Англа-фрыскія мовы

група заходнегерманскіх моваў

А́нгла-фры́скія мовы — адна з падгрупаў моваў у складзе заходнегерманскае групы германскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, складаецца з стараангельскай, старажытнафрыскай моваў, а таксама моваў, што зьяўляюцца іх нашчадкамі.

англа-фрыская падгрупа
Народнасьць ангельцы, шатляндцы, фрызы, цяпер — паўсюдна ў сьвеце
Арэал Ангельшчына, шатляндзкі Лаўлэнд, паўднёва-ўсходняе ўзьбярэжжа Паўночнага мора, цяпер — увесь сьвет
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Склад

Англа-фрыскія мовы на мапе Заходняй Эўропы. Ангельскія — адценьнямі аранжавага, фрыскія — сіняга

Аангла-фрыскія мовы ад астатніх заходнегерманскіх адрозьніваюць перш за ўсё шэраг гістарычных фанэтычных працэсаў, а менавіта інгвэонскі закон насавых сьпірантаў, зьмены ў вымаўленьні старажытнага ā, паляталізацыя прагерманскага *k у пярэднеязычныя афрыкаты перад галоснымі пярэдняга шэрагу (напрыклад, анг. cheese, зах.-фрыск. tsiis, але нід. kaas, ніжн.-ням. Kees, ням. Käse; анг. church, зах.-фрыск. tsjerke, нід. kerk, ніжн-ням. Kerk, Kark, ням. Kirche).

Старажытныя носьбіты англа-фрыскіх і старажытнасаксонскіх дыялектаў пражывалі досыць блізка адзін ад аднаго, што спрычынілася да ўтварэньня моўнага зьвязу і набыцьця ўсімі гэтымі мовамі агульных рысаў[a]. Тым ня менш, галіны абедзьвюх падгрупаў зазналі ўплыў іншых моваў (старажытнаскандынаўскай і францускай — на ангельскую, галяндзкай і ніжненямецкай — на фрыскія), што паспрыяла разыходжаньню англа-фрыскіх моваў. У выніку гэтага фрыскія мовы атрымалі вялікую колькасьць галяндзкіх і ніжненямецкіх рысаў, трапіўшы ў заходнегерманскі дыялектны кантынуўм, у той час як ангельскія мовы зьведалі вялікі паўночнагерманскі й не-германскі ўплыў, аддаліўшыся ад германскіх кантынэнтальных моваў.

Ніжэй прыведзеная прыблізная схема ўнутранае клясыфікацыі моваў англа-фрыскае падгрупы. Сымбалем крыжа пазначаныя вымерлыя мовы.

Асноўныя рысы

рэдагаваць

Ніжэй прыведзены агульны пералік асноўных гукавых зьменаў у храналягічным парадку, што адбыліся ў англа-фрыскіх мовах:

  • Пераход заходнегерманскага ā̆ ў насавы галосны задняга шэрагу ў пазыцыях перад насавымі зычнымі;
  • Страта n перад сьпірантамі ў выніку падаўжэньня й назалізацыі папярэдняга галоснага;
  • Прывядзеньне множных формаў цяперашняга часу ды прэтэрыту ў адзіную форму;
  • Пераход заходнегерманскага ā̆ ў галосную пярэдняга шэрагу ǣ, у тым ліку ў дыфтонгах ai, au;
  • Паляталізацыя (без фанэмізацыі палятальных);
  • Пераход ǣ ў ā пад уплывам суседніх зычных;
  • Пераход ǣ ў ē ў стараангельскай (за выключэньнем заходнесаксонскага дыялекту) і фрыскіх мовах;
  • Аднаўленьне a перад галоснымі задняга шэрагу ў наступным складзе;
  • Дыфтангізацыя палятальных зычных у заходнесаксонскім дыялекце;
  • Г.зв. i-мутацыя перад сынкопай;
  • Фанэмізацыя палятальных і асыбіляцыя, з наступным пераходам ǣ ў ē на захадзе Ангельшчыны ля Ўэйлзу (Заходняя Мэрцыя);
  • Зьліцьцё суседніх галосных і наступная за гэтым мутацыя галосных.

Параўнаньне лексыкі

рэдагаваць

Ніжэй прыведзенае кароткае лексычнае параўнаньне англа-фрыскіх моваў на ўзоры лічэбнікаў ад аднаго да дзесяці.

