкарыстоўваецца ў СМІ ці ў афіцыйных мэтах. Да трэцяй групы адносяцца краіны «пашыранага кола», дзе людзі вывучаюць ангельскую мову як замежную. Тэорыя Качру базуецца на гісторыі пра тое, як ангельская мова распаўсюджвалася ў розных краінах сьвету, а таксама на аснове аналізу карыстальнікаў мовы й дыяпазон ейнага выкарыстаньня ў кожнай краіне. Сьпіс краінаў у кожным коле ёсьць дынамічным, і зь цягам часу краіны могуць пераходзіць з аднага кола да іншага.

Краіны зь вялікімі супольнасьцямі носьбітаў ангельскае мовы, то бок «унутранага кола», уключаюць у сябе Вялікабрытанію, ЗША, Аўстралію, Канаду, Ірляндыю й Новую Зэляндыю, дзе большасьць у паўсядзёным жыцьці размаўляе па-ангельску. Да іхнага ліку адносіцца ПАР, дзе значная меншасьць гаворыць па-ангельску. У гэтых краінах дзеці носьбітаў мовы вывучаюць ангельскую мову ад сваіх бацькоў, а мясцовыя жыхары, якія размаўляюць на іншых мовах ці прыбылыя імігранты вывучаць ангельскую мову для зносінаў на працоўных месцах, соцыюме й з органамі мясцовай улады. Краіны «ўнутранага кола» забясьпечваюць базу, зь якой ангельская мова распаўсюджваецца на іншыя краіны сьвету.

Ацэнкі колькасьці носьбітаў ангельскае мовы, якая зьяўляецца другой мовай, значна адрозьніваюцца паміж сабой, аднак складаюць ад 470 мільёнаў да больш чым мільярду чалавек у залежнасьці ад таго, як вызначаецца валоданьне мовай. Лінгвіст Дэйвід Крыстал лічыць, што колькасьць ня носьбітаў мовы перавышае ліку носьбітаў мовы ў суадносінах 3 да 1 на сёньняшні час. У мадэлі трох колаў Качру да краінаў «зьнешняга кола» адносяцца Філіпіны, Ямайка, Індыя, Пакістан, Сынгапур і Нігерыя, дзе пражываюць значна меншы адсотак носьбітаў ангельскае мовы, але мова мае шырокае выкарыстаньне ў якасьці другога мовы ў сфэрах бізнэсу й адукацыі, а таксама дзеля забесьпячэньня бягучай дзейнасьці ўрада. У такіх краінах ангельская мова звычайна выкарыстоўваецца для школьнага навучаньня й афіцыйных зносінаў з урадам.

Гэтыя краіны маюць мільёны носьбітаў дыялектаў ангельскае мовы, пачынаючы ад ангельскага на аснове крэольскай мовы да больш стандартнай вэрсіі. У такіх краінах маецца шырокая група людзей, якія засвоілі ангельскую мову ў працэсе сталеньня праз штодзённае выкарыстаньне мовы праз мэдыя ці СМІ, а таксама наведваньне школы, дзе ангельская мова зьяўляецца мовай навучаньня. Ангельская мовы ў краінах «зьнешняга кола» можа мець граматычныя і фаналягічная адрозьненьні ад разнавіднасьцяў ангельскае мовы «ўнутранага кола». Аднак, толькі стандарты мовы краінаў «унутранага кола» часта ўспрымаюцца як норма для выкарыстаньня ангельскае мовы ў краінах «зьнешняга кола».

У мадэлі трох колаў, такія краіны, як Польшча, Кітай, Бразылія, Нямеччына, Японія, Інданэзія, Эгіпет й іншыя, дзе ангельская мова выкладаецца як замежная мова, складаюць «пашыранае кола». Адрозьненьні паміж ангельскай мовай у якасьці першай, другой ці замежнай часьцяком зьяўляюцца даволі спрэчнымі, і яны могуць зьмяняцца ў канкрэтных краінах на працягу доўгага часу. Напрыклад, у Нідэрляндах, як і ў некаторых іншых краінах Эўропы, веданьне ангельскай мовы ў якасьці другой зьяўляецца амаль унівэрсальным. То бок больш за 80 % насельніцтва здольна выкарыстоўваць яе[16], і, такім чынам, ангельская мова звычайна выкарыстоўваецца для зносінаў з замежнікамі, а таксама ў галіне вышэйшай адукацыі. У гэтых краінах, не зважаючы на тое, што ангельская мова не выкарыстоўваецца для дзяржаўнага бізнэсу, яна мае шырокае выкарыстаньне, што ставіць гэтыя краіны на мяжы паміж «зьнешнім колам» і «пашыраным колам».

Многія карыстальнікі ангельскае мовы з «пашыранага кола» выкарыстоўваць яе для зносінаў зь іншымі карыстальнікамі з таго ж кола, так што ўзаемадзеяньне з носьбітамі ангельскае мовы не гуляе аніякай ролі ў іхным вырашэньні выкарыстоўваць менавіта ангельскую мову.

