Пісьмо
Пісьмо́, пісьмо́васьць — гэта ўсё тое, што прыводзіць да стварэньня надпісаў у цэлым[1][2]. У Заходняй культуры пад пісьмом часьцей за ўсё маецца на ўвазе толькі прадстаўленьне мовы ў тэкставым выглядзе з дапамогай набору знакаў альбо сымбаляў (вядомых як пісьменства). Пры пісьме могуць выкарыстоўвацца абстрактныя сымбалі, якія адлюстроўваюць фанэтычныя элемэнты маўленьня, як, напрыклад, у індаэўрапейскіх мовах, альбо могуць выкарыстоўвацца спрошчаныя выявы аб'ектаў і паняткаў, як ва ўсходнеазіяцкай і старажытнаэгіпецкай піктаграфічных пісьмовых формах. Тым ня менш, яны адрозьніваюцца ад ілюстрацый, такіх як наскальныя малюнкі і жывапіс, а таксама ад нясымбальных спосабаў захоўваньня маўленьня на нятэкставых носьбітах інфармацыі, напрыклад, на магнітных аўдыёкасэтах.
Вывучэньнем пісьма як асаблівай знакавай сыстэмы займаюцца такія дысцыпліны, як граматалёгія, эпіграфіка і палеаграфія.
Пісьмо зьяўляецца пашырэньнем чалавечае мовы ў часе і прасторы. Часьцей за ўсё пісьмо узьнікала ў выніку палітычнай экспансіі старажытных культураў, якія мелі патрэбу ў надзейных сродках перадачы інфармацыі, падтрыманьні фінансавай справаздачнасьці, захаваньні гістарычнай памяці і аналягічнай дзейнасьці. У IV стагодзьдзі да нашае эры складанасьць гандлёвых адносінаў і адміністрацыйнага кіраваньня пераўзвысілі здольнасьці чалавечае памяці, і пісьмо стала больш найдзеным спосабам уліку і прадстаўленьня ўзаемадзеяньняў на пастаяннай аснове[3]. Як у Мэсаамэрыцы, гэтак і ў Старажытным Эгіпце пісьмо разьвівалася праз календары і палітычную неабходнасьць запісу грамадзкіх і прыродных падзей.
Спосабы запісу інфармацыі
рэдагавацьЎэлз сьцьвярджае, што пісьмовасьць можа «зафіксаваць пагадненьні, законы, запаведзі ў выглядзе дакумэнтаў. Яно забясьпечвае рост дзяржавы да памераў, якія перавышаюць старыя гарады-дзяржавы. Слова сьвятара ці караля і яго гарантыі могуць выходзіць далёка за рамкі, акрэсьленыя яго поглядам і позіркам, і можа ўзьдзейнічаць пасьля яго сьмерці»[4].
Віды пісьма
рэдагавацьАсноўныя віды пісьменстваў (мэтады запісу маўленьня) па вялікім рахунку падзяляюцца на чатыры катэгорыі: лёгаграфічныя, складовыя, літарныя і характарыстычныя. Ёсьць яшчэ адна, пятая катэгорыя — ідэаграфічнае пісьмо (сымбалі ідэяў), якая ніколі не была разьвіта да ўзроўню прадстаўленьня мовы. Шостая катэгорыя — піктаграфічнае пісьмо, сама празь сябе не зьяўляецца дастатковай для прадстаўленьня мовы, але часта складае аснову лёгаграфічных сыстэмаў.
Лёгаграмы
рэдагавацьЛёгаграма ўяўляе сабой запіс знакаў, якія адлюстроўваюць асобныя словы ці марфэмы. Каб запісаць маўленьне, патрабуецца агромністая колькасьць лёгаграмаў, а каб вывучыць іх, патрабуецца шмат гадоў. Гэта зьяўляецца асноўным недахопам лёгаграфічнага пісьма ў параўнаньні з альфабэтным. Аднак, пасьля таго, як такая мова вывучана, праяўляецца яго галоўная перавага — хуткасьць чытаньня[5]. Ніводная сыстэма пісьма не зьяўляецца цалкам лёгаграфічнай: усе яны ў шэрагу зь лёгаграмамі маюць фанэтычныя кампанэнты («лёгасылябічныя» кампанэнты ў выпадку кітайскага пісьма, клінапісу і пісьма мая, дзе сымбаль можа азначаць марфэму, склад альбо тое і другое; «лёгакансанантныя» кампанэнты ў выпадку герогліфаў). Шматлікія зь іх уключаюць ідэаграфічныя кампанэнты (кітайскія «радыкалы», герагліфічныя «вызначальнікі»). Напрыклад, у пісьме мая сымбаль для «плаўніка» вымаўляецца «ка», і ён таксама выкарыстоўваецца для прадстаўленьня складу «ка», незалежна ад таго, ці неабходна зьвернуць увагу на вымаўленьне лёгаграмы альбо калі лёгаграма адсутнічае. У кітайскім пісьме каля 90% сымбаляў злучаюцца сэмантычным (сэнсавым) элемэнтам, які называецца радыкалам, з сымбалем для абазначэньня вымаўленьня, які назваецца фанэтычным. Аднак, фанэтычныя элемэнты дапаўняюць лёгаграфічныя элемэнты, а не наадварот.
Асноўнай лёгаграфічнай сыстэмай, якая выкарыстоўваецца ў цяперашні час, зьяўляюцца кітайскія герогліфы, што выкарыстоўваюцца зь некаторымі зьменамі ў розных мовах Кітаю, Японіі і, у меншай ступені, у карэйскай мове Паўднёвай Карэі. Іншы прыклад — клясычнае «пісьмо і».
Складовае пісьмо
рэдагавацьСкладовае пісьмо ўяўляе сабой набор пісьмовых знакаў, якія прадстаўляюць (альбо апраксімуюць) склады. Знак у складовым пісьме звычайна адлюстроўвае спалучэньне галосны-зычны, альбо проста адзін галосны гук. Але ў некаторых выпадках знакі адлюстроўваюць больш складаныя склады (напрыклад, зычны-галосны, ці проста адзін галосны гук). Фанэтычная сувязь складоў не знаходзіць адлюстраваньня ў альфабэце. Напрыклад, склад «ка» будзе выглядзець зусім непадобным на склад «кі», і ў альфабэце ня будзе падобных складоў з такімі ж галоснымі.
Складовае пісьмо лепш за ўсё падыходзіць для моваў з адносна простай структурай складу, такіх, як японская. Зь іншых моваў, якія выкарыстоўваюць складовае пісьмо, можна назваць мікенскае лінейнае пісьмо Б, пісьмо чарокі і ндюка, крэольская мова Сурынаму на аснове ангельскай мовы, а таксама мова ваі ў Лібэрыі. Большасьць лёгаграфічных сыстэмаў маюць моцныя складовыя кампанэнты. Этыёпскае пісьмо, хоць яно тэхнічна заснавана на альфабэце, мае зьлітныя зычныя і галосныя гукі, таму гэтае пісьмо вывучаецца такім чынам, быццам бы яго складовае.
Альфабэты
рэдагавацьАльфабэт — гэта невялікі набор сымбаляў, кожны зь якіх прыкладна прадстаўляе альбо гістарычна прадстаўляў моўныя фанэмы. У ідэальным фоналягічным альфабэце фанэмы і літары ідэальна адпавядаюць адні аднаму па абодвух кірунках: той, хто піша можа прадказаць напісаньне слова, ведаючы яго вымаўленьне, а той, хто кажа можа прадказаць вымаўленьне слова, ведаючы яго напісаньне. Для беларускай мовы такі альфабэт распрацоўваў Карусь Каганец у сваім Праекце беларускай азбукі.
Мовы часта разьвіваюцца незалежна ад іх сыстэма пісьма. Пісьменствы запазычваюцца для іншых моваў, першапачаткова для іх не прызначаных, таму ступень суаднесенасьці літараў альфабэту моўным фанэмам значна вагаецца ад адной да іншай мовы і нават ў межах адной мовы.
Кансанантнае пісьмо
рэдагавацьУ большасьці блізкаўсходніх альфабэтаў адлюстроўваецца толькі зычныя гукі, галосныя часам могуць пазначацца дадатковымі дыякрытычнымі знакамі. Гэтая ўласьцівасьць узьнікла ў выніку ўплыву эгіпецкіх герогліфаў. Такія сыстэмы называюцца абджадамі, што ў перакладзе з арабскай азначае «альфабэт».
Кансанантна-складовае пісьмо
рэдагавацьУ большасьці альфабэтаў Індыі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі галосныя пазначаюцца цераз дыякрытычныя знакі альбо шляхам зьмяненьня формы галоснага. Такое пісьмо называецца абугіда. Некаторыя абугіды, такія як геэз і кры, вывучаюцца дзецьмі як складовыя, таму іх часта і адносяць да складовага пісьма. Аднак, у адрозьненьне ад сапрўднага складовага пісьма, у іх няма асобных знакаў для кожнага складу.
Часам тэрмін «альфабэт» абмяжоўваецца сыстэмамі з асобных літараў для зычных і галосных, напрыклад, лацінскі альфабэт, хоць абігуды і абджады таксама могуць адносіцца да альфабэтаў. З гэтай нагоды грэцкі альфабэт часта лічыцца першым альфабэтам у сьвеце.
Гістарычны ўплыў сыстэмаў пісьменства
рэдагавацьГісторыя праводзяць розьніцу паміж перадгісторыяй і гісторыяй: гісторыя вызначаецца зьяўленьнем пісьменства. Наскальныя малюнкі і пэтрогліфы дагістарычных народаў можна лічыць папярэднікамі пісьменства, яны ня могуць разглядацца як пісьмо, бо яны не прадстаўляюць непасрэдна мову.
Сыстэмы пісьменства заўжды разьвіваліся і зьмяняліся ў залежнасьці ад патрэбаў людзей, якія іх выкарыстоўвалі. Часам форма, разьмяшчэньне і значэньне некаторых асобных знакаў таксама зьмяняліся зь цягам часу. Прагледжвалася разьвіцьцё знакаў пісьма, можна даведацца пар патрэбы людзей, якія іх выкарыстоўвалі, а таксама пра зьмены гэтых патрэбаў з часам.
Матэрыялы і сродкі для пісьма
рэдагавацьНа працягу ўсёй гісторыі чалавецтва для пісьма выкарыстоўваліся многія прылады і матэрыялы, уключаючы каменныя скрыжалі, гліняныя таблічкі, васкавыя таблічкі, велень, пэргамэнт, папера, медныя пласьціны, грыфэлі, птушыныя пер’і, чарнілы, пэндзлі, алоўкі, ручкі і мноства іншых спосабаў літаграфіі. Існуе гіпотэза, што інкі выкарыстоўвалі вузельчыкі на нітках, вядомыя як кіпу, у якасьці пісьменства[6].
Пазьней шырокае распаўсюджаньне ў якасьці прыладаў для пісьма атрымалі пісальная машынка і розныя формы тэкставых працэсараў, а таксама праводзяцца дасьледваньні, у якіх параўноўваюцца сучасныя інструмэнты пісьма з старажытнымі ручкай і алоўкам[7][8][9][10][11].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ J. Derrida Of Grammatology, p.9 (анг.)
- ^ Жак Деррида и грамматология
- ^ Robinson, 2003, p. 36 (анг.)
- ^ Wells in Robinson, 2003, p.35 (анг.)
- ^ Smith, Frank. Writing and the writer. Routledge, 1994, p. 142 (анг.)
- ^ The Khipu Database Project (анг.)
- ^ Daniel Chandler: Do the write thing?, Electric Word, v.17, 1990, pp. 27-30 (анг.)
- ^ Daniel Chandler: The phenomenology of writing by hand, Intelligent Tutoring Media, v.3(2/3), 1992, pp. 65-74 (анг.)
- ^ Daniel Chandler: Writing strategies and writers' tools, English Today: The International Review of the English Language, v.9(2), 1993, pp. 32-80 (анг.)
- ^ Daniel Chandler: Who needs suspended inscription?, Computers and Composition, v.11(3), 1994, pp. 191—201 (анг.)
- ^ Daniel Chandler: The Act of Writing: A Media Theory Approach, Prifysgol Cymru, Aberystwyth, 1995 (анг.)
Літаратура
рэдагаваць- Robinson, Andrew The Origins of Writing // David Crowley and Paul Heyer (eds) Communication in History: Technology, Culture, Society (Allyn and Bacon, 2003).