Мова Адзін Два Тры Чатыры Пяць Шэсьць Сем Восем Дзевяць Дзесяць
Ангельская one two three four five six seven eight nine ten
Скотс ane
ae*
twa three fower five sax seiven aicht nine ten
Ёла oan twye dhree vour veeve zeese zeven ayght neen dhen
Заходнефрыская ien twa trije fjouwer fiif seis sân acht njoggen tsien
Усходнефрыская aan twäi
twäin
twoo
träi fjauwer fieuw säks soogen oachte njugen tjoon
Паўночнафрыская[b] iinj
ån
tou
tuu
trii
tra
fjouer fiiw seeks soowen oocht nüügen tiin
  • * Ae (/eː/, /jeː/) — прыметнікавая форма, ужываная да назоўнікаў[1].

Параўнаньне ангельскай і заходнефрыскай моваў зь некаторымі іншымі заходнегерманскімі мовамі.

Заходнефрыская Ангельская Галяндзкая Нямецкая
dei day dag Tag
rein rain regen Regen
wei way weg Weg
neil nail nagel Nagel
tsiis cheese kaas Käse
tsjerke church
kirk[c]
kerk Kirche
tegearre together samen
tezamen
tegader[d]
zusammen
sibbe sibling[e] sibbe Sippe
kaai key sleutel Schlüssel
ha west have been ben geweest bin gewesen
twa skiep two sheep twee schapen zwei Schafe
hawwe have hebben haben
ús us ons uns
hynder horse paard
ros[f]
Ross / Pferd
brea bread brood Brot
hier hair haar Haar
ear ear oor Ohr
doar door deur Tür
grien green groen Grün
swiet sweet zoet süß
troch through door durch
wiet wet nat nass
each eye oog Auge
dream dream droom Traum
it giet oan it is on het gaat door es geht weiter/los

Альтэрнатыўная клясыфікацыя

рэдагаваць

Шэраг лінгвістаў пастулюе існаваньне ў складзе заходнегерманскае групы моваў інгвэонскае падгрупы, што складаецца з старажытнафрыскай, старажытнасаксонскай і стараангельскай моваў. Часам у склад інгвэонскае падгрупы ўключаюць заходнефлямандзкія дыялекты — германскія дыялекты Заходняй Флямандыі[2]. Гіпотэза інгвэонскіх моваў разглядае ўсе інгвэонскія мовы як мовы, якія ня мелі агульнае мовы-продку, замест якой існавала група дыялектаў з агульнымі арэальнымі рысамі, якія ўспадкаваліся ўсімі інгвэонскімі мовамі[3]. Гэтая гіпотэза была прапанаваная ў 1942 годзе нямецкім дасьледчыкам Ф. Маўэрам у якасьці альтэрнатывы дрэвавіднай мадэлі моўнае клясыфікацыі паводле А. Шляйхера, якой прадугледжвалася існаваньне англа-фрыскае падгрупы.

  1. ^ Нямецкі лінгвіст Ф. Маўрэр разглядаў англа-фрыскія мовы як гістарычную падгрупу, прапаноўваючы «паўночнаморскую» або «інгвэонскую» падгрупу, якая мела агульную мову-продак, што стала продкам старажытнафрыскай, старажытнасаксонскай і стараангельскай моваў.
  2. ^ Моорынскі дыялект.
  3. ^ у Шатляндыі.
  4. ^ Архаізм.
  5. ^ Першапачатковае значэньне — «сваяк», сучаснае — «брат/сястра».
  6. ^ Архаізм.
  1. ^ Grant, William; Dixon, James Main. Manual of Modern Scots. — Cambridge: University Press, 1925. — С. 105.
  2. ^ Bremmer (2009:22)
  3. ^ Гл, напрыклад, Voyles (1992).

Літаратура

рэдагаваць
  • Friedrich Maurer. Nordgermanen und Alemannen: Studien zur Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde. — Strasbourg: Hünenburg, 1942.
  • Wolfram Euler. Das Westgermanische <West Germanic - from its Emergence in the 3rd up until its Dissolution in the 7th Century CE - Analyses and Reconstruction>. 244 p., in German with English summary. — London/Berlin: Verlag Inspiration Un Ltd., 2013. — ISBN 978-3-9812110-7-8