Ангельская як міжнародная мова

рэдагаваць

Ангельская мова перастала быць мовай у сэнсе прыналежнасьці толькі да ангельцаў, як этнічнае групы. Карыстаньне мовай расьце ад краіны да краіны і ў міжнароднай камунікацыі. Большасьць людзей вывучаюць ангельскую мову з практычных, а не ідэалягічных чыньнікаў.

Не зважаючы на тое, што ў 1950-я і 1960-я гады адбывалася дэкалянізацыя Брытанскае імпэрыі, былыя калёніі, аднак, часта не адмаўляліся ад ангельскай мовы, а працягвалі выкарыстоўваць яе, інтэгруючы ва ўласную моўную палітыку. Напрыклад, сярод індыйцаў меркаваньне, што ангельская мова ёсьць мовай каляніянізму, саступала месца меркаваньню, што ангельская мова ёсьць мовай эканамічнага прагрэсу, і, такім чынам, ангельская мова працягвае заставацца афіцыйнай мовай Індыі. Ангельская мова таксама шырока выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі і літаратуры, а колькасьць кнігаў на ангельскае мовы, якія штогод выдаюцца ў Індыі, зьяўляецца трэцяй паводле велічыні ў сьвеце пасьля ЗША і Вялікабрытаніі. Аднак ангельская мова рэдка зьяўляецца першай мовай у Індыі; налічваецца ўсяго толькі каля пары соцень тысячаў чалавек, акрамя таго толькі менш за 5 % насельніцтва валодае ў Індыі ангельскай мовай[17][18]. Дэйвід Крыстал у 2004 годзе сьцьвярджаў, што, спалучаючы носьбітаў мовы і тых кто валодае ангельскай як другой мова, Індыя на сёньня мае найбольшую колькасьць людзей, якія размаўляюць або разумеюць ангельскую мову, чым любая іншая краіна ў сьвеце, але колькасьць носьбітаў ангельскай мовы ў Індыі вельмі нявызначаная, большасьць навукоўцы робяць выснову, што ЗША ўсё зьяўляецца лідэрам па гэтым паказчыку.

Беларусь

рэдагаваць

На лістапад 2011 г. у сярэдніх школах Беларусі ангельская мова вывучалася ў якасьці замежнай абсалютнай большасьцю (76,3%) вучняў[19]. За 2019 год у Беларусі выдалі 559 найменьняў брашураў і кніг па-ангельску агульным накладам 2,64 млн асобнікаў, якія склалі 10,1 % ад агульнага накладу ўсіх кніжных выданьняў краіны[20].

Урывак з Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека на ангельскай мове[21]:

All human beings are born free and equal in dignity and rights. They are endowed with reason and conscience and should act towards one another in a spirit of brotherhood.

— Генэральная Асамблея ААН, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, § 1

  1. ^ Mydans, Seth «Across cultures, English is the word». New York Times.
  2. ^ «Ethnologue, 1999»
  3. ^ «How many words are there in the English Language?». Oxforddictionaries.com.
  4. ^ «Vista Worldwide Language Statistics». Vistawide.com.
  5. ^ Blench, R.; Spriggs, Matthew (1999). «Archaeology and Language: Correlating Archaeological and Linguistic Hypotheses». Routledge. pp. 285—286. ISBN 978-0-415-11761-6.
  6. ^ The Roman epoch in Britain lasted for 367 years, Information Britain
  7. ^ Anglik English language resource. Anglik.net.
  8. ^ Bede’s Ecclesiastical History of England | Christian Classics Ethereal Library. Ccel.org.
  9. ^ Linguistics Research Center Texas University. Utexas.edu.
  10. ^ Graddol, David; Leith, Dick and Swann, Joan (1996) English: History, Diversity and Change, New York: Routledge, p. 101, ISBN 0415131189.
  11. ^ Nevalainen, Terttu; Tieken-Boon van Ostade, Ingrid (2006). «Chapter 5: Standardization». In Denison, David; Hogg, Richard M. A History of the English language. Cambridge University Press. — С. 274—279. — ISBN 978-0-521-71799-1.
  12. ^ Cercignani, Fausto (1981). «Shakespeare’s works and Elizabethan pronunciation». Clarendon Press.
  13. ^ Baugh, Albert C.; Thomas Cable (2002). A History of the English Language (5th ed.). Routledge. p. 336. ISBN 0-415-28099-0.
  14. ^ «Which countries are best at English as a second language?». World Economic Forum.
  15. ^ «English». Ethnologue.
  16. ^ «Special Eurobarometer 386: Europeans and Their Languages». Eurobarometer Special Surveys.
  17. ^ «Indiaspeak: English is our 2nd language — The Times of India». The Times of India.
  18. ^ «Human Development in India: Challenges for a Society in Transition». Oxford University Press. 2005. ISBN 978-0-19-806512-8.
  19. ^ Надзея Нікалаева. Колькі моваў ты ведаеш, столькі разоў ты і чалавек // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2011. — № 213 (27077). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  20. ^ Максім Веяніс. «Кніжная прастора Беларусі застаецца па-ранейшаму прывабнай» // Літаратура і мастацтва. — 31 студзеня 2020. — № 4 (5060). — С. 4. — ISSN 0024-4686.
  21. ^ «Universal Declaration of Human Rights» (анг.). ААНПраверана 31 сьнежня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць